АЎТАДРО́М (ад аўта... + грэч. dromos месца для бегу),
тэрыторыя з комплексам дарог і збудаванняў для выпрабавання аўтамабіляў і правядзення аўтаспаборніцтваў. Тэр. для спарт. спаборніцтваў і выпрабаванняў аўтамабіляў і матацыклаў наз. аўтамотадромам. Адзін з першых аўтадромаў (трэкаў) пабудаваны ў Англіі — Бруклінскі (1906).
Аўтадром складаецца з замкнёнай (асноўнай) дарогі і дапаможных дарог. Замкнёная дарога (трэк) мае бетоннае пакрыццё і нахіл на віражах, што дае магчымасць развіваць макс. скорасць. Дапаможныя дарогі маюць розныя тыпы пакрыццяў: асфальтабетонныя, гравійныя, грунтавыя, на асобных участках з калдобінамі, крутымі пад’ёмамі і з’ездамі, рабрыстымі бетоннымі пакрыццямі і інш. перашкодамі для выпрабавання аўтамабіляў на трываласць, надзейнасць, устойлівасць. У склад аўтадрома ўваходзяць таксама трыбуны для гледачоў, пляцоўкі для спаборніцтваў, гаражы, памяшканні для тэхн. абслугоўвання машын, метэаралагічная станцыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБАРЫ́Т (франц. gabarit),
гранічны знешні абрыс (контур) прадмета, збудавання ці ўстройства. З улікам габарыту рухомага саставу вядзецца праектаванне мастоў, ліній электраперадач і сувязі, інш.збудаванняў.
На чыгунцы адрозніваюць габарыт рухомага саставу (лакаматыва, вагона) і габарыт набліжэння збудавання да чыг. пуці (абрыс прасторы ўздоўж пуці). На рачным транспарце — габарыт судна і габарыт падмаставы (контур свабоднай прасторы пад мостам). На аўтадарогах устанаўліваюць габарыт набліжэння канструкцый мастоў — гранічны папярочны контур, унутр якога не павінны заходзіць элементы збудавання або размешчаных на ім прыстасаванняў. Габарытныя абмежаванні аўтамабіля: даўжыні — 12 м (аўтапоезда 24 м), шырыні — 2,5 м, вышыні — 3,8 м (для аўтамабіляў з буйнатанажнымі кантэйнерамі 4 м).
Да арт.Габарыт. Габарытныя абмежаванні: 1 — даўжыні цягача з паўпрычэпам; 2 — шырыні і вышыні аўтамабіля; 3 — даўжыні аўтамабіля з двума прычэпамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛАСАВЫ,
рускія архітэктары, браты. Ураджэнцы Масквы. Чл. Асацыяцыі сучасных архітэктараў. Панцеляймон Аляксандравіч (25.7.1882 — 8.6.1945), вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1906—11). Удзельнічаў у складанні плана «Новая Масква» (1918—23), праектаванні Усерас.с.-г. саматужна-прамысл. выстаўкі (1923). Пабудаваў шэраг будынкаў у стылі функцыяналізму: камбінат газ. «Праўда» (1929—35), дамы на Вял. Броннай вул. (1937—38) у Маскве. Займаўся праблемамі горада-сада (праект пас. Грознафта, 1920-я г.). Ілья Аляксандравіч (31.7.1883 — 29.1.1945), скончыў Пецярбургскую АМ (1915). Аўтар выразных па кампазіцыі праектаў і збудаванняў ў Маскве ў стылі канструктывізму: павільёна Д. Усходу на Усерас.с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўцы (1923), клуба імя Зуева (1928), праекта Палаца Саветаў (1931), дамоў Наркамбуда (1939) і інш. У 1930-я г. звярнуўся да формаў класікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАДРО́М (грэч. hippodromos ад hippos конь + dromos бег, месца для бегу),
комплекс збудаванняў для конна-спарт. спаборніцтваў, выпрабавання, трэнінгу і выставак племянных коней; установа, якая іх арганізуе. Бываюць І. для выпрабаванняў верхавых, рысістых, ламавых коней і камбінаваныя. На тэр. І. размяшчаюцца стайні, вет. лазарэт, кузня і інш.гасп. пабудовы, месцы для сядлоўкі і вывадкі коней перад скачкамі, т.зв. падок.
Вядомы са старажытнасці. І. Стараж. Грэцыі і Рыма мелі форму прамавугольнай ці закругленай пляцоўкі са сцяной пасярэдзіне. Вакол пляцоўкі — трыбуны для гледачоў (І. у Канстанцінопалі, 203—330). З канца 19 ст. іх будавалі ў вял. гарадах Беларусі, Расіі, Украіны і інш.Найб. буйныя сучасныя І.: Маскоўскі (Расія), Лексінгтонскі (ЗША), Нью-Маркет (Вялікабрытанія), Ланшан (Францыя), Пардубіцкі (Чэхія), Мадрыдскі (Іспанія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХЕНАІНДЫКА́ЦЫЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + лац. indico указваю, вызначаю),
метад ацэнкі забруджанасці навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем лішайнікаў як найб. адчувальных індыкатарных раслін. Адрозніваюць колькасную (з дапамогай матэм. індэксаў), якасную (параўнанне пашырэння відаў з паказчыкамі забруджанасці) і ўскосную (па стане жыццядзейнасці) індыкацыю. Па паказчыках Л. выяўляецца: стан прыродных і культурных ландшафтаў, узрост і захаванасць першаснага лесу, кіслотнасць глеб, сан.-гігіенічны стан паветра населеных пунктаў і прамысл. цэнтраў, узрост валуноў і стараж.збудаванняў, геал. ўмовы мясцовасці і інш. На Беларусі Л. выкарыстоўваецца пры даследаванні забруджанасці атмасферы двухвокісам серы, экалагічнай экспертызе населеных пунктаў, ланд шафтна-экалагічных даследаваннях раслінных комплексаў.
Літ.:
Горбач Н.В. Об индикационной роли лишайников в лесных сообществах // Геоботанические исследования. Мн., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,
пакрыццё паверхняў будынкаў, збудаванняў і вырабаў ахоўнымі, дэкаратыўнымі або інш. фарбавальнымі саставамі; разнавіднасць аддзелачных работ. Уключаюць ачыстку паверхні, нанясенне грунтавога саставу, падмазку няроўных месцаў і суцэльную шпаклёўку, шліфаванне паверхні, афарбоўку.
Ачыстку паверхні робяць пескаструменнымі апаратамі, мех. шчоткамі і шарошкамі, ручнымі інструментамі; шпаклёўку — механізаванымі шпатэлямі і пнеўматычнымі агрэгатамі, што распыляюць шпаклёвачныя саставы, якія падрыхтоўваюць у выглядзе канцэнтратаў, што разбаўляюцца на месцы работ разбаўляльнікамі да патрэбнай кансістэнцыі (гл.Лакафарбавыя матэрыялы). Пры М.р. на буд. аб’ектах выкарыстоўваюць рыштаванні і падмосткі, падвесныя люлькі, для засцярогі — ахоўныя акуляры і рэспіратары.
І.І.Леановіч.
Інструменты і прыстасаванні для малярных работ: 1—6 — пэндзлі (пабелачны, маклавіца, ручнік, флейц, філянговы, тарцоўка); 7 — футравы валік; 8 — здвоены валік для афарбоўкі труб; 9 — ванначка з сеткай; 10 — шпатэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІ́РА (галанд. mortier ад лац. mortarium ступа),
артылерыйская гармата буйнога калібру з кароткім ствалом, прызначаная пераважна для разбурэння асабліва моцных збудаванняў. М. вядомы з 15 ст.; спачатку былі гладкаствольныя, пазней наразныя. У 17—19 ст. выкарыстоўваліся для навясной стральбы па абарончых збудаваннях (аблогавыя і цытадэльныя М.), па палубах караблёў (берагавыя М.), па войсках за ўкрыццямі (палявыя М.). У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся М. калібру 152—420 мм. Незадоўга да 2-й сусв. вайны ў СССР створана 280 мм М. ўзору 1939, якая страляла на адлегласць да 10,7 км. У час 2-й сусв. вайны М. прымяняліся рэдка: іх ролю выконвалі гаўбіцы і мінамёты. У сучасных арміях не выкарыстоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,
сістэма збудаванняў, прыстасаванняў, прылад для забеспячэння бяспечнага ваджэння суднаў, лятальных апаратаў, наземных трансп. сродкаў і інш. рухомых аб’ектаў у любых ўмовах; адзін з тэхн. сродкаў навігацыі.
Сродкі Н.а. (СНА) устанаўліваюць на зямной і воднай паверхні, на борце рухомых аб’ектаў. Паводле тэхн. аснашчанасці падзяляюцца на візуальныя і спецыяльныя. Візуальныя СНА — светлавыя маякі, буі, бакены, плывучыя вехі і інш. навігацыйныя знакі, што свецяцца і не свецяцца; спецыяльныя — акустычныя, або гукавыя, сродкі (гукасігнальныя і электраакустычныя ўстаноўкі, напр., сірэны, наўтафоны; гідраакустычныя маякі) і радыётэхнічныя (перадавальныя радыёстанцыі, радыёкомпасы, радыёпеленгатары, радыёмаякі вугламерных, дальнамерных і рознаснадальнамерных сістэм, якія бываюць імпульснымі, фазавымі, імпульсна-фазавымі і частотнымі). Да радыётэхн. сродкаў адносяцца таксама актыўныя адказчыкі і пасіўныя адбівальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНу архітэктуры,
1) выкананае ў вызначаным маштабе графічнае адлюстраванне гарыз. праекцыі будынка (або аднаго з яго паверхаў ці памяшканняў), арх. канструкцый, дэталей, комплексу будынкаў, населенага пункта ці асобных яго частак. Падзяляюцца на натурныя (зробленыя на аснове арх. абмераў) і праектныя (створаныя ў працэсе праектавання арх.збудаванняў). На П. могуць быць паказаны азеляненне тэрыторыі, схема трансп. сеткі ў горадзе і інж. камунікацый у ім і інш. З’яўляецца важнай характарыстыкай формы, памераў і канфігурацыі збудавання. П. выкарыстоўваліся з даўніх часоў (Стараж. Грэцыя, Рым). На Беларусі схематычныя П.-абрысы пачалі выкарыстоўваць з 17 ст. 2) Характарыстыка размяшчэння асобных ч. будынка або ансамбля на ўзроўні зямлі (у шматпавярховых будынках і ў комплексах, размешчаных на складаным рэльефе — на розных узроўнях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фунда́мент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.
1.‑а. Падмурак, аснова (з бетону, каменю і пад.), што служаць апорай якіх‑н. збудаванняў, машын і пад. Цяпер дзяўчаты бяруць з гары пясок для фундаментаў тых дамоў, у якіх яны будуць жыць.Кулакоўскі.Праўда, год з дваццаць назад, пасля вайны, перасыпаў яе Арцём, даў пад вокны пару новых вянкоў, падклаў фундамент, і стаіць сабе хата, як новая.Дзятлаў.
2.‑у; перан. Галоўнае, істотнае; тое, што ляжыць у аснове чаго‑н.; база. Фундамент эканомікі складаюць асноўныя вытворчыя фонды народнай гаспадаркі.«Звязда».Дыялектыка-матэрыялістычнае разуменне гісторыі з’яўляецца філасофскім фундаментам навуковага камунізма.Лушчыцкі.
•••
Закласці фундаментгл. закласці.
[Лац. fundamentum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)