СКІ́ПА (Schipa) Ціта (2.1.1889, г. Лечэ, Італія — 16.12.1965),
італьянскі спявак (лірычны тэнар). Вучыўся ў А.Джэрунды ў Лечэ і ў Э.Пікалі ў Мілане. У 1910—55 выступаў на сцэне італьян. і інш. оперных т-раў Еўропы і Амерыкі, у т. л. Чыкагскага, «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». З 1946 выступаў і як канцэртны выканаўца. Адзін з буйн. італьян. оперных спевакоў 20 ст. Майстар бельканта. Яго голас вылучаўся багаццем адценняў. пластычнасцю, пяшчотнасцю і мяккасцю гучання. Сярод лепшых партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына, Эрнеста («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Вертэр («Вертэр» Ж.Маснэ). Спяваў у спектаклях з Ф.Шаляпіным. Здымаўся ў муз. кінафільмах, у т. л. «Любімыя арыі». Аўтар аперэты «Прынцэса Ліяна» (паст. 1935), хар. і фп. твораў, песень.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́БІ (Gobbi) Ціта (24.10.1913, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 5.3.1984),
італьянскі спявак (барытон). Скончыў юрыд.ф-т Падуанскага ун-та. З 1938 саліст оперных т-раў Італіі (з 1942 — «Ла Скала»), з 1947 — інш.еўрап. і амер. т-раў. Голас рэдкай прыгажосці, майстэрства бельканта і акцёрскае дараванне здабылі яму славу аднаго з лепшых спевакоў свайго часу. Стварыў рознахарактарныя муз.-сцэнічныя вобразы. Сярод лепшых партый: Рыгалета, Яга, маркіз ды Поза, Жэрмон, Макбет, Рэната («Рыгалета», «Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Макбет», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія, Джані Скікі («Тоска», «Джані Скікі» Дж.Пучыні), Фігара («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Воцэк («Воцэк» А.Берга). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў (Вена, 1936). Аўтар шэрагу кніг, у т. л. «Свет італьянскай оперы» (з І.Кук, пер. з англ., М., 1989). Здымаўся ў муз. кінафільмах.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІЛО́ВІЧ Аляксандр Восіпавіч (1.7.1800, Магілёў — 11.9.1834),
дзекабрыст, ваенны гісторык, літаратар. Брат М.В.Без-Карніловіча. Скончыў Маскоўскае вучылішча для калонаважатых (1815). З 1816 у распараджэнні ваен. гісторыка Дз.П.Бутурліна, працаваў у архівах Калегіі замежных спраў. Аўтар каля 35 прац па гісторыі 17—18 ст., геаграфіі, статыстыцы і інш. З 1820 друкаваўся ў час. «Сын Отечества», «Северный архив», «Отечественные записки» і інш. У маі 1825 уступіў у Паўд.т-ва дзекабрыстаў. 13 12.1825 папярэдзіў штаб паўстання аб пераносе тэрміну прысягі Сената і Дзярж. рады. Арыштаваны ў ноч на 15 снеж., прыгавораны да 12 гадоў катаргі (пазней тэрмін скарочаны да 8 гадоў). У вер. 1827 — студз. 1828 знаходзіўся ў Чыцінскім астрозе. Беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы, дастаўлены ў Пецярбург і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У зняволенні напісаў аповесць «Андрэй Безыменны», перакладаў Тацыта і Ціта Лівія. У 1832 К. адпраўлены радавым у дзеючую армію на Каўказ, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́НІЙСтарэйшы,
Гай Пліній Секунд (Gaius Plinius Secundus; 23 ці 24, г. Кома, Італія — 24.8.79), старажытнарымскі пісьменнік, вучоны і дзярж. дзеяч. Дзядзька і прыёмны бацька Плінія Малодшага. Карыстаўся падтрымкай рым. імператараў Веспасіяна і Ціта, быў імператарскім пракуратарам у Нарбонскай Галіі і Іспаніі. Загінуў у час вывяржэння Везувія, калі камандаваў флотам у Мізене. П. — аўтар «Натуральнай гісторыі» ў 37 кн., якая напісана на аснове вывучэння 327 грэч. і 146 рым. аўтараў. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя прыродазнаўчых ведаў антычнасці па астраноміі, фіз. геаграфіі, метэаралогіі, этнаграфіі, антрапалогіі, заалогіі, батаніцы, сельскай і лясной гаспадарцы, медыцыне, мінералогіі, металургіі і інш. Да канца 17 ст. выкарыстоўвалася як крыніца ведаў пра прыроду. Гіст. творы П. («Германскія войны» ў 20 кн., «Працяг гісторыі Аўфідыя Васа» ў 31 кн. і інш.) не захаваліся, яны былі выкарыстаны Тацытам у якасці крыніц для «Аналаў» і «Германіі».
Тв.:
Рус.пер. — Естествознание. Об искусстве. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 3-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін), левага крыла 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі), Дунайскай ваеннай флатыліі (адм. С.Г.Гаршкоў), войск Айч. фронту Балгарыі і Народна-вызв. арміі Югаславіі (маршал І.Броз-Ціта) па вызваленні Усх. і Паўн. Югаславіі і Бялграда ад ням.-фаш. захопнікаў у 2-ю сусв. вайну. Праведзена 28 вер. — 20 кастр.
У ходзе бялградскай аперацыі разбіты ням. аператыўная група «Сербія» і гал. сілы армейскай групы «Ф» (13 дывізій і брыгад), 6 дывізій групы армій «Е», вызвалены г. Бялград (20 кастр.), тэр. Сербіі і створаны перадумовы для вызвалення ўсёй Югаславіі і Албаніі. Праціўнік страціў каля 45 тыс. забітымі і палоннымі. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 18 380 чал. (з іх забітымі 4350 чал.). 13 сав. воінам прысвоена званне Народнага героя Югаславіі. 20 злучэнням і часцям, якія найб. вызначыліся ў бялградскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Бялградскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ КАЛІЗЕ́Й, Каласей (ад лац. colosseus аграмадны, каласальны),
амфітэатр Флавіяў, помнік стараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены ў 75—80 н.э. ў часы імператараў Веспасіяна і Ціта. Грандыёзнае збудаванне ў форме чашы ўяўляе сабой у плане авал (даўж. каля 190 м, шыр. 156 м) з арэнай у цэнтры, вакол якой прыступкамі ўзвышаюцца месцы для гледачоў. Пабудаваны з туфу, трыбуны былі пакрыты мармурам; статуі і стукавае аздабленне не захаваліся. Глядзельная зала мела 4-ярусную канструкцыю: першыя 3 ярусы ордэрных арак з іанічнымі, дарычнымі і карынфскімі калонамі; у 4-м ярусе, дэкарыраваным карынфскімі пілястрамі, былі арачныя аконныя праёмы. Уваход у залу праз аркі. Р.к. меў складаную падземную канструкцыю, дзе знаходзіліся мех. прыстасаванні для правядзення гульняў, калідоры для гладыятараў і інш. У выпадку дажджу ці санцапёку збудаванне накрывалі спец. тэнтам. Прызначаўся для тэатралізаваных паказаў і разнастайных відовішчаў: баі гладыятараў і караблёў (для іх арэну залівалі вадой), цкаванне драпежных звяроў і інш. Моцна пашкоджаны. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРАЛІ́НГСКАЕ АДРАДЖЭ́ННЕ»,
уздым культуры ў Франкскай дзяржаве ў 2-й пал. 8—1-й пал. 9 ст., звязаны з узвышэннем, рэформамі першых Каралінгаў і ўзнікненнем імперыі Карла Вялікага. Цэнтралізацыя дзяржавы і кіраванне велізарнай імперыяй патрабавалі значнай колькасці адукаваных чыноўнікаў і духавенства. Адсюль клопат пра развіццё адукацыі і мастацтва, зварот да познаант. культуры. Пры каралеўскім двары, у цэнтрах буйных епархій і абацтваў ствараліся школы для дзяцей знаці, настаўнічаць у якіх запрашалі найб. адукаваных людзей. Узнавілася цікавасць да твораў стараж. аўтараў — Арыстоцеля, Баэцыя, Светонія, Ціта Лівія і інш. Створана новае пісьмо — каралінгскі мінускул, якое стала асновай сучаснага лац. алфавіта. Цэнтрам «К.а.» была «Акадэмія» — своеасаблівы гурток вучоных і паэтаў, створаны Карлам Вялікім пры сваім двары. Значнага развіцця дасягнулі гістарыяграфія, л-ра, архітэктура (у 768—814 пабудавана 27 сабораў, 232 манастыры, 65 палацавых ансамбляў, сярод якіх найб. адметная палацавая капэла ў Ахене), фрэскавы жывапіс, мазаіка, кніжная мініяцюра, ювелірнае мастацтва. Распад імперыі пры пераемніках Карла Вялікага, узмацненне феад. раздробленасці, рост натуральнай гаспадаркі прывялі да згасання «К.а.» як з’явы.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.«Каралінгскае адраджэнне». Лотар I. Мініяцюра «Евангелле Лотара». Каля 840.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА старажытнагрэчаскае і старажытнарымскае мастацтва (1-с тыс. да н.э. — 1-я пал. 1-га тыс.н.э.). Зарадзілася на Пд Балканскага п-ва, на астравах Эгейскага архіпелага і зах. узбярэжжы М.Азіі. Найвышэйшы росквіт перажыло ў Грэцыі Старажытнай. Падзяляецца на архаіку (7—6 ст. да н.э.),
класіку (5—4 ст. да н.э.), элінізм (канец 4—1 ст. да н.э.), рымскае мастацтва (3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.). У эпоху элінізму яго ўплыў пашырыўся на тэрыторыі, што прылягалі да Міжземнага і Чорнага мораў, на Б. і Сярэдні Усход (амаль да Індыі), дзе склаліся мясц. школы эліністычнага мастацтва. Традыцыі стараж.-грэч. і эліністычнага мастацтва атрымалі новае развіццё ў мастацтве Рыма Старажытнага. Лепшыя творы антычнага мастацтва, якія ў класічна ясных, узнёслых формах увасобілі высокія гуманіст. ідэалы, да нашага часу звязаны з уяўленнем аб маст. дасканаласці і недасягальным узоры, гарманічным харастве па законах прастаты, раўнавагі, меры.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Антычнае мастацтва. Барацьба Зеўса з гігантамі. Фрагмент фрыза Пергамскага алтара. Каля 180 да н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Арка Ціта ў Рыме. 81 н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Амфара. 360 да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРНЫ ТЭА́ТР ЗІМІНА́,
«Опера С.І.Зіміна», прыватны тэатр Расіі. Існаваў у 1904—17 у Маскве. Развіваў традыцыі Маскоўскай прыватнай рускай оперы. Адкрыты спектаклем «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава на сцэне т-ра «Акварыум». Пазней спектаклі ставіліся на розных сцэнах. Уключаў хор, аркестр, балетную трупу. Пастановачнымі працэсамі кіраваў Зімін, гал.рэж.т-ра (з 1907) П.Аленін. У рэпертуары пераважалі забытыя айч. творы і навінкі рус. і замежнай музыкі.
У розны час у т-ры працавалі: спевакі М.Бачароў, В.Дамаеў, М.Данец, Ю.Кіпарэнка-Даманскі, В.Пятрова-Званцава, М.Спяранскі, А.Цвяткова, Н.Ярмоленка-Южына, рэжысёры А.Іваноўскі, Ф.Камісаржэўскі, А.Пятроўскі, муз. кіраўнікі — М.Іпалітаў-Іванаў, М.Багрыноўскі, Э.Купер, А.Пазоўскі, І.Паліцын, Я.Плотнікаў, Ю.Слівінскі. Спектаклі афармлялі мастакі І.Білібін, А.Васняцоў, А.Галавін, П.Канчалоўскі, С.Малюцін, В.Паленаў, М.Рэрых. В.Сяроў, Ф.Федароўскі і інш. На сцэне т-ра выступалі вакалісты Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, М.Батыстыні, Дж.Ансельмі, М.Гай, Л.Кавальеры, Ціта Руфа, балерына М.Кшасінская і інш. З 1917 дзярж.т-р (у 1919—20 Малая дзярж. опера, у 1921 Т-рмуз. драмы, у 1922—24 акц.т-ва «Першая свабодная опера С.І.Зіміна»).
Літ.:
Боровский В. Московская опера С.И.Зимина. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕ́ЛІ (Machiavelli) Нікало ды Бернарда (3.5.1469, г. Фларэнцыя, Італія — 22.6.1527),
італьянскі мысліцель, дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык, пісьменнік, ваенны тэарэтык. У 1498—1512 сакратар Савета дзесяці Фларэнтыйскіх рэспублік, выконваў дыпламат. даручэнні. Асн. працы «Гасудар» (1513), «Разважанні на першую дэкаду Ціта Лівія» (1531), «Гісторыя Фларэнцыі» (1532). Аснова яго светапогляду — палажэнне аб спрадвечнай недасканаласці чалавечай прыроды, што абумоўлівае неабходнасць дзярж. улады. Дзяржава, паводле М., з’яўляецца не актам Бога ці суб’ектыўнай волі людзей, а вынікам аб’ектыўнага гіст. працэсу; з вопыту гісторыі трэба выкарыстоўваць усё тое, што спрыяе зберажэнню і ўмацаванню дзяржавы. Дзярж. ўлада павінна быць цвёрдай і рашучай; аўтарытэт дзяржавы непадзельны і канцэнтруецца ў руках улады. Т.ч., М. падышоў да разумення дзярж. суверэнітэту. У той жа час дзяржава павінна клапаціцца і аб грамадзянах, весці барацьбу са злачыннасцю, забяспечваць парадак у краіне, умацоўваць яе пазіцыі ў міжнар. адносінах. Паліт. ідэалам М. была стараж. Рымская рэспубліка. У яго творах праводзіцца паралель паміж моцнай рэсп. дзяржавай у Рыме і паліт. раздробленасцю Італіі. Дзеля ўмацавання дзяржавы М. лічыў дапушчальнымі любыя сродкі (гл.Макіявелізм).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. М., 1982;
История Флоренции. М., 1987;
Государь. Рассуждения о первой декаде Тита Ливия. О военном искусстве. М., 1997.
Літ.:
Жизнь Николо Макиавелли: Сб.: Пер. с англ. СПб., 1993;
Бурлацкий Ф.М. Загадка и урок Макиавелли: Драматург., ист. и социол. новеллы. М., 1977.