вы́штукаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Разм. Змайстраваць што‑н., разумна камбінуючы, эканомна выкарыстоўваючы матэрыял; выгадаць, выкраіць. Выштукаваць цацку. □ Разам з тым Лапко ўмудрыўся выштукаваць тут і цэлы пакой для галоўнай свінаркі. Колас. Быў Сахрон майстра на ўсе рукі — ён мог зляпіць печ і грубку, падбіць чаравікі, пашыць боты, выштукаваць раму, пашкліць вокны. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экано́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. што. Разумна расходаваць, эканомна выкарыстоўваць. Святлану на ўсіх сходах у прыклад ставілі — што і рабіць стараецца, нормы перавыконвае, гаруча-змазачныя матэрыялы эканоміць. Місько. Сувязь абарвалася. Павел яшчэ раз праверыў кірунак, адзначыў месца, дзе застаўся карабель, і выключыў ліхтар. Трэба было эканоміць электраэнергію. Шыцік. // Выкарыстоўваць найбольш мэтанакіравана, ашчадна. Эканоміць кожную мінуту рабочага часу. □ Быў аддадзены загад дыверсійным групам эканоміць тол. Усе адчувалі — рыхтуецца нейкая вялікая аперацыя. Дзенісевіч.

2. Максімальна скарачаць выдаткі. Эканоміць на матэрыялах. □ Білеты былі вельмі дарагія і пасля прыходзілася моцна эканоміць, сядзець на хлебе і вадзе. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.

2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.

•••

Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.

Берагчы як зрэнку вока — старанна, беражліва захоўваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.

Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар. тэатр. вучылішча (курс У.Гатоўцава). З кастр. 1945 у Брэсце як абл. драм. т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.

Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.Л.Войніч, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.Штока, «Арганаўты» Ю.Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева, «Характары» паводле В.Шукшына і інш.

Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Ірынка» К.Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Хамуціус» паводле А.Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.Рамановіча паводле аповесці З.Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Папараць-кветка» І.Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка, «Разумная дачка» У.Караткевіча паводле бел. нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.Іпатавай, «Машэка» М.Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.Тургенева, «Жывы труп» Л.Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.Дзюмануара і А.Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.Шоу, «Атэла» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.Касоны, «Від з моста» А.Мілера, «Лаліта» Э.Олбі (паводле У.Набокава), «Гісторыя кахання» Э.Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.

У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар. арт СССР Я.Палосін; нар. артысты Беларусі Т.Заранок, А.Логінаў, Г.Маркіна; засл. артысты Беларусі М.Абрамаў, Т.Аляксеева, А.Асторына, Н.Ганчарэнка, Л.Весніна, У.Говар-Бандарэнка, В.Захарава, Т.Канавалава, Г.Качаткова, З.Курдзянок, П.Маркін, А.Самараў, Л.Сторажава, Б.Уксусаў, Б.Уладамірскі, Ю.Уласаў, С.Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.Яўдошанка, К.Перапяліца, Г.Токараў. Гал. рэжысёр Я.Натапаў (з 1996), гал. мастак В.Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Р.М.Бакіевіч.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)