КНО́РЫН (Кнорыньш) Вільгельм Георгіевіч

(29.8.1890, хутар Цыелі Цэсіскага р-на, Латвія — 29.7.1938),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, гісторык, публіцыст, літ. крытык. Д-р гіст. н., праф. (1935). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Валміера (1910, Латвія)., З 1910 чл. С.-д. партыі Латвіі, пазней — РКП(б). У 1-ю сусв. вайну вёў бальшавіцкую агітацыю ў дзеючай арміі, удзельнічаў у стварэнні сав. органаў улады на Зах. фронце, аднаўленні арг-цый РСДРП(б) Паўн.-Зах. рэгіёна. З мая 1917 сакратар Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, чл. яго бальшавіцкай фракцыі, чл. Мінскага к-та РСДРП, адзін з рэдактараў газ. «Звязда». Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. ВРК Зах. вобл. і фронту, камісар друкарняў у Мінску. Пасля акупацыі Беларусі герм. войскамі (люты 1918) сакратар Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б), старшыня Смаленскага губ. к-та РКП(б). З снеж. 1918 сакратар Цэнтр. бюро новастворанай КП(б)Б, з 1919 кіраўнік спраў Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі. З сак. 1919 сакратар ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, чл. Савета абароны Літ.-Бел. ССР. 31.7.1920 ад імя КП(б)ЛіБ падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь. Сакратар Цэнтр. бюро КП(б)Б у 1920—22, 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б у 1927—28. У 1922—27 і з 1935 у апараце ЦК ВКП(б), у 1928—35 у выканкоме Камінтэрна. З 1932 дырэктар Ін-та чырв. прафесуры, чл. рэдкалегіі газ. «Правда» (да 1934), у 1934—37 гал. рэдактар час. «Коммунистический интернационал» і «Большевик». Чл. ЦК ВКП(б) з 1927. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1925—27. Чл. Цэнтр. бюро КП(б)Б у 1919—23, чл. ЦК КП(б)Б у 1927—29. Чл. ЦВК БССР у 1919—22 і яго Прэзідыума ў 1920—22, чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР у 1919. 28.7.1938 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1955.

Тв.:

Избр. статьи и речи. Мн., 1990.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)