Сік-сік-сік ‘воклік на авечак’ (ПСл), параўн. укр.дыял.сі‑сі́ ‘выгук, якім падклікаюць ягнят’. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГЕМПШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
паўтанкарунная, мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1-й пал. 19 ст. ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем мясц. грубашэрсных і помесных цёмнагаловых авечак з саўтдаўнскімі. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША і інш. краінах. У СССР выкарыстаны пры вывядзенні горкаўскай і літоўскай чорнагаловай парод.
Авечкі вялікія, з шырокім тулавам, бязрогія, скараспелыя. Тулава светлае, галава цёмная. Жывая маса бараноў 100—110, матак 65—70 кг. Воўна 50—58-й якасці, даўж. 8—10 см, выкарыстоўваецца пераважна на выраб трыкатажу, асабліва каштоўная воўна ягнят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ ПАРО́ДАавечак.
Выведзена у 1944—61 у Стаўрапольскім краі скрыжаваннем матак стаўрапольскай пароды і бараноў лінкольн і ромні-марш. Паўтанкарунныя, мяса-воўнавага кірунку.
Жывёлы буйныя, грудзі і кумпякі шырокія, галава кароткая, шырокая, бязрогая. Маса бараноў да 115 кг, матак да 60 кг. Воўна аднародная, з раўнамернай пакручастасцю, даўж. 12—13 см. Настрыг з бараноў 9—13, з матак 5,8—6,5 кг, выхад чыстай воўны 55—58%. Плоднасць 130—140 ягнят на 100 матак. Гадуюць на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, цэнтр. абласцях Расіі, Казахстане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МНІ-МА́РШЫТУ (англ. Romney Marsh),
парода паўтанкарунных даўгашэрсных авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Вялікабрытаніі ў 19 ст. скрыжаваннем мясц. парод з баранамі пароды лейстэр. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні куйбышаўскай і паўночнакаўказскай пароды. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі, бязрогія. Маса бараноў 90—130, матак 70—90 кг. Воўна белая, гадавы настрыг з бараноў 6—7, з авечак 3,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 60—65%. Плоднасць 115—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы. Мяса высокай якасці. Вынослівыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кара́куль
(цюрк. karakul, ад узб. Karakul = назва аазіса ва Узбекістане)
каштоўнае футра з кучаравай шэрсцю, вырабленае са шкурак ягнят асобай пароды авечак.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БРАКО́ЎКА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ ЖЫВЁЛ,
выдаленне са статка жывёл, не прыдатных для ўзнаўлення або далейшага гасп. выкарыстання. Праводзіцца штогод з мэтай паляпшэння статка. Аб’ёмы залежаць ад кірунку гаспадаркі, віду і ўзросту жывёл, інтэнсіўнасці іх выкарыстання. Напр., штогод бракуюць 20—25% кароў, 20% цялушак у малочных статках, 20—30% дарослых свіней у племянных гаспадарках, 70% свінак у перыяд дарошчвання, да пераводу іх у групу асн. матак. Выбракаваных жывёл перад забоем ставяць на адкорм. Племянных жывёл бракуюць пры баніціроўцы, у таварных статках — у розныя тэрміны (буйн. раг. жывёлу звычайна ўвосень перад пастаноўкай на стойлавае ўтрыманне, авечак — у 2-й пал. лета пасля адымання ягнят).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЫ́ (Ovis),
род парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 2 віды: архар і баран снежны (Ovis canadensis). Абодва ўтвараюць вял. колькасць геагр. расаў. Пашыраны ў Азіі і зах. раёнах Паўн. Амерыкі, у Еўропе — у запаведніках і паляўнічых гаспадарках. Жывуць у гарах.
Даўж. цела да 2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса 25—230 кг. Рогі ў самцоў вялікія, масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. У самак рогі меншыя, часам адсутнічаюць. Кормяцца травяністай расліннасцю. Штогод нараджаюць 1—2 ягнят. Жывуць да 20 і болей гадоў. Продкі авечкі свойскай, выкарыстоўваюцца для гібрыдызацыі з яе пародамі. Маюць паляўнічае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТВІ́ЙСКАЯ ЦЁМНАГАЛОВАЯ ПАРОДАавечак.
Выведзена ў пач. 20 ст. ў Латвіі скрыжаваннем мясцовых грубашэрсных і помесяў танкарунных авечак з англ. мяснымі караткашэрснымі пародамі шропшыр і оксфардшыр. Паўтанкарунная, скараспелая, мяса-воўнавага кірунку. Найб. пашыраная на Беларусі парода, гадуюць у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
Жывая маса бараноў да 110 (найб. да 150), матак да 65 (найб. да 95) кг. Галава кароткая і шырокая. Шыя кароткая, мясістая. Грудзі, спіна і паясніца шырокія. Касцяк моцны. Воўна даўж. 8—11 см. Гадавы настрыг з бараноў 5—6, з матак 3,5—4,5 кг, выхад чыстай воўны 55—60%. Пладавітасць 130—160 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЎРАПО́ЛЬСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
танкарунная парода воўнавага кірунку. Выведзена ў 1923—50 у Стаўрапольскім краі (Расія) скрыжаваннем новакаўказскіх мерыносаў з баранамі рамбулье і грозненскай пароды. Выкарыстоўваюць для паляпшэння воўнавай прадукцыйнасці танкарунных парод. Пашырана на Пд Расіі.
Жывёлы моцнай сухой канстытуцыі. Маса бараноў 100—115 (да 150), матак 50—55 кг. На ніжняй ч. шыі скурныя складкі ў выглядзе бурды ці фартуха. Высокая воўнавая прадукцыйнасць. Воўна даўж. 8—10 см, густая, трывалая, добра ўраўнаваная, мяккая, з шаўкавістым бляскам. Настрыг з бараноў 14—19, з матак 6—7 кг. Выхад чыстай воўны 40—47%. Пладавітасць 120—140 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАНІ́ЙСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
танкарунная, воўнава-мяснога кірунку. Выведзена ў запаведніку Асканія-Нова (1925—35) на аснове адбору і падбору мясц. мерыносавых авечак і скрыжаваннем іх з баранамі амер. рамбулье. Гадуюць у стэпавых раёнах Украіны і Расіі, Казахстана, краінах Паўн. Каўказа і інш. З удзелам асканійскай пароды выведзены азербайджанскі горны мерынос, савецкі мерынос.
Авечкі дужай канстытуцыі, добрага целаскладу, маюць высокую воўнавую і мясную прадукцыйнасць. Жывая маса бараноў 110—120 (да 183) кг, матак 55—65 кг. Воўна 64—60-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 12—15 кг, з матак 6—6,6 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 125—130 ягнят на 100 матак.