ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К.​Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.​Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.

Т.​І.​Чарняўская, М.​М.​Яніцкая.

Паланэчкаўскі Юр’еўскі касцёл.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп. пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст. Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар. выяўл. мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял. Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.​А.​Трусаў.

А.​А.​Трусаў, Л.​Л.​Чарняўская, Ю.​А.​Якімовіч.

Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.

т. 10, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1801 з цэглы. У 1908 на ПдУ ад касцёла пастаўлена 2-ярусная мураваная званіца. Храм прамавугольны ў плане, з крыху выступаючым трансептам і паўцыркульнай апсідай. Гал. (паўд.) фасад завершаны трыгліфным фрызам з развітым карнізам, над якім атыкавы франтон з паўкруглым аконным праёмам у тымпане. Бакавыя фасады дэкарыраваны рустоўкай і завершаны прафіляваным карнізам. На сценах, скляпеннях асн. аб’ёму і алтарнай ч. жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і дэкар.-арх. размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленне прасторы. Драўляны разны алтар 2-ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра, дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай. Захаваўся абраз 17 ст. «Маці Божая з дзіцем» (перанесены з капліцы в. Мачульна ў 1945).

В.​В.​Церашчатава, Т.​І.​Чарняўская.

Роскі Троіцкі касцёл.
Роскі Троіцкі касцёл. Фрагмент галоўнага алтара.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ Клім, бел. разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з г. Шклоў Магілёўскай вобл. Майстар беларускай рэзі. З 1654 (?) працаваў у Маскоўскай дзяржаве. З 1666 [1667(?)] у Палаце разьбярных і сталярных спраў Маскоўскага Крамля, у 1681 узначаліў Палату. З Арсеніем (Старцам) і С.Зіноўевым удзельнічаў у стварэнні «іарданскай сені» (1668, цяпер у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі). У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні палаца цара Аляксея Міхайлавіча ў с. Каломенскае, харомаў царэўнаў Соф’і Аляксееўны і Кацярыны Аляксееўны (шафа, ківот, крэслы, куфэркі і інш.), стварэнні іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаве. У 1683—85 група разьбяроў на чале з М. зрабіла клірас і 5-ярусны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага і іканастас царквы Данскога манастыроў у Маскве. Пры ўдзеле М. створана драўляная разная рака цудатворца Савы Вішэрскага (1670). Іл. гл. таксама ў арт. Беларуская рэзь.

К.Міхайлаў, Д.​Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра. Масква. 1683—1685. Фрагмент.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖА́Н-ГАРАДО́ЦКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 19 ст. Пабудавана ў 1818 у в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. У архітэктуры выявіліся рысы мясц. школы дойлідства барочнага кірунку. 5-зрубная крыжова-цэнтрычная кампазіцыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. да яе прыбудавана 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з тамбурам. Да цэнтр. васьмерыка з 2-ярусным верхам (васьмярык на чацверыку) далучаны прамавугольныя ў плане аб’ёмы (бабінец, апсіда з рызніцай і 2 бакавыя прыбудовы) з чацверыковымі 1-яруснымі вярхамі. У інтэр’еры дамінуе цэнтр. трохсветлавы аб’ём, у які арачнымі праёмамі раскрываюцца двухсветлавыя памяшканні. Царква багата аздоблена паліхромнай драўлянай скульптурай і разьбой у стылі ампір (пач. 19 ст., майстар І.​Астапчык). 2-ярусны пазалочаны іканастас, гал. алтар завершаны скульптурай Іаана Хрысціцеля, бакавыя алтары ў прыбудовах аформлены ракайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірляндаў, карнізамі з іонікамі і сухарыкамі, капітэлямі накшталт тасканскіх.

Ю.​А.​Якімовіч.

Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЖЫ,

востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.

У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.​Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Тюриков И.П., Фролов А.И. Кижи. 3 изд. Петрозаводск, 1983.

Кіжы.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст, аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.

А.​М.​Кулагін, Г.​М.​Ярмоленка.

Навамышскі Праабражэнскі касцёл.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,

помнік архітэктуры 18 ст. Створаны ў в. Баруны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Уключае царкву, манастырскі корпус, вежу-званіцу і капліцу. У 1692 пабудавана драўляная царква, у 1700—07 на яе месцы — мураваная (згарэла, у 1715 адбудавана, не захавалася). Новая мураваная царква пабудавана ў 1747—57 паводле праекта арх. А.​Асікевіча ў стылі віленскага барока, дабудавана ў 1760—70. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай накрыта 2-схільным дахам. Дэкар. аздабленне сканцэнтравана на пластычна вырашаным гал. фасадзе. Вежы пастаўлены пад вуглом да бакавых нефаў: паўд. 3-ярусная квадратная ў плане завершана гранёным купалам, ад другой застаўся ніжні ярус, накрыты 4-схільным купалам. Да вежаў з абодвух бакоў прылягаюць брамы з пластычнымі абрысамі. Паўн. брама злучае царкву з 2-яруснай вежай-званіцай. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778—93. Будынак Т-падобны ў плане, 2-павярховы, пры аднаўленні ў канцы 19 ст. яму нададзены рысы класіцызму. На пач. 19 ст. тут працавала публічная 6-класная школа базыльян (адкрыта ў 1793). На плошчы перад царквой размешчана капліца — цэнтрычны 2-ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку; пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст.).

Т.​В.​Габрусь.

Царква Барунскага манастыра базыльян.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́ЙСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 17—18 ст. Пабудаваны ў 1603—06 у в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У стылявой трактоўцы касцёла спалучаны прыёмы і формы абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу.

Напачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў 3-нефавы, 4 слуповы, перакрыты крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (захаваліся ў апсідзе). Пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. слупы разабраны, асн. памяшканне перакрыта драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 да паўд. сцяны прыбудавана вял. прамавугольная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.

Мураваны 2-вежавы квадратны ў плане храм з вял. паўцыркульнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Гал. фасад асн. аб’ёму завершаны трохвугольным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы 4 плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны 2 магутнымі цыліндрычнымі вежамі (выш. 16 м, дыям. 6 м) з байніцамі. Усе скляпенні касцёла размаляваны арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Захаваліся арган 18 ст., аздоблены разнымі па дрэве гірляндамі кветак, скульпт. выявамі анёлаў і муз. інструментаў, 4 разныя драўляныя алтары. Дэкаратыўна аформлены цэнтр. 2-ярусны алтар 2-й пал. 18 ст., у аснове якога 4 калоны карынфскага ордэра. Захаваўся алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» (17 ст.) у сярэбраным чаканным абкладзе.

У.​А.​Чантурыя, Г.​М.​Ярмаленка.

Камайскі касцёл.

т. 7, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.​Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах.гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)