ЖЫВЁЛЫ ШКО́ДНЫЯ,

жывёльныя арганізмы рознага паходжання, узроўню арганізацыі, сістэматычнай прыналежнасці і экалагічных умоў месцапражывання, якія прама або ўскосна, часова або пастаянна, перыядычна або неперыядычна шкодзяць гаспадарцы, здароўю чалавека, свойскім і дзікім жывёлам і раслінам. Вылучаюць Ж.ш. у залежнасці ад аб’ектаў, якім яны шкодзяць: гасп. (шкоднікі сельскай, рыбнай, паляўнічай гаспадаркі і інш.), ландшафтным (шкоднікі поля, саду, агарода, лесу і інш.), групам і відам раслін і жывёл (шкоднікі с.-г. раслін, хвойных і лісцевых парод дрэў і інш.). Назва «Ж.ш.» даволі ўмоўная, для канчатковай ацэнкі пэўнага віду жывёл у кожным выпадку неабходны дакладны эколага-эканам. аналіз. Аднак біягеацэнатычнае значэнне віду вызначыць цяжка. Абсалютных Ж.ш. у прыродзе няма. На Беларусі да Ж.ш. належаць некат. віды млекакормячых (палёўкі звычайная і рыжая, дамавая мыш, чорны пацук і інш.), птушак (мышалоў балотны, шэрая варона, ястраб-цецяроўнік, верабей дамавы і інш.), рыб (напр., джгір), малюскаў (напр., дрэйсена) і інш.; найбольшую шкоду гаспадарцы прычыняюць Ж.ш. з класа насякомых (напр., шаўкапрады, пільшчыкі, пядзенікі, караеды, пухаеды, сляпні, каларадскі жук, шведская муха, бураковая блыха, гарохавы зерняед і інш.) Для барацьбы з Ж.ш. выкарыстоўваюцца гасп. (напр., агратэхн. прыёмы рэгуляцыі колькасці), біял. (натуральныя ворагі), механічныя (непасрэднае знішчэнне пасткамі і інш.), фізічныя (знішчэнне з дапамогай высокіх або нізкіх тэмператур, ультрагуку і інш.), хім. (ядахімікаты), генетычныя (масавы выпуск лятальных мутацый, якія парушаюць нармальны цыкл размнажэння Ж.ш.) метады.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ГЕНЕ́ТЫКІ І ЦЫТАЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1965 у Мінску на базе Аддзела генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (з 1963). Лабараторыі (1998): малекулярнай генетыкі, гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, генетыкі збожжавых культур, мутагенезу, цытагенетыкі раслін, антымутагенезу, агульнай цытагенетыкі, радыяцыйнай генетыкі. нехрамасомнай спадчыннасці, генетыкі фітаімунітэту; тэматычныя групы, аддзел навук. інфармацыі і інфарматыкі Дзейнічае селекцыйна-генет. комплекс (да 1989 біял. доследная станцыя). Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).

Асн. кірункі даследаванняў: генет. асновы селекцыі (гетэрозіс, поліплаідыя, нехрамасомная спадчыннасць, генетыка імунітэту), індуцыраваны і спантанны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генет. і клетачная інжынерыя, матэм. генетыка. Вынікі даследаванняў: сфармуляваны новая канцэпцыя гетэрозісу, гіпотэза ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Даказана важная роля цытаплазматычных спадчынных структур ва ўстойлівасці раслін да захворванняў, атрыманы значныя вынікі па вывучэнні генет. заканамернасцей арганізацыі і экспрэсіі геномаў раслін. Створаны арыгінальныя генет. калекцыі збожжавых, зернебабовых культур і бульбы. Атрыманы практычныя вынікі: каштоўныя гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукр. буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянаваны новыя высокапрадукцыйныя сарты цукр. буракоў, соі, цяплічных памідораў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генет. наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС перададзены ў Дзяржкамчарнобыль. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі А.Р.Жэбрак, П.Ф.Ракіцкі, акад. АН Беларусі і УАСГНІЛ М.В.Турбін, чл.-кар. А.М.Іпацьеў, У.К.Саўчанка, працуюць акад. Нац. АН Беларусі М.А.Картэль (дырэктар з 1994), Л.У.Хатылёва (пачэсны дырэктар), чл.-кар. У.Я.Борматаў, 13 дактароў навук.

М.​А.​Картэль.

т. 7, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА АТМАСФЕ́РЫ, ахова атмасфернага паветра,

комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і ўзнаўленні аптымальных уласцівасцяў атмасферы, прадухіленні яе забруджвання і рацыянальным выкарыстанні; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: сан. ахову паветра, ахову і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, удасканальванне вытв. працэсаў і трансп. сродкаў, выкарыстанне газа- і пылаўлоўных прыстасаванняў, распрацоўку безадходных тэхналогій, стымуляванне выканання ахоўных мерапрыемстваў, рацыянальную планіроўку і забудову, азеляненне нас. месцаў, кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем паветр. басейна, эколага-выхаваўчую работу, экалаг. падрыхтоўку кадраў і інш.

На Беларусі ахова атмасферы рэгулюецца Законамі аб ахове атм. паветра, аб ахове прыроды, шэрагам урадавых пастаноў і ўказаў, якія прадугледжваюць мінімізацыю прамысл., трансп. і камунальна-быт. выкідаў у паветра, устанаўліваюць нормы гранічна дапушчальных канцэнтрацый дамешкаў і гранічна дапушчальных выкідаў у атмасферу. Дзейнічаюць стацыянарныя пасты назірання за ўзроўнем забруджвання атм. паветра ва ўсіх абласных і многіх прамысл. цэнтрах (Мазыр, Наваполацк, Орша і інш.), ствараецца аўтаматыз. сістэма назірання і кантролю за станам навакольнага асяроддзя (гл. Паветра). За парушэнне правілаў аховы атмасферы ўстаноўлена адм., крымінальная і дысцыплінарная адказнасць. Беларусь удзельнічае ў міжнар. сістэме маніторынгу па кантролі за станам атмасферы: на яе тэр. размешчаны аўтаматыз. станцыя фонавага маніторынгу і пункт назірання за трансгранічным пераносам. Мерапрыемствы па ахове атмасферы кантралююць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш. дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці (гл. Беларускае таварыства аховы прыроды і інш.).

Да арт. Ахова атмасферы. Пункт кантролю за станам атмасферы ў Мінску.

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВЫЯ ФО́РМЫ,

1) у жывёл — група асобін, што маюць падобныя морфаэкалагічныя прыстасаванні для пражывання ў аднолькавым асяроддзі. Характэрна змена Ж.ф. у антагенезе для відаў, развіццё якіх ідзе з метамарфозам (ад лічынкі да дарослага насякомага). У аснове класіфікацыі жывёл — асаблівасці размнажэння, эколага-марфал. прыстасаванні, спосабы перамяшчэння, здабычы ежы і яе характар, аднесенасць да ландшафту, ступень актыўнасці і інш. 2) Ж.ф. ў раслін — вонкавы выгляд (габітус), які адлюстроўвае іх прыстасаванасць да ўмоў асяроддзя; адзінка экалагічнай класіфікацыі. Складаюцца ў выніку натуральнага адбору ў пэўных умовах асяроддзя. Ж.ф. груп раслін адлюстроўваюць іх прыстасаванасць да рассялення і замацавання на тэрыторыі, да найб. поўнага выкарыстання ўсяго комплексу ўмоў месцазнаходжання. Змяняецца ў антагенезе (напр., аднагадовыя сеянцы елкі або дуба яшчэ не маюць формы дрэва), таму пад Ж.ф. класіфікацыйнай адзінкай лічыцца сукупнасць дарослых асобін. Адзін і той жа від раслін у розных умовах можа мець розныя Ж.ф. (дуб, елка, ядловец і інш. ў лясной зоне або лясным поясе гор — высакастволыя дрэвы, а на паўн. і вышыннай межах арэала — кусты або сланікі). У класіфікацыю можа ўваходзіць група раслін з падобнымі прыстасавальнымі структурамі, не абавязкова звязаных роднасцю (напр., кактусы і некат. малачаі ўтвараюць формы сцябловых сукулентаў). Тэрмін Ж.ф. прапанаваў дацкі батанік І.​Э.​Вармінг (1884). Пры гэтым ён разумеў форму, у якой вегетатыўнае цела расліны знаходзіцца ў гармоніі з навакольным асяроддзем на працягу ўсяго жыцця, ад насення да адмірання. Найб. пашырана класіфікацыя Ж.ф., прапанаваная дацкім батанікам К.​Раўнкіерам (1905, 1907), які вылучае 5 асн. Ж.ф. (гл. Сістэма Раўнкіера). Змяненні Ж.ф. выкарыстоўваюцца для работ па інтрадукцыі раслін.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІТАЛО́ГІЯ (ад арніта... + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае птушак, іх біялогію, геагр. пашырэнне, шляхі міграцыі, экалогію і гасп. значэнне. Даныя арніталогіі ляжаць у аснове развіцця сістэматыкі, біягеаграфіі, папуляцыйнай біялогіі, выкарыстоўваюцца ў біёніцы, паразіталогіі, эпідэміялогіі.

Першы твор з апісаннем птушак вядомы з 4 ст. да н.э. («Гісторыя жывёл» Арыстоцеля). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. з’явіліся працы натуралістаў франц. П.​Белона, швейц. К.​Геснера і італьян. У.​Альдравандзі, якія абагульнілі звесткі па арніталогіі таго часу. У 1713 апублікавана класіфікацыя птушак, распрацаваная англ. біёлагам Дж.​Рэем, у 1735 — навук. наменклатура птушак швед. Вучонага К.​Лінея. Даследаванні вучоных англ. Т.​Гекслі, рус. М.​А.​Мензбіра і ням. М.​Фюрбрынгера, Г.​Гадова і Э.​Зеленкі ў канцы 19 ст. паслужылі асновай сучаснай класіфікацыі птушак і вызначылі іх важнейшыя філагенетычныя сувязі.

На тэр. Беларусі першыя арніталагічныя звесткі належаць да сярэдзіны 18 — пач. 19 ст. (Г.​Ржанчынскі, Э.​Эйхвальд), у 2-й пал. 19 ст. звязаны з працамі К.​Тызенгаўза, В.​Тачаноўскага. Пэўным укладам у развіццё арніталогіі з’яўляюцца даследаванні ням. арнітолагаў А.​Рэйханава, О.​Цэдлітца, Х.​Захтлебена і інш. у час 1-й сусв. вайны. Асновай сістэматычнага развіцця арніталогіі сталі даследаванні У.​М.​Шнітнікава і яго першая грунтоўная зводка «Птушкі Мінскай губерні» (1913). Далейшае развіццё арніталогіі звязана з дзейнасцю А.​Штама, У.​В.​Стачынскага, С.​В.​Кірыкава, Я.​Даманеўскага, І.​М.​Сяржаніна, А.​У.​Фядзюшына, М.​С.​Долбіка і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі АН Беларусі, у запаведніках, ВНУ. Праведзена біяцэналагічнае вывучэнне найб. важных у гасп. адносінах птушак (курыных, драпежных, галянастых, вадаплаўных); удакладнены склад фауны, стан і дынаміка насельніцтва птушак розных біятопаў у залежнасці ад уздзеяння на іх асн. антрапагенных фактараў, высветлена відавая разнастайнасць, эколага-фізіял. асаблівасці, феналогія размнажэння і інш. пытанні біялогіі найб. пашыраных відаў. Даследуюцца рэдкія віды птушак, абгрунтавана ўключэнне ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь відаў, якія патрабуюць асаблівай аховы, многія даныя арніталогіі выкарыстоўваюцца для распрацоўкі нац. сістэмы ахоўных тэрыторый.

Літ.:

Федюшин А.В., Долбик М.С. Птицы Белоруссии. Мн., 1967;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989;

Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982.

М.​Я.​Нікіфараў.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць карысных выкапняў, выяўленых у нетрах асобных рэгіёнаў, краін, кантынентаў, прыдатных і даступных для асваення. З’яўляюцца сыравіннай асновай для развіцця найважнейшых галін прамысл. вытв-сці (энергетыка, паліўная прам-сць, чорная і каляровая металургія, хім. прам-сць, буд-ва і інш.), а таксама аб’ектам міжнар. супрацоўніцтва. Паводле сферы выкарыстання М.р. падзяляюцца: на паліўна-энергетычныя (нафта, прыродны газ, вуглі, гаручыя сланцы, торф, уранавыя руды); руды чорных металаў (жалезныя, марганцавыя, хромавыя і інш.); руды каляровых і легіруючых металаў (алюмінію, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, вальфраму, малібдэну, волава, сурмы, ртуці і інш.); руды рэдкіх і высакародных металаў; горна-хімічныя (фасфарыты, апатыты, каменная, калійныя і магнезіяльныя солі, сера, борныя руды, бром і ёдазмяшчальныя растворы, барыт, флюарыт і інш.); каштоўныя вырабныя камяні, нярудная індустрыяльная сыравіна (слюда, графіт, азбест, тальк, кварц і інш.); нярудныя буд. матэрыялы (цэментная і шкловая сыравіна, мармур, базальт, граніт, гліны, пяскі); гідрамінеральныя (падземныя прэсныя, мінер. і тэрмальныя воды). Паняцце «М.р.» мяняецца з часам у залежнасці ад узроўню развіцця грамадства, патрэб вытв-сці, узроўню тэхн. прагрэсу і магчымасцей эканомікі. Напр., каменны вугаль стаў карысным выкапнем прамысл. значэння толькі ў канцы 17 ст., нафта — у сярэдзіне 19 ст., руды алюмінію, магнію, хрому рэдкіх элементаў, калійныя солі — у канцы 19 — пач. 20 ст., уранавыя руды — у сярэдзіне 20 ст. М.р. колькасна ацэньваюцца запасамі карысных выкапняў і прагнознымі рэсурсамі, якія размеркаваны ў нетрах Зямлі вельмі нераўнамерна. Напр., больш за 80% запасаў вугалю сканцэнтравана ў нетрах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Паўднёва-Афр. Рэспублікі, 87% марганцавых руд — у Паўднёва-Афр. Рэспубліцы і Аўстраліі, 86% калійных солей — у Канадзе. Гл. таксама табл.

Частка М.р., падрыхтаваная геолагаразведачнымі работамі да асваення, наз. мінеральна-сыравіннай базай. Прамысл. асваенне М.р. уключае іх ацэнку (навукова-доследныя, пошукавыя і геолагаразведачныя работы) і ўласна асваенне (здабыча, абагачэнне і перапрацоўка). М.р. з’яўляюцца неўзнаўляльнымі прыроднымі рэсурсамі, што абумоўлівае неабходнасць рацыянальнага іх выкарыстання, уліку эколага-эканам. падыходаў пры распрацоўцы, скарачэння страт пры здабычы, перапрацоўцы і транспарціроўцы, а таксама утылізацыі другаснай сыравіны.

П.​З.​Хоміч.

Размеркаванне асноўных відаў мінеральных рэсурсаў, 1997
Карысныя выкапні Еўропа (без Расіі) Азія (без Расіі) Расія Афрыка Амерыка Акіянія і Аўстралія Усяго сусветных запасаў
Нафта, уключна з газавым кандэнсатам, млн.т 2964,5 97220,7 21252,9 10252,3 22822,4 560,6 155073,4
Прыродны газ, млрд. м​3 6425,4 61108,8 47380 9302,2 14571 618,3 139405,7
Вугаль, млн.т 676002 1323605 279582 178138 1894884 879700 5231911
Уран, тыс.т 969,84 5675,44 1586 2079,77 5606,66 895 16812,71
Жалезная руда, млн.т 52042 54309 100909 52499 88056 33440 381255
Марганцавая руда, млн.т 2560 1383 152 5139 889 267 10390
Хромавыя руды, млн.т 132,7 1322,4 310,28 13051,5 553 127 15496,88
Баксіты, млн.т 2098 8284 674 26459 14802 9903 62220
Вальфрамавыя руды (у пераліку на аксід), тыс.т 350 2332 420 62 903 34 4101
Медныя руды (у пераліку на метал), тыс.т 80002 226699 няма звестак 83348 509028 33509 932586
Малібдэнавыя руды (у пераліку на метал), тыс.т 10 3861 няма звестак 19 9706 109 13705
Нікелевыя руды (у пераліку на метал), тыс.т 8420 28400 7300 17730 39295 31010 132155
Алавяныя руды (у пераліку на метал), тыс.т 285 4850 300 680 3555 400 10070
Свінцовыя руды ( у пераліку на метал), тыс.т 28983 79307 14150 16850 55675 24400 219365
Цынкавыя руды (у пераліку на метал), тыс.т 66636 182790 няма звестак 35470 139650 65000 489546
Калійныя солі (у пераліку на аксід), млн.т 3296 2780 19118 179 14915 няма звестак 40288
Фасфатныя руды (апатыты і фасфарыты), млн.т 1647,1 17996,1 4827,5 20715,3 23509,5 927,6 69623,1
Серабро, т 156700 194100 няма звестак 53600 339000 55400 798800
Золата, т 2532 14212 няма звестак 43328 24913 6365 91350
Алмазы, млн. каратаў няма звестак 52 няма звестак 3243,1 817 705 4817,1

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)