мело́дыя, ‑і, ж.

1. Заканамерная паслядоўнасць гукаў, якая ўтварае пэўнае музычнае адзінства; напеў, матыў. Павольная, поўная велічнай гармоніі мелодыя гучыць у зале. Мележ. Слоў яшчэ не было — нараджалася адна мелодыя, але за ёй павінны былі з’явіцца і словы. Хадкевіч. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка.

2. Музыкальнасць, меладычнасць. Мелодыя верша. □ І заснеш пад мелодыю слоў Сном аратага — ціхім, шчаслівым. Будзеш сніць аб прасторах палёў, Аб сваіх пазалочаных нівах. Тарас.

[Ад грэч. melōdia — напеў, песня.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калары́т

(іт. colorito, ад лац. color = колер)

1) гарманічнае спалучэнне фарбаў, колераў (у карціне, фрэсцы, мазаіцы), якое стварае пэўнае адзінства зместу і формы (напр. светлы к.);

2) перан. сукупнасць характэрных рыс, своеасаблівасць чаго-н. (напр. к. эпохі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АБЕЛЯ́Р (Abélard) П’ер (1079, Пале каля г. Нант, Францыя — 21.4.1142),

французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. У 1113 адкрыў уласную школу. З 1119 манах. Асн. працы: «Дыялектыка», «Пазнай самога сябе», «Пра Божае адзінства і траістасць», «Так і не», «Дыялог паміж філосафам, іудзеем і хрысціянінам». У тэалогіі імкнуўся да рац. асэнсавання царк. дагматыкі. У спрэчках наміналізму з рэалізмам даказваў: рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, агульныя ж паняцці — толькі ў свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Распрацоўваў схаласт. логіку. Крытэрый маральных паводзін бачыў у згодзе з сумленнем як прыродным маральным законам, быў блізкі да ідэі верацярпімасці. Яго ідэі асуджаны Суасонскім (1121) і Санскім (1140) саборамі. Аўтар аўтабіягр. твора «Гісторыя Абеляравых бедстваў» (1132—36, рус. пер. 1902, 1959), любоўных вершаў, лістоў (да Элаізы) і інш.

Г.​У.​Грушавы.

П.Абеляр.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Гумбальта, адзін з буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1810 у Берліне па ініцыятыве і паводле канцэпцыі В.​Гумбальта як Фрыдрых-Вільгельм ун-т. З 1949 сучасная назва. Працэс адукацыі быў пабудаваны паводле прынцыпу адзінства даследаванняў і навучання. Хутка дасягнуў сусв. значнасці і паўплываў на перабудову інш. універсітэцкіх сістэм. У 19 — пач. 20 ст. быў адзін з вядучых цэнтраў навукі. З ун-там звязана дзейнасць братоў Я. і В.​Грым, Ф.​Бопа, Г.​Гегеля, І.​Фіхтэ, Р.​Коха, Г.​Гельмгольца; у ім працавалі М.​Планк, В.​Нернст, А.​Эйнштэйн і інш. Ф-ты і аддзяленні: філас., юрыд., эканам., пед., тэалагічны, мед., прыродазнаўча-матэм., вет., сельскай гаспадаркі і садоўніцтва, тэорыі і арганізацыі навукі. Пры ун-це працуюць НДІ генетыкі і эксперым. псіхалогіі, абсерваторыя, б-ка і інш.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРТ (Wirth) Карл Іозеф (6.9.1879, г. Фрайбург, Германія — 3.1.1956),

палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Скончыў Фрайбургскі ун-т. Дэпутат рэйхстага ў 1914—18 і 1920—33. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 міністр фінансаў у Бадэне, чл. Нац. сходу. Адзін з лідэраў партыі Цэнтра (да 1933). Міністр фінансаў (1920—21). Рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі ў маі 1921 — ліст. 1922. Урад Вірта імкнуўся да выканання Версальскага мірнага дагавора 1919, падпісаў 16.4.1922 рас.-герм. Рапальскі дагавор. Міністр акупіраваных (паводле Версальскага дагавора) абласцей (1929—30). Міністр унутр. спраў (1930—31). У 1933—48 у эміграцыі. Заснавальнік партый «Саюз цэнтра» (1948) і Саюз немцаў (за адзінства, мір і свабоду). Выступаў за ўзаемаразуменне з СССР (пры нейтральнасці Германіі), супраць эканам. і ваен. інтэграцыі ФРГ у Зах. Еўропу. Чл. Сусв. Савета Міру з 1952.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МАН»

(«Homan»),

бел. грамадска.-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. адраджэнскага кірунку. Выдавалася з 15(28).2.1916 да канца 1918 у Вільні на бел. мове з дазволу акупац. герм. улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В.​Ластоўскі і Я.​Салавей (з сярэдзіны 1917). Выступала за нац.-культ. адзінства бел. народа, незалежную Бел. рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае ВКЛ. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі, асвятляла дзейнасць Дзярж. думы, друкавала інфармацыю з франтоў. Надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню апублікавала некат. творы Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, А.​Гаруна, Ц.​Гартнага, А.​Гурло, а таксама даследаванні М.​Нікіфароўскага, літ.-крытычныя нарысы А.​Луцкевіча (пад. псеўд. А.​Навіна).

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ Аляксандр Аляксеевіч (18.8.1871, С.-Пецярбург — 20.10.1924),

рускі балетмайстар, артыст, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1915). Пасля заканчэння Пецярбургскага тэатр. вучылішча (педагогі П.​Карсавін і М.Петыпа) у 1889—1900 у Марыінскім т-ры, з 1896 выкладаў у Пецярбургскім і Маскоўскім тэатр. вучылішчах. Выконваў класічныя і гратэскавыя партыі: Дэзірэ («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Сатыр, Арлекін («Поры года», «Выпрабаванне Даміса» А.​Глазунова) і інш. У 1902—24 балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. Рэфарматар балетнага т-ра, у спектаклях імкнуўся пераадолець умоўнасці акад. балета 19 ст., дамагаўся гіст. праўды, стылявога адзінства: «Дачка Гудулы» А.​Сімона (1902), «Саламбо» А.​Арэндса (1910), «5-я сімфонія» на муз. Глазунова (1916) і інш. Сярод вучняў: Т.Карсавіна, А.Месерэр, М.Габовіч.

Літ.:

Бахрушин Ю. А.​А.​Горский. М.; Л., 1946;

Суриц Е.Я. Хореографическое искусство двадцатых годов. М., 1979.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ Мікалай Іванавіч (н. 20.5.1930, г. Шуя, Расія),

бел. філосаф. Засл. дз. нав. Рэспублікі Беларусь (1992). Д-р філас. н. (1975), праф. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1958). Працаваў у Мінскім мед. ін-це (1960—69), у БДУ (1969—88). З 1988 заг. кафедры філасофіі Нац. АН Беларусі. Даследуе філас. праблемы прыродазнаўства і тэхнікі. Распрацаваў канцэпцыі функцыян. прыроды інфармацыі, трох узроўняў нематэрыяльных (ідэальных) працэсаў, даў арыгінальную трактоўку праблемам адзінства свету, штучнага інтэлекту, суадносін фармальнай логікі і дыялектыкі. Заснавальнік бел. навук. школы ў галіне філас. праблем тэорыі сістэм, кібернетыкі, матэматыкі і інфарматыкі. Аўтар падручнікаў для ВНУ па філасофіі, філас. асновах матэматыкі і кібернетыкі.

Тв.:

Информация: (Философский анализ информации — центрального понятия кибернетики). Мн., 1966;

Философские основания кибернетики. М., 1985;

Проблема сознания: Филос. и специально-науч. аспекты. Мн. 1987.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕРА́ТАРСКІ ПАЛА́Ц, Гугун у Пекіне,

адзін з буйнейшых сярэдневяковых гар. ансамбляў Кітая. З 1925 музей. Былая афіц. рэзідэнцыя імператараў. Павінен быў сімвалізаваць упарадкаванасць, адзінства і гармонію сусвету і ўсяго Кітая. Буд-ва пачата ў 1-й пал. 15 ст. Тэрыторыя прамавугольная ў плане (960 м × 750 м), абкружана цаглянымі сценамі (выш. 10 м) з 4 варотамі і ровам. Комплекс складаецца з трох гал. павільёнаў — Тайхэдзянь (Павільён вышэйшай гармоніі, 1421, рэканструяваны ў 1697), Чжунхэдзянь (Павільён поўнай гармоніі) і Баохэдзянь (Павільён захавання гармоніі; абодва 15 ст.; перабудаваны ў 17—18 ст.). Палацавай архітэктуры ўласцівы пышнасць, дэкаратыўнасць. Асн. яе тып — аднапавярховы чатырохвугольны павільён «дзянь», падзелены калонамі на тры часткі і завершаны высокім, загнутым па краях дахам. Уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.

І.​М.​Каранеўская.

Адзін з павільёнаў Імператарскага палаца.

т. 7, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, Храм св. Сафіі,

помнік візант. дойлідства. Пабудаваны ў 532—537 у Канстанцінопалі (цяпер. г. Стамбул) Анфіміем з Тралаў і Ісідарам з Мілета. 3-нефавая купальная базіліка (даўж. 77 м). Купал (на ветразях; дыям. 31,5 м; адноўлены ў меншых памерах пасля зруйнавання ў 6 ст.) аб’яднаны з базілікальнай ч. пры дапамозе складанай сістэмы паўкупалаў, што надае інтэр’еру грандыёзнасць і пышнасць, гарманічнае адзінства. Унутры храм абліцаваны каляровым мармурам, аздоблены мазаікай (затынкавана туркамі, якія пасля 1453 ператварылі яго ў мячэць; частка мазаік 6—12 ст. расчышчана). Вонкавае манум. аблічча помніка скажонае тур. прыбудовамі 16—18 ст. (мінарэты і інш.). Цяпер музей. Разам з гіст. цэнтрам Стамбула ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Deichmann A Hagia Sophia. New York, 1974.

Канстанцінопальскі Сафійскі сабор.
Інтэр’ер Канстанцінопальскага Сафійскага сабора.

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)