МЕНЕГА́ЦЫЯ (Menegazzia),

род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 30 відаў. Пашыраны пераважна ў гарах Еўразіі, Амерыкі, Аўстраліі. На Беларусі 1 від — М. прадзіраўленая (M. pertusa, або M. terebrata), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ствалах і галінках дрэў, бураломе.

Слаявіна разеткападобная, дыям. 5—15 см, зверху шаравата-зялёная, гладкая, з акруглымі шматлікімі дзіркамі, знізу чорная, складкаватая, бліжэй да краёў святлейшая. Лопасці глыбоканадрэзаныя з хвалістым краем. Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца рэдка. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае (сарэдыямі).

У.​У.​Галубкоў.

Менегацыя прадзіраўленая.

т. 10, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТЭРЫГІНА́НДРУМ (Pterigynandrum),

род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 3 віды. Пашыраны ў лясной паласе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі рэліктавы від П. ніткападобны (P. filiforme), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў разрэджаных хваёвых і мяшаных лясах на валунах, пнях, зрэдку на лугах.

Двухдомныя лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, зялёныя, жоўта-зялёныя, бураватыя, бліскучыя. Сцёблы паўзучыя ці ўзыходныя, вілавата- або кусціста-разгалінаваныя. Лісце чарапічнае, каротказавостранае. Каробачка на ножцы, прамастойная, цыліндрычная, жаўтавата-карычневая.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Птэрыгінандрум ніткападобны.

т. 13, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЧЫ́ЎКІ (Carpodacus),

род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 21 від. Пашыраны пераважна ў гарах Цэнтр. Азіі, 3 віды на ПнЗ Паўн. Амерыкі, 1 — у Еўропе. Жывуць у хмызняках і па ўзлесках. На Беларусі 1 від — С. звычайная (C. erythrinus), якая робіць пералёты да Індыі і Кітая.

Даўж. цела да 22 см, маса да 26 г. Самцы пераважна чырв., самкі буравата-шэрыя. Нясуць 3—6 яец. Кормяцца насеннем, ягадамі, зрэдку насякомымі.

Э.​Р.​Самусенка.

Самец сачыўкі звычайнай.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд. ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40° паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.

Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б. ч. Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Неатрапічная біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — калібры вымпелавая; 2 — геліконіус; 3 — вампір вялікі; 4 — тукан вялікі; 5 — грымучая змяя бушмайстар; 6 — апосум вадзяны; 7 — бакашыйная чарапаха матамата; 8 — вугор электрычны; 9 — дэльфін рачны; 10 — піранья.

т. 11, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аро́ба

(ісп. arroba)

мера вагі, роўная 10—15 кг, і аб’ёму, роўная 12,6—40 л, у краінах Лац. Амерыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аліга́тар

(англ. alligator, ад ісп. el lagarto = яшчарка)

тупарылы кракадзіл, які водзіцца ў вадаёмах Паўн. Амерыкі і Паўд. Кітая.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

алька́льд

(ісп. alcalde, ад ар. al-kadī = суддзя)

галава гарадской адміністрацыі, суддзя ў Іспаніі і некаторых краінах Лац. Амерыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

геве́я

(н.-лац. hevea, ад індз. hjewe)

вечназялёнае дрэва сям. малачаевых, пашыранае ў тропіках Амерыкі і Азіі; дае каўчук.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

паланкі́н

(парт. palanquim, ад інд. palaki)

крытыя насілкі, якія служаць сродкам перамяшчэння ў некаторых краінах Усходу і Паўд. Амерыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

п’е

(ісп. pie = фут)

адзінка даўжыні ў некаторых краінах Лац. Амерыкі, Іспаніі, Бельгіі, роўная ад 27,83 да 32,48 см.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)