КАМІТЭ́Т МАЛАДЗЁЖНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ БЕЛАРУ́СІ (КМА Беларусі),

незалежнае грамадскае аб’яднанне маладзёжных і дзіцячых арганізацый у 1958—95. Створаны ў кастр. 1958 як КМА БССР. Заклаў падмурак міжнар. супрацоўніцтва бел. моладзі, наладзіў сувязі з маладзёжнымі арг-цыямі Польшчы, Венгрыі, Югаславіі, В’етнама, ФРГ, Бельгіі, ЗША і інш. КМА БССР быў адзінай арг-цыяй, якая ва ўмовах сав. сістэмы давала бел. моладзі магчымасць выязджаць за мяжу. Асн. мэты: развіццё навук., тэхн. і маст. творчасці моладзі; абарона паліт., сац.-эканам., асабістых правоў, свабод і законных інтарэсаў маладзёжных арг-цый Беларусі; стварэнне і развіццё новых маладзёжных рухаў і арг-цый, прадстаўленне іх інтарэсаў на міжнар. арэне; развіццё рэгіянальнага міжнар. супрацоўніцтва і інш. У кастр. 1991 зарэгістраваны як КМА Беларусі. У сак. 1995 перарэгістраваны як Бел. нац. к-т маладзёжных арг-цый (БНКМА). Вышэйшы орган — сход прадстаўнікоў арганізацый-членаў, выканаўчы — прэзідыум БНКМА. У складзе БНКМА 28 арганізацый-членаў і 6 арганізацый-наглядальнікаў (1997).

А.​М.​Шавель.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́НТ нацыянальны,

вышэйшы заканад. і выканаўчы орган 1-й Франц. рэспублікі ў 1792—95. Скліканы ў Парыжы пасля ліквідацыі манархіі ў выніку нар. паўстання 10.8 1792. Складаўся з 783 дэпутатаў, якія ўтваралі 3 групоўкі: найб. радыкальная (якабінцы) сапернічала з больш памяркоўнымі жырандыстамі (брысоцінцамі); «балота» вагалася і падтрымлівала ў той ці іншы момант мацнейшы бок. У 1792—93 у К. дамінавалі жырандысты, пасля паўстання 31.5—2.6.1793 — якабінцы. Якабінскі К. быў вышэйшым органам якабінскай дыктатуры, у якой гал. ролю адыгрываў К-т грамадскага выратавання (у розны час уваходзілі Ж.Ж.Дантон. Л.​А.​Сен-Жуст, Ж.​Кутон, М.Рабеспёр і інш.), які кіраваў усёй дзярж. і паліт. дзейнасцю ў краіне і якому былі падначалены ўсе органы дзярж. улады, у т. л. ваенныя. Гэты к-т разам з К-там грамадскай бяспекі (праследаваў паліт. апанентаў) складаў рэв. ўрад якабінцаў. Тэрмідарыянскі пераварот (ліп. 1794) паклаў пачатак т.зв. тэрмідарыянскаму К., у выніку дзейнасці якога падрыхтаваны пераход да рэжыму Дырэкторыі. Гл. таксама Французская рэвалюцыя 1789—99.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),

асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.

Т.​І.​Адула.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУСІ́СТАЎ (МАБ). Створана 21.5.1991 у Мінску. Вышэйшы орган — Міжнар. кангрэс беларусістаў

(раз у 4 гады). Выканаўчы орган — Міжнар. к-т беларусістаў, які працуе на базе Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.​Скарыны. Аб’ядноўвае каля 600 беларусістаў, у т. л. амаль 200 з 23 замежных краін. Прэзідэнт МАБ А.​В.​Мальдзіс. Падтрымлівае кантакты і сувязі з беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, л-рай. Праводзіць міжнар. канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, «круглыя сталы». Выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 1996, адсылаецца ў 19 краін свету) і штогоднік «Беларусіка = Albaruthenika» (з 1993). Выдадзены кнігі: «Матэрыялы I Міжнароднага кангрэса беларусістаў і Юбілейнай сесіі АН Беларусі, прысвечанай 500-годдзю з часу нараджэння Ф.​Скарыны» (кн. 1, 1993),

«Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў» (кн. 2, 1993), «Культура беларускага замежжа. Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні» (кн. 5, 1995), «Беларусь паміж Усходам і Захадам» (кн. 6, ч. 1—2, 1997) і інш.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),

міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.

МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т. л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).

Г.​А.​Маслыка.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З БЫЛЫ́Х МАЛАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ (МСБВФ) краін СНД, грамадска-патрыят. арг-цыя. Створана ў 1986 на базе Сав. дзіцячага фонду імя У.​І.​Леніна (да 1992 наз. «Дзеці вайны 1941—45»). Уваходзяць саветы б. вязняў краін СНД і Прыбалтыкі, у т. л. Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму. Аб’ядноўвае больш за 450 000 малалетніх вязняў фашызму (1999). Асн. задача — сац. абарона б. малалетніх вязняў, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі, Польшчы і інш. месцах прымусовага ўтрымання прафаш. рэжымаў дзяржаў Еўропы. У саюзе ёсць секцыя «Дзеці-вязні — інваліды Вял. Айч. вайны». Вышэйшы орган МСБВФ — з’езд. Цэнтральны савет арг-цыі знаходзіцца ў Маскве, пры падтрымцы германа-бел., -рас. і -ўкр. фондаў «Узаемаразуменне і прымірэнне», з 1992 у Маскве на рус. мове выдаецца газ. «Судьба». Адбылося 8 з’ездаў МСБВФ, у т. л. 4-ы ў г. Брэст (22.6.1995).

Літ.:

Асколкі болю. Брэст, 1999;

Литвинов В.В. Поезд из ночи. Киев, 1989.

М.​П.​Клімец.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ КАМУНІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СКАЯ (ПКБ),

палітычная партыя камуніст. кірунку на Беларусі. Створана ў снеж. 1991. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Цэнтр. Камітэт. Гал. мэты — аб’яднанне і паліт. развіццё работнікаў наёмнай працы для дасягнення імі поўнага вызвалення ад эксплуатацыі ва ўсіх яе відах і пабудова бяскласавага грамадства сац. справядлівасці. ПКБ лічыць сваёй задачай падрыхтоўку неабходных паліт., прававых і эканам. умоў для пераўтварэння грамадства. У ліку асн. метадаў дзейнасці партыі — агітац.-масавая работа сярод насельніцтва, удзел у выбарах, актыўная праца ў заканадаўчых і прадстаўнічых органах улады, вынясенне на абмеркаванне грамадскасці і ўладных органаў сац.-эканам., паліт. і інш. праграм пераўтварэнняў, правядзенне грамадска-паліт. акцый і мерапрыемстваў у інтарэсах працоўных і сац. прагрэсу. Падтрымлівае кантакты і сувязі з камуніст., рабочымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі больш чым 20 краін. Друкаваны орган — газ. «Товарищ» (з 1994). На 1.4.2001 дзейнічалі 6 абл., Мінская гар., 95 раённых, 17 гар. і 284 пярвічныя арг-цыі ПКБ, якія аб’ядноўвалі 8300 членаў партыі.

А.​І.​Філімонаў.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.

2. Добры, удачны. Складнае жыццё.

3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.

складны́, а́я, ‑о́е.

Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

высо́кі, -ая, -ае; вышэ́йшы; найвышэ́йшы.

1. Вялікі па працягласці знізу ўверх або далёка размешчаны ў напрамку знізу ўверх; проціл. нізкі.

В. рост.

В. дом.

Высокія горы.

Жыць высока (прысл.). В. лоб (вялікі).

2. Значна большы за сярэднюю норму, за сярэдні ўзровень.

В. ціск крыві.

В. ўраджай.

Высокія тэмпы развіцця.

В. працэнт.

Высокая вада (на высокім узроўні).

3. Выдатны па сваім значэнні, вельмі важны, пачэсны (кніжн.).

Высокая адказнасць.

В. гонар.

Высокая ўзнагарода.

В. госць.

4. Поўны глыбокага значэння, незвычайны па сваім змесце (кніжн.).

Высокая ідэйнасць.

В. стыль.

5. Вельмі добры.

Высокае майстэрства.

Кніга высокай вартасці.

Быць высокай думкі пра каго-н.

6. Тонкі, гучны, які ўтвараецца ваганнямі вялікай частаты (пра гукі).

В. голас.

Высокая нота.

|| наз. вышыня́, -і, мн. вышы́ні, вышы́нь, ж. (да 1, 2 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кардына́л

(польск. kardynał, ад лац. cardinalis = галоўны)

1) вышэйшы пасля рымскага папы духоўны сан у каталіцкай царкве;

2) пеўчая птушка сям. аўсянкавых з ярка-чырвоным пер’ем, якая водзіцца ў Амерыцы;

3) рыба сям. карпавых, якая водзіцца на поўдні Кітая; на Беларусі вядома як акварыумная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)