КУРУЛТА́Й (цюрк.),
1) у мангольскіх і цюркскіх народаў сход, з’езд, канферэнцыя, а таксама свята, баляванне.
2) У Бухарскай Народнай Савецкай Рэспубліцы і Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспубліцы (1920—24) — вышэйшы орган дзярж. улады.
т. 9, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧА́Р (цюрк.),
старажытнаруская і ўсходняя колючая халодная зброя (меч) з прамым доўгім (да 1,5 м) вузкім трох- ці чатырохгранным клінком. У 14—16 ст. быў на ўзбраенні коннікаў, служыў для паражэння праціўніка праз кольчатыя даспехі.
т. 8, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙРА́КІ (цюрк.),
сухія лагчыны і яры, укрытыя расліннасцю, пераважна лісцевым лесам (дуб, ясень, клён, ліпа, бяроза, ігруша і інш.), у стэпах і лесастэпах Рускай раўніны (Сярэднярускае і Прыволжскае ўзвышшы, Данбас і інш. тэрыторыі з узгоркавым рэльефам).
т. 2, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ (цюрк. пан, старэйшы брат),
тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.
т. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРШЫ́Н (цюрк.),
старажытная мера (адзінка) даўжыні. Карысталіся ў Афганістане, Балгарыі, Іране, Расіі (з 16 ст.), Турцыі («аршым»). Значэнне аршына ў 16—18 ст. мянялася. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. карысталіся рускім аршынам = 28 цалям = 16 вяршкам = 0,7112 м.
т. 1, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗНА́ (цюрк.),
1) фінансавыя рэсурсы дзяржавы, цэнтралізаваныя дзярж. крыніцы фінансаў; грашовыя сродкі якой-н. установы.
2) Дзяржава як суб’ект пэўных маёмасных правоў і інтарэсаў.
3) У гіст. мінулым сховішча грошай і каштоўнасцей цароў, князёў, манастыроў і інш., а таксама самі гэтыя каштоўнасці (маёмасць).
т. 7, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКА́К (цюрк.),
у сярэднія вякі прадстаўнік мангольскага хана, які кіраваў захопленай тэрыторыяй і меў шырокія паўнамоцтвы. На Русі з’явіліся ў сярэдзіне 13 ст., збіралі даніну, вялі ўлік насельніцтва, кантралявалі дзейнасць мясц. улады. Баскакі мелі ваен. атрады, якія душылі выступленні заваяванага насельніцтва супраць мангола-татарскага панавання.
т. 2, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАТА́У, Ала-Тоа (цюрк. літар. стракатыя горы),
назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЮДА́Г (цюрк. Мядзведзь-гара),
гара-лакаліт і мыс на Паўд. беразе Крыма на Украіне. Замыкае з У Гурзуфскую бухту. Даўж. каля 3 км, выш. да 572 м. На стромкіх схілах разрэджаная ксерафітная дрэвава-хмызняковая расліннасць. Каля паўд.-зах. падножжа размешчаны міжнар. дзіцяча-юнацкі аздараўленчы лагер Артэк.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАГА́Ц (арм.),
Алагёз (цюрк.), найвышэйшая вяршыня Армянскага нагор’я, у Арменіі. Выш. 4090 м. Патухлы вулкан, кратэр якога стаў ледавіковым цыркам. Складзены з лаваў і туфаў. Ёсць невял. ледавікі. На схілах стэпы з нагорнымі ксерафітамі. Горныя пашы. Па паўд. схіле Бюраканская астрафіз. абсерваторыя; рэшткі сярэдневяковай крэпасці Анберд.
т. 1, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)