эколага-прававыя патрабаванні да прыродакарыстальнікаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Накіраваны на задавальненне патрэб грамадства ў ахове прыроды і забеспячэнні аптымальнай якасці навакольнага асяроддзя. Замацаваны ў прыродаахоўным заканадаўстве, дапаўняюцца экалагізаванымі нормамі гасп., адм., грамадз., крымін. і інш. заканадаўстваў, якія канкрэтызуюць матэрыяльныя, арганізац. і прававыя гарантыі выканання П.н. У адпаведнасці з імі ўстанаўліваюцца ліміты здабычы прыродных рэсурсаў або нормы выкідаў у навакольнае асяроддзе забруджвальнікаў. Пры парушэнні П.н. ужываюцца пэўныя санкцыі (штрафы, прыпыненне ці забарона эксплуатацыі абсталявання, цэхаў, вытв-сцей і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д (БМЗ). Дзейнічае ў г. Жлобін Гомельскай вобласці. Будаўніцтва пачата ў 1982, у 1984 пушчана 1-я чарга (электрасталеплавільны і сортапракатны цэхі), у 1987 — 2-я (комплекс металакорду), у 1991 — 3-я чарга. Працуе на металаломе. Дзейнічаюць 15 цэхаў. Супрацоўнічае з герм. фірмамі «Круп» і «Хет» — вытворцамі ліставой сталі. Прадукцыя (1994): металакорд для шын і пасаў (17,2 тыс.т), дрот стальны (9,9 тыс.т), сталь (711 тыс.т) гарачакатаная і катанка стальная, пракат стальны (656 тыс.т), вугалок стальны, швелер, розныя загатоўкі, накрыўкі метал. ўшчыльнікавыя.
С.А.Казак-Антаневіч.
Беларускі металургічны завод. Электрасталеплавільны цэх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПРАЕ́КТНА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ І ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь,
«Беларгстанкінпрам». Засн. ў 1965 у Мінску на базе тэхнал. аддзела СКБ № 12. Асн. кірункі работы: распрацоўка комплексных праектаў тэхн. пераўзбраення, пашырэння, рэканструкцыі цэхаў, участкаў і. вытв-сцяў на прадпрыемствах машынабудавання і металаапрацоўкі; распрацоўка з улікам экалагічных патрабаванняў перспектыўных тэхнал. працэсаў па механаапрацоўцы, кавальска-штамповачнай, тэрмічнай, гальванічнай, зборачнай, фарбавальнай вытв-сцях, кансервацыі і ўпакоўцы; праектаванне і выраб нестандартнага абсталявання і аснасткі, сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці; распрацоўка сістэм аўтаматызацыі тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці ва ўмовах прадпрыемстваў з дробнасерыйнай і серыйнай вытв-сцю; выкананне н.-д. і эксперым. работ у галіне найноўшых тэхналогій, у т. л. экалагічна чыстых і рэсурсазберагальных; удасканаленне арганізацыі працы і тэхнікі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ МЭ́БЛЕВАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.
Створана ў 1975 у г. Мазыр Гомельскай вобл., у складзе Мазырскага мэблевага камбіната (галаўное прадпрыемства), Хойніцкага дрэваапр. камбіната, лесапільных цэхаўв. Балажэвічы Мазырскага р-на і в. Бабічы Рэчыцкага р-на. Мазырскі мэблевы камбінат створаны ў 1945 як прамкамбінат на базе гаркамбіната, які ўключаў на той час цэхі: мукамольны, сталярны, слясарны, швейны, мастацкі, кавальскі і інш. У 1954 пабудаваны на новым месцы. Далучаны: у 1956 арцель «Чырвоны мэбельшчык», у 1963 Мазырскі райпрамкамбінат, у 1971 Калінкавіцкі прамкамбінат і Хойніцкі дрэваапр. камбінат. З 1974 — Мазырскі мэблевы камбінат. У 1991 выйшаў з аб’яднання Калінкавіцкі прамкамбінат. Асн. цэхі і адм. будынак пабудаваны ў 1976—94. Асн. прадукцыя (1999): мяккая, корпусная і кухонная мэбля, вырабы гасп. ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.
Створаны ў 1959 у г. Масты Гродзенскай вобл. на базе лесапільнага (1924) і фанернага (з 1927) з-даў. Складаўся з цэхаў: лушчыльнага, клеявога, сартавальнага, мяккай мэблі, лесапільнага; пабудаваны цэхі гнутаклееных дэталей (1961), драўнянастружкавых пліт (1972). З 1971 галаўное прадпрыемства Мастоўскага вытв.дрэваапр. аб’яднання «Мастоўдрэў», куды як філіялы ўваходзілі Мастоўская, Слонімская (вылучылася ў 1997) і Гродзенская (вылучылася ў 1993) мэблевыя ф-кі; з 1979 — Гродзенскі дрэваапр. камбінат (вылучыўся ў 1988), Гродзенскі леспрамгас (перайменаваны ў Мастоўскі леспрамгас), Смаргонскі лесазавод (ліквідаваны ў 1989). У 1994 аб’яднанне пераўтворана ў адкрытае акц.т-ва «Мастоўдрэў». Асн. прадукцыя (1999): фанера, драўнянастружкавыя пліты, драўняныя пліты з арыентаванай стружкай, піламатэрыялы; мэбля: корпусная, мяккая, кухні, спальні, крэслы; жывіца, шкіпінар, драўняны вугаль і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ГАРБА́РНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.
Створана ў 1970 у Мінску на базе галаўнога прадпрыемства Мінскага гарбарнага з-да «Бальшавік» (засн. ў 1895 як гарбарныя майстэрні), Мінскага скурсыравіннага і Смілавіцкага гарбарнага з-даў. У 1927—70 гарбарны з-д «Бальшавік». У 1962 уведзены ў дзеянне клеяварны цэх, у 1963—3-я хромавая вытв-сць, у 1970 рэканструяваны і перааснашчаны. З 1992 арэнднае прадпрыемства, з 1994 адкрытае акц.т-ва «М.в.г.а.». У 1988 прадпрыемства пераведзена ў пас. Гатава Мінскага р-на на новыя вытв. пляцоўкі; складаецца з вытв-сці першаснай апрацоўкі скурсыравіны, цэхаў: зольна-дубільнага, фарбавальна-апрацоўчага, перапрацоўкі адходаў вытв-сці і дапаможных. Асн. прадукцыя (1999): хромавы скуртавар для верху абутку, галантарэі, мэблі і лёгкадрапіравальны (для адзення); з адходаў вытв-сці: клей мяздровы, малярны, мыла гаспадарчае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал. працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв. працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭ́ДА ДЖЭ́КА ПАЎСТА́ННЕ 1450—51,
узброенае выступленне сялян, рамеснікаў, часткі купцоў і дробных дваран супраць самавольства (у т. л. падатковага прыгнёту) улад Англіі. У ліку прычын паўстання была таксама незадаволенасць англічан паражэннямі краіны ў Стогадовай вайне 1337—1453 з Францыяй. Праходзіла пад лозунгамі зніжэння падаткаў, рэформы суда і адміністрацыі, адмены дыскрымінацыйнага «закону аб рабочых». Пачалося ў маі 1450 у раёне Грынвіча (графства Кент), у чэрв. ахапіла графствы Сусекс, Эсекс, Сурэй (каля 20 тыс. паўстанцаў). 18 чэрв. паўстанцы на чале з б. салдатам-ірландцам Джэкам (Джонам) Кэдам разбілі каралеўскія войскі каля Севенакса, 2 ліп. занялі Лондан. Аднак 5 ліп. скліканае заможнымі купцамі апалчэнне цэхаў пры падтрымцы гарнізона Таўэра выцесніла паўстанцаў з Лондана. 12 ліп. ў баі з урадавымі войскамі каля Льюіса (графства Сусекс) смяротна паранены Кэд; паўстанцаў узначаліў У.Пармінтэр (загінуў у пач. 1451). Асобныя паўстанцкія атрады супраціўляліся да 1454.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цэх, ‑а, м.
1.Уст. У сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе — гарадская арганізацыя рамеснікаў адной прафесіі. Да нашых часоў дайшлі статуты цэхаў металістаў, краўцоў, шаўцоў, муляраў.«Полымя».
2. Асноўнае вытворчае падраздзяленне прамысловага прадпрыемства. Друкарскі цэх. Кацельны цэх. □ На заводзе закрылі ўсе цэхі, дзе вырабляліся электрапрыборы для ўжытку.Шамякін.Павіншавалі мы яго І па-ранейшаму, папросту. Калегі цэха аднаго, Дзялілі радасць, боль і роздум.Гілевіч.// Памяшканне, дзе размяшчаецца такое падраздзяленне. Для ўліку расходу электраэнергіі ў цэхах устаноўлены лічыльнікі.«Звязда».
[Ням. Zeche.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАЛАВА́Я ПРАДУ́КЦЫЯ,
паказчык, які характарызуе аб’ём прадукцыі ў вартасным (грашовым) выражэнні, атрыманай на прадпрыемстве ці ў адной з галін матэрыяльнай вытв-сці. Уключае канчатковую (гатовую) і прамежкавую (вузлы і дэталі камплектавання, сыравіну і інш.) прадукцыю. Разлічваецца ў супастаўных цэнах і ў цэнах адпаведных гадоў. Адлюстроўвае аб’ём, дынаміку і тэмпы агульнага росту вытв-сці на прадпрыемствах і ў асобных галінах эканомікі, прапорцыі паміж гэтымі галінамі, што можна выкарыстаць для вызначэння перспектыў вытв-сці.
Валавая прадукцыя прамысловасці — сукупнасць гэтай прадукцыі ўсіх прамысл. прадпрыемстваў за пэўны перыяд. Апрача гатовай прадукцыі ўключае кошт спажытых у вытв. працэсе сыравіны, матэрыялаў, паліва, эл. энергіі, а таксама амартызацыю асн. сродкаў. Валавая прадукцыя прадпрыемства вызначаецца пераважна заводскім спосабам: з усяго валавога абароту вылічваецца ўнутрызаводскі абарот (прадукцыя некаторых цэхаў, выкарыстаная на выраб канчатковай прадукцыі ў інш. цэхах). Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі — сукупная прадукцыя гэтай галіны ў грашовым выражэнні; уключае таксама кошт сродкаў, выкарыстаных у працэсе с.-г. вытв-сці (насенне, кармы, амартызацыя будынкаў, машын і т.д.). Вызначаецца ў супастаўных цэнах, па аб’ектах с.-г. вытв-сці, асобных галінах сельскай гаспадаркі і ў цэлым па краіне.