МАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,

выбіральнае паглынанне рэчывам эл.-магн. хваль пэўнай частаты, абумоўленае зменай арыентацыі магнітных момантаў часціц рэчыва (электронаў, атамных ядраў).

Энергет. ўзроўні часціцы, якая мае магнітны момант, у знешнім магн. полі расшчапляюцца на магн. падузроўні, кожнаму з якіх адпавядае пэўная арыентацыя магн. моманту адносна поля (гл. Зеемана з’ява). Эл.-магн. поле рэзананснай частаты выклікае квантавы пераход паміж магн. падузроўнямі. Пры паглынанні энергіі ядрамі атамаў назіраецца ядзерны магнітны рэзананс; у парамагнетыках паглынанне энергіі абумоўлена магн. момантамі няспараных электронаў — электронны парамагнітны рэзананс; у магнітаўпарадкаваных рэчывах адрозніваюць ферамагнітны рэзананс, антыферамагнітны рэзананс, ферымагнітны рэзананс. Выкарыстоўваецца для даследавання ўнутр. структуры цвёрдых цел і вадкасцей, для неразбуральнага хім. аналізу, прэцызійных метадаў вымярэння і стабілізацыі магн. палёў, у ферытавых прыладах ЗВЧ, мазерах і інш.

Літ.:

Сликтер Ч.П. Основы теории магнитного резонанса: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАНІМІ́Я,

моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.

Літ.:

Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІ́НАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 15.4.1939, г. Магілёў),

бел. фізік. Акад. Нац. АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1984). Д-р фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1961). З 1964 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (у 1987—98 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, спектраскапіі складаных арган. злучэнняў. Распрацаваў спектраскапічныя метады даследавання ўзбуджаных станаў лазерных асяроддзяў, лазеры на растворах арган. злучэнняў. Даследаваў залежнасць спектра флуарэсцэнцыі раствораў ад частаты ўзбуджальнага святла (з’ява батахромнай люмінесцэнцыі). Развіў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. Дзярж. прэмія СССР 1972. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);

Оптические квантовые генераторы на красителях и их применение (разам з У.​І.​Томіным) // Радиотехника. М., 1976. Т. 9;

Лазеры на растворах красителей // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

А.М.Рубінаў.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСА́ЦЫЯ МАГНІ́ТНАЯ,

працэс устанаўлення раўнавагі тэрмадынамічнай у сістэме магн. момантаў рэчыва. Складаны шматступеньчаты працэс, які характарызуюць рознымі значэннямі часу рэлаксацыі.

Магн. ўласцівасці рэчываў абумоўлены макраскапічнымі магн. момантамі, якія звязаны са спінам электронаў і ядзер і ўтвараюць магн. (ці спінавую) сістэму. Энергія гэтай сістэмы складаецца з яе ўзаемадзеяння са знешнім магн полем (зееманаўская энергія; гл. Зеемана з’ява), унутрыкрышталічным полем і паміж самімі мікраскапічнымі момантамі. Р.м., пры якой поўная энергія сістэмы не мяняецца, а толькі пераразмяркоўваецца паміж ступенямі свабоды магн. момантаў, наз. спін-спінавай. Р.м., што змяняе поўную энергію сістэмы, наз. спін-рашотачнай, яна ўстанаўлівае раўнавагу паміж сістэмай і тэрмастатам («рашоткай»). Выкарыстоўваецца ў прыстасаваннях магн. памяці і магн. запісу (вызначае іх хуткадзеянне і частотны дыяпазон), пры атрыманні звышнізкіх т-р з дапамогай адыябатычнага размагнічвання (гл. Магнітнае ахаладжэнне), у квантавых парамагн. узмацняльніках (мазерах) і інш.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прычы́на ’з’ява, акалічнасць, якая абумоўлівае другую з’яву; віна’; ’падстава, зачэпка’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Ян.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС), прічы́на ’тс’ (Бяльк.), прычы́нка ’зачэпка’ (Янк. 3.), з далейшым семантычным развіццём — ’выпадак, нагода’ (Дзмітр., Нас., Нар. Гом.), ’напасць’ (швянч., смарг., мядз., Сл. ПЗБ), ’няшчасце, бяда’, ’пажаданне нядобрага’ (Ян.), ’падучая хвароба’ (Нас.). Асобна трэба вылучыць таксама яшчэ больш далёкія ў семантычных адносінах прычы́на ’варажба аб замужжы’ (Маш.), ’бяседа’ (ТС). Укр. причи́на ’падстава’, ’бяда; хвароба, выкліканая чараўніцтвам’, ’віна’, рус. причи́на ’прычына’, дыял. ’дзіўны выпадак; непрыемнасць, напасць, няшчасце’, ’сурокі; хвароба, гарачка; падучая’, польск. przyczyna ’прычына’, чэш. přičina ’падстава, нагода’, славац. príčina, в.-луж. přičina, н.-луж. pśicyna, серб.-харв. причѝна, балг. причи́на, макед. причина ’тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад *pričiniti < *činiti (гл. прычыніць, чыніць) (Бернекер, 1, 156; Брукнер, 82; Фасмер, 3, 369). Паводле Банькоўскага (2, 932), на з’яўленне значэння ’з’ява, акалічнасць, якія служаць падставай для чаго-небудзь’, паўплывалі пераклады лац. causa і ням. Ursache ’прычына’. Для ўсходнеславянскіх моў дапускаецца калькаванне з польскай або чэшскай (ЕСУМ, 4, 583).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падзе́я, ‑і, ж.

Здарэнне, выпадак. Падзеі апошніх дзён адышлі дзесь далёка-далёка, як бы іх і не было. Колас. У Міколкавым раннім дзяцінстве было многа падзей, але ці дужа іх ўспомніш усе. Лынькоў. // Тое, што парушае звычайны парадак, нармальную плынь жыцця. Заняткі прайшлі без асаблівых падзей. Гамолка. // Важная, выдатная з’ява, вялікае здарэнне. Гістарычная падзея. Міжнародным падзеі. □ Над Свіслаччу домік Стаў сведкам Вялікіх у свеце падзей. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыкме́ціць ’убачыць, звярнуць увагу; заўважыць; запомніць; намеціць’ (ТСБМ, Яруш., ТС), таксама з семантычным зрухам прикміэтилося ’здалося, падалося’ (Бес.). Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі: прыкме́та ’адметная рыса, па якой можна пазнаць, вызначыць; у забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, што прадвяшчае што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), прыкаме́та ’прыкмета’ (Мат. Гом.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кме́ціць ’заўважаць, разумець, цяміць’ (гл.), якое ў сваю чаргу працягвае прасл. *kъmětiti < kь‑ + дзеяслоў *mětiti (ЭССЯ, 13, 198; толькі з укр. адпаведнікамі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гало́

(фр. halo, ад гр. halos = круг)

аптычная з’ява ў форме каляровага бліскучага круга вакол Сонца або Месяца, якая ўтвараецца ў выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталіках верхніх слаёў атмасферы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св. Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл. гл. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;

Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.

Н.​В.​Федасеенка.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАКЛІ́Т (Hēracleitos) Эфескі

(каля 520—460 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік іанійскай школы, заснавальнік дыялектыкі. Захавалася каля 130 фрагментаў яго твора «Аб прыродзе». Цэнтр. паняцце яго філасофіі — логас (розум); тое, што адпавядае яму ў рэальнасці, вечнае і абумоўлівае сапраўдны стан рэчаў. Кожная з’ява, паводле Геракліта, — тоеснасць супрацьлегласцей. Для выяўлення гэтага адзінства патрэбны псіхал. ўстаноўка на пазнанне і апора на сведчанні органаў пачуццяў, а таксама арыентацыя на светапоглядныя ўяўленні аб зменлівасці (цякучасці) усяго існага, аб вечна жывым агні, які «мерна ўзгараецца і мерна патухае», як яго аснове, аб фундаментальнай ролі ўсеагульнага. Пазнанне ўсеагульнага логаса Геракліт прыпадабняў да вырошчвання чалавечай душой уласнага логаса. Сац.-паліт. погляды Геракліта вызначаліся антыдэмакратызмам, супрацьпастаўленнем «герояў» і «натоўпу» ў спалучэнні з прызнаннем неабходнасці развіцця грамадства і прыярытэтнасці вызначаных дзяржавай законаў перад інш. сродкамі рэгулявання грамадскага жыцця.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Материалисты Древней Греции. М., 1955.

У.​К.​Лукашэвіч.

Геракліт.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)