род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн.Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙЦЫ́ (Lepus),
род млекакормячых сям. зайцавых атр. зайцападобных. Каля 23 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Афрыцы. Найб. вядомыя З.: бяляк (L. timidus), русак (L. europaeus), талай (L. tolai). На Беларусі 2 віды: бяляк і русак.
Даўж. да 75 см, маса да 7 кг. Заднія канечнасці звычайна значна даўжэйшыя за пярэднія. Вушы доўгія, хвост кароткі. Размнажаюцца да 5 разоў за год. Дзіцяняты (2—8) нараджаюцца відушчыя, укрытыя поўсцю, здольныя адразу бегаць. Кормяцца травяністай расліннасцю, карой, пупышкамі, галінкамі дрэў і кустоў, сенам і інш. Аб’екты палявання.
Зайцы: 1 — бяляк, 2 — русак, 3 — талай (а — летам; б — зімой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРЫ́ЙКІ,
млекакормячыя сям. землярыйкавых (Soricidae) атр. насякомаедных. 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы і ПнЗПаўд. Амерыкі. Большасць відаў вядзе наземны, падземны, некат. паўводны спосаб жыцця. Жывуць ад тундры да пустынь. На Беларусі 7 відаў з родаў белазубак, буразубак, кутор.
Даўж. цела 3,5—18 см, хваста 1—12 см, маса 1,2—150 г (самыя дробныя млекакормячыя). Вонкава нагадваюць мышэй, адрозніваюцца рухомым, выцягнутым у хабаток носам. Хвост доўгі з валасамі. Валасяное покрыва аксаміцістае, роўнае. Размнажаюцца 1—3 разы на год. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі — шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Носьбіты інфекцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЕМ-БО́РНУ,
дзяржава ў Цэнтр.Афрыцы ў 9 — канцы 19 ст. Першапачаткова ўключала вобл. Канем (на ПнУ ад воз. Чад), у 14 ст. цэнтр дзяржавы перамясціўся ў вобл. Борну (на З ад воз. Чад). Дзярж. лад — манархія, пануючая рэлігія — іслам, аснова эканомікі — сельская гаспадарка, заснаваная на працы залежных сялян і надзеленых зямлёй рабоў. Найб. росквіт у 13 і 16—17 ст. У канцы 19 ст.тэр. К.-Б. ўваходзіла ў склад Рабаха дзяржавы, у пач. 20 ст. — у калан. ўладанні Вялікабрытаніі (асн. частка), Германіі і Францыі; цяпер у складзе дзяржаў Нігерыя, Чад, Камерун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРА́Н (Crambe) крамбе, род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Афрыцы. Трапляюцца ў стэпах, паўпустынях, на сухіх горных схілах. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 6 відаў: кактэбельскі (C. koktebelica), Коча (C. kotschyana), прутападобны (C. juncea), прыморскі, або марская капуста (C. maritima), татарскі (C. tatarica), сэрцалісты (C. cordifolia).
Адна- ці шматгадовыя травы з развітым сцяблом, апушаным або голым. Лісце буйное, цэльнае, перыста-раздзельнае або выемчата-лопасцевае. Кветкі белыя. Плод — двухчленны струк. Некат. віды К. выкарыстоўваюцца як харч., маслічныя, крухмаланосныя, меданосныя і кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНА́Ф (Hibiscus cannabinus),
кветкавая расліна сам. мальвавых. Пашыраны ў Паўд.Афрыцы і Цэнтр. Індыі. Вырошчваецца на Пд Еўропы, Азіі, Амерыкі.
Аднагадовая лубавалакністая расліна з прамым рабрыстым ці круглаватым сцяблом выш. да 6 м, укрытым шыпікамі. Корань стрыжнёвы, галінасты, даўж. да 2 м. Лісце буйное, сярэдняе — пальчата-раздзельнае, ніжняе — сэрцападобнае, верхняе — ланцэтнае. Кветкі пазушныя, амаль белыя, з ярка-вішнёвай плямай унутры венчыка. Плод — 5-гнездавая каробачка. З валакна К. вырабляюць брызент, вяроўкі, радно, з кастрыцы — паперу і буд. пліты, з насення — тэхн. алей, макуху выкарыстоўваюць як угнаенне і корм для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЖУ́Т, сезам (Sesamum),
род кветкавых раслін сям. кунжутавых (сезамавых). Каля 20 відаў. Пашыраны ў трапічнай і Паўд.Афрыцы. Стараж.культ. алейную расліну К. індыйскі (S. indicum) вырошчваюць у Грэцыі, Егіпце, Закаўказзі, Індыі, Іране, Мексіцы, Сярэдняй Азіі.
К. індыйскі — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым прамастойным сцяблом, пакрытым жалезістымі валаскамі. Лісце ланцэтнае або рассечанае на долі. Кветкі буйныя, белыя, ружовыя ці фіялетавыя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. У насенні — да 65% харч. алею, які ўжываюць непасрэдна ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама ў кандытарскай, кансервавай, маргарынавай прам-сці, медыцыне, тэхніцы Макуха — корм для жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПКО́ЎКА (Dactylis),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашырана ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі, у Паўн. Амерыцы і Паўд.Афрыцы. На Беларусі 2 віды: К. зборная (D. glomerata, нар. назва псіўлюй) і К. шматшлюбная (D. polygama). Трапляецца на лугах, лясных палянах, уздоўж дарог.
К. зборная — шматгадовая травяністая рыхлакустовая расліна выш. да 125 см з кароткапаўзучым карэнішчам, шматлікімі сцёбламі і прыкаранёвым лісцем, утварае дзярніну. Лісце шырокалінейнае, вострашурпатае. Суквецце — густая аднабокая мяцёлка. Каласкі цесна скучаныя з 3—6 кветкамі. Плод — падоўжана-яйцападобная зярняўка. Сенажатная і кармавая расліна, уведзена ў культуру ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАДО́НТЫ [Mastodontidae ад грэч. mastos грудзі, сасок + odus (odontos) зуб],
сямейства выкапнёвых млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з позняга палеагену—неагену (каля 30 млн. гадоў назад) у Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы. Каля 15 відаў. Жылі ў лясах, лесастэпах, на балотах.
Выш. ў карку да 3,2 м. Адрозніваюць М. бугорыстазубых (зубы складаліся з асобных саскападобных бугаркоў — адсюль назва) і М. грэбенязубых (бугаркі зубоў утваралі папярочныя грабяні). Разцы ў выглядзе доўгіх іклаў (біўні) па адной пары ў верхняй 1 ніжняй сківіцах або 1 пара ў верхняй сківіцы. Расліннаедныя. Ад грэбенязубых М. паходзяць сланы. Па рэштках М. вызначаецца ўзрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТ (Cicer),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх.Афрыцы. Трапляюцца па камяністых месцах на горных лугах, утвараюць характэрныя для мясц. расліннасці фітацэнозы. Культывуюць Н. культурны, або бараноў гарох (C. arietinum), які інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Н. культурны — адналетнік выш да 80 см з верт. або ўзыходнымі парасткамі, густа апушанымі залозістымі валаскамі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі адзіночныя, дробныя, чырв., ружовыя або белыя. Плод — боб. Насенне мае да 30% бялку, да 60% вугляводаў, да 7% тлушчу. Харч. (гатуюць крупу, муку, кандытарскія вырабы), кармавая расліна.