адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1793—1921. Цэнтр — г.Мінск. Утворана 23.4.1793 пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1793—96 уваходзіла ў Мінскае, Ізяслаўскае і Брацлаўскае генерал-губернатарства. З 3.5.1795 да 1796 складала асобнае Мінскае намесніцтва. Мела 13 паветаў. 12.12.1796 паводле ўказа Сената падзелена на 10 пав.: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Пінскі, Рэчыцкі і Слуцкі. У снеж. 1842 з Гродзенскай губ. далучаны Навагрудскі пав., у Віленскую губ. перададзены Вілейскі і Дзісенскі пав. Паводле перапісу 1897 пл. губерні 80152,3 кв. вярсты, нас. 2147,6 тыс.чал. Паводле нац. складу: беларусаў 76,4%, яўрэяў 15,9, рускіх 3,91, палякаў 3,1%; паводле веравызнання: правасл. 72,56%, іудзеяў 16,6, католікаў 10,15, старавераў 0,74, пратэстантаў 0,27, мусульман 0,21%. З 7.11.1917 М.г. ў складзе Заходняй вобласці, мела 9 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Навагрудскі, Пінскі, Рэчыцкі, Слуцкі. З 1.1.1919 у складзе БССР, з 2.2.1919 у Літбеле. У лютым 1919 утвораны Баранавіцкі пав., 26 крас. Рэчыцкі пав. далучаны да Гомельскай губ. З 29.8.1920 Мазырскі і ч. Бабруйскага, Барысаўскага і Ігуменскага пав. у Гомельскай губ. 29.7.1920 утвораны Нясвіжскі пав. З ліп. 1920 у БССР. 18.3.1921, калі частка тэр. губерні, акрамя Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Мазырскага, Мінскага, Слуцкага пав., адышла ў склад Польшчы, губерня перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Ігумене, Ігуменскі беларускі нацыянальны камітэт, прадстаўнічы орган бел.нац. арг-цый Ігуменскага пав. ў 1919—20. Створаны ў кастр. 1919 у Ігумене (цяпер г. Чэрвень) па ініцыятыве інструктара Часовага беларускага нацыянальнага камітэта М.І.Каспяровіча. У кіраўніцтва к-та ўваходзілі Я.Е.Макась (старшыня), І.М.Савіч, З.Харытановіч і інш. Арганізоўваў бел. школы, культ.-асв. гурткі і кааператывы. Ініцыятар стварэння павятовай Бел. школьнай рады Ігуменшчыны, разам з ёй выступіў у ліст. 1919 супраць закрыцця польск. акупантамі Будслаўскай бел. гімназіі. Знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў і Бел.камуніст. арг-цыі. Неафіцыйна падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Спыніў сваю дзейнасць з прыходам Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Ліс». Вядомы з 1499. Напачатку праваслаўныя, з пач. 17 ст. католікі. У 19—20 ст. валодалі маёнткамі Калюжыца (Бярэзінскі р-н), Волма (Дзяржынскі р-н), Дзевялтова і інш.Найб. вядомыя:
Юхна, дваранін каралеўскі (1-я пал. 16 ст.); Пётр, падкаморы віленскі; Адам, староста краснасельскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1639); Уладзіслаў, войскі, суддзя земскі мінскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1684, 1688); Тэадор Антоній, стольнік і падстароста судовы мінскі, староста падусвяцкі, кашталян мінскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1682, 1686, 1691, 1701, 1709); Уладзіслаў Тадэвуш, мечнік мінскі, староста рушоўскі, сеймавы пасол, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1711, 1717, 1722, 1726); Матэвуш, суддзя земскі мінскі (1778); Юзаф, пісар гродскі мінскі (1788), прадвадзіцель дваранства Мінскага пав. (1795—1800, 1802—08); Станіслаў, барысаўскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1797—1802); Антон, ігуменскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1805—08); Апалінарый, мінскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1814—17); Валенцій Мельхіёравіч, гл.Ваньковіч В.М.; Ян Валенцьевіч, гл.Ваньковіч Я.В.; Мельхіёр, гл.Ваньковіч М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,
узброеныя фарміраванні Мінскай паўстанцкай арганізацыі 1863 у перыяд паўстання 1863—64. Агульны план узбр. выступлення, прызначанага на 19.4.1863, распрацаваны членам арг-цыі паручнікам С.Ляскоўскім, які ўзначаліў найбольшы на Міншчыне Ігуменскі паўстанцкі атрад. Паводле загаду арг-цыі 19 крас. некалькі соцень мінчан тайком выйшлі з горада і з’явіліся на загадзя намечаныя зборныя пункты. Атрад пад камандай А.Трусава сабраўся каля Халяўшчыны. У баі 28.4.1863 каля в. Пятровічы ён быў разбіты ўрадавымі войскамі. Другі атрад пад камандаваннем ваен. кіраўніка Мінскага пав. П.Дыбоўскага (са жн. Л.Рамішэўскага) сабраўся каля в. Прылукі і дзейнічаў каля Слуцкага тракту. У жн. 1863 атрад вытрымаў бой з урадавымі войскамі каля Навасёлак, але хутка быў распушчаны. У Пінскім пав. Мінскай губ. ў розныя часы дзейнічалі паўстанцкія атрады Р.Рагінскага, Р.Траўгута, Я.Ваньковіча. Атрад Слуцкага пав. на чале з У.Машэўскім быў разбіты 21.4.1863 каля в. Азярцы. Пасля паражэння навагрудскіх паўстанцаў 7.4.1863 ва ўрочышчы Белыя Імхі навагрудскі атрад сфарміраваўся нанава ў Налібоцкай пушчы. Гэты атрад на чале з В.Міладоўскім удзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 на Слонімшчыне, а пасля вярнуўся ў Навагрудскі пав. Некалькі паўстанцкіх груп Барысаўшчыны, Лепельшчыны, Магілёўшчыны аб’ядналіся ў Барысаўскім пав., але былі разбіты 7.5.1863 каля в. Падбярэззе. На Вілейшчыне змагаліся атрады Ю.Бакшанскага, В.Козела, Г.Чаховіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЕТКУ́ЛЬТ, пралетарская культура,
масавая культурна-асветная і літ.-маст.арг-цыя ў 1917—32. Створана ў Петраградзе. У 1920 аб’ядноўваў каля 400 тыс.чал., у т. л. амаль 80 тыс. удзельнікаў літ. гурткоў і маст. студыі у розных гарадах Расіі. Сярод тэарэтыкаў П.А.Багданаў, Ф.Калінін, П.Кержанцаў, П.Лебедзеў-Палянскі, В.Плятнёў; у працы П. прымалі ўдзел паэты М.Герасімаў, В.Казін, У.Кірылаў і інш., рэж. Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, В.Смышляеў, С.Эйзенштэйн, акцёры Э.Гарын, М.Штраўх і інш. П. імкнуўся стварыць шляхам развіцця самадзейнасці класавую пралет. культуру, якую могуць стварыць толькі рабочыя ў маст. студыях і клубах на аснове «арганізацыі калектыўнага вопыту», што набываецца ў індустр. грамадстве. Для П. характэрны ігнараванне літ.-маст. традыцый, пераацэнка ролі самадзейнасці ў процівагу прафесіяналізму, арыентацыя на аўтаномнасць і незалежнасць ад дзяржавы. Выдаваў 20 часопісаў, у т. л. «Горн» (1918—23), «Пролетарская культура» (1918—21) у Маскве, «Грядущее» (1918—21) у Петраградзе. Ствараў агітац.-масавыя творы, у якіх апяваў сусв. рэвалюцыю, пралет. калектывізм, фабрычна-заводскую працу, імкнуўся выявіць не асабістыя, а пераважна калектыўныя класавыя пачуцці пралетарыяту.
На Беларусі П. створаны ў 1917—18. У 1919—20 меў свае губернскія (Віцебскі, Гомельскі, Мінскі П.) і гар. (Аршанскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Магілёўскі, Полацкі, Слуцкі П.) арг-цыі, час. «Искусство» (1921) у Віцебску і «Коммунистическое просвещение» (1920—21) у Гомелі, гар. і сельскія тэатр. гурткі і нар. універсітэты. Дзейнасць П. паўплывала на асобных пісьменнікаў і публіцыстаў «Маладняка», «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і інш.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА (грэч. bibliothēkē ад biblion кніга + thēkē сховішча),
установа, якая займаецца зборам, спец. апрацоўкай і захаваннем кніг, дакументаў і інш. друкаваных і рукапісных твораў, арганізуе іх грамадскае выкарыстанне і абслугоўванне чытачоў, выконвае інфарм., адукац., н.-д., метадычную і выдавецкую функцыі. Бібліятэкі бываюць масавыя, навук., спец., дзіцячыя. Масавыя бібліятэкі падзяляюць паводле прыналежнасці на дзярж., прафсаюзныя, школьныя і інш., паводле тэр. адзнакі на нац., краявыя, абл., гар., раённыя, сельскія. Да навук. і спец. бібліятэк адносяцца дзярж., акадэмічныя, універсітэцкія, галіновыя, тэхн., бібліятэкі прадпрыемстваў, НДІ, ВНУ, школьныя і г.д. Кожная бібліятэка ў адпаведнасці са сваім тыпам арганізуе і дыферэнцыруе абслугоўванне асобных груп чытачоў на аснове вывучэння іх складу і запатрабаванняў. Усе бібліятэчныя працэсы, віды і формы прапаганды л-ры падпарадкоўваюцца задачам максімальна поўнага і аператыўнага задавальнення попыту карыстальнікаў.
Як сацыяльны ін-т бібліятэкі з’явіліся адначасова з узнікненнем дзяржавы, пісьменства, што абумоўлена неабходнасцю стварэння грамадскага механізму арганізацыі, збору, назапашвання, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі. Бібліятэкі як грамадскае сховішча помнікаў пісьменства вядомы з глыбокай старажытнасці: бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (сярэдзіна 7 ст. да н.э.); у Ст. Егіпце бібліятэкі пры храмах для абслугоўвання жрацоў, першая буйная бібліятэка Стараж. Грэцыі, заснаванне якой прыпісваецца Арыстоцелю (4 ст. да н.э.); Александрыйская бібліятэка і бібліятэка ў Пергаме (3 ст. да н.э.) і інш. Бібліятэкі сучаснага тыпу пачалі фарміравацца з 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Буйнейшыя ў свеце б-кі; Ватыканская Апостальская бібліятэка (засн. ў 1475, больш за 1,3 млн. адз. захавання), Францыі нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1480, больш за 30 млн. адз. захавання), Расійская нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1795, больш за 28 млн. адз. захавання), Бібліятэка кангрэса (засн. ў 1800, больш за 90 млн. адз. захавання), Расійская дзярж. бібліятэка (засн. ў 1862, больш за 37 млн. адз. захавання), Брытанская бібліятэка (засн. ў 1972 на базе шэрагу буйных бібліятэк, у т. л. бібліятэка Брытанскага музея, больш за 21 млн. адз. захавання).
На Беларусі бібліятэкі вядомы з 11 ст., пераважна пры цэрквах і манастырах. Сярод найб. старажытных Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У 2-й пал. 16 ст. бібліятэкі засн. ў Полацку, Слуцку, Мінску, Магілёве. Некаторыя знішчаны ў час пажараў, войнаў. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі бібліятэкі правасл. манастыроў. Цэнтральныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найб. з іх бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер Вільнюскага універсітэта бібліятэка). Самыя вял. прыватныя бібліятэкі 16—18 ст. на Беларусі: Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэка ў Шчорсах, бібліятэка Хадкевічаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г.ін-т, Слуцкая вышэйшая пратэстанцкая школа, Нясвіжскі ліцэй, бібліятэка пры Полацкай езуіцкай акадэміі (у 1813 каля 40 тыс. тамоў). У 19—20 ст. вядомы бібліятэкі: прыватныя Т.Нарбута, І.М.Даніловіча, А.К.Кіркора, Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскіпав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Масальскіх у Белічанах, Г.Х.Татура ў Мінску, Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні і інш. У Слуцку Ю.Бергель сабраў больш за 3 тыс. рэдкіх кніг, рукапісаў і дакументаў. Створаны публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. У пач. 1890-х г.Віленская навучальная акруга арганізавала бібліятэкі пры нар. вучылішчах (у 1894 былі 733 такія бібліятэкі). Яны мелі невял. кніжны фонд і камплектаваліся пераважна кнігамі рэліг. павучальнага зместу. У пач. 20 ст. на сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л.Астрамечаўская бібліятэка. У 1913 на Беларусі была 851 бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая навуковая бібліятэка на Беларусі. У 1922 створана аб’яднаная Бел.дзярж. і універсітэцкая бібліятэка, з 1926 Бел. дзяржаўная (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы (да 1938) у Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928), пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1925 засн.Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа. З 1934 пачала стварацца сетка самаст.бібліятэк дзіцячых, з 1938 — бібліятэк абласных Беларусі. На пач. 1941 на Беларусі працавалі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам больш за 5 млн. тамоў і больш за 500 навук. бібліятэк з кніжным фондам каля 5 млн. тамоў. У Вял.Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перасягнуў даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэспубліканскія бібліятэкі: Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская і інш.Асн. прынцыпамі бібліятэк Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца садзейнічанне адраджэнню і развіццю нац. культуры, зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманіст. ідэй і навук. ведаў. На 1.1.1996 на Беларусі каля 14 тыс. масавых і спец. бібліятэк, у т. л. 300 тэхнічных, 200 мед., 279 дзіцячых, агульны фонд якіх складае больш за 240 млн.экз.
Бібліятэчныя будынкі ў Еўропе напачатку ствараліся пры манастырах (асобныя памяшканні), потым пры палацах (б-каг. Эскарыял каля Мадрыда, 2-я пал. 16 ст.). Як самастойныя будынкі бібліятэкі ўзніклі ў 14—15 ст., мелі суровы манастырскі або парадны палацавы выгляд. З ростам грамадскага значэння бібліятэкі з’яўляліся вял. чытальныя залы (часцей круглыя) са шмат’яруснымі кніжнымі шафамі і балконамі ўздоўж сцен (б-ка Брытанскага музея ў Лондане, 1854—57). У Расіі першыя будынкі бібліятэк вядомы з канца 18 — пач. 19 ст. У 1828—32 у стылі ампір пабудавана Публічная б-ка ў Пецярбургу (арх. К.Росі; цяпер гал. корпус Рас.нац. б-кі). У Маскве пабудавана адна з буйных бібліятэк свету — Рас.дзярж.б-ка (1828—58, арх. У.Гельфрэйх, У.Шчуко і інш.). Сучасныя будынкі бібліятэк маюць 2 асн. зоны: абслугоўвання чытачоў (чытальныя і лекцыйныя залы, памяшканні каталогаў, даведачна-бібліягр. і навук.-метадычных аддзелаў, абанемента) і службова-вытв. (памяшканні аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў, службовых каталогаў, кнігасховішчаў, вытв. майстэрняў і інш.). Вял. чытальныя залы часцей размяшчаюць у цэнтры будынкаў, яны выяўляюцца ў кампазіцыі фасадаў; кніжныя сховішчы — у ніжніх паверхах або ў спец. памяшканнях на ўсю вышыню будынка. Часам пры ун-тах і інш.навуч. установах узводзяць спец. будынкі бібліятэк па індывід. праектах (Б-ка рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага ун-та, 1963, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс і Дж.О.Мерыл).
На Беларусі найб. значныя па памерах і цікавыя арх. вырашэннем будынкі Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Г.Лаўроў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа АН Беларусі (1967), абласной б-кі імя Пушкіна (1971), Рэсп. навукова-мед., б-кі № 11 у Мінску, Гомельскай (1958) і Віцебскай (1969) абл. бібліятэк і інш. Гарадскія і раённыя бібліятэкі звычайна будуюць па тыпавых праектах. Сельскія бібліятэкі найчасцей размяшчаюцца ў будынках клубаў, дамах і палацах культуры.
У.А.Акуліч, В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Бібліятэка. Агульны выгляд і інтэр’ер бібліятэкі рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага універсітэта. 1963.