КАЛО́НА (франц. colonne ад лац. columna),

архітэктурна апрацаваная верт. апора, звычайна круглая ў папярочным сячэнні; стрыжнёвы элемент будынка (збудавання), нясучай канструкцыі і інш. Служыць пераважна для ўспрымання верт. нагрузкі. Бывае каменная, мураваная (з цэглы, каменю, бетону), жалезабетонная, металічная, драўляная.

Вядома са старажытнасці як элемент стоечна-бэлечнай канструкцыі. У архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма распрацаваны своеасаблівыя маст. формы К., якія ўвайшлі ў сістэму арх. ордэраў. У класічнай архітэктуры гал. элемент К. — ствол, звычайна патанчаўся ўверсе, меў энтазіс (патаўшчэнне ў сярэдняй ч.), апрацоўваўся канелюрамі, завяршаўся капітэллю. Маст. выразнасць К. вызначаецца яе прапорцыямі, чляненнямі, пластычнай апрацоўкай, адносінамі вышыні і дыяметра К. да інтэркалумнія (пралёт паміж 2 калонамі) і да абсалютных памераў збудавання. К. выкарыстоўвалі ў кампазіцыі фасадаў і інтэр’ераў як элемент порціка, партала, галерэі, каланады, а таксама для арх. апрацоўкі сцен (трохчвэртныя К., паўкалоны, прыстаўныя К.). У выглядзе свабодна стаячай К., звычайна завершанай скульптурай, рабілі мемар. збудаванні (калона Траяна ў Рыме, Александрыйская К. ў Санкт-Пецярбургу).

На Беларусі К. пашыраны ў архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму (палацы ў Паставах, Гомелі, касцёлы ў Мядзелі, Валожыне). У 18 ст. іх ставілі як помнікі (вёскі Дзярэчын Зэльвенскага, Лявонпаль Міёрскага р-наў). З 1950-х г. К. выкарыстоўваюць як найб. выразныя элементы фасада (будынкі драмтэатра ў Віцебску, БПА, цырка ў Мінску). У сучаснай архітэктуры К. — адзін з асн. элементаў каркаса. Маст. вырашэнне звычайна сціплае, вызначаецца прапорцыямі, колерам, фактурай.

С.​А.​Сергачоў, Ю.​А.​Якімовіч.

Калоны: 1, 2 — папірусападобныя (Старажытны Егіпет); 3 — калоны з Кноса (крыта-мікенская культура); 4 — калона з Персепаля (Старажытная Персія); 5 — дарычная; 6 — іанічная; 7 — карынфская; 8, 9 — раманскія; 10 — гатычная; 11, 12 — эпохі Адраджэння; 13 — спіралепадобныя ў стылі барока.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРА́ФІЯ (ад карта + ...графія),

навука аб картаграфічных творах (картах, глобусах, фотапланах, макетах і інш.), метадах іх складання, друкавання і выкарыстання. Адлюстроўвае і даследуе прасторавыя размяшчэнні, спалучэнні і сувязі з’яў прыроды і грамадства пры дапамозе картаграфічных відарысаў. Падзяляецца на раздзелы: картазнаўства, картаметрыя, матэм. К., праектаванне, складанне, рэдагаванне, афармленне, выданне, выкарыстанне карт і інш. Асаблівасці складання спец. карт абумовілі вылучэнне адпаведных іх раздзелаў (геал. К., глебавая К., эканам. К., ваен. К. і інш.). Развіваецца касм. К. Цесна звязана з геадэзіяй, тапаграфіяй, геаграфіяй і інш.

Навук. асновы К. закладзены ў стараж. Грэцыі. Першыя картаграфічныя звесткі пра тэр. Беларусі з’явіліся ў 2 ст. (карта Пталамея). У перыяд сярэдневякоўя К. дасягнула найб. развіцця ў працах Г.Меркатара, з якіх найб. вядомы атлас 1595. Першыя дакладныя харты ВКЛ, награвіраваныя Т.​Макоўскім, надрукаваны ў 1603 і 1613. У Расіі станаўленне навук. К. адносіцца да 18 ст., звязана з дзейнасцю Геагр. дэпартамента АН, дзе ў 1745 падрыхтаваны і выдадзены «Атлас расійскі». У 18—19 ст. створана шмат карт з ахопам вял. тэрыторый, у 19 ст. — спец. карт: геал., кліматычных, эканам. і інш. У СССР развівалася тэматычнае, комплекснае, ацэначна-прагнознае картаграфаванне, распрацаваны комплексныя атласы, у т. л. Атлас БССР. У Расіі выдаецца штомесячны час. «Геодезия и картография» (з 1956).

На Беларусі пытанні К. распрацоўваюцца ў Бел. дзярж. камітэце па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, на Мінскай друкарскай фабрыцы, Картографа-геадэзічным аб’яднанні «Белгеадэзія», у ВА «Беларусьгеалогія», Нац. АН Беларусі, многіх НДІ і кафедрах ВНУ.

Літ.:

Салищев К.А. Проектирование и составление карт. 2 изд. М., 1987;

Вахрамеева Л.А. Картография. М., 1981;

Кравцова В.И. Космические методы картографирования. М., 1995;

Берлянт А.М. Геоинформационное картографирование. М., 1997.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,

тэорыя матэм. мадэлей фіз. з’яў. Займае асаблівае становішча ў матэматыцы і фізіцы і знаходзіцца на іх стыку. Уключае матэм. метады, якія выкарыстоўваюцца для пабудовы матэм. мадэлей, што апісваюць вял. класы фіз. з’яў.

Метады М.ф. распрацоўваў І.Ньютан пры стварэнні асноў класічнай механікі, тэорыі прыцягнення, тэорыі святла. Далейшае іх развіццё звязана з працамі Ж.Л.Лагранжа, Л.Эйлера, П.С.Лапласа, Ж.Б.Ж.Фур’е, К.Ф.Гаўса, Г.Ф.Б.Рымана, М.В.Астраградскага, А.М.Ляпунова, У.А.Сцяклова і інш. Асн. задача М.ф. — вызначэнне пэўнай фіз. велічыні (ці сукупнасці велічынь) па вядомых умовах, у якіх знаходзіцца дадзены фіз. аб’ект. Для гэтага на падставе заканамернасцей, якім падпарадкоўваецца аб’ект, складаецца, напр., дыферэнцыяльнае ўраўненне (гл. Ураўненні матэматычнай фізікі), у якім шуканая велічыня залежыць ад часу і прасторавых каардынат. Ураўненне і зададзеныя дадатковыя ўмовы, якія вызначаюць карціну фіз. працэсу ў пэўны момант часу (пачатковыя ўмовы) і рэжым на мяжы асяроддзя, дзе працякае зададзены працэс (гранічныя ўмовы), ствараюць матэм. мадэль фіз. з’явы. Задачы М.ф. рашаюцца на аснове метадаў матэм. аналізу, тэорыі функцый камплекснага пераменнага, спец. функцый, інтэгральных пераўтварэнняў, лікавых метадаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах М.ф. пачаты ў канцы 1950-х г. у АН Беларусі і праводзяцца ў Ін-це матэматыкі, Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац. АН, БДУ і інш. Распрацаваны метады рашэння задач цеплаправоднасці ў слаістых асяроддзях, матэм. тэорыя дыфракцыі эл.-магн. хваль на складаных перашкодах, лазернай фізікі, нелінейнай оптыкі, газа- і гідрадынамікі, даследавана вырашальнасць задач хвалевай тэорыі мех. ўдару.

Літ.:

Тихонов А.Н., Самарский А.А. Уравнения математической физики. 4 изд М., 1972;

Иванов Е.А. Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;

Гайдук С.И. Математическое рассмотрение некоторых задач, связанных с теорией продольного удара по конечным стержням // Дифференц. уравнения. 1977. Т. 13, № 11.

С.​І.​Гайдук.

т. 10, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯПА́НАЎ Барыс Іванавіч (28.4.1913, С.-Пецярбург — 7.12.1987),

бел. фізік; заснавальнік навук. школы па спектраскапіі і лазернай фізіцы. Акад. АН Беларусі (1953), д-р фіз.-матэм. н. (1949), праф. (1953). Герой Сац. Працы (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі ун-т (1936). З 1934 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград). З 1953 у Ін-це фізікі АН Беларусі (у 1957—85 дырэктар). Адначасова ў 1953—67 заг. кафедры ў БДУ. У 1964—87 гал. рэдактар «Журнала прикладной спектроскопии». Навук. працы па тэарэт. спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, галаграфіі, оптыцы рассейвальных асяроддзяў, гісторыі навукі. Распрацаваў тэорыю ваганняў шмататамных малекул, квантава-мех. тэорыю люмінесцэнцыі складаных малекул, асновы спектраскапіі адмоўных светлавых патокаў і тэорыю адмоўнай люмінесцэнцыі. Вывеў універсальныя суадносіны паміж спектрамі паглынання і выпрамянення складаных малекул і паўправаднікоў (1957; Сцяпанава універсальныя суадносіны). Пад яго кіраўніцтвам даследавана з’ява аптычнай генерацыі ў растворах складаных арган. злучэнняў, створаны лазеры новага тыпу з плаўнай пераналадкай частаты ў шырокім дыяпазоне спектра, распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі і новыя метады пераўтварэння прасторавай структуры светлавых пучкоў. Яго імем названы Ін-т фізікі Нац. АН Беларусі. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1972, 1982. Дзярж. прэмія Беларусі 1976. Залаты медаль імя С.​І.​Вавілава АН СССР (1967).

Тв.: Основы спектроскопии отрицательных световых потоков. Мн., 1961; Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68 (у сааўт.); Колебания молекул. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.); Очерки по истории оптической науки. Мн.,1978; Лазеры на красителях. М., 1979; Введение в современную оптику. [Т. 1—5], Мн., 1989—91.

Літ.:

Биобиблиографический указатель научных трудов академика АН БССР Б.​И.​Степанова. Мн., 1983;

Б.​І.​Сцяпанаў // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1993. № 2.

А.​І.​Болсун.

Б.І.Сцяпанаў.

т. 15, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1524—26,

найбуйнейшае антыфеад. выступленне сялян (падтрымана асобнымі гарадамі і рыцарамі) у сярэдневяковай Германіі, у частцы Аўстрыі і Швейцарыі. Была працягам шматлікіх сял. хваляванняў з 14 ст. (рух Г.Бёгайма, змова «Башмака» і інш.). Праходзіла ва ўмовах рэліг. Рэфармацыі. Выклікана эканам., сац. і паліт. прычынамі (уціск сялян землеўласнікамі, падатковы прыгнёт, у т. л. царк. дзесяціна, і інш.). Пачалася ў чэрв. 1524 з паўстання на Пд Германіі (ландграфства Шцюлінген). Пад уплывам прапаганды Т.Мюнцэра і анабаптыстаў паўстанне набыло арганізаваны характар. З пач. 1525 яно ахапіла Верхнюю Швабію і Франконію. У крас. 1525 паўсталі сяляне ў Цюрынгіі, у маі — у Ціролі. Лідэрамі паўстанцаў былі Мюнцэр, Ф.Геер, М.Гайсмайр і інш. У раёнах сял. паўстанняў дзейнічалі буйныя атрады колькасцю да некалькіх тыс. чал., яны авалодалі шэрагам замкаў. Былі распрацаваны некалькі утапічных праграмных дакументаў паўстанцаў («Артыкульнае пісьмо», «12 артыкулаў», «Гейльбранская праграма» і інш.), якія з пазіцый «боскага права» адлюстроўвалі ідэю сац. справядлівасці. Многія вёскі і цэлыя мясцовасці адмаўляліся ад выканання феад. павіннасцей і патрабавалі ад сваіх землеўласнікаў іх ліквідацыі. Але разрозненасць асн. цэнтраў паўстанняў і іх слабая падтрымка бюргерствам аблегчылі задушэнне сял. вайны сіламі Швабскага саюза і інш. рыцарскіх войск. Апошнімі супраціўляліся паўстанцы ў Ціролі, Карынтыі, Штырыі, Крайне (да лета 1526). Паражэнне С.в. не прывяло да істотных змен у становішчы сялянства ў Германіі, але вайна засведчыла вял. сац. актыўнасць сял. саслоўя. Рэхам С.в. была Мюнстэрская камуна (1534—35).

У марксісцкай гістарыяграфіі С.в. 1524—26 разглядаецца як кульмінацыя раннебурж. рэвалюцыі перыяду Рэфармацыі.

Літ.:

Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;

Blickle P. Die Revolution von 1525. München, 1993.

т. 15, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

З 1991 пачаўся пошук новых шляхоў і форм кіравання фіз. культурай і спортам. Створаны і дзейнічаюць Нац. алімпійскі камітэт, Саюз спартсменаў, Алімпійская акадэмія, асацыяцыі спарт. прэсы і студэнцкага спорту, Федэрацыя фіз. культуры і спорту інвалідаў, больш за 70 федэрацый па асобных відах спорту. Фіз. культура, спорт і турызм з’яўляюцца самаст. галіной нар.-гасп. комплексу краіны са сфарміраванай сістэмай кіравання, матэрыяльна-тэхн. і кадравым патэнцыялам, сістэмай спецыялізаваных фізкультурна-аздараўленчых, спарт., навуч. устаноў і арганізацый. Завершана распрацоўка асн. нарматыўных прававых актаў для паспяховага функцыянавання галіны. Прыняты законы Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце» (1993), «Аб турызме» (1999), «Дзяржаўная праграма развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму на перыяд 1997—2002 гг.» і інш. Павышэнне ролі і адказнасці дзяржавы за стан і развіццё фізкультуры і спорту ў краіне пацвярджаюць указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі фізічнай культуры і спорту», пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах павышэння эфектыўнасці фізічнага выхавання дашкольнікаў, навучэнцаў і студэнтаў», «Аб удасканаленні фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам па месцы жыхарства ў гарадах і гарадскіх пасёлках рэспублікі», «Аб першачарговых мерах па будаўніцтве і рэканструкцыі спартыўных збудаванняў» і інш. Для іх рэалізацыі прынята канцэпцыя фіз. выхавання дашкольнікаў, вучняў і студэнтаў, распрацаваны і ўкараняюцца Дзяржаўны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, Праграма маладзёжнага фізкультурна-спарт. руху «Алімпійскія надзеі Беларусі», прыкладны фізкультурна-спарт. комплекс «Абаронца Айчыны»; у гарадах і раёнах вядзецца работа па стварэнні клубаў і цэнтраў фізкультурна-аздараўленчай работы. Мін-ва спорту і турызму распрацавала Дзярж. праграму па фарміраванні здаровага ладу жыцця на 2002—06, ухваленую Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Каб заняткі фіз. культурай, масавым спортам і турызмам сталі даступнымі для ўсіх катэгорый насельніцтва, функцыянуюць 226 стадыёнаў, 26 спарт. манежаў, 231 плавальны басейн, 4778 спарт. залаў, 715 міні-басейнаў у дзіцячых дашкольных установах, базы алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», «Раўбічы», «Ратамка», палацы спорту, тэніса, лядовыя палацы шматфункцыянальнага прызначэння, больш за 9,6 тыс. адкрытых спарт. пляцовак. У краіне працуюць больш за 23 тыс. спецыялістаў фіз. культуры і спорту, у іх ліку каля 7,5 тыс. настаўнікаў фіз. культуры, больш за 5,5 тыс. трэнераў-выкладчыкаў, 1,4 тыс. выкладчыкаў вышэйшых і 500 — сярэдніх спец. навуч. устаноў, каля 2,3 тыс. інструктараў-метадыстаў на прамысл. і с.-г. прадпрыемствах; больш за 1,4 тыс. спецыялістаў працуюць у пазашкольных установах.

На 1.1.2004 па-за дзярж. праграмамі займаюцца фіз. культурай па месцы вучобы, працы і жыхарства ў спарт. секцыях, аздараўленчых групах, клубах, фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах каля 1 млн. чалавек (амаль 10% насельніцтва краіны). Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджана праграма «Дзеці Беларусі». У адпаведнасці з ёй праводзяцца рэсп. фестывалі «Спорт і мастацтва», «Алімпійцы сярод нас», злёты «Калядныя старты» дзяцей са школ-інтэрнатаў, дзяцей-сірот і дзяцей з раёнаў, што пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў набылі спаборніцтвы па футболе «Скураны мяч», па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэсп. зімовая і летняя спартакіяды па месцы жыхарства. У зімовай і летняй спартакіядах дапрызыўнай моладзі па мнагаборствах комплексу «Абаронца Айчыны» штогод удзельнічаюць каля 10 тыс. чалавек. На прамысл. і с.-г. прадпрыемствах, у арганізацыях створана каля 3,5 тыс. калектываў і клубаў фіз. культуры, дзе займаецца 237 тыс. чалавек. Сумеснай пастановай Мін-ва спорту і турызму і Федэрацыі прафсаюзаў распрацаваны і зацверджаны Дзярж. фізкультурна-аздараўленчы комплекс для дарослага насельніцтва. Вядзецца работа па стварэнні галіновых і рэгіянальных фізкультурна-спарт. клубаў; працуюць 11 рэспубліканскіх, 31 абласны і 38 раённых клубаў. Распрацавана Палажэнне па фіз. падрыхтоўцы і спорце ваеннаслужачых Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь, якое вызначае змест, формы і метады арганізацыі фіз. падрыхтоўкі ў вайск. часцях.

Набылі пашырэнне рэсп. мерапрыемствы для пажылых людзей: фізкультурна-аздараўленчыя злёты «Здароўе — чалавеку», святы «Здароўю ўзрост не перашкода», «Захаваем здароўе». Права грамадзян на заняткі фіз. культурай і спортам рэалізуецца шляхам пашырэння спарт. баз, павелічэння колькасці спецыялістаў, практычнай работай Мін-ва спорту і турызму.

І.​К.​Анісава.

т. 18, кн. 2, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКАЛОГІЯ І МЕДЫЦЫНСКАЯ РАДЫЯЛОГІЯ

Анкалогія і мед. радыялогія як навукова абгрунтаваная сістэма арганізацыі анкалагічнай дапамогі дзейнічае на Беларусі з сярэдзіны 20 ст. На базе Рэсп. анкалагічнага дыспансера (1934, Мінск) у 1960 створаны НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (заснавальнік і першы дырэктар М.​М.​Аляксандраў). З 1965 інстытут мае сваю базу ў пас. Лясны пад Мінскам. Дзейнасць інстытута і развіццё анкалагічнай службы рэспублікі звязана з імёнамі Г.​Д.​Голуб, З.​М.​Гутмана, І.​Р.​Жакава, Э.​Л.​Жаўрыда, В.​А.​Казліціна, С.​Б.​Каржа, З.​В.​Лапарэвіч, А.​А.​Машэўскага, Т.​Ц.​Паддубнай, Ц.​А.​Панцюшэнкі, У.​С.​Пячэнкі, Я.​С.​Скоблі, Л.​С.​Сукаватых, І.​П.​Сяржаніна, С.​З.​Фрадкіна, М.​А.​Цішчанкі, Б.​Д.​Шыцікава і інш. Яны стварылі навук. асновы арганізацыі проціракавай барацьбы, ранняга выяўлення раку, развіцця і ўкаранення метадаў камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін, радыеізатопнай дыягностыкі, прамянёвай і хіміятэрапіі.

Анкалагічную дапамогу аказваюць Мінскі гар. і абласныя анкалагічныя дыспансеры (Брэст, Віцебск, Гомель, Магілёў), анкалагічнае аддзяленне Гродзенскай абл. бальніцы, міжраённыя дыспансеры (Баранавічы, Бабруйск, Вілейка, Мазыр, Пінск, Полацк). Дыспансеры маюць паліклінікі і стацыянары, неабходную апаратуру і абсталяванне для дыягностыкі і лячэння анкалагічных хворых; праводзяць прафілактычныя агляды, рэгіструюць і аналізуюць захваральнасць і смяротнасць ад пухлін, кансультуюць урачоў агульнай лячэбнай сеткі па пытаннях дыягностыкі і лячэння пухлін.

Навукова-практычны цэнтр і база падрыхтоўкі спецыялістаў анкалагічнай службы Беларусі — НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1997 імя М.​М.​Аляксандрава) — узначальвае і каардынуе работу па анкалогіі ў краіне. З 2000 дырэктар інстытута І.​В.​Залуцкі.

Асн. кірункі навук. дзейнасці: арганізацыя проціракавай барацьбы, вывучэнне эпідэміялогіі і прафілактыкі раку; распрацоўка новых тэхналогій дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін, стварэнне і правядзенне клінічных выпрабаванняў новых дыягнастычных і лекавых сродкаў; удасканаленне медыка-тэхнічнай базы анкалагічнай службы краіны. Вядомасць набылі распрацоўкі інстытута па стварэнні, апрабацыі і ўкараненні радыефармпрэпаратаў для дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў (Шыцікаў); даследаванні па распрацоўцы і выкарыстанні метадаў кіруемай штучнай гіпертэрміі і гіперглікеміі ў многакампанентным лячэнні злаякасных новаўтварэнняў (Жаўрыд, Фрадкін); па ўнутрыполасцевай гаматэрапіі і новых спосабах камбінаванага, комплекснага і спалучанага лячэння раку органаў жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы (К.​Я.​Вішнеўская); па прамянёвым лячэнні, метадах прафілактыкі і лячэння постпрамянёвых пашкоджанняў, прагназіраванні індывідуальнай радыеадчувальнасці злаякасных пухлін (Н.​А.​Арцёмава, Г.​У.​Мураўская); марфалагічных метадах дыягностыкі перадпухлінных хвароб і злаякасных пухлін (Л.​Б.​Клюкіна, Г.​М.​Мураўёў); камбінаваным лячэнні хворых на рак лёгкага, стрававода (У.​В.​Жаркоў). Распрацаваны таксама антыаксідантны комплекс і метады яго выкарыстання пры камбінаваным лячэнні хворых з пухлінамі страўніка і кішэчніка (У.​М.​Сукалінскі); дыягностыка і лячэнне онкауралагічных хворых (А.​С.​Маўрычаў, А.​Р.​Суконка); прафілактыка і ранняя дыягностыка раку малочнай залозы, варыянты яго хіміятэрапеўтычнага і гарманальнага лячэння (Л.​А.​Путырскі); тэхнічнае і фізіка-дазіметрычнае забеспячэнне прамянёвай тэрапіі, спосабы радыяцыйнай аховы ад мед. апрамянення (І.​Г.​Таруцін), лячэнне пухлін скуры, мяккіх тканак і апорна-рухальнага апарату, метадаў рэабілітацыі анкалагічных хворых, у т. л. рэканструктыўна-аднаўленчыя і пластычныя аперацыі (Залуцкі); біяхімічныя і біяфізічныя метады дыягностыкі і маніторынгу злаякасных пухлін (А.​А.​Машэўскі, В.​І.​Прохарава). Першасную падрыхтоўку па анкалогіі атрымліваюць у Бел. (Мінск), Гомельскім, Гродзенскім, Віцебскім мед. універсітэтах, спецыялізацыю і ўдасканаленне ў галіне анкалогіі і мед. радыялогіі — у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (яе кафедра анкалогіі працуе на базе НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі імя Аляксандрава). На кафедры анкалогіі Бел. мед. універсітэта пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС створана Рэсп. праграма «Праблемы анкалагічнага захворвання шчытападобнай залозы» (Я.​П.​Дзямідчык), у межах якой распрацаваны метады ранняй дыягностыкі, хірургічнага і комплекснага лячэння раку шчытападобнай залозы ў дзяцей. Роля анкалогіі пастаянна расце (пухліны займаюць 2-е месца сярод прычын смяротнасці насельніцтва); штогод адбываецца больш за 80 тыс. шпіталізацый. У 2003 у анкалагічных установах Беларусі працавала 345 урачоў-анколагаў і 152 урачы-радыёлагі. Вынікі навук. даследаванняў бел. анколагаў публікуюцца ў альманаху «Актуальныя праблемы анкалогіі і медыцынскай радыялогіі».

Літ.:

Вишневская Е.Е. Ракибеременность. Мн., 2000;

Фрадкин С.З., Залуцкий И.В. Меланома кожи: Практ. пособие для врачей. Мн., 2000;

Онкоурология. Мн., 2001;

Путырский Л.А. Рак молочной железы. Мн., 2003;

Фрадкин С.З., Залуцкий И.В. Клиническая онкология. Мн., 2003.

І.​В.​Залуцкі.

т. 18, кн. 2, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯМЕХА́НІКА (ад бія... + механіка),

1) раздзел біяфізікі, які вывучае мех. працэсы ў тканках, органах і арганізме, а таксама механізмы біял. рухомасці, у т. л. скарачэнне шкілетных мышцаў.

Першыя працы па біямеханіцы вядомы з 16 ст. (Леанарда да Вінчы). У 17 ст. з’явіліся спробы растлумачыць законамі механікі ўсе формы рухаў жывёл, у т. л. мышачныя скарачэнні і страваванне (італьян. вучоны Дж.​Барэлі). У Расіі заснавальнікі біямеханікі — І.М.Сечанаў і П.​Ф.​Лесгафт (працы па класіфікацыі рухаў чалавека, структуры апорна-рухальнага апарату). Метады рэгістрацыі і аналізу прапанаваны М.​А.​Бернштэйнам (1941).

На Беларусі даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.​Дз.​Геўліч, Г.​Ф.​Палянскі, С.​М.​Уласенка). Распрацаваны асобныя пытанні біямеханікі рухальнага апарату, напр. залежнасць будовы і функцыі суставаў ад сілы вонкавых і ўнутр. уздзеянняў, біямеханіка дыхальнага апарату і інш. Гал. галіны прыкладнога выкарыстання дасягненняў біямеханікі: рацыяналізацыя працоўнай дзейнасці, спорт, ваенная і клінічная медыцына (асабліва траўматалогія і артапедыя), стварэнне аўтаматаў-маніпулятараў і робатаў, канструяванне заменнікаў органаў руху — біякіравальных пратэзаў і інш.

2) У тэатры — сістэма трэнажу акцёра. Уведзена У.Меерхольдам як эксперыментальны пед. метад для дасягнення акцёрам дасканалага, віртуознага валодання сваім целам, рухамі.

Меерхольд лічыў, што творчасць акцёра — творчасць пластычных формаў у прасторы, і таму ён павінен умець арганізаваць і дакладна выкарыстоўваць выразныя сродкі свайго цела. Дапаможныя прадметы да асн. курса біямеханікі — фізкультура, акрабатыка, танец, рытміка, бокс, фехтаванне. Як спец. прадмет выкладалася ў Бел. драм. студыі ў Маскве (1921—26). Элементы сістэмы біямеханікі ў працы з акцёрамі пры пастаноўцы спектакляў у т-рах Беларусі выкарыстоўвалі рэжысёры М.​Кавязін, В.​Фёдараў, Н.​Лойтар, В.​Пацехін і інш.

Літ.:

Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ. М., 1970;

Бернштейн Н.А. Физиология движений и активность. М., 1990;

Обысов А.С. Надежность биологических тканей. М., 1971.

Г.​К.​Ільіч, А.​В.​Сабалеўскі.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЦІСЛА́ВА (Bratislava),

горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс. ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л. ун-т імя Я.​А.​Каменскага (з 1919). Нац. тэатр. Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар. муз. фестываль «Браціслаўская ліра».

Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.

На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац. т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.​Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.​Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.​Куліх, І.​Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.

Горад Браціслава.
Мост цераз Дунай у Браціславе.
Да арт. Браціслава. Замак. 9—18 ст.

т. 3, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац. валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв. гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.

З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)