апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМ (ад грэч. mimos пераймальнік, перайманне),
1) камедыйны жанр у ант.нар. т-ры; кароткія імправізаваныя сцэнкі сатыр. ці быт. зместу з выкарыстаннем мімікі, жэстаў, акрабатыкі, танца, песні, імправізаванага тэксту. Узнік у Стараж. Грэцыі ў 5 ст. да н.э., у эліністычную эпоху (4—3 ст. да н.э.) пашырыўся на Б. Усход, у 1 ст. да н.э. вядомы ў Стараж. Рыме. Першую літ. апрацоўку атрымаў у творчасці паэта Сафрона і яго сына Ксенарха, росквіту дасягнуў у творчасці Дэцыма Лаберыя і Публілія Сіра. Паўплываў на л-ру (дыялогі Платона, ідыліі Феакрыта), сярэдневяковыя фарсы і італьян. камедыю дэль артэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́СА,
старажытны і сярэдневяковы горад Сярэдняй Азіі, важны цэнтр Парфянскага царства. Руіны за 18 км на З ад г. Ашгабат у Туркменіі. У 3 ст. да н.э. тут існаваў горад (гарадзішча Новая Н.) і ўмацаваная царская рэзідэнцыя (гарадзішча Старая Н.). У выніку археал. даследаванняў (з 1946) выяўлены рэшткі храмаў, гасп. пабудоў, залы палаца з глінянай скульптурай і, верагодна, царскай скарбніцы: помнікі мастацтва 3—2 ст.н.э. з моцным уплывам элінізму (мармуровыя статуі, рытоны са слановай косці з разнымі рэльефамі, прадметы тарэўтыкі), больш за 2 тыс. гліняных чарапкоў з надпісамі (гасп. архіў I ст. да н.э.), шмат прадметаў узбраення, упрыгожанняў, дробнай скульптуры (тэракотавай і металічнай) і інш. У сярэдневякоўі Н. — важны цэнтр Харасана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́КАС,
археалагічная культура індзейскіх плямён, што ў 5 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. жылі на паўд. узбярэжжы Перу. Назва ад аднайм. паўвострава, дзе ўпершыню адкрыты могільнікі гэтай культуры. Насельніцтва жыло ў глінабітных дамах, займалася земляробствам (кукуруза, боб, гарбузы і інш.), марскім збіральніцтвам і рыбалоўствам, вырабляла ляпную паліхромную кераміку з малюнкамі, выкананымі смалістымі фарбамі. Вылучаюцца пахаванні ў глыбокім сферычных камерах, да якіх вядуць вертыкальныя (3—4 мглыб.) шахты, і засыпаных пяскоў збудаваннях, зробленых з цэглы-сырцу, ці ямах. Захавалася вял. колькасць мумій. Нябожчыкаў хавалі ў становішчы седзячы, іх чарапы штучна дэфармаваны, некаторыя маюць сляды трэпанацыі. У 2 ст.н.э. на аснове П. з’явілася культура Наска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСІСТРА́Т (Peisistratos; каля 600—527 да н.э.),
афінскі тыран у 560—527 да н.э. (з перапынкамі). Вызначыўся перамогамі ў 565 да н.э. ў вайне з Мегарай. Праводзіў палітыку ў інтарэсах сялян і гандл.-рамесніцкага насельніцтва; раздаваў сял. беднаце канфіскаваную ў эўпатрыдаў зямлю, арганізаваў дзярж. крэдыт на льготных умовах, увёў дзярж. дапамогу інвалідам вайны. Пры П. ўмацаваліся гандл. сувязі Афін з Фракіяй і Прычарнамор’ем, агульнадзярж. значэнне набылі культы Дэметры і Дыяніса; у Афінах пабудаваны храмы Афіны Палады і Апалона Піфейскага на Акропалі, новы рынак, водаправод, якім карысталіся да 18 ст., працягвалася будаўніцтва гавані Пірэй; былі запісаны і адрэдагаваны паэмы Гамера. З імем П. звязана ўзнікненне першага ў Грэцыі тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕСІЛА́Й II (каля 442 — каля 358 да н.э.),
цар Спарты [401—358 да н.э.], палкаводзец, дыпламат. У 396—394 паспяхова ваяваў з Персіяй, але адкліканы ў сувязі з Карынфскай вайной (395—387). Пасля Анталкідава міру 387 (або 386) аднавіў гегемонію Спарты ў Грэцыі. У 378—362 ваяваў з Эпамінондам, у 361—360 удзельнічаў у вайне егіпцян з персамі. Памёр у час вяртання з Егіпта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РЫС (Duris),
старажытнагрэчаскі мастак 1-й трэці 5 ст. да н.э.; прадстаўнік «строгага стылю». Працаваў у Атыцы, размалёўваў вазы. Захавалася каля 280 ваз (39 з іх падпісаныя) з яго жанравымі і міфалагічнымі размалёўкамі (вытанчаныя па малюнку, з падоўжанымі прапорцыямі фігур), у т. л. амфара «Атлет і Ніке», кілікі «Эас з целам Мемнана», «Заняткі ў школе», «Сілены весяляцца» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕРО́Н I (грэч. Hierōn) Старэйшы
(?, г. Катанія, Італія — 467 да н.э.),
правіцель г. Гела ў Сіцыліі ў 484—478, тыран у Сіракузах у 478—467 да н.э. Разграміў у 474 флот этрускаў каля г. Кум, падпарадкаваў гарады Пд Італіі Месана, Рэгій і інш. Пры ім Сіракузская дзяржава дасягнула росквіту. Спрыяў мастацтву, пры яго двары тварылі філосафы і паэты Эпіхарм, Сіманід, Бакхілід, Піндар і інш.