аптэ́кар

(ст.-польск. aptekarz, ад лац. apothecarius)

тое, што і фармацэўт.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯТЭХНАЛО́ГІЯ (ад бія... + тэхналогія),

сукупнасць метадаў і прыёмаў атрымання карысных прадуктаў з дапамогай біял. агентаў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці біялагічна актыўных рэчываў, прэпаратаў для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, у біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў (біяфільтры) і інш. Аснова біятэхналогіі — дасягненні біяфізікі, біяхіміі, мікрабіялогіі, малекулярнай біялогіі, генетыкі і інш. Уключае таксама навукова-тэарэт. абгрунтаванне такіх метадаў і прыёмаў і ў гэтым плане можа разглядацца як адзін з практычна значных кірункаў біял. навукі, звязаны адначасова з вырашэннем мед., с.-г. і інш. праблем (фармацэўт. прам-сць, мікрабіял. сінтэз, інтэнсіўная жывёлагадоўля і інш.).

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁРЫШКІНА Наталія Рыгораўна (н. 26.11.1928, г. Новачаркаск, Расія),

бел. вучоны ў галіне аналіт. хіміі. Канд. фармацэўт. н. (1958). Скончыла Пяцігорскі фармацэўтычны ін-т (1951). З 1960 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі, у 1980—91 у Ін-це фіз.-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па фізіка-хіміі палімерных матэрыялаў, даследаванні іонаабменных працэсаў у шматкампанентных сістэмах. Распрацавала (з У.С.Салдатавым) агульныя прынцыпы, тэхналогію атрымання і рэгенерацыі іанітнай глебы. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Ионитные почвы. Мн., 1978 (разам з У.​С.​Салдатавым, Р.​П.​Харошка);

Искусственные почвы для растений. Мн., 1985 (разам з У.​С.​Салдатавым).

т. 18, кн. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ВІЦ Товій Ягоравіч (25.4.1757, г. Гётынген, Германія — 7.12.1804),

расійскі хімік і фармацэўт. Акад. Пецярбургскай АН (1793). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (1780—82). У 1784—97 працаваў у Гал. аптэцы ў Пецярбургу, выкладаў хімію і фармацэўтыку ў Мед. школе і Медыка-хірург. акадэміі. Навук. працы па агульнай хіміі. Адкрыў адсорбцыю раствораных рэчываў драўняным вугалем (1785) і прапанаваў выкарыстоўваць яго для ачысткі спірту і гарэлкі, фармацэўтычных прэпаратаў. Атрымаў ледзяную воцатную к-ту (1789), бязводныя дыэтылавы эфір і этылавы спірт (1796).

Тв.:

Избр. труды по химии и химической технологии. М., 1955.

Літ.:

Балезин С.А., Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЙДАРАЎ Васіль Пятровіч (н. 10.10.1935, в. Кішчыцы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фармацыі. Д-р фармацэўт. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Днепрапятроўскі мед. ін-т (1963) і Маскоўскі пед. ін-т (1982). З 1963 у Віцебскім мед. ун-це (у 1973—2000 заг. кафедры). Навук. працы па фармацэўтычным аналізе лек. рэчываў, кінетыцы, тэрмадынаміцы і механізме хім. рэакцый.

Тв.:

Кинетика и механизм реакции в системе теофиллин—хлорамин—тимол (разам з Ю.​А.​Яршовым. У.​А.​Паленавым) // Кинетика и катализ. 1991. Т. 32, вып. 5;

Кинетика термического разложения гипохлорита натрия в водных растворах при различной кислотности среды (у сааўт.) // Журнал физ. химии. 2002. Т. 76, № 5.

т. 17, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

праві́зар

(лац. provisor = які забяспечвае, прадбачыць)

аптэкар, фармацэўт вышэйшай кваліфікацыі, які мае вышэйшую фармацэўтычную адукацыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэцэ́птар, ‑а, м.

Канцавыя ўтварэнні адчувальных нервовых валокнаў (у арганізмах жывёл і чалавека), якія ўспрымаюць раздражненні з навакольнага і ўнутранага асяроддзя і ператвараюць іх у нервовыя імпульсы.

[Ад лац. recipio — успрымаю.]

рэцэпта́р, ‑а, м.

Работнік аптэкі, які прымае заказ на прыгатаванне лякарства па рэцэпту ўрача; фармацэўт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

О.ГЕ́НРЫ [O.Henry; сапр. Портэр (Porter) Уільям Сідні; 11.9.1862, г. Грынсбара, штат Паўн. Караліна, ЗША — 5.6.1910],

амерыканскі пісьменнік. Па адукацыі фармацэўт. Літ. дзейнасць пачаў у 1894. Аўтар зб-каў апавяд. «Чатыры мільёны» (1906), «Свяцільня, якая гарыць» і «Сэрца Захаду» (абодва 1907), «Мілы жулік» (1908), сатыр. рамана ў навелах «Каралі і капуста» (1904), гумарэсак, скетчаў і інш. Яго творы адметныя займальнасцю сюжэта, жывапіснасцю характараў, дакладнасцю дэталі, багатай палітрай камічнага — ад мяккага гумару да пародыі, гратэску, сатыры. Адыграў значную ролю ў развіцці жанру навелы.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—3. М., 1994.

Літ.:

Внуков Н.А. Тот, кто называл себя О.​Генри. Л., 1969;

Левидова И.М. О.​Генри и его новелла. М., 1973;

О.​Генри: Биобиблиогр. указ. М., 1960.

Е.​А.​Лявонава.

О.Генры.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАХІ́МІЯ (ад гіста... + хімія),

навука, якая вывучае хімічны састаў тканак і клетак жывёл з мэтай высвятлення асаблівасцей абмену рэчываў у іх структурных элементах; раздзел гісталогіі. Даследуе тонкія механізмы тканкавага і клетачнага метабалізму бялкоў, нуклеінавых кіслот, вугляводаў, ліпідаў, вызначае лакалізацыю актыўнасці гармонаў і ферментаў, абгрунтоўвае спецыфіку функцый клетачных арганел.

Першыя даследаванні па гістахіміі правёў франц. фармацэўт Ф.​В.​Распай (1825—34). Як самаст. навука гістахімія ўзнікла ў 1930-я г. з выхадам працы Л.​Лізона (1936). З дапамогай гістахіміі паказана сувязь змен колькасці РНК з сінтэзам бялку і пастаянства колькасці ДНК у храмасомным наборы, выяўлены клеткі, што прымаюць удзел у сінтэзе гармонаў і імунаглабулінаў, абгрунтавана роля нейрамедыятараў, антыцел і г.д.

На Беларусі развіццё гістахім. даследаванняў звязана з дзейнасцю С.​М.​Мілянкова і яго вучняў. У гісталагічных і патагісталагічных лабараторыях і цэнтрах Беларусі вывучаюцца паталаг. працэсы, структурныя змены, характэрныя для пач. праяўленняў хвароб, асабліва пухліннага паходжання. Для клінічнай дыягностыкі выкарыстоўваецца шэраг гістахім. рэакцый.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ПІНГ (англ. doping ад dope даваць наркотык),

стымуляцыя псіхафіз. актыўнасці спартсмена з дапамогай фармакалагічных сродкаў і метадаў. прызнаных Мед. камісіяй Міжнар. алімп. к-та (МАК) допінгавымі. У спіс допінгавых сродкаў уваходзяць: узбуджальныя (амфетамін, эфедрын, кафеін); абязбольваючыя наркатычныя (марфін, кадэін, какаін і інш.); андрагенна-анабалічныя стэроіды (метанабол. 19-нортэстастэрон, станазалол, тэстастэрон); мачагонныя (фурасемід, гідрахлоратыязід, ацэтазаламід, аміларод і інш. для хуткага штучнага зніжэння масы цела, прыспешваюць працэс выдзялення мачы, што зніжае канцэнтрацыю ў ёй допінгавых субстанцый і перашкаджае іх выяўленню); пептыдныя гармоны і іх аналагі (плацэнтны ганадатрапін, кортыкатрапін, самататрапін, эрытрапаэтын). Д. з’яўляюцца таксама сродкі, выкарыстанне якіх не забаронена, але мае пэўныя абмежаванні; алкаголь, марыхуана, сродкі мясц. абязбольвання. У абгрунтаваных мед. паказаннямі выпадках дазваляецца выкарыстанне пракаіну, лідакаіну (ксілакаіну), карбакаіну. Кортыкастэроіды могуць выкарыстоўвацца толькі мясцова пры захворваннях вушэй, вачэй, скуры, пры інгаляцыйнай тэрапіі (астма, алергічны насмарк) і бэта-адрэналітыкі (прапраналол і інш.). Допінгавымі метадамі лічацца аўтатрансфузія (пераліванне ўласнай крыві), гетэратрансфузія (пераліванне донарскай крыві), пераліванне прэпаратаў, які маюць эрытрацыты (з уласнай або донарскай крыві), фармацэўтычныя, хім., фіз. маніпуляцыі з мэтай падмены саставу пробы біял. вадкасці.

Пошукі пазатрэніровачных спосабаў стымуляцыі псіхафіз. магчымасцей чалавека вяліся яшчэ ў старажытнасці. З канца 19 ст. ў спарт. дысцыплінах, што патрабуюць доўгатэрміновага напружання (напр., веласіпедны спорт), выкарыстоўвалі кафеін, алкаголь, эфір, стрыхнін і абязбольваючыя наркатычныя сродкі. Першыя антыдопінгавыя даследаванні (пачынальнік польскі фармацэўт А.​Букоўскі) праведзены ў пач. 20 ст. на скакавых конях на іпадромах Будапешта, Варшавы, Вены. У 1950—60-я г. фармацэўтычныя сродкі пачалі шырока выкарыстоўваць у многіх відах спорту. Першы смяротны выпадак зафіксаваны ў час Алімп. гульняў у 1960 у Рыме (у выніку злоўжывання амфетаміну і вял. напружання пры высокай тэмпературы паветра памёр дацкі веласіпедыст К.​Енсен). У 1967 МАК стварыў Мед. камісію, якая распрацавала правілы антыдопінгавага кантролю. На 94-й сесіі МАК (1988, Сеул) прыняты тэкст Міжнар. алімп. антыдопінгавай хартыі, якая вызначае прынцыпы барацьбы з Д., ролю і задачы ў ёй спарт. і ўрадавых арг-цый. У 1989 Антыдопінгавая хартыя прынята Саветам Еўропы.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)