пост 1, паста, м.

1. Месца, з якога можна пазіраць за кім‑, чым‑н. ці ахоўваць каго‑, што‑н. Баявы пост. □ Каля ўмоўленага месца .. [Вася] спыніўся са здзіўленнем: на пасту не было вартавога. Шчарбатаў.

2. Адна асоба або некалькі, пастаўленыя для аховы чаго‑н., назірання за чым‑н. На перакрыжаваннях вуліц скрозь будаваліся доты і дзоты або выстаўляліся ўзброеныя пасты. Якімовіч. Толькі на ўскраіне.. [людзей] спыніў паліцэйскі пост. Новікаў.

3. Адказная пасада. На высокім пасту [дэпутата] ён аказаўся, сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч.

•••

На пасту — пры выкананні службовых абавязкаў (знаходзіцца, загінуць і пад.).

пост 2, ‑у, М посце, м.

Устрыманне ад скаромнай ежы, згодна з царкоўным законам. // Перыяд такога ўстрымання. [Такароўцы] святкавалі ўсе святы, пасцілі ўсе пасты. Бядуля. Прасцей бывае ў пост: сушаныя грыбы, цыбуля, кіслая капуста — усё гэта расце, сушыцца і валіцца на месцы. Васілевіч. // перан. Разм. Устрыманне ад чаго‑н. наогул.

•••

Вялікі пост — сямітыднёвы пост перад вялікаднем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАРФІ́РЫЙ (Porphyrios; каля 233—304),

грэчаскі філосаф, прадстаўнік неаплатанізму. Кіраваў філас. школай у Рыме. Вучань і аўтар жыццяпісу Плаціна, выдавец яго твораў, складальнік каментарыяў да многіх твораў Платона і Арыстоцеля. Аўтар прац у галіне рыторыкі, граматыкі, астраноміі, матэматыкі, логікі. Яго твор «Супраць хрысціян» — адзін з ранніх прыкладаў біблейскай крытыкі. Уласныя філас. погляды выклаў у кн. «Подступы да спасціжэння розумам», у трактаце «Устрыманне ад жывёльнай ежы». Іх аснову складаюць разважанні наконт ратавання і ачышчэння душы, вяртання да розуму (нусу) і прыпадабнення да бажаства праз «гносіс» — веды. Лічыў, што пазнанне Бога азначае самапазнанне. Раскрыццё чалавекам уласнай сутнасці, узыходжанне да ведаў аб сваёй асобе пачынаецца ад любові да самога сябе. Стваральнай, творчай функцыяй ён надзяляў душу, а не розум. Лічыў, што душа ў структуры чалавечага быцця займае месца паміж Богам і целам, яна характарызуецца свабодай і выбарам шляху, а таксама пэўнай няўстойлівасцю, таму што душа цягнецца да вышэйшага, але можа апускацца і да ніжэйшага. Філас. погляды П. паўплывалі на развіццё пазнейшага неаплатанізму, а працы сталі адной з крыніц ведаў аб філасофіі антычнасці.

В.​І.​Боўш.

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Enthltung f -, -en адмаўле́нне (ад чаго-н.), устрыма́нне;

mit zehn ~en пры дзесяці́, што ўстрыма́ліся (пры галасаванні)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ПОСТ,

у некаторых рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царк. рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Напр., у праваслаўных у П. забараняецца скаромная ежа, асабліва мяса. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэліг. санкцыю.

Існуюць шматдзённыя і аднадзённыя П. У праваслаўных П. займаюць каля 200 дзён у год. Вял. П., што папярэднічае Вялікадню, доўжыцца 7 тыдняў; пятроў П. — ад 8 да 42 дзён; прачысценскі — 2 тыдні і інш. Аднадзённыя П. прадпісваюцца вернікам па серадах і пятніцах, а таксама ў інш. дні года. На час П. забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах. У католікаў П. не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых П., хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы Шчыра посцяць у 1-ю сераду перадвелікоднага П., у пятніцу і на пярэдадні Прачыстай, у перадкалядны дзень (на 1-ю, ці посную, куццю). У мусульман важнае месца займае П. ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — па зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЦЫЙ ((Grotius) Гуга) (сапр. дэ Гроат; de Groot; 10.4.1583, г, Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1645),

галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.

Тв.:

Рус. пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.

Літ.:

Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Постустрыманне ад скаромнай ежы’, ’перыяд устрымання’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’сама посная страва’ (Шат.). Параўн. укр. піст, рус. пост, польск. post, н.-луж. spót, в.-луж. póst, чэш. půst, славац. pôst, славен. pòst, серб. по̂ст, макед. пост, балг. пост, ст.-слав. постъ. Сюды ж по́снікаць, по́снікаваць, постува́ць ’тс’ (калін. Мат. Гом., ТС), по́стуваць, по́ставаць ’пасціць, пасціцца’ (Бяльк., Нас., Мат. Гом., Байк. і Некр., Ласт.), по́сціць ’тс’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), постава́нне ’нястачы’ (Юрч. СНЛ), по́стываць ’цярпець нястачы’ (Юрч. Вытв.), по́сны, пасны́ ’без мяса і малака; нятлусты’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. Брэс.; воран., Сл. ПЗБ), ’цвярозы’ (карм., Мат. Гом.), ’худы’ (Ян.), ’неўрадлівы (пра глебу)’ (в.-дзвін., Сл. ПЗБ), по́сніна, по́сніца, пасната́ ’посная ежа’ (Шат., Касп.; брасл., Сл. ПЗБ; добр., Мат. Гом.). Старажытнае агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. fasto ’пост’ (Міклашыч, 260; Фасмер, 3, 340–341; Шустар-Шэўц, 2, 1139), паводле іншых, *postъ < *postiti sę ’пасціцца’ < гоц. fastan або ст.-в.-ням. fasten ’тс’ (Махэк₂, 500–501), параўн. ням. fest ’стойкі, трывалы, трывушчы’. Банькоўскі (2, 716) следам за Ліндэ выводзіў з грэч. άπαστος ’галодны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)