навука пра прыродныя воды, іх пашырэнне, уласцівасці, працэсы і з’явы, што ў іх адбываюцца. Прадмет вывучэння гідралогіі — водныя аб’екты: акіяны, моры, рэкі, азёры, вадасховішчы, сажалкі, балоты, вільгаць, што назапашана ў снегавым покрыве і ледавіках, грунтавыя і падземныя воды. Падзяляецца на акіяналогію, гідралогію сушы і гідрагеалогію, у якой да гідралогіі належаць раздзелы аб рэжыме падземных вод. Цесна звязана з навукамі геагр., геал. і біял. кірункаў. Вывучае кругаварот вады на Зямлі, прасторава-часавыя ваганні гідралагічных элементаў (узроўню, расходаў, т-ры вады і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на гідрасферу і працэсы ў ёй і інш. Практычнае значэнне гідралогіі ў ацэнцы і прагнозе стану водных рэсурсаў, абгрунтаванні рацыянальнага іх выкарыстання.
Тэрмін «гідралогія» з’явіўся ў канцы 17 ст. (Германія). Спачатку гідралогія развівалася як апісальныя галіны фіз. геаграфіі, гідратэхнікі, геалогіі, навігацыі. Як сістэма навук. ведаў аформілася ў пач. 20 ст. (1915, В.Р.Глушкоў). Пачатак гідралагічнага вывучэння тэр. Беларусі далі працы Зах. экспедыцыі па асушэнні балот Палесся пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873) і навігацыйна-апісальнай камісіі Мін-ва шляхоў зносін (1875).
На Беларусі даследаванні ў галіне гідралогіі праводзяць Камітэт па гідраметэаралогіі (Гідраметэаралагічная служба), Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН, БДУ, Белдзіправадгас і інш. Праводзяцца экспедыцыйныя і лабараторныя даследаванні асобных тэр. і водных аб’ектаў. Вывучаюцца антрапагенныя змены ў гідралагічным рэжыме, распрацоўваюцца меры па ахове гідрасферы. Значны ўклад у развіццё гідралогіі зрабілі бел. вучоныя С.Х.Будыка, А.Р.Булаўка, Д.А.Дановіч, В.В.Дрозд, А.Д.Дубах, П.А. Дудкін, А.І.Івіцкі, П.А.Кісялёў, І.М.Ліўшыц, В.Ф.Шабека, В.М.Шырокаў, В.П.Якушка.
Літ.:
Калинин Г.П. Проблемы глобальной гидрологии. Л., 1968;
Чеботарев А.И. Общая гидрология. 2 изд. Л., 1975;
Плужников В.Н., Макаревич А.А. Итоги гидрологических исследований в Беларуси // Развіццё геаграфіі Беларусі: вынікі, прабл., перспектывы: Тэз. дакл. навук.канф.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],
шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн.геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш.Асн.геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл.Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэнне прамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТУПЛЕ́ННЕ,
асноўны від баявых дзеянняў войск. Вядзецца на сушы, моры, у паветры ў форме баёў, бітваў і аперацый. Гал. мэта — разгром праціўніка і авалоданне важнымі рубяжамі (аб’ектамі, раёнамі мясцовасці); дасягаецца паражэннем непрыяцеля ўсімі наяўнымі сродкамі, атакай, прарывам яго абароны, ліквідацыяй або ўзяццем у палон жывой сілы, захопам зброі, ваен. тэхнікі і інш. Можа весціся на праціўніка, што ў абароне, або які наступае (гл.Сустрэчны бой) ці адступае (гл.Праследаванне). Разнавіднасцю Н. з’яўляецца контрнаступленне. Пераход у Н. можа ажыццяўляцца з непасрэднага судакранання з праціўнікам або з ходу. Пры наяўнасці ў праціўніка адкрытых флангаў выкарыстоўваюцца абход і ахоп. У залежнасці ад маштабу, мэт і колькасці сіл і сродкаў Н. можа мець стратэгічнае, аператыўнае або тактычнае значэнне.
Спосабы Н. мяняліся пад уздзеяннем развіцця сродкаў узбр. барацьбы, якаснай змены асабовага складу і арганізацыі войск Н. як форма баявых дзеянняў вядома з глыбокай старажытнасці, калі барацьба вялася халоднай зброяй. У сярэднявеччы (11—15 ст.) адбываліся змены ў тактыцы Н.: удары з флангаў і тылу, акружэнне, выкарыстанне засадных палкоў і інш. Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі і яе ўдасканаленнем (14—18 ст.) еўрап. арміі перайшлі да лінейнай тактыкі дзеянняў на полі бою. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—99 і войнаў канца 18 — пач. 19 ст. з’явілася новая тактыка Н., заснаваная на спалучэнні калон і рассыпнога строю, манеўру і агню як сродку падрыхтоўкі атакі. У 1-ю сусв. вайну ў Н. выкарыстоўвалася тактыка прарыву суцэльнага фронту абароны. У 2-ю сусв. вайну ажыццяўляліся наступальныя аперацыі груп франтоў, франтавыя. армейскія наступальныя аперацыі. З сярэдзіны 1950-х г. пасля аснашчэння ўзбр. сіл ядз. зброяй (гл.Ракетна-ядзерная зброя) значна павялічылася магчымасць адначасовага паражэння праціўніка на вял. глыбіню, выраслі размах і тэмпы Н.
У сучасных умовах са з’яўленнем высокадакладнай зброі наземнага і паветр. базіравання, удасканаленнем інш. сродкаў паражэння істотна памяняўся часавы і прасторавы размах Н., якое набыло паветр.-наземны і паветр.-касм. характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,
паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн.ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),
клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн.г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр.галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ка́рта, ‑ы, ДМ карце; Рмн. карт; ж.
1. Зменшаны чарцёж зямной паверхні або яе часткі з пераважным улікам тых або іншых спецыяльных прымет. Геаграфічная карта. Тапаграфічная карта. Лінгвістычная карта.// Чарцёж зорнага неба або паверхні планеты. Астранамічная карта. Карта Месяца.
2. Адзін з цвёрдых папяровых лісткоў, якія складаюць набор (калоду) для гульні і адрозніваюцца паміж сабой па намаляваных на іх умоўных фігурах або ачках чатырох масцей. Калода карт. Тасаваць карты. Казырная карта.//мн. (ка́рты, карт). Гульня пры дапамозе такіх лісткоў. Гуляць у карты. □ Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня.Чарнышэвіч.
3. Ліст паперы, бланк, які трэба запоўніць спецыяльнымі звесткамі. Санаторная карта. Тэхналагічная карта.
•••
Контурная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены абрысы вадаёмаў і сушы без назвы іх.
Нямая карта — вучэбная геаграфічная карта без абазначэння назваў.
Сінаптычная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены звесткі аб надвор’і, атрыманыя адначасова ў розных месцах (служыць для прадказання надвор’я).
Зблытаць картыгл. зблытаць.
(І) карты ў рукікаму — пра таго, хто мае ўсе магчымасці, умовы для чаго‑н.
Карта (стаўка) біта — пра чый‑н. пройгрыш, правал.
Раскрыць картыгл. раскрыць.
Скласці картыгл. скласці.
Ставіць на картугл. ставіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БО́ФАРТА ШКАЛА́,
служыць для ацэнкі сілы ветру ў балах па яго ўздзеянні на наземныя прадметы або па хваляванні на моры. Распрацавана ў 1806 англ. контр-адміралам Ф.Бофартам. З цягам часу мянялася і ўдакладнялася. У 1963 прынята Сусв. метэаралагічнай арг-цыяй (гл.табл.).
Сіла ветру па шкале Бофарта (на вышыні 10 м над адкрытай роўнай зямной паверхняй)
Балы Бофарта
Скорасць ветру, м/с
Характарыстыка ветру
0
0—0,2
Штыль. Дым падымаецца вертыкальна. Люстраное гладкае мора.
1
0,3—1,5
Ціхі. Дым адхіляецца, на моры рабізна.
2
1,6—3,3
Лёгкі. Вецер адчуваецца на твары, шапоча лісце на дрэвах, адхіляецца флюгер. Кароткія хвалі на моры.
3
3,4—5,4
Слабы. Лісце і тонкія галінкі пастаянна гайдаюцца. Выразныя кароткія хвалі, грабяні перакульваюцца, з'яўляюцца рэдкія баранчыкі пены.
4
5,5—7,9
Умераны. Падымаюцца пыл і паперкі, гайдаюцца тонкія галіны дрэў. Хвалі на моры падоўжаныя, у многіх месцах белыя баранчыкі.
5
8—10,7
Свежы. Гайдаюцца тонкія ствалы дрэў. Доўгія, але не вельмі буйныя хвалі, усюды баранчыкі, з’яўляюцца пырскі.
6
10,8—13,8
Моцны. Гайдаюцца тоўстыя галіны, гудуць тэлеграфныя правады, з'яўляюцца вялікія хвалі, пеністыя грабяні займаюць вялікую плошчу.
7
13,9—17,1
Вялікі. Гайдаюцца ствалы дрэў, цяжка ісці супраць ветру. Хвалі нагрувашчваюцца, грабяні зрываюцца, пена кладзецца палосамі па ветры.
8
17,2—20,7
Вельмі вялікі. Ламаюцца галіны дрэў, вельмі цяжка ісці супраць ветру. Сярэдне доўгія хвалі. Па краях грабянёў узлятаюць пырскі.
9
20,8—24,4
Шторм. Невялікія пашкоджанні, вецер зрывае чарапіцу. Высокія хвалі, шырокія палосы пены, пагаршаецца бачнасць.
10
24,5—28,4
Моцны шторм. Разбураюцца пабудовы, дрэвы вырываюцца з каранямі. Вельмі высокія хвалі з доўгімі загнутымі грабянямі. Паверхня мора белая ад пены. Моцны грукат хваляў. Дрэнная бачнасць.
11
28,5—32,6
Люты шторм. Вялікія разбурэнні на значнай плошчы. Надзвычай высокія хвалі. Невялікія і сярэднія судны часам не відаць. Паверхня мора ў камяках пены. Дрэнная бачнасць.
12
больш за 32,7
Ураган. На сушы разбурэнні, як у люты шторм. На моры паветра напоўнена пенай і пырскамі. Вельмі дрэнная бачнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
галіна геалогіі, якая вывучае гісторыю Зямлі і агульныя заканамернасці развіцця зямной кары. Асн. задачы геалогіі гістарычнай: вызначэнне і тэарэт. абгрунтаванне храналагічнай паслядоўнасці геал. падзей на Зямлі і развіцця арган. свету. На падставе звестак аб паслядоўнасці залягання, будове і складзе горных парод і мінералаў, арган. рэштках, палеамагнітных уласцівасцях і ўзросце парод даследуе заканамернасці фарміравання ўнутр. будовы і развіцця кантынентальнай і акіянскай зямной кары, тэктанічных рухаў, асобных структур, размяшчэння сушы і мора, эвалюцыі флоры і фауны. Геалогія гістарычная заснавана на стратыграфіі і цесна звязана з палеанталогіяй, геахраналогіяй, палеагеаграфіяй, гіст.тэктонікай, петраграфіяй, выкарыстоўвае вучэнні аб фацыях і прыродных асацыяцыях (парагенезе) горных парод і інш. Дасягненні сучаснай геалогіі гістарычнай — выяўленне асн. заканамернасцей развіцця геал. працэсаў, узнікнення і кансалідацыі зямной кары стараж. кантынентаў (Гандваны, Лаўразіі), з’яўлення і развіцця акіянаў, дрэйфу кантынентаў, утварэння і развіцця рыфтавых сістэм, геасінклінальных паясоў, платформаў і інш. геаструктур, змены палеамагнітных эпох у гісторыі Зямлі, а таксама агульных законаў развіцця зямной кары і арган. свету планеты.
У пач. 19 ст. ўзнікла стратыграфія (У.Сміт у Вялікабрытаніі, Ж.Кюўе і А.Браньяр у Францыі распрацавалі асновы біястратыграфічнага метаду, што спрыяла стварэнню стратыграфічнай школы). У сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ідэі актуалізму Ч.Лаеля замест тэорыі катастроф Кюўе, сталі панаваць уяўленні пра непарыўныя і паслядоўныя пераўтварэнні Зямлі. Як навука геалогія гістарычная сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст. пасля з’яўлення прац Ч.Дарвіна і пашырэння эвалюцыйнага вучэння ў геалогіі.
На Беларусі найб. поўныя абагульненні геал. мінулага зрабілі А.С.Махнач і Л.М.Вазнячук (1959). Праблемы геалогіі гістарычнай тэр. краіны распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН (Р.Я.Айзберг, Г.І.Гарэцкі, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Э.А.Ляўкоў, М.М.Лявых, Махнач і інш.); Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це (В.С.Акімец, В.К.Галубцоў, Г.І.Кедо, С.С.Маныкін, В.А.Пушкін, А.В.Фурсенка і інш.), арганізацыях «Беларусьгеалогія», БДУ, Гомельскім ун-це і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ВОД,
працэс змены складу і ўласцівасцей вады, абумоўлены паступленнем у водныя аб’екты забруджвальнікаў, якія робяць воды непрыдатнымі для водакарыстання, пагаршаюць умовы пражывання жывых арганізмаў. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.в. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае З.в. выклікаецца паводкамі, размывам берагоў, забруджанымі атм. ападкамі, рэчывамі, што вымываюцца з глебы. Некат. газападобныя рэчывы выкідваюцца ў атмасферу, а потым з ападкамі трапляюць у водныя аб’екты. Антрапагеннае З.в. абумоўлена паступленнем у вадаёмы прадуктаў, што выкідваюцца ў асяроддзе ў выніку бытавой, с.-г., прамысл. і інш.гасп. дзейнасці чалавека. Асн. крыніцы такога З.в.: воды сцёкавыя шахтаў, руднікоў, нафтапромыслаў, адходы хім. прам-сці, драўніны пры яе нарыхтоўцы, апрацоўцы і сплаве, апрацоўкі некат. с.-г.тэхн. культур, скіды воднага і чыг. транспарту і інш. Вылучаюць З.в. біял. (мікраарганізмы і здольныя да браджэння арган. рэчывы), хім. (таксічныя або рэчывы, якія змяняюць склад воднага асяроддзя), фіз. (награванне, радыеактыўнасць і інш.).
Першасныя змены З.в. узнікаюць ад непасрэднага ўздзеяння забруджвальнікаў на водныя аб’екты і ўплываюць на фіз.-хім. і біял. якасці вады, яе склад, т-ру, газавы рэжым і інш. ўмовы пражывання гідрабіёнтаў. У выніку другасных змен (пры ўзаемадзеянні забруджвальных рэчываў паміж сабой, з вадой ці інш. прыроднымі рэчывамі) утвараюцца новыя рэчывы, якія адмоўна ўплываюць на водныя арганізмы, узмацняюць або аслабляюць працяканне біяхім. працэсаў, змяняюць працэсы самаачышчэння і мінералізацыі вады і інш. Вынік — пагаршэнне гідрахім. рэжыму і ўмоў пражывання водных арганізмаў, немагчымасць выкарыстання вады для пітных, культурна-бытавых мэт, тэхн. водазабеспячэння. Трацічныя змены парушаюць складаны комплекс узаемасувязей гідрабіёнтаў з навакольным асяроддзем і ўзаемаадносіны паміж арганізмамі вадаёма, агульны жыццёвы цыкл іх развіцця. Назіраецца распад біяцэнозаў, паніжаецца біял. прадукцыйнасць вадаёмаў, знішчаюцца рыбныя запасы. Штогадовы знос з сушы ў воднае асяроддзе рэчываў пад уздзеяннем антрапагенных фактараў ацэньваецца ў 50 млрд.т.
На Беларусі ў рэкі скідваецца некалькі кубічных кіламетраў сцёкаў за год (найб. аб’ём забруджвальнікаў даюць нафтахім. і харч.прам-сць, электраэнергетыка), што вядзе да забруджвання вод нітратамі, засалення адходамі калійнай вытв-сці. Найб. аб’ёмы сцёкаў паступаюць у бас. рэк Зах. Дзвіна і Бярэзіна (бас. Дняпра). Гал. задача аховы водаў — папярэджанне З.>в. і ліквідацыя яго крыніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНІКІ,
1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл.Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».
Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн.га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.
На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.
2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.