ЛЯСНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

штучныя лясныя насаджэнні. Ствараюцца пасевам, пасадкай дрэў і кустоў на плошчы, раней укрытай лесам, або пад полагам лесу (аднаўленне лесу), а таксама дзе лес адсутнічаў (лесаразвядзенне). Адрозніваюць Л.к. суцэльныя (на ўчастках, дзе лес прыродна не аднаўляецца або адсутнічае), частковыя і падполагавыя (дзе лес аднаўляецца нездавальняюча), папярэднія (пад полагам лесу, прызначанага для высечкі). Суцэльныя Л.к. бываюць чыстыя (з 1 пароды дрэў) і мяшаныя. У якасці гал. парод у зоне мяшаных лясоў культывуюць хвою, елку, дуб, таполю, лістоўніцу і інш., спадарожных — бярозу, ясень, граб, ліпу і інш. Л.к. пашыраюць плошчу высокапрадукц. насаджэнняў, ахоўваюць глебу ад эрозіі, паляпшаюць мікракліматычныя, сан.-гігіенічныя, гасп., рэкрэацыйныя і інш. якасці асяроддзя. Адзін з відаў Л.к. — ахоўныя лясныя насаджэнні: водаахоўныя лясы, зялёныя зоны, лясныя палосы. На Беларусі з 1950-х г. Л.к. створаны на пл. каля 1,6 млн. га, з іх хваёвых — 74% плошчы, яловых — каля 15%, дубовых — каля 8%.

Літ.:

Редько Г.И. Родин А.Р., Трещевский И.В. Лесные культуры. М., 1980;

Сироткин Ю.Д., Праходский А.Н. Лесные культуры. Мн., 1988.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНОГАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, паліхеты (Polychaeta),

клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.

Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.

Многашчацінкавыя чэрві: 1 — нераіс пелагічны; 2 — нераіс зялёны; 3 — афрадыта; 4 — пескажыл; 5 — лічынка нераіса зялёнага; 6 — лічынка пескажыла.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ ПАГРАНІ́ЧНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

правінцыя на ПнЗ Пакістана. Мяжуе з Афганістанам. Пл. 74,5 тыс. км². Нас. больш за 15 млн. чал. (1999). Значныя групы бежанцаў з Афганістана. Адм. ц. — г. Пешавар. Пераважае горны рэльеф. На Пн — хрыбты Гіндукуша, выш. да 7690 м (г. Тырычмір, найвышэйшы пункт Пакістана), зах. адгор’і Гімалаяў. На ПдЗ і ПдУ — апустыненыя нізкагор’і і плато. Значная сейсмічнасць. Клімат субтрапічны, сухі ў далінах, катлавінах і перадгор’ях, вільготны ў гарах. У г. Пешавар на выш. 1470 м т-ра паветра ад 10 °C у студз. да 34 °C у ліп., выпадае 350 мм ападкаў за год. У Пешаварскай катлавіне на арашальных землях вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс, цукр. трыснёг, тытунь і кармавыя культуры, у інш. катлавінах і далінах рэк — ячмень і прасяныя культуры. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, слівы, грушы, айва, гранат). Гадоўля авечак, коз, вярблюдаў. З галін прам-сці найб. развіты харчасмакавая (асабліва цукровая), тэкст. (баваўняная), дрэваапр. (на базе горных лясоў). Некалькі ГЭС на горных рэках. Здабыча каменнай солі і вапняку. Рамёствы. Транспарт аўтамаб. і ўючны.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ТАН-ТО́МПСАН ((Seton-Thompson) Эрнест) (14.8.1860, г. Саўт-Шылдс, Вялікабрытанія — 23.10.1946),

канадскі пісьменнік, прыродазнавец, мастак-анімаліст. Скончыў каледж мастацтваў у Таронта (1879), вывучаў выяўл. мастацтва ў Парыжы, Лондане, Нью-Йорку. Падарожнічаў, даследаваў жыццё жывёл. Арганізатар руху следапытаў у Амерыцы. Друкаваўся з 1883. Пісаў на англ. мове. Аўтар больш як 40 кніг пра жывёльны свет, індзейскую і эскімоскую нар. культуру. Вядомасць прынеслі праца «Жыццё дзікіх жывёл» (т. 1—8, 1925—27) і блізкія да навук.-папулярнай л-ры аповесці, апавяданні, нарысы «Дзікія жывёлы, як я іх ведаў» (1898), «Біяграфія грызлі» (1900), «Жыцці тых, на каго палююць» (1901), «Два малыя дзікуны» (1903), «Героі-жывёлы» (1906), «Біяграфія серабрыстага ліса» (1909), «Рольф сярод лясоў» (1911), «Кніга аб лесе» (1912) і інш. Аўтар маст. аўтабіяграфіі «След мастака-натураліста» (1940). Сам ілюстраваў свае кнігі.

Тв.:

Бел. пер. — Гісторыя аднаго мядзведзя. Мн., 1927;

Лепш смерць, чым няволя. Мн., 1928;

Рванае вушка. Мн., 1939;

Рус. пер. — Рассказы о животных. Мн., 1980;

Прерии Арктики... М., 1987;

Моя жизнь;

Маленькие дикари;

Рассказы о животных. М., 1991;

Приключения Рольфа. М., 1993;

Лесные рассказы. СПб., 1994.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ле́пшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. добры; проціл. горшы. Паняслася песня волі Між лясоў густых, балот... І аб лепшай вольнай долі Стаў ля рэчкі пець чарот. Чарот. [Бацька:] — Ведаеш, сынку, нам трэба было б набыць лепшага каня. Бядуля.

2. Найвыш. ст. да прым. добры; самы добры. [Шугаеў:] Гэты адказны дакумент павінны падпісаць лепшыя людзі нашага калектыву. Крапіва. Таварышы з акругі, хочучы пазнаёміць грамадства з лепшым участкам беларускай граніцы і лепшым камандзірам ўчастка, — накіравалі мяне іменна сюды. Брыль. // у знач. наз. ле́пшае, ‑ага, н. Збіраліся, прыходзілі і садзіліся за сталы калгаснікі, адзетыя ў лепшае. Васілевіч.

•••

У лепшым выпадку гл. выпадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пейза́ж, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Агульны выгляд якой‑н. мясцовасці, краявід. Лясны пейзаж. Пейзаж позняй восені. □ Парадзеў, рассунуўся цяжкі і сляпы змрок, выпускаючы з свае няволі тонкія празрыстыя абрысы зімняга пейзажу. Колас. Але мы ішлі, ішлі. Прыгнятаў яшчэ бясконца аднастайны пейзаж. С. Александровіч.

2. ‑а. Малюнак краявіду. Выстаўка пейзажаў вядомага мастака. Намаляваць пейзаж. // Апісанне краявіду ў творах мастацкай літаратуры. Палескія пейзажы ў творах Я. Коласа. □ Пейзажы ў літаратурных твораў выхоўваюць у чытачоў любоў да роднай прыроды і айчыны, вучаць бачыць і адчуваць красу лясоў, палёў, рэк і азёр. А. Макарэвіч.

3. ‑а. Адзін з жанраў мастацкага жывапісу. Лірычны пейзаж. Індустрыяльны пейзаж.

[Фр. paysage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпіён, ‑а, м.

Звычайна засакрэчаная асоба, якая тайна збірае або крадзе звесткі, дакументы, што складаюць дзяржаўную або ваенную тайну, з мэтай перадачы іх іншай дзяржаве. Пачалі пашырацца чуткі аб з’яўленні ў нашых тылах варожых шпіёнаў і дыверсантаў. Машара. Паміж лясоў прабіраліся да населеных пунктаў шпіёны і дыверсанты. Чорны. Сотні мільёнаў долараў асігноўваецца ўрадам ЗША на падрыўную работу супроць краін народнай дэмакратыі і СССР, на засылку ў гэтыя краіны шпіёнаў і дыверсантаў. «Звязда». // Разм. Той, хто сочыць за кім‑н., падпільноўвае каго‑н., даносіць на каго‑н. І бацька прыняў вясёлае рашэнне: павадзіць «грыбных шпіёнаў» за нос. Шамякін.

[Ням. Spion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шрот, ‑у, М шроце, м.

1. зб. Дробныя свінцовыя шарыкі, якія разам з порахам служаць зарадам для паляўнічых стрэльб. Дазвол далі Грыгору паляваць у графскіх лясах, яшчэ і пораху і шроту выдалі. Колас. У стрэльбе быў добры зарад шроту. Корбан.

2. зб. Спец. Адходы пасля выціскання алею з насення алейных раслін, якія ідуць на корм жывёле.

3. перан. Пра тое, што сваім знешнім выглядам і ўласцівасцямі нагадвае такія шарыкі. Вадзяны шрот сыпаўся нам на шапкі, на целагрэйкі, сек па каленях. Ермаловіч. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары — Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны. Жычка.

[Ням. Schrot.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕСТ-І́НДЫЯ (West Indies),

агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс. км². Нас. больш як 35 млн. чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб. — в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.​Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬЯ́НСКІ,

біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл. Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс. га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)