хлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ціха плакаць; усхліпваць. [Маці] толькі сутаргава хліпала, выціраючы вочы вялікімі патрэсканымі пальцамі. Мележ. Белагаловая дзяўчынка сядзела трохі воддаль і хліпала, выціраючы кулачкамі заплаканыя вочы. Чыгрынаў.

2. перан. Слаба, мігатліва гарэць. Лямпа, якая вісела перад сталом прэзідыума, чамусьці пачала хліпаць усё мацней і мацней. Паслядовіч. Газоўка хліпала вечарам. Барадулін. Недзе ля Ялты раз-поразу загараўся зялёны агеньчык маяка; ён хліпаў бясконца, пасылаючы ў мора супакаенне начным вандроўнікам. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

weep

[wi:p]

1.

v.i. wept, weeping

1) пла́каць; усхлі́пваць

2) сьлязі́цца, сьцяка́ць (кро́плямі)

2.

v.t.

1) праліва́ць сьлёзы

She wept bitter tears — Яна́ пла́кала го́ркімі сьлязьмі́

2) апла́кваць

No poet wept for him — Ніхто́ з паэ́таў не апла́кваў яго́

- weep one’s life away

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

пла́каць, плачу, плачаш, плача; незак.

1. Праліваць слёзы ад болю, гора і пад. [Зося] ўвайшла ў хату з цвёрдаю думкаю.. больш ніколі не плакаць ад крыўды. Чорны. // Бедаваць, шкадаваць, тужыць. [Фрэйда:] — Дарагі брат, дарэмна ты плачаш пра маё адзіноцтва. Наш калгас цяпер адна вялікая сям’я. Бядуля.

2. перан. Усхліпваць, завываць, скуголіць (пра вецер, буру і пад.). Галінка рабіны ўсю ноч біла ў шыбу, у коміне плакаў вецер, грукала непрывязаная аканіца. Навуменка. Навальніца плача стомлена, сціхнуць, змоўкнуць галасы. Дубоўка.

3. перан. Разм. Пакрывацца кроплямі вільгаці, пацець (пра шкло). Вокны плакалі, дождж сек па шыбах з мяккім шапатлівым шумам, хмары чарнелі. Хомчанка.

•••

Асіна плача па кім гл. асіна.

Вяроўка плача па кім гл. вяроўка.

Плакаць наўзрыд — плакаць усхліпваючы, сутаргава (пераважна моцна, уголас).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлю́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць характэрныя гукі, падобныя на хлюпат (пра ваду, вадкасць). З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна. Колас. Выцягнеш кій з багны, адтуль падымаюцца над вадой мутныя чорныя бурбалкі, пад нагамі пакрэктваюць кладкі, ды чаўкае, хлюпае дрыгва. Дзенісевіч. // З плёскатам стукацца аб што‑н. (пра хвалі). За бартом лайбы меладычна хлюпалі хвалі. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, дзе пляскаўся волкі вецер, Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Рухацца па чым‑н. вязкім, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Па выбоістай гразкай дарозе хлюпалі колы. Шушкевіч. З вуліцы Ваця пачуў нейкую гаману. Па мокрым снезе хлюпалі чобаты і гумавыя бахілы, маленькія боцікі і чаравічкі. Грахоўскі.

3. Плакаць, усхліпваць. [Марына:] Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! Губарэвіч. // Утвараць носам гукі, падобныя на хлюпат. Кудзін выціраў.. [слёзы] тыльным бокам рукавіц, хлюпаў носам, смаркаўся сабе пад ногі. Радкевіч.

4. Слаба гарэць. У дыме хлюпае, вось-вось патухне, невялічкая цёмная лямпа. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плакаць, рыдаць, прычытаць, прычытваць; галасіць, румзаць, хліпаць, хліпатаць, хлімкаць, усхліпваць, (разм.); крычаць, раўці, выць, скавытаць (перан.) □ заходзіцца плачам, заходзіцца ад плачу, ліць слёзы, аблівацца слязамі, залівацца слязамі, душыцца слязамі, душыцца ад слёз, душыцца плачам, разводзіць сырасць

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)