ЗАЛАТАРЭ́НКА (Іван Нічыпаравіч) (? — 7.10.1655),

паплечнік Б.Хмяльніцкага. Нежынскі палкоўнік (з 1653). З 1654 наказны гетман укр. казацкага 20-тысячнага войска (Нежынскі, Старадубскі і Чарнігаўскі палкі). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасланы на Беларусь у распараджэнне цара Аляксея Міхайлавіча. У 1654 заняў Гомель, Рэчыцу, Жлобін, Стрэшын, Рагачоў, Прапойск, Чачэрск і Новы Быхаў, у 1655 — Бабруйск, Глуск, Каралеўскую Слабаду, Свіслач, Койданава, разам з рас. войскамі ўдзельнічаў у захопе Мінска і Вільні. Загінуў у час Быхава аблогі 1654—55.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЕВІКІ́,

усходнеславянскія металічныя амулеты 11—14 ст. у выглядзе манетападобнай падвескі ці круглага складня. На вонкавым баку З. звычайна змяшчалася выява хрысціянскай сімволікі (Хрыстос, архангелы, святыя), на адваротным — кругавы надпіс (закліканне) і «змяінае гняздо». Лічылася, што З. засцерагаюць ад хвароб і немачы. Знойдзены З.: свінцовы канца 13 — пач. 14 ст. (Брэст), медны (Заслаўе) і бронзавы (Дрысвяты) з вушкам для падвешвання, бронзавы медальён-З. (Ваўкавыск), медны 12—13 ст. (Чачэрск).

Змеявік. 12 — пач. 13 ст. з Заслаўя.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЭГА́РДА (ад франц. cois de garde каравульнае памяшканне),

збудаванні ў гарадах і замках 16—18 ст. для размяшчэння варты. Будавалі з цэглы, каменю, дрэва, у тэхніцы «прускага муру». Аб’ядноўвалі К. з брамамі, астрогамі, мытняй. Часам існавала як асобнае памяшканне. Унутры былі жылыя памяшканні для салдат, у вял. К. — афіцэрскі пакой. На Беларусі вядомы К. ў гарадах Нясвіж, Пінск, Слуцк, Чачэрск, Давыд-Гарадок, Копысь (Аршанскі р-н), г.п. Мір (Карэліцкі р-н) і інш.

С.​А.​Сергачоў.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛСУН (Аляксандр Іванавіч) (н. 4.11.1935, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Канд. фізіка-матэм. н. (1967). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959). У 1962—67 у Ін-це фізікі АН Беларусі, у 1967—71 і з 1993 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя», адначасова з 1995 праф. Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Аўтар першага на бел. мове «Слоўніка фізічных і астранамічных тэрмінаў» (з Я.​Н.​Рапановічам, 1979), «Кароткага слоўніка фізічных тэрмінаў» (1979, 2-е выд. 1986), вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Тв.:

Методы математической физики. Мн., 1988 (разам з В.​К.​Гронскім, А.​А.​Бейдам);

Руска-беларускі фізічны слоўнік Мн., 1993.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕНЬ (Маркс Аронавіч) (н. 15.7.1932, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Д-р псіхал. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Ваен.-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1960). З 1985 у Рэсп. міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў нар. гаспадаркі (Мінск). З 1991 у Нац. ін-це адукацыі, з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах псіхалогіі кіравання, авіяц., ваен. і інж. псіхалогіі.

Тв.:

Социально-психологические аспекты управления производством. Мн., 1989 (разам з Т.​Л.​Цямушка);

Управление коллективом. Мн., 1997;

Образ в системе психической регуляции познавательной и исполнительской деятельности. Мн., 1997 (разам з В.​М.​Вадлазеравым).

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБА́ЙЛА (Падабайла, Пабадайла) Сцяпан (? — ліп. 1654), казацкі палкоўнік, кіраўнік казацкіх атрадаў на Беларусі ў антыфеадальную вайну 1648—51. У 1648 атрад П. і палкоўніка Гаркушы знаходзіўся ў Бабруйску, адкуль у вер. рушыў да Беразіно, а ў пач. снеж. да Старога Быхава. Пасля няўдалага штурму крэпасці казакі адступілі. У 1649 П. на чале 6 тыс. казакоў Чарнігаўскага палка абараняў т.зв. Лоеўскія пераправы, каб не дапусціць войска Я.Радзівіла на Украіну. Пасля Лоеўскай бітвы 1649 захапіў Гомель і асадзіў Чачэрск. У 1651 накіраваны Б.​Хмяльніцкім у якасці пасла да Радзівіла. У Лоеўскай бітве 1651 пацярпеў паражэнне і адступіў да Чарнігава. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў Чарнігаўскі полк казацкага войска І.Залатарэнкі. Загінуў у баі пад Гомелем.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́НСКА-БО́РШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура славянскіх плямён 8—10 ст., распаўсюджаная ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Назва ад паселішчаў каля г. Рамны (Сумская вобл., Украіна) і с. Боршава (Варонежская вобл., Расія). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамесніцтвам; жыло на гарадзішчах і селішчах у чатырохвугольных аднакамерных паўзямлянках слупавой і зрубнай канструкцый з глінабітнымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ляпных гаршках пад курганнымі насыпамі (сустракаюцца і бескурганныя пахаванні). Кераміка ляпная, арнаментаваная грабеньчатым штампам, насечкамі, наколамі. Знойдзены земляробчыя прылады працы, сякеры, косы, нажы; упрыгожанні — бронзавыя і сярэбраныя бранзалеты, шыйныя грыўні, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі. Помнікі канца 1-га тыс. н.э., падобныя да помнікаў Р.-Б.к., сустракаюцца на Пд і ПдУ Беларусі: Мазырскае гарадзішча Кімбараўка, матэрыялы гарадзішча і селішча Чаплін, селішчы Калочын і Насовічы, селішча і курганны могільнік Ходасавічы, курганны могільнік Вароніна, частка матэрыялаў гарадзішчаў Чачэрск і Гомель. Частка даследчыкаў лічыць, што Р.-Б.к. паходзіць ад пражскай культуры, а бел. помнікі звязаны з летапіснымі радзімічамі.

А.​А.​Макушнікаў.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯЦІ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Беседзь, на аўтадарозе Чачэрск—Ветка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Ветка, 52 км ад Гомеля. 1125 ж., 445 двароў (2001). Лясніцтва, прадпрыемства электрасетак, філіялы раённай сельгасхіміі, Веткаўскага дарожна-рамонтнага буд. ўпраўлення, Веткаўскага водаканала. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырв. партызан, расстраляных герм. акупантамі ў жн. 1918, сав. воінаў і партызана. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы гарадзішча зарубінецкай культуры.

Вядомы з 1565, калі вял. кн. Жыгімонт II Аўгуст даў пустое сяльцо С. («люди того сельца сего лета все в поветрие вымерли») Чачэрскага староства чачэрскаму баярыну Ілью Іванавічу. У 17 ст. належалі Шалютам, Язерскім, у 18 ст. — Вяроўкіным-Шалютам. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У канцы 19 ст. ў Рагачоўскім пав. Магілёўскай губ.; у 1886—365 ж., 64 двары, царква, бальніца, 3 крамы. У 1926—27 і 1935—56 С. — цэнтр Свяцілавіцкага раёна.

т. 14, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКО́Р (франц. décor ад лац. decoro упрыгожваю),

у архітэктуры, сістэма ўпрыгожвання фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Выступае ў адзінстве з аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, падкрэслівае яе гал. элементы, надае пабудовам своеасаблівасць і выразнасць, садзейнічае аб’яднанню асобных будынкаў у арх. ансамбль. Можа быць просты (аднакаляровая афарбоўка сцен) ці складаны, які спалучае арх. элементы (абломы, ордэр, балконы і інш.) са скульптурай, рэльефам, размалёўкай і г.д. Вызначаецца таксама матэрыялам, яго фактурай, колерам.

У збудаваннях Беларусі 11—12 ст. Д. ствараўся выразнасцю муроўкі з плінфы (Сафійскі сабор у Полацку) і спалучэннем яе з часанымі ці паліраванымі камянямі і керамічнымі пліткамі рознай формы (Барысаглебская царква ў Гродне). У гатычнай архітэктуры асн. тэма Д. — спалучэнне цаглянай муроўкі з атынкаванымі нішамі (Мірскі замкава-паркавы комплекс, Сынковіцкая царква-крэпасць). У будынках стылю барока і класіцызму выкарыстоўвалі формы антычнай ордэрнай сістэмы. Для барока характэрны складаныя пластычныя формы, крывалінейныя і разарваныя карнізы, лепка, скульптура, размалёўкі, паліваная кераміка (Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, касцёл бернардзінцаў у Гродне). Д. класіцызму мае больш простыя формы фасадаў пры актыўным выкарыстанні ў інтэр’ерах жывапісу і лепкі (палацы ў Гомелі, Жылічах Кіраўскага р-на). Д. несапраўднай готыкі ўласціва шырокае выкарыстанне зубчатых завяршэнняў сцен, машыкуляў, стральчатых арак у аконных праёмах, нішах і інш. (палац у г.п. Косава, касцёл у в. Сар’я Верхнядзвінскага р-на). У Д. псеўдарускага стылю ўключалі какошнікі, гіркі, фігурныя калонкі і інш. (тэатр у Магілёве, сабор у Барысаве). Стыль мадэрн адметны выкарыстаннем арнаменту са стылізаваных дэкар. элементаў іншых арх. стыляў (будынкі пазямельна-сял. банкаў у Віцебску, Гродне). У драўляным нар. дойлідстве Д. складаюць маст. апрацоўка канструкцыйных элементаў (калон, падкосаў, кранштэйнаў і інш.) і разныя аздабленні іншых элементаў будынка: абрамленні акон і дзвярэй, шалёўка франтонаў, вуглоў, сцен і інш. (жылы дом у г.п. Чачэрск). У манум. драўляным дойлідстве 17—20 ст. выкарыстоўваліся матывы Д. каменных будынкаў (касцёл у в. Воўпа Ваўкавыскага р-на, Радзівілімонтаўскі палац у Клецкім р-не). У Д. сучасных будынкаў шырока выкарыстоўваюць абліцоўку сцен прыродным каменем, керамічнай і шклокерамічнай пліткай розных памераў, фактуру, колер, а таксама рэльефныя зборныя жалезабетонныя элементы; фасады ўпрыгожваюць творамі манум. мастацтва (тэатр муз. камедыі, гасцініца «Турыст», жылыя дамы ў мікрараёне «Усход» у Мінску).

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Дэкор у архітэктуры. Аздабленне скразной разьбой ліштвы акна жылога дома ў г.п. Чачэрск.
Дэкор аздаблення жылога дома па вуліцы Савецкай у г. Гродна.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 3.7.1939, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),

бел. акцёр і рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961), Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1967). Працаваў акцёрам у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1961—64), гал. рэжысёрам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам і маст. кіраўніком у Гомельскім (1967—68), Магілёўскім (1970—75), Гродзенскім (1975—81) абл. драм. т-рах, Т-ры юнага гледача Беларусі (1983—89), Бел. рэсп. т-ры драмы і камедыі (1989—91), Брэсцкім рус. драм. т-ры (1991—93), у абл. драм. т-рах Бранска, Пскова, Ноўгарада. З 1993 маст. кіраўнік Гомельскага абл. драм. т-ра. Сярод роляў: Барыс Мякішаў («Пад адным небам» А.​Маўзона), Шкаляр («Несцерка» В.​Вольскага), Васіль Забалотны («У дзень вяселля» В.​Розава) і інш.; пастановак: у Гомельскім т-ры — «Мяшчане» М.​Горкага і «Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча (1967); у Магілёўскім т-ры — «Паўлінка» Я.​Купалы і «Клоп» У.​Маякоўскага (1971), «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра (1972); у Гродзенскім т-ры — «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага і «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1975), «Зыкавы» М.​Горкага (1979); у Т-ры юнага гледача — «Паядынак» М.​Матукоўскага і «Асоль» паводле аповесці А.​Грына «Пунсовыя ветразі» (1984) і інш.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)