БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і /ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас. сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел. сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.

З.В.Шыбека.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯДЫ́,

вёска ў Валяўкоўскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. на р. Мярэя (прыток Дняпра). Цэнтр саўгаса. За 29 км на У ад г. Дуброўна, 140 км ад Віцебска. 707 ж., 287 двароў (1999).

Вядома з канца 16 ст. ў Аршанскім пав. З 1607 сяло, уладанне падстолія ВКЛ М.Глябовіча, з сярэдзіны 17 ст. — Сапегаў. У 1672 мястэчка. Ў 1738 — 23 дымы, у 1745 пабудавана Пакроўская царква, у 1799 — царква Іаана Багаслова. З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 мястэчка Л. ў дзярж. кіраванні, пазней уласнасць кн. Пацёмкіна, Любамірскіх. У вайну 1812 у ваколіцах Л. дзейнічаў партыз. атрад Дз.В.Давыдава. У 1897 у Хаўбнянскай вол. Горацкага пав. Магілёўскай губ.; 4434 ж., 599 дамоў, 4 правасл. царквы, 2 багадзельні, 8 яўр. i 1 царк.-прыходская школа, паштова-тэлегр. станцыя, 2 гарбарні, 2 крупадзёркі, 3 маслабойні, 11 кузняў, 4 пенькатрапальні, 3 ільнотрапальні, вадзяны млын, 82 гандл. і 2 піўныя крамы, шынок, 2 заезныя двары, 2 кірмашы на год. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічала Ляднянская арг-цыя РСДРП. З 1923 цэнтр воласці Горацкага пав. Смаленскай губ. З 3.3.1924 у БССР, з 17.7.1924 да 8.7.1931 цэнтр Ляднянскага раёна Аршанскай акр. У 1924—26 і з 1954 цэнтр сельсавета, з 1938 у Віцебскай вобл. У 1925 у Л. 3747 ж., 689 гаспадарак. З 27.9.1938 да 10.3.1954 — гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі разбурылі гар. пасёлак, загубілі частку жыхароў. У 1963—781 ж., 229 двароў, у 1972—735 ж., 275 гаспадарак.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Радзіма мастака С.К.Заранкі.

В.М.Князева.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗДЫ ВАЕ́ННЫХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ А́РМІЙ І ТЫ́ЛУ ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ 1917,

2 франтавыя з’езды, што адбыліся ў 1917 у Мінску; прысутнічалі дэлегаты ад вайсковых к-таў, Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. 1-ы з’езд адбыўся 20—30 красавіка. Удзельнічала 1200 дэлегатаў (850 з рашаючым і 350 з дарадчым голасам), 100 супрацоўнікаў аргкамітэта, каля 100 гасцей, у т.л. лідэры Дзярж. думы і Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Большасць дэлегатаў складалі эсэры і меншавікі. Старшынёй з’езда выбраны старшыня выканкома Мінскага Савета Б.П.Позерн. Пытанні: аб вайне і міры, аб Часовым урадзе і дэмакр. арг-цыях, аб прававым і матэрыяльным становішчы воінаў і іх сем’яў, аб забеспячэнні фронту. Працавала 7 секцый, у т.л. па арганізац., сялянскім і рабочым пытаннях. З’езд выказаўся ў падтрымку Часовага ўрада і яго палітыкі, выпрацаваў Палажэнне аб салдацкіх арг-цыях (праект падрыхтаваны выканкомам Мінскага Савета), абраў пастаянны выканаўчы орган — франтавы к-т з 75 чалавек. 2-і з’езд адбыўся 3—8 снежня. Прысутнічала 714 дэлегатаў (633 з рашаючым і 81 з дарадчым голасам), прадстаўнікі ЦК РСДРП(б) і Петраградскага ВРК. Старшыня — А.Ф.Мяснікоў. Пытанні: аб рабоце франтавога к-та, аб бягучым моманце, аб міры, аб дэмакратызацыі арміі. З’езд вітаў Савет Нар. Камісараў і выказаў яму поўны давер і падтрымку. Прынятая на з’ездзе рэзалюцыя аб дэмакратызацыі арміі адобрана ВРК пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага і 30.11.1917 перададзена ва ўсе часці і злучэнні як «Палажэнне аб дэмакратызацыі арміі». Паводле яго ў арміі ўводзіўся выбарны пачатак, адмяняліся ўсе афіцэрскія і інш. знакі адрознення, ураўноўваліся ў правах службы ўсе часці і роды войск. З’езд выбраў франтавы к-т у складзе 100 чал.

М.М.Смальянінаў.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІН (Уладзімір Ільіч) (сапр. Ульянаў; 22.4.1870, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 21.1.1924),

расійскі і савецкі паліт., дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. рабочага руху. Нарадзіўся ў сям’і інспектара нар. вучылішчаў, які стаў патомным рас. дваранінам. Старэйшы брат Л. пакараны смерцю (1887) за ўдзел у замаху на цара Аляксандра III. Л. вучыўся ў Казанскім ун-це (1887), з якога за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях выключаны і сасланы ў с. Какушкіна Казанскай губ. Экстэрнам здаў экзамен за юрыд. ф-т у Пецярбургскім ун-це (1891). Працаваў пам. прысяжнага паверанага ў г. Самара. У 1895 удзельнічаў у стварэнні Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», арыштаваны і высланы на 3 гады ў с. Шушанскае Енісейскай губ. У ссылцы вітаў стварэнне ў Мінску ў 1898 Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) і асн. палажэнні яе «Маніфеста». У 1900 выехаў за мяжу і разам з Г.В.Пляханавым пачаў выданне газ. «Искра», якая падрыхтавала праект Праграмы РСДРП. У розны час быў рэдактарам бальшавіцкіх газ. «Пролетарий», «Рабочая газета», «Правда». Ha II з’ездзе РСДРП (1903, Брусель—Лондан) Л. узначаліў бальшавіцкую плынь РСДРП (гл. Камуністычная партыя Савецкага Саюза). У працах «Што рабіць?» (1902), «Крок наперад, два крокі назад» (1904) ён сфармуляваў ідэйныя і арганізац. асновы партыі новага тыпу. З 1905 у С.-Пецярбургу, з 1907 зноў у эміграцыі. У перыяд рэвалюцыі 1905—07 распрацоўваў тэорыю перарастання бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, абгрунтаваў неабходнасць вядучай ролі ў іх рабочага класа («Дзве тактыкі сацыял-дэмакратыі ў дэмакратычнай рэвалюцыі», 1905). Чл. ЦК партыі з ліст. 1903 (кааптаваны), у 1905—06 і з 1912 (канд. у 1907—12), чл. Палітбюро ЦК у кастр. 1917 і з 25.3.1919. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў крас. 1917 вярнуўся ў Петраград, абвясціў курс на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам, пераходам улады да Саветаў. Узначальваў кіраўніцтва Кастр. узбр. паўстаннем у Петраградзе (гл. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). Ha II Усерас. з’ездзе Саветаў 25—27.10(7—9.11).1917 выбраны Старшынёй Савета Нар. Камісараў (СНК) РСФСР. Адначасова з 1918 Старшыня Савета Рабочай і Сял. Абароны (з 1920 Савет Працы і Абароны). З сак. 1918 у Маскве. Адыграў вырашальную ролю ў заключэнні Брэсцкага міру 1918. 30.8.1918 пры замаху на яго жыццё эсэркай Ф.Каплан быў цяжка паранены. Адобрыў стварэнне Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, якая разам з палітычнымі выкарыстоўвала метады насілля і рэпрэсій у адносінах да духавенства, інтэлігенцыі, апазіцыйных партый. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1922 Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ў якасці сузаснавальніка ўвайшла і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). З 6.7.1923 Старшыня СНК і Савета Працы і Абароны СССР. Чл. ВЦВК з 1917, ЦВК СССР з 1922. У 1922 цяжка захварэў і актыўна не ўдзельнічаў у паліт. жыцці. Пахаваны ў Маўзалеі на Краснай плошчы ў Маскве.

Л. рана стаў прыхільнікам ідэй К.Маркса і Ф.Энгельса. Развіваў іх вучэнне аб пераўтварэнні грамадства на камуніст. пачатках (гл. Камунізм, Марксізм, Марксізм-ленінізм) у прымяненні да новых гіст. умоў. Найважнейшым сродкам рэв. барацьбы лічыў стварэнне партыі прафес. рэвалюцыянераў — «партыі новага тыпу», у адрозненне ад парламенцкіх с.-д. партый. Л. адстойваў прынцып «дэмакратычнага цэнтралізму» ў пабудове партыі. Вызначаўся непрымірымым атэізмам. Прыйшоў да высновы, што капіталізм уступіў у апошнюю стадыю — імперыялізм, і перадавыя краіны Еўропы выспелі для сусв. сацыяліст. рэвалюцыі. Адстойваў курс на ўсталяванне замест дыктатуры буржуазіі дыктатуры пралетарыяту. Лічыў, што Расія павінна пачаць сусв. сацыяліст. рэвалюцыю. У процівагу II Інтэрнацыяналу ён стварыў III Камуністычны Інтэрнацыянал. Востры крызіс у краіне пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—20 прывёў Л. да прызнання неабходнасці замены палітыкі «ваеннага камунізму» і пераходу да «новай эканамічнай палітыкі».

Л. пакінуў вял. навук. і літ.-публіцыст. спадчыну. У сваёй асн. філас. працы «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» (1909) прааналізаваў важнейшыя філас. напрамкі канца 19 — пач. 20 ст., абагульніў найважнейшыя прыродазнаўча-навук. адкрыцці. Ён распрацаваў праблемы класавай сутнасці і функцый розных відаў дэмакратыі і дыктатуры, Саветаў як дзярж. формы дыктатуры пралетарыяту («Дзяржава і рэвалюцыя», 1917; «Пралетарская рэвалюцыя і рэнегат Кауцкі», 1918, лекцыі «Аб дзяржаве», 1919 і інш.). У яго працах больш за 400 выказванняў, тэлеграм, запісак і інш. дакументаў, якія непасрэдна тычацца Беларусі. У творы «развіццё капіталізму ў Расіі» (1899) асветлена сац.-эканам. становішча бел. губерняў на мяжы 19—20 ст., паказана развіццё капіталіст. вытв. адносін у сельскай гаспадарцы Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ., наяўнасць рэшткаў прыгонніцтва, параўнальна хуткі рост гар. насельніцтва, наяўнасць у бел. губернях пераважна дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, вызначаны некат. спецыфічныя рысы ў сац.-эканам. развіцці Беларусі, што адбівалася на класавай барацьбе і дзейнасці мясц. парт. арг-цый. Вывучэнне сац.-эканам. становішча Беларусі дало Л. магчымасць паказаць, што гаспадарка краю развіваецца па шляху капіталізму, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для развіцця с.-д. руху. У працы «Вынікі дыскусіі аб самавызначэнні» (1916) ён адзначыў, што беларусы цярпелі сац. і нац. прыгнёт не толькі рус. царызму, але і польскіх памешчыкаў, што яшчэ з часоў, калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай, Польшча захавала за сабой правы, якія «заключаюцца ў прыгнечанні чужых народаў», бо «польскі памешчык прыгнятае ўкраінскага і беларускага «хлопа». Л. адносіў Беларусь і Украіну да тых рэгіёнаў Расіі, дзе нац. рух яшчэ не завяршыўся і не вычарпаў сваёй прагрэсіўнай місіі. У працы «Аб карыкатуры на марксізм і аб «імперыялістычным эканамізме» (1916, апубл. 1924) ён пісаў: «Для ўкраінцаў і беларусаў... «Бацькаўшчына» тут яшчэ не адспявала ўсёй сваёй гістарычнай песні. «Абарона бацькаўшчыны» яшчэ можа быць тут абаронай дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супраць прыгнятаючых нацый, супраць сярэдневякоўя...». Л. рэзка крытыкаваў праграму культ.-нац. аўтаноміі аўстрыйскіх марксістаў, якую ўзялі на ўзбраенне амаль усе паліт. партыі Расіі, у т.л. Беларуская сацыялістычная грамада» (арт. «Да гісторыі нацыянальнай праграмы ў Аўстрыі і Расіі», 1914). Вызваленне бел. народа ад сац. і нац. прыгнёту Л. звязваў з перамогай сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі. Беларусь і Зах. фронт разглядаў як важны ваенна-паліт. фактар, які мог станоўча паўплываць на перамогу Кастр. ўзбр. паўстання 1917. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 падтрымліваў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту, адобрыў разгон Усебеларускага з’езда 1917, які не прызнаў мясц. сав. ўладу; адмоўна ставіўся да Беларускай Народнай Рэспублікі і падтрымліваў ініцыятыву беларускіх секцый РКП(б) аб стварэнні БССР.

У аналізе дзейнасці Л. і яго ідэй, якія значна паўплывалі на ход гісторыі ў 20 ст., існуе шырокі спектр ацэнак — ад пазітыўных да рэзка крытычных.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—55. 5 изд. М., 1958—65;

Ленинский сборник. Т. 1—39. М.; Л., 1924—80;

Бел. пер.Тв. Т. 1—45. Мн., 1948—74;

Тое ж. Т. 1—17. Мн., 1953—55;

Выбр. творы. Т. 1—10. Мн., 1986—91.

Літ.:

Воспоминания о В.И.Ленине. Т. 1—5. М., 1968—69;

Уэллс Г. Россия во мгле: Пер. с англ. М., 1970;

В.И.Ленин: Биогр. хроника. Т. 1—12. М., 1970—82;

Белявцев В.И. В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1978;

Cola D. Léninisme. Paris, 1982;

В.И.Ленин: Биография, 1870—1924. Т. 1—2. 8 изд. М., 1987;

Шагинян М. Семья Ульяновых: тетралогия. М., 1988;

И вечно в памяти людской: В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1990;

Ленин: Человек — мыслитель — революционер: Воспоминания и суждения современников. М., 1990;

Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ. М., 1990;

Троцкий Л.Д. О Ленине // Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;

Ленин, о котором спорят сегодня. М., 1991;

Волобуев П.В. Ленин (Ульянов) В.И. // Политические деятели России 1917: Биогр. словарь. М., 1993;

Волкогонов Д. Ленин: Полит. портрет. Кн. 1—2. Мн., 1994;

Латышев А.Г. Рассекреченный Ленин. М., 1996;

В.И.Ленин о Белоруссии: Библиогр. указ. Мн., 1970.

П.Ц.Петрыкаў.

У.І.Ленін.

т. 9, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сёмая (Красавіцкая) Усерасійская канферэнцыя РСДРП(б) 1/57, 81; 3/251; 4/278; 5/322, 346, 352; 6/97, 492; 7/226, 230; 8/532; 9/104, 185, 452, 501—502; 10/32; 12/130, 197

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,

узброенае звяржэнне Часовага ўрада і прыход да ўлады ў Расіі партыі бальшавікоў. У выніку К.р. 1917 устаноўлена савецкая ўлада, пачалася ліквідацыя капіталізму і пераход да сацыялізму. Марудлівасць і непаслядоўнасць дзеянняў Часовага ўрада пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у вырашэнні рабочага, агр. і нац. пытанняў, няўдачы ў 1-й сусв. вайне прывялі да паглыблення агульнанац. крызісу і стварылі перадумовы для ўзмацнення партый рэв. дэмакратыі ў цэнтры і нац. партый на ўскраінах Рас. імперыі. Найб. энергічна дзейнічалі бальшавікі, якія абвясцілі курс на сацыяліст. рэвалюцыю. Шляхі барацьбы за пераход ад бурж.-дэмакр. рэвалюцыі да сацыялістычнай былі распрацаваны У.І.Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» і адобраны VII Усерас. (Красавіцкай) канферэнцыяй РСДРП [24—29.4(7—12.5).1917], якая пацвердзіла лінію на сацыяліст. рэвалюцыю, мірны пераход улады ў рукі Саветаў, сфармулявала эканам. праграму пераўтварэнняў у Расіі: рабочы кантроль за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі, аб’яднанне ўсіх банкаў у адзін агульнанац. і ўстанаўленне над ім кантролю з боку Саветаў, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсёй зямлі ў краіне. У нац. пытанні канферэнцыя прызнала за кожнай нацыяй права на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самаст. дзяржавы. Красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы выявілі няздольнасць Часовага ўрада вырашаць супярэчнасці, што існавалі ў краіне. 20—21 крас. (3—4 мая) рабочыя і салдаты Петраграда (каля 100 тыс. чал.) і інш. гарадоў правялі дэманстрацыі з антыўрадавымі лозунгамі. Паліт. сітуацыя ў краіне няспынна абвастралася. 18.6.(1.7).1917 каля 500 тыс. рабочых і салдат Петраграда зноў выйшлі на дэманстрацыю пад заклікамі «Уся ўлада Саветам». 2(15) ліп. ў Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загаду Часовага ўрада была расстраляна. Кіраўніцтва бальшавікоў вымушана было пайсці ў падполле. Гэта істотна змяняла паліт. становішча, мірны перыяд рэвалюцыі скончыўся.

Зыходзячы з росту радыкальных настрояў сярод шырокіх пластоў насельніцтва, Ленін абгрунтаваў курс на ўзбр. паўстанне, як адзіны сродак заваёвы ўлады. Гэты курс адобрыў VI з’езд партыі бальшавікоў [26.7(8.8)—3(16).8.1917]. Абапіраючыся на рашэнні з’езда, бальшавікі актывізавалі сваю паліт. дзейнасць. Прыхільнікі «парадку» схіляліся да ўстанаўлення ваен. дыктатуры ў краіне. Стаўка была зроблена на Вярх. галоўнакамандуючага ген. Л.Г.Карнілава. Актыўны ўдзел у ліквідацыі Карнілава мяцяжу спрыяў росту ўплыву бальшавікоў. У жн.кастр. 1917 колькасць членаў РСДРП павялічылася амаль ў 1,5 раза і дасягнула 350 тыс. чал. Да канца жн.пач. верасня бальшавікі заваявалі большасць у Саветах Петраграда і Масквы і пачалі падрыхтоўку ўзбр. паўстання, прымеркаваўшы яго да адкрыцця Другога Усерасійскага зезда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 21 і 22 кастр. (3—4 ліст.). Петраградскі Ваенна-рэв. к-т [створаны 12(25).10.1917] узяў на сябе кіраўніцтва гарнізонам, замяніў камісараў, прызначаных Часовым урадам. 23 кастр. (5 ліст.) на бок бальшавікоў перайшоў гарнізон Петрапаўлаўскай крэпасці. У гэты ж дзень ЦК РСДРП(б) пасля даклада Леніна прыняў рэзалюцыю, якая прызнала паўстанне наспелым і непазбежным і прапанавала ўсім парт. арг-цыям кіравацца гэтым рашэннем. У ноч на 25 кастр. (7 ліст.) 1917 бальшавікі пачалі ўзбр. паўстанне, занялі асн. лініі сувязі ў сталіцы, адрэзалі ўрад ад краіны, а ў ноч на 26 кастр. (8 ліст.) узялі Зімні палац, дзе засядаў урад, і арыштавалі яго членаў. Раніцай бальшавікі перадалі захопленую ўладу II Усерас. з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органу нар. прадстаўніцтва, які абвясціў аб пераходзе ўлады ва ўсёй краіне да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Партыі меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў, Бунд, эсэраў (за выключэннем левых), асудзілі «ваенную змову» бальшавікоў і пакінулі з’езд. З’езд прыняў дэкрэты аб міры, аб зямлі, сфарміраваў урад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Леніным, выбраў заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган улады — Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ВЦВК). У яго склад увайшлі 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў і прадстаўнікі інш. партый. Гэта азначала, што бальшавікі не адмаўлялі магчымасці супрацоўніцтва з рэв.-дэмакр. партыямі. Новы ўрад абяцаў склікаць у ліст. 1917 Устаноўчы сход. Пасля падаўлення ў Петраградзе і Маскве супраціўлення сіл, верных Часоваму ўраду, бальшавікі хутка ўстанавілі кантроль над асн. прамысл. цэнтрамі Расіі. Гал. паліт. праціўнік бальшавікоў — партыя кадэтаў (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя), была аб’яўлена па-за законам, арыштаваны шэраг яе лідэраў, забаронены апазіц. друк. Нягледзячы на гэта, на выбарах ва Устаноўчы сход [12(25).11.1917] бальшавікі атрымалі толькі каля 25% галасоў выбаршчыкаў. 5(18).1.1918 Устаноўчы сход, які адмовіўся прызнаць уладу Саветаў, разагнаны бальшавікамі. Гэта прывяло да далейшага расколу краіны. Пачалася Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.

Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе прадвызначыла зыход барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. 25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і яго ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, які абвясціў сябе ўладай на тэр. Беларусі і Зах. фронце. У адказ прыхільнікі Часовага ўрада стварылі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада. Загадам ВРК 4(17).11.1917 К-т распушчаны. У ноч на 19 ліст. (3 снеж.) пад націскам рэв. салдат і рабочых Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў і Бунда, прызнаў уладу ў Петраградзе, стварыў Ваенна-рэв. к-т. У тую ж ноч разгромлена стаўка Вярх. галоўнакамандуючага. На працягу 3 тыдняў [да 20.11(3.12).1917] на неакупіраванай тэр. Беларусі закончыўся пераход улады да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, створаны органы сав. улады. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., II з’езд армій Зах. фронту выбралі выканкомы і Франтавы к-т, якія 26.11(9.12).1917 аб’ядналіся і на іх аснове разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў выбраны вышэйшы орган улады Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і створаны выканаўчы орган Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Заходняй вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады ў Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Адначасова з фарміраваннем новых органаў улады расфарміроўваліся старыя органы кіравання — земскія ўправы, гар. думы і г.д. Ажыццяўлялася нацыяналізацыя прам-сці, уводзіўся 8-гадз. рабочы дзень, праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, фабрычна-заводскія к-ты і прафсаюзы ўстанаўлівалі рабочы кантроль над вытв-сцю. Паліт. сітуацыя ў Беларусі ўскладнялася нявырашанасцю нац. пытання. Кіраўніцтва Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б) адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці, што выявілася ў разгоне 18(31).12.1917 Усебеларускага з’езда, які не прызнаў сав. ўладу.

Існуе шырокі спектр ацэнак К.р. 1917: ад сцвярджэння аб тым, што рэвалюцыя была спробай стварэння сацыялізму, як дэмакр. ладу сац. справядлівасці да нац. катастрофы, якая прывяла да значных ахвяр і ўсталявання таталітарнай сістэмы.

Кр.: Великая Октябрьская социалистическая революция: Сб. док. и материалов. Кн. [1—10]. М., 1957—63; Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957; Декреты Советской власти. Т. 1—13. М., 1957—89; Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Т. 4. Мн., 1954.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;

Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918 гг.). Мн., 1962;

Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;

Керенский А.Ф. Россия на историческом повороте: Мемуары: Пер. с англ. М., 1993;

Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;

Ленин В.И. О Великой Октябрьской социалистической революции. 4 изд. М. 1987;

Яго ж. О социалистической революции. Т 1—2. 2 изд. М., 1987;

Минц И.И. История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79;

Милюков П.Н. Воспоминания. М., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;

Саладков И.И. Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917 — февраль 1918). Мн., 1957;

Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г. Мн., 1991;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1—3. М., 1991—92;

Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;

Яго ж. Уроки Октября. СПб., 1991;

Верт Н. История советского государства, 1900—1991: Пер. с фр. 2 изд. М., 1995;

Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ. М., 1990;

Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ. М., 1989;

Пайпс Р. Русская революция: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1994.

Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Адозва ВРК пры Петраградскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 25.10.1917.
Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Чырвонагвардзейцы трамвайнага парка ў Замаскварэччы. Масква. Кастрычнік 1917.
Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Салдацкі мітынг на Заходнім фронце ў кастрычніцкія дні 1917.

т. 8, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́Р,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс. ж. (1998).

Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155.·3 сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс. ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс. ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыя РСДРП У час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс. ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс. ж., больш за 1 тыс. чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.

Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.З.Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.

У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр. ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх. ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн. Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.

Літ.:

Никитин А.С., Залвцман Е.Е. Мозырь: Ист.-экон. очерк. Мн., 1973;

Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

В.Л.Насевіч, В.С.Пазднякоў (гісторыя), Л.С.Патапаў, Ю.А.Якімовіч (архітэктура).

Мазыр. Жылыя дамы па вуліцы Савецкай.

т. 9, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,

буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.

У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс. чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак. К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Дьвовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак. ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.

Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.

У Беларусі, як і ўсюды ў б. Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел. нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел. нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.

Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.

Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г. М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.

Літ.:

Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;

Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;

Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;

Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;

Ленін У.І. Тв. Т. 1-45. Мн., 1948—74;

Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;

Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;

Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;

Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.

І.М.Ігнаценка.

Да арт. Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.
Да арт. Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.
Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДНА,

горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. За 300 км на З ад Мінска. Вузел чыгунак на Вільню, Масты, Беласток, аўтадарога на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. 303,6 тыс. ж. (1997).

Гісторыя. Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у канцы 10 ст. на т.зв. Замкавай гары пры ўпадзенні р. Горадня (Гараднічанка) у Нёман на ятвяжскай тэр. як умацаваны пункт і цэнтр паўн.-зах. каланізацыі дрыгавічоў і валынян. Упершыню Гродна (Горадзен, Гародня, Горадня) упамінаецца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127. Да сярэдзіны 16 ст. вядома ў крыніцах як Горадзен (Городень). Сярод гісторыкаў 19 ст. існавалі розныя меркаванні аб месцы знаходжання летапіснага Гродна. Слушнае абгрунтаванне тоеснасці Горадзена з сучасным Гродна даў Я.Ф.Арлоўскі ў 1893. У 12—13 ст. існавала ўдзельнае Гродзенскае княства. З сярэдзіны 13 ст. ў складзе ВКЛ. Цярпела ад нападаў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якім у 1300—26 паспяхова процістаяў кашталян гродзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З 1376 уладанне кн. Вітаўта, у 1390 было арэнай феад. вайны паміж ім і польскім каралём Ягайлам. Гродзенская харугва ўдзельнічала у Грунвальдскай бітве 1410. У 1391 горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1444 поўнае, у 1496 дапоўненае спец. прывілеем). З 15 ст. праводзіліся кірмашы. З 1413 у складзе Трокскага ваяв., з сярэдзіны 16 ст. цэнтр Гродзенскага павета. З 1540 мела пячатку з гербам на ўзор люблінскага (казёл на задніх нагах абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява ў блакітным полі аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень св.Губерта), які пераскоквае цераз агароджу. Паводле інвентара 1560 у Гродна было каля 4 тыс. ж., 716 дамоў, 33 вуліцы, 3 рынкі, замак, велікакняжацкі (каралеўскі) дом, 9 цэркваў, 2 касцёлы, сінагога, ратуша, звярынец. У 1576—86 — рэзідэнцыя караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца 18 ст. Гродна — велікакняжацкі горад. У 1589—1796 цэнтр Гродзенскай эканоміі. Напярэдадні Брэсцкай уніі 1596 у Гродна дзейнічалі 7 правасл. Цэркваў, 3 касцёлы, у 1-й пал. 17 ст.Гродзенскі езуіцкі калегіум, ордэны бернардзінцаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, 9 касцёлаў, 2 уніяцкія манастыры. З 1678 месца правядзення заканадаўчых генеральных сеймаў (кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай з гэтага часу праходзіў у Гродна). У 17—18 ст. значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай. У 1793—95 цэнтр Гродзенскага ваяводства. У час паўстання 1794 у жн.кастр. тут дзейнічала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ — выканаўчы орган паўстанцаў на тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З 1795 у Рас. імперыі, 1796 цэнтр павета, з 1802 — Гродзенскай губерні. У час вайны 1812 у чэрв.снеж. акупіраваны напалеонаўскім войскам. У час паўстання 1830—31 аб’яўлены на ваен. становішчы. У 1862 праз горад пракладзена першая у Беларусі чыгунка — участак лініі С.-Пецярбург — Варшава. Напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 у Гродна і губерні дзейнічала Гродзенская рэв.-дэмакр. арг-цыя. У 1897 у Гродна 46,7 тыс. ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі Гродзенскае педагагічнае таварыства, Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Гродзенскае таварыства ўрачоў, Гродзенскі гурток беларускай моладзі і інш., дзейнічалі рэв. арг-цыі: Гродзенскі рэв. гурток, Гродзенская рабочая арг-цыя, арг-цыі РСДРП, Бунда, ППС і інш. У рэвалюцыю 1905—07 у Гродна адбыліся ў сак.крас. 1905 выступленні салідарнасці рабочых з палітвязнямі, у крас.жн. 1905 забастоўкі на прамысл. прадпрыемствах, у кастр.снеж. 1905 выступленні салдат гарнізона, паліт. стачкі і інш. З 1915 акупіравана герм. войскам. 19.11.1918 у Гродна створана Бел. рада, у снеж. 1918 сюды пераехаў урад БНР на чале з А.Луцкевічам, пачалося фарміраванне бел. войска. Культ.-асв. дзейнасць праводзіла Грамада Беларускай моладзі ў Гродне. У студз.крас. 1919 дзейнічаў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. 27.4.1919 герм. войскі пакінулі горад, і ён перайшоў пад уладу Польшчы. Пасля заняцця Гродна 19.7.1920 Чырв. Арміяй (3-і конны корпус Г.Гая) устаноўлена сав. ўлада (да кастр. 1920). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. ў горадзе дзейнічалі паліт., грамадскія і культ.-асв. бел. арг-цыі: ТБШ, БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. Адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі, забастоўкі, у т. л. Гродзенскія выступленні працоўных 1936. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Гродзенскага раёна Беластоцкай вобл. У Вял. Айч. вайну з 24.7.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі і пад назвай Garten (Гартэн) непасрэдна ўключана ў склад Германіі. Разбурана на 43%, у Гродна і раёне загублена 51 438 чал. Дзейнічала Гродзенскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 16—24.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 і Вільнюскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 цэнтр Гродзенскай вобласці. У 1970 — 132,5 тыс. жыхароў.

Гаспадарка. Прамысл. аблічча стаў набываць у 1-й пал. 19 ст. У 1840-я г. ў Гродна было больш як 40 прадпрыемстваў, у т. л. цагельныя, фланелевыя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя і інш. Штогод праводзіўся кірмаш. Важнае значэнне мелі водны шлях па р. Нёман, які звязаў Гродна з рознымі рынкамі, і пракладзеная праз горад чыгунка. У 1861 засн. Гродзенская тытунёвая фабрыка. З 1876 у горадзе працуе водаправод. У 1884 узніклі ліцейна-мех. майстэрні (гл. Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў). Крэдытна-фін. паслугі аказвалі аддзяленні Дзярж. і Віленскага камерцыйных банкаў, Т-ва ўзаемнага крэдыту, банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. ў Гродна было больш за 70 прамысл. прадпрыемстваў (больш за 2 тыс. рабочых); колькасць гандл. устаноў павялічылася з 252 у 1861 да 748 у 1900. Працавалі 4 друкарні. У 1914 у Гродна 99 прадпрыемстваў (2287 рабочых). У выніку 1-й Сусв. і грамадз. войнаў, ням. і польскай акупацыі, знаходжання Гродна ў складзе Польшчы прам-сць заняпала. У 1940 у Гродна дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у т. л. 2 тытунёвыя ф-кі, веласіпедны з-д, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі шклозавод, 3 лесазаводы, 2 гарбарныя, цагельна-кафляны з-ды, швейная, абутковая ф-кі і інш., на якіх працавала 3,5 тыс. чал. У гады 2-й сусв. вайны амаль уся прам-сць Гродна была разбурана. У 1945 працавала 7 прадпрыемстваў. За пасляваенныя гады ў Гродна створаны новыя галіны прам-сці — тэкст., харч.; хутка нарошчвалася вытв-сць лёгкай, шкляной, будматэрыялаў прам-сці.

Сучаснае Гродна — адзін з вядучых прамысл. цэнтраў Беларусі. У 1996 у горадзе 109 прадпрыемстваў, з іх 31 дзяржаўнае. Найб. развіты лёгкая (Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне, ф-кі швейных спарт. вырабаў «Дынама», пальчаткавых вырабаў, дзіцячых цацак і галантарэі), хім. (Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), харч. (кансервавы з-д і інш.), маш.-буд. і металаапр. (гродзенскі завод «Радыёпрылада», з-д тэхнал. аснасткі, гродзенскі завод «Белтапаз», Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Гродзенскі завод карданных валоў) прам-сць, прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапр., гарбарнай, буд. матэрыялаў (з-ды зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, домабудаўнічы, вапны і сілікатных вырабаў, Гродзенскі камбінат будматэрыялаў) прам-сці.

Асвета і культура. Паводле археал. даследаванняў, пісьменнасць у Гродзенскім княстве існавала ў 12 ст. Школы былі пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, дзе па царк. кнігах вучыліся дзеці маёмных бацькоў. У 13 ст. пісьменнасць пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. школы ствараліся і ў буйных маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. З 1591 у Гродна існавалі брацкія школы, з 1625 — Гродзенскі езуіцкі калегіум. У 1774—76 дзейнічаў Гродзенскі кадэцкі корпус. У 1770—80-я г. адчынены школы: мед. (гл. Гродзенская медыцынская акадэмія), вет., чарчэння і малявання, бухгалтэрыі і рахункаводства, каморніцкая, будаўнічая. У 1773 на базе езуіцкага калегіума засн. ваяводская школа, з 1783 акруговае вучылішча, пераўтворана ў 1797 у дамініканскае (з 1825 гімназія). У 1834 яна рэарганізавана ў губернскую свецкую гімназію. У 1860 адчынена жаночая Марыінская гімназія (гл. Гродзенскія гімназіі). У 2-й пал. 19 ст. створаны Аляксандраўскае рамеснае 3-класнае, 2 мужч. і 2 жан. павятовыя прыходскія, 2 евангелічна-лютэранскія прыходскія вучылішчы, у 1852 — прыватнае яўр. вучылішча (у 1906 рэарганізавана ў 4-класную прагімназію). У 1907 створана Гродзенскае рэальнае вучылішча. У 1907—14 існавала Гродзенскае педагагічнае таварыства, у 1912—20 у Гродна працавала Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада, у 1920—21 — Беларуская школьная рада. У 1920—39 у Гродна 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. У 1930-я г. польскія ўлады закрылі ў Гродна ўсе бел. школы; пасля аб’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) яны зноў пачалі працаваць. У 1940 засн. Гродзенскі настаўніцкі інстытут, рэарганізаваны ў 1944 у пед. ін-т, на базе якога ў 1978 створаны Гродзенскі універсітэт. У гады Вял. Айч. вайны большасць школ і культ.-асв. устаноў разбурана. 1.7.1945 у Гродна 9 агульнаадук. школ, пед. ін-т, чыг. і фізкультурнае вучылішчы, 2 мед. школы, 3 дзіцячыя дамы, 6 дзіцячых ясляў. У 1951 засн. Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1956 — Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, у 1958 — Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1996/97 навуч. г. ў Гродна 92 дашкольныя ўстановы (каля 20 тыс. дзяцей), у т. л. цэнтр развіцця дзіцяці, 79 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), санаторны сад (для дзяцей з захворваннямі лёгкіх), сад для дзяцей з парушэннямі зроку, сад для дзяцей з парушэннямі слыху. 39 агульнаадук. школ (каля 48 тыс. вучняў), у т. л. 1 ліцэй, 3 школы з ліцэйскімі класамі, школа-гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дапаможная школа (для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця) і інш. Акрамя таго ў Гродна ёсць школа з польскай мовай навучання, санаторная школа «Нёман», 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па 6 дзяцей у кожным), 10 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (9 з іх школы алімпійскага рэзерву), 2 школьныя вучэбна-вытв. камбінаты, 5 цэнтраў, у т. л. 2 дзіцяча-падлеткавыя, тэхн. творчасці моладзі, сац.-псіхал. дапамогі моладзі, падлеткам і дзецям-інвалідам, цэнтр прафарыентацыі моладзі, абл. Палац дзіцяча-юнацкай творчасці, 18 клубаў для работы з дзецьмі. У 10 праф.-тэхн. вучылішчах займалася больш за 6 тыс. навучэнцаў. Дзейнічаюць 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 5 тыс. студэнтаў), у т. л. Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, Гродзенскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум», палітэхнікум, тэхн. каледж, вучылішчы: пед., мед., мастацтваў, муз., алімпійскага рэзерву. У Гродна 3 дзярж. ВНУун-т, мед., с.-г. ін-ты, Гродзенскі філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У Гродна 14 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, 2 мяшанага тыпу, польскай л-ры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Архітэктура. У 12 ст. на беразе Нёмана пабудаваны Гродзенскі княжацкі церам, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у цэнтры замка (гл. Гродзенскі Стары замак) узведзена Гродзенская Ніжняя царква, на яе руінах ў 14 ст.Гродзенская Верхняя царква. У 12 ст. пабудаваны таксама Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, у канцы 12 ст. — Васкрасенская і т.зв. Малая цэрквы. У выніку ў 12 ст. тут склалася самабытная Гродзенская школа дойлідства. У 15 ст. цэнтр горада змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу, дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 на ёй пабудавана драўляная ратуша, закладзены Гродзенскі фарны касцёл. Своеасаблівае аблічча горада ў 17—18 ст. утваралі касцёлы і праваслаўныя храмы, пабудаваныя пераважна ў стылі барока (гл. Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Гродзенскі кляштар францысканцаў, Гродзенскі манастыр базыльянак, Гродзенскі кляштар дамініканцаў). У 2-й пал. 18 ст. будаваліся палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі (Гродзенскі Новы замак, сядзібы ў прадмесці Аўгустава, «Панямонь», Станіславоўская сядзіба). З заснаваннем у Гродна і яго ваколіцах гродзенскім старостам А.Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада, у яго паўн.-ўсх. частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца. У 2-й пал. 18 — 19 ст. ствараліся жылыя і адм. будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), Гродзенскі дом Агінскага, ратуша з гандл. радамі (1807, усе не захаваліся), Гродзенскі дом віцэ-губернатара, будынак мужчынскай гімназіі (1735) і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены будынкі розных арх. стыляў: эклектыкі — жылы дом купца Мураўёва (1914; цяпер б-ка імя Карскага), Гродзенскага акруговага суда будынак; у стылі мадэрн — Гродзенскага пазямельна-сялянскага банка будынак, жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай; у псеўдарус. стылі — Гродзенская Пакроўская царква. Існавалі таксама збудаванні прамысл. архітэктуры — вежа пажарнага дэпо, Гродзенскія воданапорныя вежы і будынак піваварнага з-да (1877). Сучасны горад развіваецца ў паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. напрамках, вядзецца масавае буд-ва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі, Усходні). Сярод сучасных адм. і грамадскіх будынкаў: Дом тэхнікі (арх. В.Бажко, У.Праабражэнскі), гасцініцы «Беларусь» (арх. Л.Вільчко, «Гродна» і «Турыст» (арх. У.Лытаў, І.Абухаў), Гродзенскі абласны драматычны тэатр, гал. корпус медінстытута (арх. Вільчко, У.Давыдзёнак), Ін-т біяхіміі АН Беларусі (І.Мазнічка), аэравакзал (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч і інш.).

У Гродна брацкія магілы: сав. воінаў і партызан; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму; чырвонаармейцаў; сав. ваеннапалонных; магілы польскіх воінаў. Помнікі: Э.Ажэшка, Вітаўту Вялікаму, Я.Купалу, В.Д.Сакалоўскаму, А.Тызенгаўзу, В.Урублеўскаму, у гонар 850-годдзя горада і інш.

Літаратурнае жыццё. У 15—16 ст. у Гродна ствараліся рукапісныя кнігі («Трыёдзь», 1466; Евангеллі), пашыраліся афарызмы і казанні К.Бекеша, які тут жыў. У 16—17 ст. развівалася дзелавое пісьменства на бел. мове — від тагачаснай публіцыстычнай л-ры, распаўсюджваліся ў рукапісах бел. літ. песні, польскамоўная барочная паэзія. З 2-й пал. 17 ст. ствараліся школьныя драмы (У.Нарэвіч, К.Гаршвіла, В.Нармунт, М.Сіповіч, С.Макоўскі, Ф.Ідвель), інтэрмедыі (Я.Пылінскі; гл. Школьны тэатр); у калегіумах працавалі філосафы-публіцысты і перакладчыкі А.Кярсніцкі, І.Сцірпейка, Ф.Андрушкевіч, І.Ляхніцкі, Я.Зноска, Ю.Мышкоўскі, М.Дамашэвіч, Б.Мажэйка і інш. У 18 ст. з Гродна звязана творчасць польскіх паэтаў С.Трамбецкага і Я.Ясінскага, байкапісца С.Кубліцкага. У Гродзенскай друкарні выдаваліся кнігі паэта Ф.Карпінскага, польскія пераклады Вальтэра, Мальера. У Гродна нарадзіліся славісты Я.Замыслоўскі і І.Казлоўскі, публіцыст А.Жышкевіч, паэт Л.Найдус, вучыўся паэт І.Легатовіч, працаваў публіцыст і літ.-знавец Я.Фалькоўскі, жылі паэт-рамантык Т.Зан, пісьменніца і перакладчыца В.Касцялкоўская-Зындрам, бывалі паэты Ю.Нямцэвіч, В.Каратынскі (1862). У 1861 К.Каліноўскі і В.Урублеўскі стварылі тут рэв.-дэмакр. арг-цыю, у якую ўваходзіў паэт Ф.Ражанскі. У 1869—1910 у Гродна жыла Э.Ажэшка, стварыла тут свае найб. значныя творы. Да яе прыязджалі М.Канапніцая, У.Рэймант, Я.Карловіч, часта бываў Ф.Багушэвіч. Этнограф і фалькларыст Е.Раманаў, які працаваў у Гродна ў 1890-я г., апублікаваў у «Гродненских губернских ведомостях» (1894, №71) адну з першых рэцэнзій на зб. Багушэвіча «Дудка беларуская». У 1867—73 тут працаваў М.А.Дзмітрыеў. У Гродна ў 1892—96 праходзіла дзяцінства М.Багдановіча. Яго бацька А.Я.Багдановіч друкаваўся ў гродзенскай прэсе, маці дэбютавала як празаік. У 1896 у Гродна выдадзена паэма «Тарас на Парнасе». У канцы 19 — пач. 20 ст. выйшлі літ.-знаўчыя работы мясц. аўтараў А.Турчыновіча і І.Астравумава, кнігі гісторыка і краязнаўца Я.Арлоўскага. Працавалі т-вы літ.-муз. (1883—1904), пед. (1907—14, мела гісторыка-філал. секцыю) і аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14). У Гродна нарадзіліся бел. і лат. пісьменнік і перакладчык У.Пігулеўскі, польскі філолаг М.Аляхновіч; у гар. гімназіях вучыліся пісьменніца З.Верас, філолаг К.Пушкарэвіч, публіцыст А.Бергман (нарадзілася ў Гродна). У 1918—20 тут у гімназіі выкладаў С.Рак-Міхайлоўскі. У 1909—14 працаваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які выдаў літ. альманах «Колас беларускай нівы» (1913). У 1919—21 пад кіраўніцтвам П.Мядзёлкі драм. гурток Грамады бел. моладзі перакладаў для сваіх пастановак п’есы рус. аўтараў, прапагандаваў бел. паэзію. У 1920—30-я г. дзейнічала польскае т-ва сяброў л-ры і мастацтва імя Э.Ажэшкі. З Гродна звязана творчая дзейнасць Л.Родзевіча, польскай пісьменніцы З.Налкоўскай, у 1930-я г. — Б.Тарашкевіча, П.Пестрака, І.Дварчаніна, В.Таўлая, у 1930—33 тут жыў бел. паэт С.Крывец. У пасляваен. час у горадзе жылі пісьменнікі М.Васілёк, А.Міронаў, А.Астрэйка, З.Бандарына (нарадзілася ў Гродна), М.Дуброўскі, В.Тарас, А.Цяжкі, А.Макаёнак (напісаў тут свае першыя гумарэскі і п’есы). У Гродзенскім пед. ін-це вучыліся пісьменнікі А.Карпюк, М.Грынчык, У.Дадзіёмаў, П.Макаль, Ф.Янкоўскі, Г.Юрчанка, Д.Бічэль-Загнетава, філолагі П.Сцяцко і І.Лепешаў. З Гродна звязана творчае станаўленне пісьменнікаў П.Місько, В.Блакіта, В.Іпатавай. У 1947—49 і 1955—78 у Гродна жыў і працаваў В.Быкаў. Тут адбыўся яго літ. дэбют (1949), напісаны многія аповесці пра Вял. Айч. вайну, якія прынеслі аўтару сусв. вядомасць. У 1960-я г. ў горадзе штогод праходзіў абл. літ. семінар. У 1960—70-я г. Гродна наведалі дэлегацыі рус., літ., узб., арм. і тадж. пісьменнікаў, у 1980-я г.рус., літ., эст., у 1988 — польскіх. З 1946 дзейнічае аддзяленне (з 1964 абласное) Саюза бел. пісьменнікаў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У канцы 18 ст. дзейнічала Гродзенская друкарня (каралеўская), якая акрамя разнастайнай кніжнай, інфармацыйна-юрыд. і рэкламнай прадукцыі друкавала перыядычныя выданні: «Gazeta Grodzieńska» («Газэта Гродзеньска», 1776—83, першая на тэр. сучаснай Беларусі), «Wiadomości Grodzieńskie» («Вядомосьці Гродзеньске», «Гродзенскія ведамасці», 1792), «Kurier Litewski» («Кур’ер Літэвскі», «Літоўскі веснік», 1796—97), штогоднік «Kalendarz Gospodarski...» («Гаспадарчы каляндар...», 1776—1800). У пач. 19 ст. ў Гродна з’явіліся прыватныя друкарні (у сярэдзіне 1860-х г. іх было 5, у 1915—10). У 1820—1915 дзейнічала Гродзенская губернская друкарня, якая акрамя матэрыялаў урадавых і губ. органаў друкавала час. «Ondyna druskienickich źródeł» («Андына», 1844—46), даведнікі-штогоднікі «Памятная кніжка Гродзенскай губерні» (1857—1915) і «Агляд Гродзенскай губерні» (1880—1914); газеты «Гродненские губернские ведомости» (1838—1915), «Торговый вестник Западного края» (1822) і інш. У 1905—06 група рэвалюцыйна настроеных навучэнцаў выдавала час. «Школа», Гродзенская ваен.-рэв. арг-цыя РСДРПгаз. «Солдатская воля» (1906). Выдаваліся газеты ліберальна-дэмакр. кірунку «Гродненские отголоски» (1905) і «Голос Гродны» (1906), «Гродненская копейка» (1912), «Гродненское эхо» (1914). У пач. 1910-х г. выдаваліся газ. «Наше утро» (1912—15), «Северо-Западная жизнь» (1912—13), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—14; з 1992), «Педагогическое дело» (1911—14), альманах «Колас беларускай нівы» (1913). З вер. 1915 да 1919, калі горад быў акупіраваны герм. войскамі, выходзілі польскія і ням. газеты «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), «Grodnoer Zeitung» («Гродзенская газета»), «Zeitung des Grodnoer Soldatenrates» («Газета Гродзенскага салдацкага Савета»). У 1919 у час акупацыі горада польскімі войскамі выходзілі газеты рознай паліт. арыентацыі: «Набат», «Зорка», «Беларусь», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Родны край», «Dziennik Grodzieński» («Гродзенскі дзённік», замест закрытай уладамі газ. «Echo», «Рэха»); гандлёвы час. «Голас Гродны». У 1920-я г. выдаваліся штодзённыя газ. «Беларускае слова» (1920—21), «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха», 1920), «Беларускі шлях» (1922), «Сялянская гутарка» (1923), газеты-аднадзёнкі «Выстрал» і «Гудок» (1924). У 1927 бел. т-ва «Аб’яднанне» выдавала штодзённую газ. «Беларуская доля». У 1930—32 выходзіў штотыднёвы грамадска-літ. і с.-г. час. «Беларуская думка». Найб. радыкальнай у 1920—30-я г. была штотыднёвая газ. «Postęp» («Прагрэс»), якая вяла барацьбу за сац. справядлівасць і дэмакратыю. Большасць газет гэтага часу — афіц. выданні, якія былі рупарам урадавых колаў: «Dziennik kresowy» («Газета ўскраіны»), «Przegląd Kresowy» («Ускраінны агляд»), «Nowe źycie» («Новае жыццё») і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна ў 1939—41 выходзіла грамадска-паліт. газ. «Свабодная Беларусь» (на бел. і рус. мовах). У 1944 падпольна друкавалася антыфаш. выданне «За Советскую Родину».

Выдаюцца газеты «Гродзенская праўда» (з 1939, абласная, мяняла назвы), «Сельская навіна» (з 1939, раённая, мяняла назвы), «Glos znad Niemna» («Глос з-над Немна», «Голас з-над Нёмана», з 1989), «Молодёжный курьер» (з 1991) і інш., з 1994 выходзіць час. «Свіцязь». Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў (з 1958). Радыёвяшчанне з 1944. Абл. студыя тэлебачання з 1968.

Мастацкае жыццё. Гродна здаўна было цэнтрам ювелірнага, ткацкага, ганчарнага і інш. рамёстваў. Гродзенскія майстры на высокім узроўні выконвалі дэкар. аздабленне сваіх вырабаў ужо ў канцы 11—12 ст. З 14 ст. выраблялі гродзенскую кафлю; у 16—17 ст. Гродна — буйны цэнтр кавальства і маст. ліцця, у 18 ст. — вытв-сці маст. вырабаў. На гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах атрымалі развіццё маст. промыслы: Гродзенскае шкло, Гродзенскае ткацтва, Гродзенскія дываны, Гродзенскія паясы. Замалёўкі Гродна 16 ст. пакінулі мастакі Г.Адэльгаўзер, М.Цюнт. У 17 ст. тут працавалі жывапісцы Ф.Лякштыцкі, Г.Хаецкі. Мясц. майстры зрабілі разны шматфігурны алтар у касцёле Гродзенскага кляштара езуітаў, аздобілі яго інтэр’ер скульптурай, фрэскамі, арх. пластыкай. Маст.-дэкар. аздабленне інтэр’ераў касцёла Гродзенскага кляштара бернардзінцаў належыць мастакам А.Грушэцкаму і Ф.Міхалкевічу. Пры ўдзеле мясц. мастакоў і рамеснікаў аздоблены інтэр’ер касцёла Гродзенскага кляштара францысканцаў, залы Гродзенскага Новага замка. У тэхніцы сграфіта выкананы дэкар. фрыз касцёла Гродзенскага кляштара брыгітак. У канцы 19 ст. мастак В.Гразноў зрабіў замалёўкі фрэсак, якімі быў упрыгожаны алтар Гродзенскай Барысаглебскай царквы. У 1946 у Гродна створаны маст. майстэрні (з 1971 абл. арг-цыя Бел. саюза мастакоў). З 1967 дзейнічае Выставачная зала, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы па прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтваў. У Гродна адбыліся персанальныя выстаўкі бел. мастакоў В.Галубкінай, А.Гаршкавоза, У.Голуба, А.Захарава, А.Коха, А.Кузняцова, Г.Мазурава, У.Мурахвера, Л.Мягковай, Л.Налівайкі, М.Плужніка, І.Пушкова, К.Пятрова, В.Савіцкага, А.Салятыцкага, У.Сушкевіча, У.Церабуна, В.Шчарбакова і інш. Сярод тэматычных выставак: «Зямля і людзі», да 850-годдзя Гродна (1978), «Малююць дзеці», мастакоў шклозавода «Нёман», «Песня пра зубра» (усе 1983), «Нёманскі край» (1990), «Творчасць маладых» (1993), «Акварэлі мастакоў Ліды» (1996) і інш.

Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё звязаны з дзейнасцю Гродзенскага школьнага тэатра (16 ст.). У 1780-я г. ў Гродна пабудавана памяшканне т-ра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ім выступалі пастаянныя і вандроўныя польскія трупы. У рэпертуары былі камічныя оперы, камедыі, творы замежных («Паштальён з Ланжумо» А.Адана, «Фра-Д’ябала» Ф.Абера, «Папялушка» Н.Ізуара, «Тарцюф» Мальера, «Гамлет» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» і «Разбойнікі» Ф.Шылера, «Эмілія Галоці» Г.Э.Лесінга) і польскіх («Апошняя варшаўская латарэя» С.Манюшкі, «Вяртанне пасла» Ю.Нямцэвіча, «Генрых VI на паляванні» і «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага, «Помста» і «Муж і жонка» А.Фрэдры) аўтараў. Працаваў Гродзенскі тэатр Дэшнер. З пач. 19 ст. пашыраны аматарскі т-р. У 1883 арганізавана Літ.-муз. т-ва (узначальваў К.Дабравольскі), якое наладжвала канцэрты і драм. спектаклі, літ. чытанні і муз. вечары. З 2-й пал. 19 ст. вядучае месца ў тэатр. жыцці горада належала рус. тэатр. калектывам; працавалі антрэпрызы П.Паўлава, В.Дарашэнкі, А.Даніловіча, Л.Нікольскага, М.Агарова; т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Шчарбакова (у складзе трупы П.Арленеў), Н.Арбеніна (у складзе трупы В.Стрэльская, К.Варламаў, М.Ходатаў), П.Ленскага, Г.Фядотавай, М.Савінай і інш. У рэпертуары т-раў пераважалі вадэвілі, камедыі, меладрамы, п’есы А.Астроўскага, А.К.Талстога, Л.Талстога, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава. У 1907—14 дзейнічала Гродзенскае т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза». 19.2.1910 адбыўся першы спектакль на бел. мове «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Бел. вечарыны (са спектаклямі, маст. чытаннем, спевамі) наладжвалі ў Гродна і навакольных вёсках і мястэчках удзельнікі гэтага гуртка ў 1910—13, а ў 1919—21 — Гродзенскага драм. гуртка Грамады бел. моладзі. Тэатр. жыццё горада з 1860-х г. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1926—29 у Гродна (і Вільні) працаваў польскі т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1920—30-я г. дзейнічаў мясц. польскі т-р, у 1934—38 — польскі т-р імя Э.Ажэшкі. У 1940—41 у Гродна працавалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А.Венгеркі і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР пад кіраўніцтвам У.Ярэмы. У 1945—47 у Гродна знаходзіўся рус. драм. т-р БССР (гл. Дзяржаўны акадэмічны драматычны рускі тэатр Беларусі). З 1947 цэнтрам тэатр. жыцця стаў Гродзенскі абласны драматычны рускі тэатр. У 1980 створаны Гродзенскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць самадз. калектывы. У горадзе гастраліруюць т-ры з Беларусі і інш. краін. Праходзілі фестывалі: 3-і рэсп. т-раў лялек (1968), аматараў т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1988), 2-і Бел. тэатральны (1989).

Музычнае жыццё. Найб. раннія звесткі пра муз. культуру Гродна адносяць да 12 ст., часу, якім датуюцца археал. знаходкі на тэр. горада: калок ад струннага муз. інструмента і фрагмент звона, а таксама ўпамінанне пра «трубы гарадзенскія» ў «Слове пра паход Ігараў». У 1543 у Гродна засн. адзін са старэйшых арк. калектываў на тэр. Беларусі, т.зв. «Літоўская капэла». З канца 16 ст. цэнтрам муз. культуры стала правасл. брацтва. Музыка займала значнае месца ў спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (1650—1754). Зберагліся праграмы спектакляў, з якіх відаць, што пастаноўкі 1720-х г. уключалі інстр., вак. (сольныя і харавыя) і танц. нумары. У 1730 існавала «касцельная музыка», якая абслугоўвала богаслужэнні і свецкія мерапрыемствы. У 1730—90-я г. значнае месца ў муз. жыцці горада займалі інстр. і вак.-інстр. капэлы, у т. л. Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Гродзенская капэла Тызенгаўза і інш. Асабліва вылучаліся выглядам і рэзкім гучаннем янычарскія капэлы, у т. л. капэла янычарскай харугвы ВКЛ (1768) і інш. У 18 ст. разам з аркестравым развівалася і сольнае выканальніцтва. Тут працаваў арганіст, арганны і фартэпіянны майстар Ю.Рудзінскі, выступалі спявачкі і піяністкі-аматаркі У.Тарноўская, Грабоўская і інш. Вял. аматарам музыкі быў А.Тызенгаўз (напісаў месу і, магчыма, кантату, меў вял. калекцыю струнных муз. інструментаў). У 1795 у Гродна выступаў рагавы аркестр, да гэтага часу належаць і найб. раннія звесткі пра існаванне на Беларусі балалайкі і гармоніка. У 19 ст. цэнтрамі муз. жыцця былі муз. навуч. ўстановы — пансіён Фінжана і ўзорны пансіён; у 1840-я г. аркестрам гімназіі кіраваў І.Дабравольскі. Тут пачынала кар’еру Т.Юзафовіч-Бароўская, працаваў І.Глінскі. У 1883 у Гродна створана літ.-муз. т-ва, гастраліравалі рус. і інш. буйныя музыканты (В.Давыдава, Есіпава, С.Рахманінаў і інш.). Значнае ажыўленне ў муз. жыцці выклікалі пастаноўкі муз.-сцэн. твораў С.Манюшкі: у 1841 пастаўлены вадэвіль «Апошняя варшаўская латарэя» Ф.Корвін-Мілеўскага на муз. Манюшкі, у 1856, 1861 і ў 1870-я г. ішла яго опера «Галька». У 1905 у Гродна існавалі 3 «хары духавой музыкі» (аркестры пажарнікаў і 2 ваенныя). У 1907—14 працавала аматарскае т-ва муз. і драм. мастацтва «Муза». Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна пабывала брыгада бел. кампазітараў у складзе М.Аладава, С.Палонскага, П.Падкавырава, Дз.Лукаса. Яна праводзіла тут сходы, рэгістрацыю муз. работнікаў, садзейнічала стварэнню. муз. школы, канцэртнага і духавога аркестраў, арганізацыі муз. аддзела. У 1939 у Гродна засн. пед. вучылішча з дысцыплінай муз. выхаванне (з 1956 муз.-пед., у 1966 створана муз. аддзяленне, у 1969 на яго аснове адкрыта муз. вучылішча). Кафедра музыкі і спеваў існавала ў пед. ін-це (да 1978). З 1944 тут працаваў бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы, рэарганізаваны ў 1950 у Дзярж. хор БССР (з 1952 у Мінску; гл. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь). Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці з 1975 займалася гастрольна-канцэртнае аддзяленне Бел. філармоніі, у 1987 створана Гродзенская абласная філармонія, у 1992 — «Гродзенская капэла». У 1997 у Гродна працуюць: муз. і муз.-пед. вучылішчы, 2 муз. школы. Развіта муз. самадзейнасць; больш як 20 муз. і харэагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных.

Літ.:

Кудряшев В.И. Гродно. М., 1960;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобл. Мн., 1986;

Гродно: Энцикл. справ. Мн., 1989;

Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., 1996.

А.П.Госцеў (гісторыя), В.В.Швед (гаспадарка), М.І.Ліс (асвета і культура), А.М.Пяткевіч (літ. жыццё), Т.А.Меляшкевіч (друк), Л.Дз.Налівайка (маст. жыццё), Дз.У.Стэльмах (тэатр. жыццё).

т. 5, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎ,

горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс. ж. (1998).

Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст. М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял. кн. ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн. Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс. ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв. арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т.л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач. Вял. Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс. чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.

Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т.л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т.л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл. Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл. Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл. Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл. Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл. Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл. Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач. Вял. Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.

Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал. нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл. Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т.л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т.л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн. Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед. ін-т; гл. Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн. пед. тэхнікум (гл. Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв. вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял. Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн. Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл. Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч. г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т.л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т.л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т.л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т.л. недзярж. фінансава-эканам. ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т.л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац. маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.

Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст. н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст. тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр. ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн. ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл. драм. т-ра сфарміравалася Тэатральная пл. Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.

У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.Трахтэнберг, М.Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.Брэгман і А.Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.Вараксін) і інш. Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах. ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.Глінка, М.Трыгубовіч, М.Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд. ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр. ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.Борахаў, Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.Кучарэнка, Ю.Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.Аляксеевы), у інш. ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.Астаповіч, Г.Бенядзіктаў, А.Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.Смальгоўскі, В.Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.Аляксеева), машынабуд. (В.Шаўчэнка, Кучарэнка, А.Юрын) і тэхналагічнага (Ю.Павалій, У.Начараў, С.Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.Бранцаў, С.Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.Свінарэнка), друку (арх. А.Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.Горб, М.Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.

У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.Гумілеўскі, арх. К.Аляксееў, А.Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.С.Пушкіну, М.Горкаму, Герою Сав. Саюза І.С.Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.В.Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.І.Гусакоўскага, мастакоў В.Бялыніцкага-Бірулі, П.Масленікава і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел, грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл. Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час. «Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа вьщавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед. час. «Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв. к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).

У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ. газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач. Вял. Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп. газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп. арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).

Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў.

Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».

Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.Дзяржавін. У М. спыняўся А.Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.Гогаль (1828) і Т.Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш. бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т.л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.І.Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.Кісель). У 1900 выйшаў зб. бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.Багушэвіча, В.І.Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 y М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; y М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.Багдановіча «Летапісец», нарысу М.Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.Купала, Я.Колас, А.Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.Колас, у лютым 1930 — Я.Калас, З.Бядуля, П.Броўка, М.Нікановіч, І.Цвікевіч. У студз. 1933 Я.Купала, Ц.Гартны, П.Галавач, М.Лужанін, А.Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.Купала, Я.Колас, М.Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.Бурносаў, Э.Валасевіч, П.Пруднікаў (рабочымі), І.Баранкевіч, Ю.Лявонны, Г.Шчарбатаў (у газетах «Соха и малот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.Гаўрук, Дз.Палітыка, Ю.Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.Агіевіч, М.Барсток, А.Бялевіч, Я.Васілёнак, М.Гарулёў, А.Дзеружынскі, Я.Курто, М.Ларчанка, Ю.Лявонны, В.Матэвушаў, І.Новікаў, Палітыка, П.Прыходзька, С.Фамін, Я.Шарахоўскі, П.Шасцерыкоў, М.Шумаў, У.Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач. Вял. Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.Суркоў і К.Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.Чыгрынаў, В.Зуёнак, П.Макаль, А.Пісьмянкоў, А.Мельнікаў, М.Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.Вазнясенскі, Р.Казакова, Р.Раждзественскі, Я.Хелемскі, І.Шклярэўскі, В.Быкаў, Р.Барадулін, А.Жук, Л.Прокша, І.Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчьшы, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.Пысін, Аношкін, А.Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 y М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.Аляксееў, Ю.Кузняцоў, Г.Пашкоў, П.Праскурын, В.Сарокін, К.Скварцоў. У М. нарадзіліся П.Кабзарэўскі, Р.Бярозкін, Валасевіч, І.Клаз, М.Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.Бугаёў, Г.Бубнаў, Луфераў, В.Ракаў, М.Янчанка, Шклярэўскі, М.Казакоў, Аношкін, С.Марчанка, В.Хаўратовіч, А.Палітыка, А.Салтук, Р.Яўсееў, Кандрусевіч, У.Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.Гаўрусёў, Л.Левановіч, С.Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.Макаёнак, І.Сіўцоў, М.Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.Дуктаў, Я.Клімуць, М.Лук’янаў, І.Пехцераў, В.Рагаўцоў і інш.

Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл. Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел. нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.Пархоменка, І.Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж. гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.Цеханоўскі, Р.Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш. Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.Гараўскага, бел. сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.Туроўскай, Г.Конавай, У.Кузьміча (усе 1984), В.Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.К.Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.В.Неўрава (1998), П.В.Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв. т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.Ш.Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа, М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав. т-р (1919), рус. драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.Р.Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст. муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ. Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.А.Моцарта і Л.Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.Ягеман (Ягноў), І.Крушэўскі, піяністка Л.Чачкова. Працавалі муз.-драм. т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёускі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.Туа), у пач. 20 ст. — Л.Аўэр, С.Барцэвіч, А.Вержбіловіч, І.Гофман, К.Грыгаровіч, Н.Фігнер, М.Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.Рубінштэйна, «Фауст» Ш.Гуно, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Травіята» Дж.Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.Пеўзнерам (1906) і У.Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.Пеўзнер), лекцыі (Ю.Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..

Літ.:

Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;

Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;

Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл. Мн., 1986;

Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;

Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;

Марзалюк І.А. Магілёў ў XII—XVIII стст. Мн., 1998;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Магілёва. Мн., 1998.

І.А.Марзалюк, А.В.Марзалюк (гісторыя), І.М.Шаруха (гаспадарка), М.І.Ліс, В.Л.Цыбоўскі (асвета і культура), Т.І.Чарняўская, І.І.Фралоў (архітэктура), Л.В.Календа (друк, радыё, тэлебачанне), М.Р.Міхайлаў (літаратурнае жыццё), А.Л.Капілаў, В.П.Пракапцова (музычнае жыццё).

Магілёў. З гравюры 18 ст.
Магілёў. Вуліца Першамайская.
Магілёў. Агульны выгляд горада. Фота пач 20 ст.
Праспект Міру ў Магілёве.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)