ІРЫДАЦЫ́ТЫ [ад грэч. iris (iridos) вясёлка + ...цыт(ы)],
ірыдафоры, пігментныя клеткі ў злучальнатканкавай частцы скуры ніжэйшых пазваночных (асабліва ў рыб) і стромы радужнай абалонкі вока ўсіх пазваночных, акрамя млекакормячых. Забяспечваюць адбітак і рассейванне святла. Запоўнены спецыфічнымі адбівальнымі пласцінкамі, якія складаюцца з крышт. пурынаў (гуаніну і гіпаксанціну) і пры пэўнай арыентацыі надаюць многім рыбам, земнаводным і паўзунам серабрысты бляск і блакітнаватую афарбоўку. Форма і размеркаванне пігменту ў І. рэгулююцца гармонамі (меланатрапінам і мелатанінам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЭН ((Cohen) Стэнлі) (н. 17.10.1922, Нью-Йорк),
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Бруклінскі каледж (1943) і Оберлін-каледж у Агайо (1946). З 1952 у Вашынгтонскім ун-це, з 1959 ва ун-це Вандэрбільда ў г. Нашвіл. Навук. працы па вывучэнні структур фактараў росту і іх уздзеянні на развіццё клеткі і органаў, эндакрыналогіі. Адкрыў фактар росту эпідэрмісу. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з Р.Леві-Мантальчыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЭЛІ́Н [ад грэч. myelos (касцявы) мозг],
тлушчападобнае рэчыва, якое ўкрывае большасць аксонаўц. н. с. і перыферычных нерваў. Уяўляе сабой ліпапратэінавы комплекс, які складаецца з фосфаліпідаў, глікаліпідаў, халестэрыну і бялку. У ц. н. с. М. утвараецца алігадэндрагліацытамі, у перыферычных нервах — шванаўскімі клеткамі. Гэтыя клеткі ўдзельнічаюць ва ўтварэнні міэлінавай абалонкі, укрываючы асобны участак нерв. валакна спіральнымі слаямі. Утварэнне М. пачынаецца з 4-месячнага ўнутрывантробнага развіцця і працягваецца да дарослага стану чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЦЫ́НЫ,
складаныя бялкі (прыродныя глікапратэіды), якія ўваходзяць у састаў сакрэтаў слізістых залоз. Змяшчаюць пераважна кіслыя паліцукрыды, злучаныя з бялком іоннымі сувязямі. Адрозніваюць фукамуцыны (у большасці сакрэтаў слізістых залоз страўнікава-кішачнага тракту) і сіяламуцыны (у сліне падсківічнай і пад’язычнай залоз). Фалікулы яечніка маюць у сабе фукамуцыны ці сіяламуцыны. М. выконваюць ролю змазкі, якая ахоўвае эпітэліяльныя клеткі страўнікава-кішачнага тракту, дыхальных і мочапалавых шляхоў ад мех. пашкоджання, прыгнечваюць зліпанне эрытрацытаў, якое выклікае вірус грыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЦЫТО́З (ад грэч. pino п’ю + kytos ёмістасць, тут — клетка),
захопліванне клетачнай паверхняй вадкасці з растворанымі ў ёй рэчывамі. Адзін з асн. механізмаў пранікнення ў клетку высокамалекулярных злучэнняў (бялкоў, глікапратэідаў, ліпідаў). Пры П. на спецыялізаваных участках плазматычнай мембраны паяўляюцца кароткія тонкія вырасты, якія акружаюць кроплю вадкасці і перамяшчаюць яе ўнутр клеткі. Адбываецца П. у эпітэліяльных клетках кішэчніка, ныркавых канальцах; найб. характэрны для амёб. Часам тэрміны «П.» і «фагацытоз» аб’ядноўваюць агульным паняццем — эндацытоз.