ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр. Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ,

спецыяльныя дзярж. органы, якія ажыццяўляюць функцыі нагляду і кантролю за выкананнем прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, службовымі асобамі і грамадзянамі пэўных правіл, устаноўленых прававымі актамі: санітарных, ветэрынарных, проціпажарных, правіл гандлю, рыбнай лоўлі, руху аўтамотатранспарту, тэхнікі бяспекі і да т.п. У Рэспубліцы Беларусь Дз.і. з’яўляюцца самаст. сістэмамі органаў або ўключаюцца ў сістэму мін-ва ці дзярж. к-та (напр., гандл. інспекцыя, дзярж. аўтаінспекцыя і інш.). Кантрольныя і наглядальныя паўнамоцтвы Дз.і. пашыраюцца на ўсе прадпрыемствы, установы і арг-цыі, незалежна ад іх ведамаснай падначаленасці. Службовыя асобы Дз.і. правамоцныя наведваць аб’екты, якія кантралююць, патрабаваць прад’яўлення неабходных дакументаў, праводзіць праверкі, ужываць у неабходных выпадках меры адм. ўздзеяння (забараніць або абмежаваць эксплуатацыю аб’екта, прыпыніць работы, адхіліць асобу ад работы, накласці штраф, вынесці папярэджанне і г.д.). На Беларусі дзейнічаюць Дз.і.: у галіне выкарыстання паліўна-энергет. і інш. матэрыяльных рэсурсаў; у галіне фінансаў, буд-ва, гандлю, санітарыі, стандартызацыі, па ахове нетраў, каранціне раслін, якасці прадукцыі, па котланаглядзе, рыбаахове, прабірным наглядзе і інш. У функцыі тэхн. і сан. Дз.і. уваходзіць таксама выдача дазволаў на пуск у эксплуатацыю прамысл. прадпрыемстваў. іх цэхаў і інш. аб’ектаў.

Разам з Дз.і. дзейнічаюць тэхн. інспекцыі працы і прававая інспекцыя працы прафсаюзаў, на якіх ускладзены кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правіл па ахове працы і тэхнікі бяспекі.

т. 6, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

комплексная галіна права, якая рэгулюе адносіны па ўладанні, карыстанні і распараджэнні зямельнымі рэсурсамі, а таксама па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні. Асн. крыніцамі З.п. ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закон «Аб праве ўласнасці на зямлю» ад 16.6.1993, Закон «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, інш. законы і нарматыўныя прававыя акты, што выдаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, урадам, мін-вамі і ведамствамі, мясц. органамі дзярж. кіравання ў межах іх кампетэнцыі. Нормы З.п. рэгламентуюць: права дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю, землеўладанне, землекарыстанне, у т. л. арэнду зямлі; парадак прадастаўлення і адабрання зямельных участкаў, спагнання зямельнага падатку або арэнднай платы, ажыццяўлення здзелак з зямлёй, пакрыцця страт; вядзенне дзярж. зямельнага кадастру, землеўпарадкаванне, дзярж. кантроль і маніторынг зямель, ахову зямель, а таксама вырашэнне зямельных спрэчак і адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. З.п. складаецца з агульнай і асаблівай частак. Да агульнай часткі адносяцца правы ўласнасці на зямлю, землеўладання і землекарыстання, дзярж. кіраванне ў галіне выкарыстання і аховы зямель, адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. У асаблівай частцы вызначаецца прававы рэжым асобных катэгорый зямель: зямель с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, абароны, зямель прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культ. і інш. прызначэння, зямель ляснога і воднага фондаў, а таксама запасу.

В.​М.​Заркоў.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКАТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, наркотыкі,

група псіхатропных сродкаў прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія выклікаюць узбуджэнне ці прыгнечанне функцыі ц. н. с., парушаюць свядомасць і пры сістэматычным ужыванні выклікаюць паталаг. залежнасць (наркаманію). Многія расл. сродкі, што валодаюць падобным дзеяннем (напр., блёкат, дурнап’ян, каноплі, какаінавы куст, красаўка, опійны мак, некат. віды грыбоў), выкарыстоўваліся з глыбокай старажытнасці для выклікання асаблівага псіхічнага ўздыму, уздзеяння на псіхіку людзей. Лекары ўжывалі гэтыя рэчывы для абязбольвання. Тэрмін «Н.с.» ўведзены ў мед. практыку з вынаходствам наркозу (1846). У канцы 19 ст. пад ім аб’ядноўвалі рэчывы, якія выклікаюць у людзей своеасаблівае парушэнне псіхічнай дзейнасці — эйфарыю і могуць прывесці да злоўжывання імі. Паводле міжнар. класіфікацыі вылучаюць: сродкі адурманьваючага ўздзеяння, сродкі для інгаляцыйнага (напр., хлараформ, дыэтылавы эфір, закіс азоту) і неінгаляцыйнага (напр., гексенал, кетамін) наркозу, наркатычныя анальгетыкі (напр., гераін, кадэін, марфін), мясц. анестэтыкі (напр., какаін), псіхастымулятары (напр., амфетамін), галюцынагены (напр., дыэтыламід лізергінавай к-ты — ЛСД). Тэрмін «Н.с.» ўжываюць таксама ў наркалогіі, міжнар. дагаворах, нац. заканадаўствах, што рэгламентуюць кантроль за вытв-сцю і выкарыстаннем рэчываў, здольных выклікаць наркаманію. Паводле Канвенцыі ААН 1988 у Н.с. ўключаюць рэчывы, якія адпавядаюць 3 крытэрыям: мед. (здольнасць выклікаць наркаманіі і быць небяспечнымі для здароўя), сац. (адмоўнае ўздзеянне на эканам., культ. і паліт. асновы грамадства) і юрыд. (афіц. прызнанне рэчыва «наркатычным» адпаведным грамадскім органам).

М.​К.​Кеўра, А.​І.​Скугарэўская.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАБУДО́ВА ў СССР у 1985—91,

тэрмін, які ўвайшоў у шырокі ўжытак з сярэдзіны 1980-х г. і абазначаў курс на рэфармаванне сац.-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Пачата па ініцыятыве Ген. сакратара ЦК КПСС М.С.Гарбачова і яго бліжэйшых паплечнікаў. Асн. зместам П. абвяшчалася ўмацаванне сацыяліст. ладу праз дэмакратызацыю грамадскага жыцця («дэмакратычны сацыялізм») і радыкальную эканам. рэформу, якія знайшлі адлюстраванне ў матэрыялах студз. і чэрв. (1987) пленумаў ЦК КПСС, XIX Усесаюзнай парт. канферэнцыі (чэрв. 1988), XXVII і XXVIII з’ездаў КПСС. У выніку П. разам з пэўнымі зрухамі ў дэмакратызацыі грамадства адбылося абвастрэнне крызісу ў многіх сферах жыцця, узніклі міжнац. канфлікты ў шэрагу рэгіёнаў, КПСС і кіраўніцтва СССР паступова страчвалі кантроль за падзеямі ў саюзных рэспубліках, у т. л. ў Расіі. Да канца 1989 у асн. распалася сістэма краін сацыяліст. садружнасці, 6.11.1991 распушчана КПСС, да канца 1991 СССР спыніў існаванне. Былыя саюзныя рэспублікі сталі суверэннымі дзяржавамі, у т. л. БССР — Рэспублікай Беларусь; большасць з іх увайшлі ў Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Гл. таксама Камуністычная партыя Савецкага Саюза і Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Літ.:

Гарбачоў М.С. Перабудова і новае мысленне для нашай краіны і для ўсяго свету Пер. з рус. Мн., 1988;

Хоскинг Дж. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995. С. 466—510.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),

сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.

У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш. вузлоў ЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш. Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн. ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЯ АБАРО́НА (ППА),

сукупнасць агульнадзярж. мерапрыемстваў і баявых дзеянняў войск (сіл) з мэтай абароны розных аб’ектаў, войск і насельніцтва ад паражэння з паветра. Уключае сістэмы кіравання, разведкі і апавяшчэння аб паветр. праціўніку, зенітнага ракетна-артыл. прыкрыцця, знішчальна-авіяц. прыкрыцця. Адрозніваюць занальную ППА (сілы і сродкі ўтвараюць адзіную групоўку для абароны асобных рэгіёнаў); занальна-аб’ектавую ППА (спалучэнне занальнай ППА з непасрэдным прыкрыццём найб. важных аб’ектаў); аб’ектавую ППА (для абароны асобных важных аб’ектаў). Войскі ППА Рэспублікі Беларусь сфарміраваны ў 1992 на базе ўпраўлення, часцей і злучэнняў 2-й асобнай арміі ППА, а таксама часцей і злучэнняў ППА БВА. У іх склад уваходзяць: зенітныя ракетныя войскі і зенітная артылерыя, радыётэхн. войскі, якія з’яўляюцца родам войск, а таксама часці і падраздзяленні спец. войск (радыёэлектроннай барацьбы, сувязі, інж., хім., тэхн. забеспячэння). Прызначаны для аховы адм.-паліт., прамысл.-эканам. цэнтраў і раёнаў краіны, груповак узбр. сіл, важных ваен. і інш. аб’ектаў ад удараў праціўніка з паветра; знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, частка іх сіл нясе баявое дзяжурства, ажыццяўляе бесперапынную радыёлакацыйную разведку ў паветр. прасторы, кантроль за парадкам выкарыстання авіяцыяй паветр. прасторы, пралёту дзярж. мяжы Рэспублікі Беларусь і інш. У 1995 войскі ППА Беларусі ўвайшлі ў склад аб’яднанай сістэмы ППА СНД.

А.​А.​Салаўёў.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭХНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,

род войск для вядзення радыёлакацыйнай разведкі паветраных цэлей, радыёлакацыйнага забеспячэння баявых дзеянняў часцей і злучэнняў проціпаветранай абароны і інш.

Узніклі ў пач. 1-й сусв. вайны, калі авіяцыя стала адным са сродкаў узбр. барацьбы. З 1932 у СССР ствараліся падраздзяленні паветр. назірання, апавяшчэння і сувязі (ПНАС). Пераўзбраенне войск ПНАС радыёлакацыйнымі сістэмамі выклікала неабходнасць фарміравання (1952) Р.в. ППА.

Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў (у т. л. асобных) і ўтвараюць на тэр. краіны адзіную цэнтралізаваную сістэму. Гал. задачы Р.в.: выяўленне паветр. аб’ектаў, вызначэнне каардынат, саставу і параметраў іх руху, кантроль за палётамі сваёй авіяцыі, апазнаванне і суправаджэнне розных класаў (тыпаў) цэлей праціўніка і забеспячэнне камандавання інфармацыяй. Р.в. выкарыстоўваюцца таксама для кіравання баявымі дзеяннямі, цэлеўказання зенітным ракетным комплексам, навядзення знішчальнікаў на паветр. цэлі і інш. Асн. сродкі выяўлення паветр. цэлей — радыёлакацыйныя станцыі і комплексы, а таксама сродкі аўтам. сістэм кіравання, перадачы даных, прыстасаванні адлюстравання інфармацыі і інш. На Беларусі Р.в. з’яўляюцца родам войск ППА; радыётэхн. часці і падраздзяленні існуюць і ў інш. відах Узбр. Сіл.

Літ.:

Дружинин В.В. Радиотехнические войска ПВО. М., 1968;

Лобанов М.М. Развитие советской радиолокационной техники. М., 1982;

Костенко В.В. ПВО. Взгляд в завтра // Армия. 2000. № 5.

І.​М.​Нераслаўскі.

Да арт. Радыётэхнічныя войскі. Радыёлакацыйная станцыя «Гама» для выяўлення паветраных цэлей.

т. 13, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад сігнал),

падаванне ўмоўных знакаў (сігналаў), якімі прыцягваюць да чаго-н. увагу, апавяшчаюць, перадаюць загады, паведамленні, забяспечваюць двухбаковыя перагаворы; умоўныя знакі і сістэмы прыстасаванняў, што выкарыстоўваюцца з гэтай мэтай. Адрозніваюць С. зрокавую (прадметная або аптычная), гукавую і тактыльную (успрымаецца органамі дотыку). У залежнасці ад прызначэння бывае аварыйная, выклікальная (або пошукавая), кантрольна-распарадчая (або аператыўная), папераджальная, перагаворная.

Прасцейшы від С. — марская і на транспарце, дзе сігнальнымі сродкамі служаць маякі, святлафоры, семафоры, знакі дарожныя, пуцявыя знакі, гукавыя сігналы і інш. Больш дасканалая аптычная С., ажыццяўляецца з дапамогай ліній аптычнай сувязі. У вытв. умовах кантроль і кіраванне складанымі сістэмамі робіцца з дапамогай аўтам. С.: інфармацыя аб аварыйным стане сістэмы перадаецца мнеманічнымі схемамі, акустычнымі сродкамі (сірэнамі, свісткамі, званкамі, гудкамі), мігальным святлом. У ВМФ выкарыстоўваюць магутныя пражэктары і ліхтары, а таксама ракеты з сігнальнымі саставамі. У паветр. флоце сродкам С. служаць вонкавыя аэранавігацыйныя сігнальныя агні самалётаў і аэрамаякі. Эл. перадача сігналаў дае магчымасць адначасова перадаваць вял. колькасць розных сігналаў на значныя адлегласці і ў розныя пункты (гл. Тэлекіраванне); выкарыстоўваюцца для кіравання энергасістэмамі, на лініях электраперадачы, на чыг. транспарце (гл. Чыгуначная сігналізацыя). Пашыраны таксама радыётэхн. сродкі С.: у метэаралогіі, аэралогіі, у марскім і паветр. флоце (напр., радыёзонды, радыёлакацыйныя станцыі, радыёмаякі). Гл. таксама Пажарная сігналізацыя.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРО́Ў Іван Ягоравіч (23.2.1745, С.-Пецярбург — 17.4.1808),

рускі архітэктар; адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1769). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—62), выкладаў у ёй (1769—72, з 1785 праф.). Як пенсіянер АМ у 1762—68 працаваў у Парыжы і Рыме. У 1772—74 гал. архітэктар Камісіі па мураванай будоўлі Пецярбурга і Масквы. Аўтар сядзібных ансамбляў у Багародзіцку каля Тулы, Нікольскім-Гагарыне каля Масквы (абодва 1773—76), Тайцах (з 1774) і Сіворыцах (1775—76) пад Пецярбургам. З 1774 працаваў над рэканструкцыяй Аляксандра-Неўскай лаўры, пабудаваў там Троіцкі сабор. Найб. значная яго пабудова — Таўрычаскі палац. У пач. 1790-х г. працаваў на Украіне (сабор у Мікалаеве і інш.). З 1800 узначальваў буд. кантроль пры ўзвядзенні Казанскага сабора ў Пецярбургу. Сярод работ на Беларусі: тыпавы праект мураванага і драўлянага паштовага дома (1772; мураваныя дамы пабудаваны ў Віцебску, Магілёве, Полацку); праекты планіроўкі гасцінага двара, сядзібнага дома для рэзідэнцыі графа Р.​А.​Пацёмкіна і перабудовы Спаскай царквы (1784) у г. Дуброўна (Віцебская вобл.), праект палаца Пацёмкіна (канец 1780-х г.) і суднабуд. верфі (1785) у г. Крычаў (Магілёўская вобл.).

Літ.:

Кючарианц Д.А. И.​Старов. Л., 1982;

Морозов В.Ф. Петербургские зодчие — Белоруссии // Ленингр. панорама. 1982. № 12.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 15, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)