мезагле́я

(ад меза- + гр. glia = клей)

студзяністы слой паміж знешнім (эктадэрма) і ўнутраным (энтадэрма) слоем клетак, якія пакрываюць цела кішачнаполасцевых жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гіпатрахо́іда

(ад гіпа- + трахоіда)

мат. замкнутая крывая, якую апісвае знешні або ўнутраны пункт круга, што коціцца без слізгання па ўнутраным баку акружнасці вялікага радыуса.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЫТ, побыт,

пазавытворчая сфера жыцця, якая ўключае задавальненне матэрыяльных патрэб людзей (у ежы, адзенні, жыллі, лячэнні, падтрымцы здароўя) і засваенне духоўных даброт, культуры, адпачынку, сродкаў зносін і інш. У шырокім сэнсе — уклад паўсядзённага жыцця. Быт значна ўплывае на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей. Вылучаюць грамадскі, гарадскі, пасялковы, сямейны, індывідуальны быт. Структуру быту можна разглядаць з пункту погляду адносін матэрыяльнага і духоўнага бакоў сац. і індывід. аспектаў, відаў затрат часу і дзейнасці (задавальненне фізіял. патрэб, бытавая праца, вольны час), тыпаў сац. аб’яднання і зносін (сям’я, суседства, маладзёжныя групы і г.д.). Пад уплывам сац.-эканам., геагр. умоў у розных народаў выпрацоўваецца комплекс быт. нормаў, традыцый, звычаяў, абрадаў. У ходзе гіст. развіцця грамадства мяняецца характар элементаў быту і яго структуры. Гасп. і грамадскі побыт беларусаў, іх матэрыяльная культура і маст. творчасць маюць свае асаблівасці, што выяўляюцца ў тыпах жылля, яго ўнутраным убранні, адзенні, абрадах, вераваннях і звычаях. Захоўваюцца асаблівасці ў побыце гар. і сельскага насельніцтва, асобных сац. груп, што абумоўлена не толькі кліматычнымі ўмовамі, але і іх сац.-прафес. інтарэсамі і асабістымі запатрабаваннямі.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

грань, ‑і, ж.

1. Лінія падзелу; граніца, мяжа. Былі гады змагання На грані дзвюх эпох. Кастрычніцкіх паўстанняў Ніхто не перамог. Колас. // перан. Тое, што адрознівае адно ад другога. У Лынькова часта нельга правесці грані паміж.. аўтарскай унутранай псіхалагічнай характарыстыкай і ўнутраным маналогам самога героя. Дзюбайла.

2. Плоская паверхня прадмета, якая ўтварае вугал з другой такой жа паверхняй. Грані куба. Грані паралелепіпеда.

3. Кант, утвораны дзвюма плоскасцямі, якія перасякаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэрарэцэ́птары

(ад лац. interior = унутраны + рэцэптары)

рэцэптары, якія рэагуюць на змены ва ўнутраным асяроддзі арганізма; размешчаны ў мышцах, унутраных органах, сасудах і г.д. (гл. таксама пропрыярэцэптары; параўн. экстэрарэцэптары.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

імпульсі́ўны

(п.-лац. impulsivus = пабуджальны)

1) які мае адносіны да імпульсу, выкліканы ўнутраным пабуджэннем (напр. і-ыя дзеянні дзяцей);

2) схільны дзейнічаць пад уплывам раптоўнага імпульсу (напр. і. чалавек).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЯЛІ́КІ БАСЕ́ЙН (Great Basin),

нагор’е ва ўнутраным поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі, на З ЗША. Абмежавана хр. Сьера-Невада і Каскаднымі гарамі на З Скалістымі гарамі на У. Пл. больш за 500 тыс. км².

У рэльефе спалучэнне кароткіх хрыбтоў (выш. да 3982 м) і вялізных катлавін (басейнаў) тэктанічнага паходжання, днішчы якіх ляжаць на выш. 1200—1500 м (Даліна Смерці на выш. 85 м ніжэй за ўзр. м.). Карысныя выкапні: медныя, кобальтавыя і вальфрамавыя руды, кухонная і глаўберава соль. Клімат пераважна субтрапічны, рэзка кантынентальны, засушлівы, на Пн умераны. Сярэднія т-ры ліп. 20—22 °C (макс. 56,7 °C), студз. 0—2 °C (мінім. -30 °C, у гарах да -60 °C). Ападкаў каля 200 мм за год. Б. ч. тэр. бяссцёкавая, арашаецца кароткімі часовымі водапатокамі. Гал. рэкі — Снейк і Гумбальт, буйныя азёры — Вял. Салёнае возера, Юта і інш. Пашыраны бурыя глебы, шэразёмы, саланчакі і саланцы (у катлавінах), горна-карычневыя (у гарах). Ландшафты паўпустынь і пустынь: на Пн (ад 37° паўн. ш.) — злакава-палынная расліннасць, на Пд — участкі з кактусамі і агавамі. Больш вільготныя схілы ўкрыты крывалессем з хвоі і ядлоўцу. Жывуць у Вялікім Басейне паўзуны — грымучыя змеі, яшчаркі-ядазубы і фрыназомы. На арашальных плошчах — земляробства.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ініцыяты́ва

(фр. initiative, ад лац. initiare = пачынаць)

1) самастойны пачын у якой-н. справе, абумоўлены ўнутраным пабуджэннем да дзеяння;

2) вядучая роля ў якіх-н. дзеяннях;

3) здольнасць да самастойных актыўных дзеянняў; прадпрымальнасць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГО́РНЫ КАМБА́ЙН,

камбінаваная машына для адначасовага аддзялення ад масіву карыснага выкапня, здрабнення і пагрузкі яго на трансп. сродкі (канвееры, ваганеткі, самаходныя вагоны). Горныя камбайны для здабычы карысных выкапняў наз. здабыўнымі, для правядзення горных вырабатак — праходчымі.

Здабыўныя горныя камбайны выкарыстоўваюць у доўгіх (100—400 м) ачышчальных забоях пры выемцы вугалю, калійнай солі і інш. Ёсць іх разнавіднасці для работы на пакатых (0—25°), нахіленых (25—45°) і крутых (45—90°) пластах; па глыбіні захопу падзяляюцца на вузказахопныя (0,5—1 м) і шыроказахопныя (1,5—2 м). Маюць рабочыя органы ў выглядзе бараў (разбураюць забой ланцугамі з разцамі), барабанаў і шнэкаў (з разцамі на перыферыі), буравых каронак (праразаюць у забоі шчыліны з далейшым іх сколваннем ламальнікамі). Пагружаюць горную масу шнэкамі, пагрузчыкамі, лемяшамі. Уздоўж лавы камбайн перасоўваецца спец. механізмам. Праходчыя горныя камбайны працуюць у кароткіх забоях горных вырабатак па пародзе (палявыя вырабаткі), па карысным выкапні (пластавыя вырабаткі) і па змешаным масіве. Іх рабочыя органы: паваротная страла з рэжучай каронкай, ротар са знешнім і ўнутраным бурамі, планетарныя разцовыя дыскі. Горную масу загружаюць шнэкамі і скрабалкавымі канвеерамі.

Літ.:

Машины и оборудование для угольных шахт: Справ. 4 изд. М., 1987;

Солод В.И., Зайков В.И., Первов К.М. Горные машины и автоматизированные комплексы. М., 1981.

П.​Я.​Антонаў.

Горныя камбайны: а — праходчы (1 — пагрузачны стол, 2 — фрэзерная каронка, 3 — выканаўчы орган; 4 — перагружальнік, 5 — хадавая частка); б — здабычны (выкарыстоўваецца на рудніках ВА «Беларуськалій»).

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАФРАДЫТЫ́ЗМ, двухполавасць, бісексуалізм,

наяўнасць прыкмет мужчынскага і жаночага полу ў аднаго арганізма. Бывае натуральны, уласцівы вышэйшым і ніжэйшым раслінам (аднадомнасць, гоматалізм) і беспазваночным жывёлам (чэрві, малюскі, ракападобныя і інш.), і анамальны (заганы развіцця), які трапляецца і ў чалавека. Пры натуральным гермафрадытызме ў арганізме адначасова ўтвараюцца яйцы і сперматазоіды; здольнасцю да апладнення валодаюць абодва віды палавых клетак або адзін з іх. Анамальны гермафрадытызм — прыроджаная, у большасці выпадкаў генетычна абумоўленая паталогія, што ўзнікае пры парушэнні развіцця палавых залоз і іх гарманальнай дзейнасці; назіраецца ў чалавека і жывёл. Можа быць сапраўдны (наяўнасць палавых залоз абодвух полаў) і несапраўдны (псеўдагермафрадытызм), калі палавыя залозы сфарміраваны правільна, па мужчынскім або жаночым тыпе, але вонкавыя палавыя органы маюць прыкметы двухполавасці.

У чалавека сапраўдны гермафрадытызм трапляецца рэдка; характэрна наяўнасць яечніка і яечак або змешанай залозы, часцей мужчынскі набор палавых храмасом (46 XY). Другасныя палавыя прыкметы, як правіла, маюць элементы абодвух полаў. Гермафрадытызм несапраўдны бывае вонкавы і ўнутраны. Пры вонкавым мужчынскім гермафрадытызме ёсць мужчынскія палавыя залозы, а вонкавыя палавыя органы падобныя да жаночых; пры ўнутраным — побач з яечнікамі, недаразвітай прадстацельнай залозай і семявымі пузыркамі могуць быць матка і матачныя трубы. Зрэдку трапляюцца выпадкі жаночага несапраўднага гермафрадытызму, калі сфарміраваны яечнікі, а вонкавыя палавыя органы і другасныя палавыя прыкметы развіваюцца па мужчынскім тыпе. Лячэнне гермафрадытызму: аператыўная змена полу. Дзетанараджэнне немагчыма.

Літ.:

Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;

Голубева И.В. Гермафродитизм. М., 1980.

М.​Я.​Саўчанка.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)