МІ́КА (Mikko),

Мік Лепа (7.12.1911, Арукюла Вільяндзіскага пав., Эстонія — 6.12.1978), эстонскі жывапісец. Вучыўся ў Маст.-прамысл. вучылішчы (1927—30) у Таліне, у Вышэйшай маст. школе «Палас» (1931—32, 1936—39) у Тарту. У 1941 выкладаў у Вышэйшай маст. школе імя К.​Мягі ў Тарту, з 1944 у Талінскім ін-це прыкладнога мастацтва, з 1951 у Маст. ін-це Эстоніі ў Таліне (з 1965 праф.). Творам уласцівы абагульнена-сімвалічныя вобразы, тэатр. сцэнічнасць, спалучэнні буйных, часам блізкіх да манахромных дэкар. паводле колеру плоскасцей: «Смалільшчыцы лодак» (1939), «Мыццё авечак», «Вячэрні пейзаж» (абодва 1959); «Дзяўчаты шыюць» (1965), «Песні часоў» (1970), «Чалавек і космас» і «Кола часу» (абодва 1971). Дзярж. прэмія Эстоніі 1972.

Міка. Вячэрні пейзаж. 1959.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЗА (ад эст. môis),

асобная сядзіба з с.-г. пабудовамі, хутар у Эстоніі і інш. краінах Усх. Прыбалтыкі. Да пач. 20 ст. назва М. зрэдку ўжывалася ў адносінах да хутароў і фальваркаў на тэр. Беларусі.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ПРАТАКО́Л 1929,

міжнароднае пагадненне (ініцыіравана ўрадам СССР) аб датэрміновым увядзенні ў дзеянне Келага—Брыяна пакта 1928. Падпісаны 9.2.1929 у Маскве прадстаўнікамі СССР, Польшчы, Румыніі, Эстоніі, Латвіі. Пазней да М.п. далучыліся Турцыя (27.2.1929), Іран (3.4.1929), Літва (5.4.1929).

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЭСТО́НСКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БЭЗ) у г. Йыхві, грамадска-культ. арг-цыя беларусаў у Эстоніі. Засн. ў 1989. Асн. мэты: спрыяць кансалідацыі беларусаў на падставе духоўнай, культ., рэліг. агульнасці, развіваць сувязі з замежнымі суайчыннікамі, прапагандаваць гіст. і культ. спадчыну Беларусі. Праводзіць значную культ.-асв. работу, адзначае нац. бел. і эст. святы, бел. гіст. ўгодкі, удзельнічае ў выстаўках аб’яднання бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» і штогодніх у Саўт-Рыверы (ЗША), арганізоўвае экскурсіі па Беларусі, Эстоніі, Расіі, прэзентацыі літ. твораў бел. аўтараў. Працуе б-ка, з 1992 намаганнямі згуртавання дзейнічае бел. праграма на эст. радыё. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (1993), сходаў беларусаў блізкага замежжа (1992, 1995), з’езда беларусаў краін Балтыі (1994), 1-й сустрэчы бел. моладзі свету (1994).

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КАЛІ,

паселішча эпохі неаліту, бронзы і ранняга жалеза (3—1-е тыс. да н.э.) на р. Акалі ў Эстоніі. Знойдзены прылады працы, кераміка, упрыгожанні розных культур (нарвенскай, тыповай грабеньчата-ямкавай, шнуравой і інш.), якія часткова былі пашыраны і на Пн Беларусі.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІФЛЯ́НДЫЯ (ням. Livland краіна ліваў),

1) нямецкая назва Лівоніі ў 13—16 ст. 2) Афіцыйная назва тэр. Паўн. Латвіі і Паўд. Эстоніі (лат. Відземе, эст. Ліівімаа) у 17 — пач. 20 ст. ў складзе Швецыі (1629—1721, правінцыя) і Расіі (1721—1917, Ліфляндская губ.).

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗЕМСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

узгоркавае ўзвышша на ПнУ Латвіі. Складаецца з Цэнтральна-відземскага узв. (з вышэйшым пунктам Латвіі г. Гайзінькалнс, 311 м) і размешчанага на ПнУ Алуксненскага узв. (г. Дэлінькалнс, 271 м), якое пераходзіць ва узв. Хаанья (у Эстоніі). Складзена пераважна з марэнных суглінкаў. У нізінах — азёры.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́НІЯ (лац. Livonia, ням. Livland краіна ліваў),

Інфлянты, гістарычная назва зямель Усх. Прыбалтыкі, якая першапачаткова адносілася да вобласці рассялення ліваў на ўзбярэжжы Рыжскага заліва. З 2-й чвэрці 13 ст. яна пашырана на ўсю тэр. Латвіі і Эстоніі, заваяваную ням. крыжакамі. Л. называлі канфедэрацыю 5 духоўна-феад. дзяржаў (Лівонскі ордэн, Рыжскае арцыбіскупства, Дэрпцкае, Эзель-Вікскае, Курляндскае біскупствы), якія намінальна былі пад уладай рым. папы і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ і пазней у Рэчы Паспалітай у дачыненні да Л. ўжывалася назва Інфлянты. Пасля распаду Лівонскага ордэна (1561) у час Лівонскай вайны 1558—83, далучэння Паўн. Эстоніі да Швецыі (1561) і ўтварэння Курляндскага герцагства (1561) назва Л. (Інфлянты) ужывалася толькі ў адносінах да Паўн. Латвіі і Паўд. Эстоніі, якія ў 1561 перайшлі пад ўладу ВКЛ. Тут было ўтворана Задзвінскае герцагства (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 Паўд. Эстонія і Паўн.-Зах. Латвія захоплены Швецыяй і ператвораны ў яе правінцыю. З 17 ст. за гэтай тэрыторыяй замацавалася ням. назва Ліфляндыя. У выніку Паўночнай вайны 1700—21 яна далучана да Расіі як Ліфляндская губ. Частка Л., што пасля 1629 засталася ў Рэчы Паспалітай, у 1667 ператворана ў Інфлянцкае ваяв. з цэнтрам у г. Дынабург (цяпер Даўгаўпілс, Латвія). Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) гэта тэрыторыя далучана да Расіі.

т. 9, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́РНУ,

прыморскі кліматычны і гразевы курорт у Эстоніі. Вядомы з 1838, адкрыта водалячэбніца. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Асн. лекавыя фактары — клімат і марскія сульфідныя глеевыя гразі. Лечаць органы кровазвароту, стрававання, апоры і руху, нерв. сістэму, гінекалагічныя хваробы. Дробнапясчаны пляж, марскія купанні. Санаторыі, водагразелячэбніца, дамы адпачынку.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЫ ((Meri) Ленарт-Георг) (н. 29.3.1929, Талін),

эстонскі дзярж. дзеяч, дыпламат, пісьменнік. Сын эст. дыпламата Г.​Меры, які да 2-й сусв. вайны знаходзіўся з сям’ёй у Берліне і Парыжы. Скончыў Тартускі ун-т (1953). У 1941 разам з маці і братам дэпартаваны сав. ўладамі ў Сібір, адкуль вярнуўся ў Эстонію ў 1946. З-за забароны працаваць па спецыяльнасці (гісторыя) займаўся драматургіяй, кінадакументалістыкай, радыёжурналістыкай, перакладамі; удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па вывучэнні фіна-угорскіх і народаў Сярэдняй Азіі. З 1986 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Эстоніі. З крас. 1990 міністр замежных спраў Эстоніі, з крас. 1992 пасол у Фінляндыі. З кастр. 1992 прэзідэнт Эст. Рэспублікі (у вер. 1996 перавыбраны). Аўтар кніг лірычных і філас. падарожных дзённікаў: «У краіну вулканаў» (1964; пра Камчатку), «Зорная ваколіца» (1974; пра падарожжа па паўн. узбярэжжы Еўразіі), «Серабрысты світанак» (1976; гісторыя фіна-угорскіх плямён).

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)