медны духавы муштуковы нетранспануючы муз. інструмент. Мае шырокія мензуру і канічны раструб, які ў вузкай частцы злучаны з рассоўным механізмам, што ўключае 2 нерухомыя трубкі (штангі), на якія насоўваецца U-падобная куліса. Рухомае прыстасаванне забяспечвае храматычны гукарад. Існуюць Т. рассоўны (цугтрамбон) і вентыльны. 6 разнавіднасцей — ад сапрана да кантрабаса. У наш час выкарыстоўваюцца тэнаравыя і тэнарава-басовыя, радзей басовыя Т. Ужываецца пераважна як арк. (Т. складае самаст. групу ў традыц. складзе эстр. аркестра «big band», эстр.-сімф.), зрэдку як сольны інструмент.
Продкам Т. лічыцца стараж.-рым. букцына (з сям’і труб). У інш. краінах Еўропы вядомы з 15 ст. Сям’я Т. сфарміравалася ў 16 ст.
На Беларусі Т. вядомы з 18 ст. ў складзе езуіцкіх капэл, з 19 ст. — у аматарскіх аркестрах навуч. устаноў: Гомельская муз. школа (Мацей Красоўскі, Ян Сураж), Мінская мужчынская гімназія (Восіп Шаскольскі), 1-е Мінскае гар. 4-класнае вучылішча (Шыменеў); духавога аркестра Мінскага вольна-пажарнага т-ва, ваен. аркестраў. З пач. 20 ст. пашыраны ў прафес. і аматарскіх аркестрах, ансамблях.
Літ.:
Вилковир Е. Практический курс инструментовки для духового оркестра. М., 1963;
Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Л., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРТЭПІЯ́НА (італьян. fortepiano ад forte гучна + piano ціха),
струнны ўдарна-клавішны муз. інструмент. У пач. 18 ст. з’явілася амаль адначасова ў Італіі, Францыі і Германіі; да 1820-х г. набыло сучасны выгляд. Сучаснае Ф. прадстаўлена ў 2 разнавіднасцях: раяль і піяніна. Мае драўляны корпус з рэзананснай дэкай, чыгунную раму (у раялі размешчана ў гарыз. плоскасці, у піяніна — у верт.), над якой перакрыжавана нацягнуты струны, малаточкавы механізм з двайной рэпетыцыяй, клавіятуру, 2—3 педалі. Храматычны гукарад у дыяпазоне больш за 7 актаў (A2 — a4 або c5). Сіла і паўната гучання, выразныя тэхн., дынамічныя і тэмбравыя магчымасці, зручнасць узнаўлення разнастайнай фактуры абумовілі універсальнае прызначэнне Ф. як сольнага, ансамблевага, акампанавальнага, часам і арк. інструмента. Росквіт фп. выканальніцтва — 19—20 ст. На Беларусі Ф. пашырана з канца 18 ст., паступова выцесніўшы клавесін і клавікорд. У 1840—50-я г. паявіліся першыя фп. творы (А.Абрамовіч). У 1864 у Мінску была адкрыта фп. фабрыка І.Бяляўскага. У наш час вырабляюць на Барысаўскім прадпрыемстве муз. інструментаў.
Літ.:
Алексеев А. История фортепианного искусства. Ч. 1—2. М., 1962—67;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
панхраматы́чны
(ад пан- + храматычны)
які мае павышаную адчувальнасць не толькі да ультрафіялетавых, фіялетавых і сініх прамянёў, але і да зялёных, жоўтых і чырвоных (напр. п-ая фотаплёнка).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),
струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.
Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст. — інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел.нар.муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.Грыдзюшка, У.Захараў, В.Жывалеўскі.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Гітара. Гітарыст Мастак В.А.Трапінін. 1823.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫМБА́ЛЫ (польск. cymbaly ад лац. cymbalum, грэч. kymbalon),
струнны ўдарны муз. інструмент. Мае драўляны плоскі корпус трапецападобнай формы, над верхняй дэкай якога нацягнуты метал. струны (па 2—3 у хоры ў фабр., 3—8 у нар.). Перасоўная падстаўка дзеліць Ц. на 2 няроўныя часткі (у прапорцыі 2:3). Гук здабываецца ўдарамі па струнах 2 палачкамі (малаточкамі, кручкамі), а таксама шчыпком. Пры ігры Ц. кладуць на калені ці на стол, спец. ножкі-падстаўкі. Існуюць у нар. і прафес. музыцы як сольны і ансамблевы інструмент.
Першыя выявы Ц. вядомы на асірыйскіх і вавілонскіх помніках. Былі пашыраны ў многіх народаў свету, у т. л. на Украіне, у Малдове (цамбал), Арменіі (сантур), Грузіі (сантуры, цынцыла), Узбекістане (чанг). З 16 ст. вядомы ў Зах. Еўропе пад рознымі назвамі, у т. л. хакбрэт.
На Беларусі — адзін з асн.традыц.нар. інструментаў. Першыя звесткі адносяцца да 16 ст., сустракаюцца ў «Бібліі» Ф.Скарыны (2-я кн. «Царстваў»). Выкарыстоўваліся ў паказах батлейкі, часта ўпамінаюцца ў нар. песнях. Нар. Ц. бываюць рознага памеру («палавінка», «паўтарачка», «цэлыя») і дыяпазону (ад 1,5 да 2,5 актаў); у ніжнім рэгістры маюць прыкметы натуральных ладоў, у сярэднім — няпоўны храматычны гукарад. У залежнасці ад ігры (сола ці ў нар. ансамблі) адрозніваюць строі «просты», «любіцельскі» і «скрыпічны», «гармонікавы» («баянны»). Гук нар. Ц. моцны, працяглы (у адрозненне ад прафесіяналаў нар. музыканты не глушаць струны). Ц. выраблялі нар. майстры І.Новік, В.Рогач, П.Грабянькоў, В.Пратасевіч і інш. Як прафес. інструмент Ц. існуюць з пач. 20 ст. У выніку ўдасканалення Ц. на іх выконваюць у пералажэннях складаныя, буйнамаштабныя творы муз. класікі і сучасных бел. кампазітараў (Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, А.Клеванца, Дз.Смольскага, Э.Тырманд, К.Цесакова, Л.Шлег, А.Янчанкі і інш.). Значны ўплыў на развіццё выканальніцтва і стварэнне рэпертуару для Ц. зрабіў І.Жыновіч. Сям’я Ц. у аснове Дзяржаўнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь, самадз. і прафес.нар. аркестраў і ансамбляў. Класы ігры на Ц. існуюць у Бел. акадэміі музыкі, муз. вучылішчах і школах Беларусі. Сярод бел. выканаўцаў: А.Астрамецкі, В.Бурковіч, М.Шмелькін і інш. Выраб Ц. наладжаны на Барысаўскім прадпрыемстве муз. інструментаў.
Літ.:
Жинович И.И. Школа игры на цимбалах. 2 изд. Мн., 1974;
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.