Туркі́-баркі́ — пра вялікі шлях, вялікую адлегласць (Нар. лекс., Вушац. сл., Рэг. сл. Віц.): туркі́‑баркі́ выхадзілі і нічога не знайшлі (Гіл.), туркі́ ‘тс’ (дзісн., Бел. дыял. 3), туркі́‑буркі́ ‘тс’: туркі́‑буркі́ прайшла, а дом найшла (брасл., Ліцв.), сюды ж ту́ркі‑ба‑ту́ркі ‘тс’: ту́ркі‑бату́ркі прайшоў і нічога не знайшоў (пра грыбы) (глыб., Бабін, вусн. паведамл.), з турко́ў барко́ў ‘невядома адкуль’ (полац., Волк.). Сюды ж арэальна блізкае рус. пск. вы́ходить турки́ и борки́ ‘многа хадзіць па лясах, па палях’. Параўн. польск. Turki Mazurki obejść — абысці частку свету (Варш. сл.). Рыфмаванае спалучэнне, у скарочаным варыянце толькі туркі́. Няясна. Польскае спалучэнне падаецца пад Turek ‘турак’, у мн. л. Turcy, аналагічна рус. ту́рка ‘Турэччына’: я поеду в дальню турку (СРНГ), тады ту́ркі ‘тс’, што магло ўспрымацца як ‘далёкая краіна’, а другія часткі — або як бары́ (гл. бор, баро́к) ці ўласныя назвы. Канцавы націск у часткі першых слоў не выключае сувязь з туро́к2 ‘закавулак’ (гл.). Беразовіч (Язык и традиционная культура, 172) звязвае з *turiti «с семантикой толчка, касания» і варыянтнай агаласоўкай тур‑/тыр‑, параўн. рус. дыял. на закатурках ‘у баку ад чаго-небудзь’, бутырки ‘сялянскі двор па-за сялом’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)