БЕЙРУ́Т,

горад, сталіца Лівана. Размешчаны на скалістым п-ве на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. 1,1 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Порт (вываз цытрусавых, яблыкаў, аліўкавага алею, шоўку-сырцу, воўны). Праз Бейрут ідзе транзітны гандаль краін Б. і Сярэдняга Усходу з Еўропай і інш. рэгіёнамі. Прамысл. і гандл.-фінансавы цэнтр Лівана. У Бейруце і яго прыгарадах каля 70% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. Тэкст., харч., гарбарная, нафтаперапр., цэм., металаапр. прам-сць. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Музеі: Нац. музей Лівана, прыгожых мастацтваў, амер. ун-та.

Вядомы з 15 ст. да нашай эры пад назвай Берыт, горад і порт Фінікіі. У 3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры значны гандл.-рамесны цэнтр, меў аўтаномію і права чаканіць манету. З 635 у складзе Арабскага халіфата. У 1110—1291 (з перапынкам) пад уладай крыжаносцаў, у 14—15 — егіп. мамлюкаў. У 1516—1918 у складзе Асманскай імперыі. Пры эміру Фахр-ад-дзіне II (1590—1635) сталіца створанай ім незалежнай ліванскай дзяржавы, рэзідэнцыя эміра. У 1920—43 адм. цэнтр падмандатнага Францыі Лівана. З 1943 сталіца Ліванскай Рэспублікі. У 1952—75 фін. і банкаўскі цэнтр Б Усходу. Моцна пацярпеў у час працяглай грамадз. вайны (1975—90).

У горадзе захаваліся рэшткі фінікайскіх, рымскіх і візант. збудаванняў. Сярод арх. помнікаў сярэднявечча мячэць Амара (Джамі аль-Амары, перабудавана ў 1291 з царквы Іаана Хрысціцеля) і «Палацавая мячэць» (пач. 16 ст.). Сучасны Бейрут — з прамымі вуліцамі, шырокай набярэжнай і 3 гал. плошчамі, забудаваны шматпавярховымі дамамі (арх. А.Табет і інш.). У паўн. частцы горада — атэлі «Сен-Жорж» і «Фінікія», будынак Мін-ва юстыцыі, стадыён на 100 тыс. гледачоў і інш. За 25 км ад Бейрута — палац Бейт-эд-дзін, аздоблены мармурам і размалёўкай (19—20 ст.).

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)