ЗЯЗЮ́ЛІН ЛЁН, лугавы лён, палітрыхум (Polytrichum),

род брыевых імхоў сям. палітрыхавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў З.л.: звычайны (P. commune), ядлоўцавы (P. juniperinum), валасканосны (P. piliferum), прыальпійскі, або сціснуты (P. alpestre), прыгожы (P. formosum), зграбны (P. gracile). Расце ў лясах, на балотах, сырых лугах і інш. Торфаўтваральнік.

Двухдомныя, радзей аднадомныя, шматгадовыя часцей буйныя і цвёрдыя лістасцябловыя расліны, утвараюць рыхлыя дзярнінкі зялёнага, цёмна-, шыза-, жоўта-зялёнага, бураватага колеру. Сцябло выш. да 50 см, прамастойнае. Лісце цвёрдае, з доўгай плеўкавай похвай, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, з суцэльным ці зубчастым краем, з завостранай верхавінкай. Каробачка са спорамі прызматычная да кубічнай на ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок з густымі і тонкімі валаскамі, якія нагадваюць ільняную пражу (адсюль назва), лёгка ападае.

Зязюлін лён.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рапс

(ням. Raps)

травяністая расліна сям. крыжакветных з шыза-зялёным лісцем і дробнымі жоўтымі кветкамі, якая культывуецца ў Еўропе, Індыі, Кітаі, Канадзе, Аўстраліі; алейная і кармавая.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эшо́льцыя

(н.-лац. eschscholzia)

травяністая расліна сям. макавых з шыза-зялёным лісцем і адзіночнымі жоўтымі, белымі, аранжавымі або ружовымі кветкамі, пашыраная ў Паўд. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

спяко́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі гарачы, душны. Стаяў спякотны летні дзень. Сонца хоць і пераваліла за поўдзень, але пякло неміласэрна. Чарнышэвіч. Лета ў гэтым годзе выдалася спякотнае і сухое. Хомчанка. Цяжка ў пасёлку з вадой. Калодзежаў тут небагата, ды і ў тых часта ў спякотнае лета вада перасыхае. Бяганская. // Прасякнуты спёкай, надзвычай нагрэты. Вырысоўвалася праз спякотную шыза-белую дымку цёмная паласа лесу. Шамякін. Калі пачаўся гэты подзвіг? У катлаване? Ці тады, Калі вятроў спякотных подых Адчуў геолаг малады. Панчанка. Там спякотнымі вятрамі Выпалена цаліна, Ды туды з будаўнікамі Едзе красная вясна. Зарыцкі.

2. Такі, якому ўласціва спякота. Спякотны стэп. □ Магілёўская ціхая вёска. Курная хата. Як далёка яны ад Мадрыда, Ад спякотнай Іспаніі. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)