Свесь (сьвесь) ‘сястра жонкі’ (Ласт., Касп., Янк. 1, Сл. рэг. лекс.; мазыр., Шатал.; ТС), свесць (сьвесць) ‘тс’ (ТС, Шат., Маш., Ян., Кольб.), свісць (сьвісьць) ‘тс’ (Клім., Сл. Брэс.), сьве́сьця ‘тс’ (Касп.), сьве́стка ‘тс’ (Ласт.); укр. свість, рус. дыял. свесть, све́стка ‘швагерка’, стараж.-рус. свесть, свьсть, свѣсть, польск. świesć ‘сястра мужа або жонкі’, серб. сва̑ст, сва̏сти ‘швагерка’, славен. svȃst, svẹ̑st, балг. све́стка, макед. дыял. свеска ‘тс’. Прасл. *svьstь, svěstь мае адпаведнікі ў літ. sváinis ‘сваяк’ (паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 171), літоўскай мове характэрна сінанімія суф. ‑nis‑/‑sis‑), лат. svaĩnis ‘брат жонкі’ побач з sìvystàs ‘цесць’, ст.-ісл. sveinn ‘хлопчык, хлопец, слуга’, ст.-в.-ням. geswîo ‘сваяк’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 575; Міклашыч, 322; Младэнаў, 571, 573; Скок, 3, 226. Далей да свой (гл.). Трубачоў (История терм., 140) словаўтварэнне тлумачыць як далучэнне суф. ‑st‑ да асновы *svь‑, якая ўтварылася ў выніку рэдукцыі кораня: *svь‑ < sve‑, svo‑; першапачаткова гэта быў nomen abstractum са значэннем ‘прыналежнасць да сваіх, сваяцтва’. Аднаўленне сувязі ў рус. свояченица ‘швагерка’, параўн. Шаўр, Etymologie, 45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Свой 1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. έ ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой 2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуй ‘трубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спіса́ць, спішу, спішаш, спіша; зак., каго-што.

1. Перапісаць з арыгінала які‑н. тэкст; зрабіць рукапісную копію чаго‑н. Спісаць з дошкі ўмову задачы. Спісаць вершы з кнігі ў сшытак. Спісаць расклад лекцый. // Намаляваць, скапіраваўшы (карціну і пад.). Спісаць пейзаж Левітана. // Перапісаць што‑н., напісанае кім‑н. іншым, выдаючы за сваё. На ўроках [Кандрат] — майстра на падгляд. Заўжды спісаць у сябра рад! Хведаровіч.

2. з каго-чаго. Паказаць (у літаратуры, жывапісе), выкарыстаўшы каго‑, што‑н. як прататып, натуру. Спісаць героя рамана са знаёмага чалавека.

3. Скласці пералік каго‑, чаго‑н., запісаць у спіс. [Шарон:] Мне трэба ведаць, хто і колькі іх. Спішы мне зараз, Мітрафан, усіх! Танк.

4. Дакументальна афармляючы, запісаць як зрасходаванае або нягоднае. Спісаць устарэлую тэхніку. □ [Майстар:] — Ладна ўжо, спішам гэты твой разец — ніхто і ведаць не будзе. Асіпенка. Тунякоў такія штукі мог рабіць адмыслова: спісаць збожжа ці яшчэ што як бракованае, а потым сплавіць налева. Радкевіч. // Ускласці на каго‑, што‑н. адказнасць за што‑н. (часцей за знішчэнне, пашкоджанне і пад. чаго‑н.). [Следчы да Сотнікава:] — Не выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Быкаў. Відаць, не першы ты, хто ўсе выдаткі Хацеў бы на мінулае спісаць. Пысін. // Лічыць несапраўдным, скасаваць (доўг, запазычанасць і пад.). Спісаць запазычанасць. // Разм. Зняць у якасці спагнання. [Карова] .. цэлую ноч жэрла .. кіяхі. З Піліпкі за гэта цэлых пяць працадзён спісаў брыгадзір. Навуменка.

5. Звольніць (з карабля, авіяцыйнай часці і пад.); адправіць у запас. Спісаць з карабля. □ Як спісалі [Аўсяніка] з авіяцыі, .. як апусцелі кішэні, як спусціўся на зямлю механікам у нейкі задрыпаны гараж, так і сяброў тых не стала. Васілевіч. — Вось так я, малады чалавек, і ваяваў, — кажа цесць зусім ціха. — Пасля вайны мяне спісалі ў запас на адпачынак. Хомчанка.

6. Запоўніць пісьмовымі знакамі (аркуш паперы, сшытак і пад.). Пісаў .. [Валодзя] доўга.. Спісаў шмат старонак. Шамякін. Увесь вялікі ліст спісалі, хто алоўкам, хто чарнілам, хто прозвішча паставіў, а хто крыжыкі. Брыль.

7. Разм. Зрасходаваць на пісанне. Спісаць аловак. □ Колькі мы спісалі паперы, колькі ў раён папахадзілі! Ракітны.

8. перан. Разм. Збіць, спаласаваць. — Вось каб яго [Юрку] палажыў на лаўку ды дубцамі спісаў, каб дзве нядзелі сядзець не мог,.. — сярдзіта прабасіў суддзя. Чарот. Адам упаў у капу кулёў і не вельмі выцяўся, паабдзіраў толькі рукі, спісаў калючай саломай твар. Сабаленка.

•••

Спісаць у расход — у бухгалтарскай справе — ліквідаваць, знішчыць.

Спісаць у архіў — тое, што і здаць у архіў (гл. здаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)