АКІНА́ВА,

самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс. мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВЫ́Я ХРЫБТЫ́ (Coast Ranges),

ланцуг невысокіх горных хрыбтоў і масіваў уздоўж зах. ўзбярэжжа ЗША (ад 34° паўн. ш. да 48°30 паўн. ш.). Найб. выш. 2428 м (г. Алімпус). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод. Характэрны землетрасенні. Радовішчы нафты, вугалю, ртуці. На Пн ад 42° паўн. ш. схілы ўкрыты лясамі з сітхінскай елкі, туі, дугласіі, вышэй — лугі, горныя тундры, асобныя ледавікі. На Пд — хваёвыя лясы і вечназялёныя ксерафільныя хмызнякі (чапараль), участкі лясоў з гіганцкай секвоі. Нац. парк Алімпік.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў рэк Дубровенка і Дняпро. Меў выгляд прамавугольніка (каля 125 × 45 м). Паводле інвентара (складзены 28.5.1545), у цэйхгаўзе замка знаходзіліся 242 адзінкі агнястрэльнай зброі, шмат інш. ваен. рыштунку. У 1535 і 1562 замак спалены рус. войскам, але хутка адноўлены. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 яго зноў займалі і спальвалі рус. войскі. У 1730-я г. Д.з. адноўлены і праіснаваў да 1772.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАІЛІ́ЙСКІ АЛАТА́У,

горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Казахстане, на мяжы з Кіргізіяй. Даўж. каля 350 км. Выш. да 4973 м (пік Талгар). Складзены пераважна з гранітаў, кангламератаў, вапнякоў і сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Агульная пл. зледзянення 484 км². З паўн. схілаў сцякаюць прытокі р. Ілі. Сухія стэпы змяняюцца з вышынёй хмызнякова-стэпавай расліннасцю, лугамі і лясамі. У паўн. перадгор’ях г. Алматы, а таксама зімовы спарт. комплекс Медэо. На зах. схіле З.А. Алма-ацінскі запаведнік.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́Н (араб., літар. чытанне),

галоўная свяшчэнная кніга мусульман; зборнік рэліг. догмаў, міфаў і прававых палажэнняў ісламу. Кананізаваны спіс К. складзены ў 7—8 ст., напісаны на араб. мове рыфмаванай прозай. Уключае 114 сур (раздзелаў), размешчаных у парадку памяншэння колькасці аятаў (вершаў), якіх 6625. Суры падзяляюцца на «мекканскія» і «медынскія». К. змяшчае заклінанні і праклёны, вял. запазычанні з даісламскіх культаў, стараж.-іудзейскай і хрысц. міфалогіі. К. з’яўляецца літ. помнікам і адной з найважнейшых крыніц мусульм. права — шарыяту.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЮЧАЎСКА́Я СО́ПКА,

дзеючы вулкан на У п-ва Камчатка, найвыш. (4750 м) і самы актыўны ў Еўразіі. Размешчаны ў Ключаўскай групе вулканаў. Складзены з андэзіта-базальтавай лавы. Належыць да тыпу стратавулканаў. Правільны конус з кратэрам, што пастаянна курыцца, мае паблізу падэшвы 84 пабочныя конусы і кратэры. На вяршыні снежнікі і ледавікі, на схілах — фумаролы і сальфатары. За 270 гадоў адбылося больш за 50 моцных вулканічных вывяржэнняў; апошняе — у 1972—74. Каля падножжа — вулканалагічная станцыя.

Вулкан Ключаўская Сопка.

т. 8, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОНГ-А́ЙЛЕНД (Long Island),

нізінны востраў у Атлантычным ак. каля берагоў ЗША, паблізу вусця р. Гудзон. Тэрыторыя ЗША. Аддзелены ад мацерыка пратокай Іст-Рывер і аднайменным пралівам. Пл. 4,5 тыс. км², даўж. каля 200 км, шыр. да 37 км. Складзены з рыхлых марскіх і ледавіковых адкладаў. Паверхня нізінная, выраўнаваная, з боку акіяна шматлікія пясчаныя косы. У зах. ч. — раёны Нью-Йорка Бруклін і Куінс, на астатняй тэрыторыі пераважна дачныя пасёлкі, паркі, пляжы. Адкрыты ў 1609 англ. мараплаўцам Г.Гудзонам.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНБЛА́Н (франц. Mont Blanc, італьян. Monte Bianco),

горны масіў і вяршыня ў Зах. Альпах, на мяжы Францыі, Італіі і Швейцарыі, самая высокая ў Еўропе (4807 м). Даўж. масіву 50 км. Складзены з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. Рэльеф альпійскага тыпу. Пл. зледзянення больш за 200 км², самы буйны ледавік Мер-дэ-Глас (даўж. 15 км). Частка водападзелу паміж рэкамі По і Рона. Альпінізм, турызм. Астранамічная абсерваторыя. Пад М. аўтамаб. тунэль (даўж. 11,6 км) і шаша з Францыі ў Італію.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́ (Îles Marquises),

архіпелаг у цэнтр. ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Уладанне Францыі. Пл. 1274 км². Нас. 7,5 тыс. чал. (1988) — палінезійцы. Найб. буйныя а-вы — Нуку-Хіва і Хіва-Аа, вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, туфаў. Выш. да 1259 м. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў каля 1000 мм за год на падветраных схілах і да 2500 мм на наветраных. Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя саванны. Вырошчваюць какосавыя пальмы, бавоўнік, бананы, каву. Рыбалоўства, лоўля жэмчугу. Турызм. Адм. цэнтр — г. Таіохаэ.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎНА-ЛО́А (Mauna Loa),

дзеючы вулкан шчытавога (гавайскага) тыпу на в-ве Гаваі, у Ціхім ак. Выш. 4170 м (самы высокі і вял. па аб’ёме на Зямлі з улікам вышыні падводнага цокаля, які ляжыць на глыбіні каля 4500 м). Складзены з алівіна-базальтавых лаў. Частыя вывяржэнні (адзін з самых актыўных на Зямлі). На схілах трапічныя лясы, хмызнякі. Трапічнае земляробства. Уваходзіць у склад Гавайскага вулканічнага нац. парку (ахова трапічнай флоры), уключанага ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны. Вулканалагічная станцыя.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)