НАБЕ́ЛІЙ (лац. Nobelium),
No, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 102, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 9 ізатопаў з масавымі лікамі 251—259. Першыя надзейныя звесткі пра ізатопы 251No — 256No атрыманы ў 1963—67 Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі. Найб. устойлівы ізатоп 259No (перыяд паўраспаду 60 мін) сінтэзаваны ў 1970 у ЗША. Названы ў гонар А.Л.Нобеля.
т. 11, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
апліка́тары
(ад лац. applicare = прыкладваць)
вырабы, якія змяшчаюць радыеактыўныя ізатопы і выкарыстоўваюцца ў медыцынскай практыцы для лячэння пашкоджаных участкаў скуры і слізістых абалонак.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АНТРАПАГЕ́ННЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
хімічныя злучэнні, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Бываюць аналагамі прыродных злучэнняў, лёгка ўключаюцца ў натуральны кругаварот і утылізуюцца ў экасістэмах або чужароднымі для прыроднага асяроддзя і з цяжкасцю разбураюцца пад уплывам біятычных фактараў. Да чужародных належаць многія т.зв. ўстойлівыя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя, якія нярэдка аказваюцца небяспечнымі для існавання жывых арганізмаў (напр., радыеактыўныя ізатопы з працяглым перыядам паўраспаду). Усяго вядома каля 100 тыс. відаў антрапагенных рэчываў, сярод іх шмат сінтэтычных, якія ніколі не існавалі ў прыродным асяроддзі.
т. 1, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПІЙ (лац. Europium),
Eu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 63, ат. м. 151,96, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы 151Eu (47,82%) і 153Eu (52,18%). У зямной кары 1,3∙10−4% па масе. Адкрыты ў 1901 франц. хімікам Э.Дэмарсэ.
Серабрыста-белы метал, tпл 826 °C, шчыльн. 5245 кг/м³. У паветры хутка акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі), узаемадзейнічае з вадой і мінер. кіслотамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам. Выкарыстоўваюць як паглынальнік нейтронаў у ядз. тэхніцы, актыватар люмінафораў у каляровым тэлебачанні.
т. 6, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стро́нцый
(н.-лац. strontium, ад Strontian = назва мястэчка ў Шатландыі)
хімічны элемент, лёгкі серабрыста-белы метал, радыеактыўныя ізатопы якога выкарыстоўваюцца ў тэхніцы і лабараторных работах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БРО́ДСКІ (Аляксандр Ільіч) (19.6.1895, г. Днепрапятроўск, Украіна — 21.8.1969),
украінскі фізікахімік. Чл.-кар. АН СССР (1943), акад. АН УССР (1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1927 у Ін-це фіз. хіміі АН УССР, з 1939 яго дырэктар. Навук. працы па фіз. хіміі. Упершыню ў СССР атрымаў цяжкую ваду (1934) і выкарыстаў ізатопы для даследавання механізму хім. рэакцый. Аўтар падручніка «Фізічная хімія» (1928; т. 1—2. 6-е выд. 1948), манаграфій «Сучасная тэорыя электралітаў» (1934) і «Хімія ізатопаў» (2-е выд. 1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 71—72.
т. 3, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТО́ПНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ, мечаныя атамы,
рэчывы, якія маюць адрозны ад прыроднага ізатопны склад. Выкарыстоўваюцца ў якасці адзнакі («меткі») у фізіцы, хіміі, біялогіі, медыцыне, металургіі і інш. пры вывучэнні розных працэсаў (у т. л. ў жывых арганізмах).
Метад І.і. заснаваны на блізкасці фіз.-хім. уласцівасцей розных ізатопаў аднаго і таго ж хім. элемента. Прапанаваны ў 1913 венг. радыехімікам Дз.Хевешы і ням. хімікам Ф.Панетам. У якасці ізатопнай «меткі» звычайна выкарыстоўваюць радыеактыўныя ізатопы (напр., вуглярод-14, фосфар-32, жалеза-59, кобальт-60, ёд-131), якія можна лёгка выявіць і вымераць колькасна з дапамогай дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў. Стабільныя І.і. выяўляюцца метадамі мас-спектраскапіі.
Э.А.Рудак.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ВА́ДКАСЦЬ,
вадкасць, уласцівасці якой вызначаюцца квантавымі эфектамі (захоўваннем вадкага стану да абс. нуля т-ры, звышцякучасцю і інш.). З рэальных вадкасцей толькі ізатопы гелію (3He і 4He) маюць уласцівасці К.в., якія адкрыты і даследаваны Л.Капіцай у 1938 для вадкага 4He.
Пры нізкіх т-рах К.в. можна разглядаць як сукупнасць неўзаемадзейных элементарных узбуджэнняў (квазічасціц) з пэўнай залежнасцю энергіі ад імпульсу. У адпаведнасці з цэлым ці паўцэлым значэннем спіна адрозніваюць бозе-вадкасці (напр., вадкі 4He, атамы якога маюць спін, роўны 0) і фермі-вадкасці (вадкі 3He, спін 1/2). Уласцівасці фермі-вадкасці маюць электроны праводнасці ў нармальных (незвышправодных) металах і ядз. матэрыя ў нейтронных зорках (пульсарах).
т. 8, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫЯ КРЫШТАЛІ́,
крышталі з вял. амплітудай нулявых ваганняў крышталічнай рашоткі (ваганняў паблізу Т = 0 К), параўнальнай з перыядам рашоткі. Маюць незвычайныя фіз. ўласцівасці, вытлумачальныя толькі ў межах квантавай тэорыі. З вядомых на Зямлі рэчываў толькі ізатопы гелію 3Не і 4Не пры ціску больш за 3∙104 Па утвараюць К.к. Квантавыя эфекты назіраюцца ў крышталях неону Ne і ў меншай ступені ў крышталях інш. інертных газаў. У нетрах нейтронных зорак, магчыма, існуюць К.к. з нейтронаў. К.к. займаюць прамежкавае становішча паміж квантавымі вадкасцямі і звычайнымі крышталямі. Дэфекты ў К.к. (у прыватнасці вакансіі) не лакалізаваныя, а ў выглядзе квазічасціц распаўсюджваюцца па крышталі.
т. 8, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
ядзернае выпрамяненне, якое складаецца з патокаў нейтронаў. Асн. крыніца нейтронаў розных энергій — ядзерны рэактар. Характар узаемадзеяння нейтронаў з рэчывам залежыць ад іх энергіі і складу рэчыва, што апрамяняецца. З-за адсутнасці эл. зараду нейтроны пранікаюць у рэчыва на значную глыбіню. Н.в. адносяць да шчыльнаіанізавальных выпрамяненняў, таму што пратоны, якія яно ўтварае, моцна іанізуюць рэчыва. Атамныя ядры пры паглынанні нейтронаў распадаюцца на моцнаіанізавальныя пратоны, α часціцы і фатоны γ выпрамянення, таксама здольныя ўтвараць іанізацыю (другасную). Пры такіх ядзерных рэакцыях могуць узнікаць радыеактыўныя ізатопы элементаў і наведзеная радыеактыўнасць, якая таксама выклікае іанізацыю. Канчаткова біял. эфект пры Н.в. звязаны з іанізацыяй, што ўтвараецца другаснымі часціцамі.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)