АДНАГАЛО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП У ААН,

устаноўлены Статутам ААН парадак прыняцця Саветам Бяспекі рашэнняў непрацэдурнага характару. Прыняты на Крымскай канферэнцыі 1945. Паводле аднагалоснасці прынцыпу ў ААН рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго пададзены галасы 9 членаў Савета, прычым галасы ўсіх яго пастаянных членаў (ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і КНР) супадаюць. Часам гэты прынцып называюць правам вета пастаянных членаў Савета Бяспекі. Устрыманне пры галасаванні любога пастаяннага члена Савета Бяспекі не перашкаджае ўхваленню рашэння, а няўдзел у галасаванні не разглядаецца як выкарыстанне вета. Прыняцце паправак і змен у Статуце ААН таксама ажыццяўляецца ў адпаведнасці з аднагалоснасці прынцыпам у ААН.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФІ́РЫЙ (Porphyrios; каля 233—304),

грэчаскі філосаф, прадстаўнік неаплатанізму. Кіраваў філас. школай у Рыме. Вучань і аўтар жыццяпісу Плаціна, выдавец яго твораў, складальнік каментарыяў да многіх твораў Платона і Арыстоцеля. Аўтар прац у галіне рыторыкі, граматыкі, астраноміі, матэматыкі, логікі. Яго твор «Супраць хрысціян» — адзін з ранніх прыкладаў біблейскай крытыкі. Уласныя філас. погляды выклаў у кн. «Подступы да спасціжэння розумам», у трактаце «Устрыманне ад жывёльнай ежы». Іх аснову складаюць разважанні наконт ратавання і ачышчэння душы, вяртання да розуму (нусу) і прыпадабнення да бажаства праз «гносіс» — веды. Лічыў, што пазнанне Бога азначае самапазнанне. Раскрыццё чалавекам уласнай сутнасці, узыходжанне да ведаў аб сваёй асобе пачынаецца ад любові да самога сябе. Стваральнай, творчай функцыяй ён надзяляў душу, а не розум. Лічыў, што душа ў структуры чалавечага быцця займае месца паміж Богам і целам, яна характарызуецца свабодай і выбарам шляху, а таксама пэўнай няўстойлівасцю, таму што душа цягнецца да вышэйшага, але можа апускацца і да ніжэйшага. Філас. погляды П. паўплывалі на развіццё пазнейшага неаплатанізму, а працы сталі адной з крыніц ведаў аб філасофіі антычнасці.

В.​І.​Боўш.

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТ,

у некаторых рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царк. рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Напр., у праваслаўных у П. забараняецца скаромная ежа, асабліва мяса. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэліг. санкцыю.

Існуюць шматдзённыя і аднадзённыя П. У праваслаўных П. займаюць каля 200 дзён у год. Вял. П., што папярэднічае Вялікадню, доўжыцца 7 тыдняў; пятроў П. — ад 8 да 42 дзён; прачысценскі — 2 тыдні і інш. Аднадзённыя П. прадпісваюцца вернікам па серадах і пятніцах, а таксама ў інш. дні года. На час П. забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах. У католікаў П. не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых П., хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы Шчыра посцяць у 1-ю сераду перадвелікоднага П., у пятніцу і на пярэдадні Прачыстай, у перадкалядны дзень (на 1-ю, ці посную, куццю). У мусульман важнае месца займае П. ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — па зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЦЫЙ ((Grotius) Гуга) (сапр. дэ Гроат; de Groot; 10.4.1583, г, Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1645),

галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.

Тв.:

Рус. пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.

Літ.:

Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)