Загугу́ля ’бульбяная бабка’ (Мат. Гом.). Рус. загогу́ля ’выгін, крывізна’, дыял. ’патаўшчэнне’, перан. дыял. ’нешта незвычайнае, манернае (выраз, чалавек)’. Фасмер (2, 73) тлумачыць загогулина з гогуля, якое параўноўваецца з польск. gogólła ’зерне плода’ (у Слаўскага, 1, 310, gogołka ’завязь’). Для бел. значэння істотна ўлічыць рус. алан. гого́лькаталакно на вадзе з маслам’, гого́лья ’камячкі мукі ў рэдкім растворы з аўса для бліноў’, балг. гага́лка ’від галубцоў’ (Гераў). Слаўскі лічыць, што ў gogołka рэдуплікацыя тыпу по‑пел. Сярод паралелей без рэдуплікацыі галушка (гл.). Першапачатковы корань, па Слаўскаму, *gol‑ ’нешта голае’. Семантычна гэта не бездакорна. Параўн. яшчэ рус. дан. гугу́ля ’груз’. Ці не трэба ў назвах ежы ўбачыць значэнне ’нешта патоўшчанае, як гуз’, якое можа быць зыходным і для назваў завязі ў польск. і чэш., мар. gagalka ’завязь’, балг. дыял. гага́лка ’авечы кал у выглядзе галачак’, гоголица ’друк з натуральнай булавешкай’? Параўн. таксама гуля, гула, гуз, гала. Тады рэдуплікацыя «ўзмацняе» першаснае значэнне ’патаўшчэнне, жаўлак, гуз’, як і прэфіксацыя: гу́ля ’гуз, шар, гала’ > гугу́ля > загугу́ля. Гуля, гула з прасл. gula. Трубачоў, Эт. сл., 7, 169–170; БЕР, 1, 222, 259; Махэк₂, 148.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камы́1 ’бульбяная каша’ (Мядзв., Янк., Малч., Гарэц.: шкл., Мат. АС; горац., КЭС; докш., Янк. Мат.; полац., Янк. 2; паўд.-усх., КЭС; ТСБМ, Мат. Гом.; Серб., Бяльк.); ’бульбяная каша з гарохам ці бобам’ (свісл., Шатал.; полац., Нар. сл.; ашм., швянч., глыб., віл., паст., Сл. паўн.-зах.), ’клёцкі з бульбы або з гароху’ (Др.-Падб.); ’каша з бобу ці гароху’ (швянч., Сл. паўн.-зах.; Нік. Очерки; Мат. Гом.): ’пюрэ канаплянае’ (Мат. Гом.), ’каша з льнянога семя’ (барыс., Сл. паўн.-зах.) ’талакно’ (даўг., Сл. паўн.-зах. ’клёцкі, начыненыя мясам’ (рас., в.-дзвін.), ’бульбяная каша, змешаная з тоўчаным макам’ (Грыг., Маш.); ’цвёрдае цеста з аўсянай або гарохавай мукі, скачанае ў шарыкі, зваранае ў вадзе’ (в.-дзвін., КЭС); ’гарохавы суп’ (Жд. 3), ’густое цеста ў камах’ (Нас.), ’клёцкі з цёртай бульбы’ (в.-дзвін., Нар. сл.). Балтызм. Параўн. лат. kami ’тоўчаны, вараны гарох, скачаны ў галкі’ (Блесэ, SB, 5, 22–23). Другое значэнне лат. kams ’ком, камяк’ таксама праглядваецца ў семантыцы бел. камы.

Камы́2 ’ажына’ (Сцяшк.; смарг., Шатал.; Сл. паўн.-зах.). Рус. уладз. комы́ ’тс’, казан. ’макуха’. Макед. комиње ’вінаградныя жамерыны’, комов ’які мае адносіны да вінаградных жамерын; серб.-харв. ко̏м ’жамерыны’ славен. kom ’нешта круглае’; польск. дыял. kom ’камяк’. Відавочна, ажыны названы так паводле іх цвёрдасці і акругленасці формы пладоў. Да прасл. komъ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 179). Параўн. літ. kẽmuras ’гронка ягад’ (Буга, Rinkt, 2, 220).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)