КРЭ́ЙЦЭР ((Kreutzer) Радольф) (16.11.1766, г. Версаль, Францыя — 6.1.1831),
французскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Немец па паходжанні. Канцэртаваў з 13 гадоў. З 1783 саліст Каралеўскай капэлы ў Парыжы, шэрагу тэатр. аркестраў, у т. л. з 1801 Парыжскай оперы (з 1817 капельмайстар, музік-дырэктар); камер-віртуоз двара Напалеона I (з 1802), Людовіка XVIII (з 1815). З 1795 праф. Парыжскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў і найб. яркі прадстаўнік т.зв. парыжскай скрыпічнай школы. Аўтар канцэртаў для скрыпкі, стр. трыо, квартэтаў, опер («Поль і Віржынія», «Ладаіска», абедзве паст. ў 1791). Яго эцюды (зб. «42 эцюды або капрысы») паклалі пачатак новаму кірунку ў скрыпічнай педагогіцы. Л.Бетховен прысвяціў К. «Крэйцэраву санату» для скрыпкі з фп.
т. 8, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЕЛІК ((Kubelík) Іеранім Рафаэль) (29.6.1914, Біхары, Чэхія — 1996),
швейцарскі дырыжор і кампазітар. Вучыўся ў бацькі Я.Кубеліка. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1933). З 1934 дырыжор, у 1942—48 і з 1989 маст. кіраўнік Чэш. філармоніі. У 1950—53 узначальваў аркестр у г. Чыкага (ЗША), з 1961 — аркестр Баварскага радыё ў Мюнхене. Муз. кіраўнік многіх спектакляў у буйнейшых оперных т-рах Еўропы («Ковент-Гардэн», Лондан, 1955—58) і ЗША (з 1972 муз. кіраўнік т-ра «Метраполітэн-опера», Нью-Йорк). Сярод твораў: оперы, у т. л. «Вераніка» (паст. 1947); кантаты; рэквіемы (1942, 1962, 1963); «Stabat Mater» (1968); 2 месы; сімфоніі; канцэрты для інструментаў з арк. (1940, 1944, 1950, 1951); камерна-інстр. ансамблі і інш.
т. 8, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Іван Іванавіч) (24.1.1919, в. Ціманава Валуйскага р-на Белгародскай вобл., Расія — 29 1.1986),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1948—53. клас М.Аладава). У 1953—70 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі, выд-ве «Беларусь». Асн. творы: аперэта «Новая прыстань» (1977, лібр. І.Васілеўскара); кантаты, у т. л. «Палі стэпавыя» (1958), «Радуйся, наша зямля» для хору а капэла (1961), «Гімн Радзіме і чалавеку-тварцу» (1963), «Светлы шлях» (1967); «Нёманскі край» для нар. хору з арк. нар. інструментаў (1968), сюіта для хору а капэла «У родным краі», «Дзіцячы альбом» (25 хароў а капэла); песні і інш.
Літ.:
Загародні Г.М. Іван Кузняцоў. Мн., 1971.
Г.М.Загародні.
т. 8, с. 562
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІНА (Таццяна Карнееўна) (15.8.1891, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 22.3.1980),
бел. дзеяч самадз. мастацтва, кампазітар-аматар. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Працавала ў калгасе, загадвала сельскай б-кай, навучала спевам у сярэдняй школе на радзіме. На аснове сямейнага гурту Лапаціных арганізавала і ў 1936—54 узначальвала Азершчынскі нар. хор — адзін з лепшых бел. самадз. калектываў. Пры яе ўдзеле ў хоры створаны найб. папулярныя песні «Наша сяло», «Кучаравая вішня», «Дождж ідзе», «Падзяка». «Прыязджайце да нас у калгас», «Дняпро», «За Азершчынай палі залатыя», а таксама песня Л. «Марфута».
Літ.:
Есакоў А., Смольскі Б. Калгасны хор сяла Азершчына Мн., 1953;
Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962.
Г.І.Цітовіч.
т. 9, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́Ў (Канстанцін Якаўлевіч) (199. 1900, г. Адэса, Украіна — 6.9.1983),
расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Саратаўскую кансерваторыю (1922). З 1919 у Саратаўскім т-ры мініяцюр, з 1923 у Маскве. Асн. галіна творчасці — песня (больш за 800, у т. л. «Песня пра тачанку», «У зямлянцы», «Махорачка», «Хадзілі мы паходамі», «Севастопальскі вальс» і інш.). Аўтар опер «Алеся» паводле А.Купрына (паст. 1959), «Дачка Кубы» (паст. 1962), 10 аперэт, у т. л. «Караліна» паводле К.Гальдоні (паст. 1948), «Севастопальскі вальс» (паст. 1961), «Сэрца балтыйца» (паст. 1964), вак.-сімф. паэмы «Грэнада» (1968), араторыі, сімфоніі, фантазіі для аркестра, канцэрта для скрыпкі з арк. (1970), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Літ.:
Тищенко А. К.Листов. М.,1987.
т. 9, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫНЬШ ((Mediņš) Язепс) (13.2.1877, г. Каўнас, Літва — 12.6.1947),
латышскі кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Латвіі (1945). Брат Екабса Медыньша і Яніса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз. ін-т па класах скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1896), потым кіраўнік гэтага ін-та і педагог. У 1906—11 дырыжор т-ра Рыжскага лат. т-ва, у 1915—22 кіраўнік розных оперных труп. У 1922—25 канцэртмайстар і дырыжор Латв. нац. оперы. Выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1946 праф.). Асн. творы: оперы «Жрыца» (паст. 1927), «Земдэгі» (1947, закончана М.Зарыньшам); 3 сімфоніі (1922—41), сімф паэма «Латышская зямля» (1935); канцэрт для скрыпкі з арк. (1911); хары, сольныя песні і інш.
Л.А.Сівалобчык.
т. 10, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫНА́РСКІ ((Młynarski) Эміль) (18.7. 1870, г. Кібартай Марыямпальскага пав., Літва — 5.4.1935),
польскі дырыжор, скрыпач, кампазітар, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1890); вучань Л.Аўэра, А.Лядава. У 1893—97 выкладаў у Адэсе. У 1899—1903 і 1919—29 гал. дырыжор «Т-ра Велькі», у 1904—07 і 1919—22 дырэктар і праф. кансерваторыі ў Варшаве. Адзін з заснавальнікаў і гал. дырыжор Варшаўскай філармоніі (1901—05). Працаваў у Лондане, Маскве (1914—17, з арк. Вял. т-ра), Філадэльфіі (1929—31). Аўтар сімфоніі «Палонія» (1910), 2 скрыпічных канцэртаў (1897, 1917), п’ес для скрыпкі з фп., у т. л. мазурак, паланэза, «Славянскай калыханкі» для арк., санаты, польскіх танцаў і інш. п’ес для фп., песень.
Літ.:
Mechanisz J. E.Młynarski... Warszawa, 1970.
т. 10, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КЕГЕМ (Ockeghem, Okeghem) Іаханес (Жан) дэ (каля 1425, г. Дэндэрмондэ, Бельгія — 1495), франка-фламандскі кампазітар, дырыжор; віднейшы прадстаўнік нідэрландскай шкалы. Вучыўся ў метрызе (муз. школе, дзе рыхтавалі пеўчых) сабора Нотр-Дам у Антверпене. З 1452 1-ы капелан і капельмайстар франц. каралеўскага двара, з 1456 адначасова каралеўскі саветнік і казначэй абацтва Сен-Мартэн у Туры. Прадстаўнік поліфаніі строгага стылю, узбагаціў тэхніку скразной імітацыі, зацвердзіў паўнагучнае 4-галоссе хар. стылю a cappella. Аўтар мес (захавалася 10), матэтаў (у т. л. 36-галосы матэт «Хвала госпаду» — спалучэнне чатырох 9-галосых канонаў, якія прыпісваюць О.), шансон. Для яго твораў характэрны формы на cantus firmus (трывалы напеў), у якасці якога выкарыстоўваў і свецкія песні. Кампазіцыі будаваў на матэм. разліках.
т. 11, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУЭ́КТАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 12.4.1952, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1976). З 1976 выкладаў у Пскоўскім і Наваполацкім муз. вучылішчах. З 1980 у Мінску. Яго творчасці ўласціва цікавасць да разнастайных жанраў і стыляў. Сярод твораў: мюзікл «Граф Монтэ-Крыста» паводле А.Дзюма (1985); сімф. паэма «Мцыры» паводле М.Лермантава (1976), андантэ «Вега» (1981), Сімфаньета (1982) для сімф. арк.; санаты № 1—5 для фп. (1978—87), фп. трыо (1981), 2 сюіты для фп., «Зборнік дзіцячых п’ес» (1988—94) для фп., 90 джазавых тэм, хары на вершы М.Багдановіча, П.Броўкі, М.Танка, С.Ясеніна, І.Нікіціна, А.Фета, песні на ўласныя вершы і інш.
т. 12, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУМБЕ́СКУ ((Porumbescu) Чыпрыян) (14.10.1853, Шыпатэле-Сучэвей, Румынія — 25.5.1883),
румынскі кампазітар, дырыжор; адзін з заснавальнікаў рум. прафес. музыкі. У 1879—81 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў А.Брукнера і інш. З 1870-х г. кіраваў хар. калектывамі, выкладаў музыку ў г. Брашоў, Чарнаўцы. Яго музыка арганічна звязана з рум. муз. фальклорам. Найб. вядомы хар. песні, у т. л. «Тры колеры» (з 1977 Дзярж. гімн Румыніі). З інш. твораў: быт. сатырычная камедыя «Кандыдат Лінтэ» (1877, на ўласнае лібрэта), аперэта «Маладзік» (паст. 1882), «Балада» для скрыпкі і фп. (1880), «Румынская рапсодыя» для фп., рамансы, хары, музыка для драм. т-ра.
Літ.:
Ванча З. Ч.Порумбеску // Страницы истории румынской музыки: Пер. с рум. М., 1979.
т. 12, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)