пармеза́н

(фр. parmesan, ад іт. Parma = назва іт. горада)

сорт італьянскага цвёрдага сыру, які ўжываецца пераважна як прыправа да страў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бало́ння

(іт. Bologna = назва італьянскага горада)

капроновая плашчовая тканіна з аднабаковым непрамакальным пакрыццём, а таксама плашч або куртка з такой тканіны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фіна́л, ‑у, м.

1. Заключная частка, завяршэнне чаго‑н., канец. Шустры, не дачакаўшыся ад Саўкі фіналу апавядання, падагуліў тое, што ўстанавіла следства. Колас.

2. Заключная частка музычнага, тэатральнага або літаратурнага твора. У фінале Трэцяй сімфоніі кампазітар [Я. Цікоцкі] зноў вяртаецца да героіка-драматычных вобразаў. Дубкова. [Чайкоўскі].. на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо». «Маладосць».

3. Заключная частка спартыўных спаборніцтваў, у якой выяўляюцца пераможцы. [Вадзім:] — А наша каманда ў фінал выйшла. Праўда, здорава? Асіпенка.

[Іт. finale ад лац. finis — канец.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

протарэнеса́нс

(ад прота- + рэнесанс)

перыяд у гісторыі італьянскага мастацтва (13 — пач. 14 ст.), які характарызаваўся ростам свецкіх, рэалістычных тэндэнцый, зваротам да антычных традыцый.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Тарба́н ’струнны шчыпковы музычны інструмент, блізкі да бандуры’ (ТСБМ), параўн.: “белорусский торбан (нечто вроде гитары)” (Шпіл., Путешествие, 115), тараба́н ’музычны інструмент з 24 струнамі, які вісеў на грудзях’ (Варл.), сюды ж, магчыма, тараба́јка ’від гітары’ (Вруб.). Укр. то́рба́н ’музычны інструмент, падобны да бандуры’, рус. торба́н, польск. tyorba, torban, teorban ’вялікая лютня; бандура’. Праз польскую мову з італ. tiorba ’лютня’. Інструмент вынайдзены ў XVI ст. у Фларэнцыі, паходжанне італьянскага слова невядома (Брукнер, 568; Фасмер, 4, 82; ЕСУМ, 5, 602). Агляд версій гл. Праці, 984–985. У народнай мове збліжана з тарабан ’барабан’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МІЛАРА́ДАВІЧ (Міхаіл Андрэевіч) (12.10.1771, Пецярбург — 27.12.1825),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1809), граф (1813). Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Гётынгена, Страсбурга. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, Італьянскага і Швейцарскага паходаў 1799 А.​В.​Суворава, кампаній супраць Францыі 1805—07, рус.-тур. вайны 1805—12, замежных паходаў рас. арміі 1813—14. Найб. вызначыўся ў вайну 1812 у Барадзінскай бітве (камандаваў правым крылом 1-й рас. арміі, на чале ар’ергарда прыкрываў яе адыход ад Масквы і забяспечваў яе флангавы марш на Старую Калужскую дарогу). У час праследавання французаў па Старой Смаленскай дарозе (камандаваў авангардам у складзе 2-га і 7-га пяхотных, 2-га кав. карпусоў і 4 казацкіх палкоў) вызначыўся ў баях пад Вязьмай, Дарагабужам і інш.; на тэр. Беларусі заняў мяст. Гараны, пасля пераправы цераз Дняпро ішоў з войскам праз населеныя пункты Стараселле, Маляўку, Талачын, Крупкі, Барысаў, Лагойск, Ракаў, Радашковічы, Гальшаны і інш. У час замежных паходаў удзельнічаў ва ўсіх гал. бітвах, у т. л. ў Лейпцыгскай бітве 1813. З 1818 ваен. губернатар Пецярбурга. Смяротна паранены на Сенацкай плошчы П.Р.Кахоўскім у час паўстання дзекабрыстаў.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

белька́нта

(іт. bel canto = літар. прыгожы спеў)

стыль вакальнага выканання, характэрны для італьянскага опернага мастацтва, які вызначаецца вольным валоданнем усімі рэгістрамі голасу, лёгкасцю і прыгажосцю гучання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пая́ц

(іт. pagliaccio, ад paglia = салома)

1) камічны персанаж старадаўняга народнага італьянскага тэатра;

2) уст. клоун у цырку, балагане;

3) перан. чалавек, які крыўляецца, паводзіць сябе як клоун.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

фая́нс

(фр. faience, ад Faenza = назва італьянскага горада)

маса з высакаякаснай белай гліны з прымессю кааліту, кварцу і палявога шпату, а таксама керамічныя вырабы з такой масы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІ ПАХО́Д УПІАКО́ВА 1798—1800 Адбыўся ў час вайны Расіі ў складзе 2-й кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і Каралеўствы абедзвюх Сіцылій) супраць Францыі. 26.7.1798, пасля пачатку Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801 ген. Н.​Банапарта, тур. ўрад звярнуўся да Вялікабрытаніі і Расіі з просьбай аб дапамозе. 24.8.1798 рас. эскадра Чарнаморскага флоту на чале з віцэ-адм. Ф.Ф.Ушаковым выйшла з Севастопаля; 20 вер. да яе далучылася тур. эскадра віцэ-адм. Кадыр-бея. Аб’яднаныя сілы (10 лінейных караблёў, 13 фрэгатаў, 21 інш. судна) пад агульным кіраўніцтвам Ушакова (ён прапанаваў план баявых дзеянняў па вызваленні Іанічных а-воў) рушылі ў Міжземнае м. У ходзе баявых дзеянняў дэсанты аб’яднанай эскадры авалодалі шэрагам Іанічных а-воў, у т. л. Корфу (Керкіра). Пасля пачатку Італьянскага паходу Суворава 1799 эскадра Ушакова нанесла ўдары па франц. камунікацыях і базах у Паўд. Італіі, маракі і дэсантнікі сумесна з італьян. апалчэнцамі садзейнічалі поспеху сухапутных войск. Караблі эскадры ўдзельнічалі ў сумесных баях з англ. эскадрай Г.Нельсана. У кастр. 1800 рас. эскадра вярнулася ў Севастопаль.

Літ.:

Тарле Е.В. Адмирал Ушаков на Средиземном море (1798—1800 гт.). М., 1948;

История военно-морского искусства. Т. 3. М., 1963;

Гармаш П.Е. Штурм Корфу. М., 1990.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)