КРАСНАСТО́ЦКІ МАНАСТЫ́Р НАРАДЖЭ́ННЯ БАГАРО́ДЗІЦЫ,

праваслаўны жаночы манастыр ва ўрочышчы Красны Сток (Ружаны Сток) Сакольскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер у Польшчы). Утвораны ў 1901 паводле ўказа Сінода па просьбе гродзенскага епіскапа Іаакіма з мэтай правасл. місіянерства сярод каталіцкага насельніцтва. Сюды, у будынкі скасаванага ў 1875 дамініканскага кляштара, быў пераведзены з Гродна жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы. На яго рамонт і добраўпарадкаванне Сінод выдзеліў 25 тыс. руб. У манастыры было 50 манашак, працавалі амбулаторыя і аптэка, царкоўнапрыходская жан. школа. Найб. шанаванымі лічыліся 3 абразы Маці Божай: Краснастоцкай (вядомы з сярэдзіны 17 ст., застаўся ад дамініканцаў), копія з яго і Уладзімірскай (прывезены з Гродна). У Драгічыне-Надбужскім дзейнічала абшчына манастыра з 5 цэрквамі, прытулкам і бальніцай. Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 8, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎНЫ ТА́ЙНЫ САВЕ́Т,

вышэйшая дзярж. ўстанова ў Расіі ў 1726—30. Створаны паводле ўказа імператрыцы Кацярыны I. Уваходзілі А.​Д.​Меншыкаў, Ф.​М.​Апраксін, Г.​І.​Галоўкін, А.​І.​Астэрман, Дз.​М.​Галіцын, П.​А.​Талстой, К.​Ф.​Галштынскі, А.Г. і В.​А.​Далгарукавы (з 1728), М.​М.​Галіцын і В.​У.​Далгарукаў (з 1730). Фармальна быў дарадчым органам пры манарху, фактычна вырашаў усе важнейшыя справы ўнутр. і знешняй палітыкі. Савету падпарадкоўваліся Сенат, калегіі, Сінод і інш. Спачатку працягваў палітыку Пятра I, потым адышоў ад яе (скасаванне пад націскам знаці пятроўскага адм. апарату, перанясенне сталіцы ў Маскву). Пасля запрашэння на рас. прастол Ганны Іванаўны члены Вярхоўнага тайнага савета спрабавалі абмежаваць яе ўладу, і яна вымушана была падпісаць адпаведныя ўмовы («кандыцыі»). Але палітыка членаў Савета не атрымала падтрымкі шырокіх слаёў дваранства. Ганна Іванаўна разарвала «кандыцыі». Вярхоўны тайны савет быў скасаваны.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛХІСЕДЭ́К (у свеце Паеўскі Міхаіл Львовіч; вер. 1878, с. Вітулін Люблінскага ваяв., Польшча — 17.5.1931),

бел. праваслаўны царкоўны дзеяч. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1904). Выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі (1904—05). Настаяцель Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (1905—07) і інш. манастыроў. З 1914 епіскап таўрычаскі, архіепіскап астраханскі. З 1919 вікарны епіскап слуцкі, епіскап мінскі і тураўскі. З ліп. 1922 мітрапаліт мінскі і беларускі.

Выступаў супраць абнаўленцаў, якія стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву, прыхільнік абвяшчэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1925 прыгавораны да 3 гадоў зняволення ўмоўна па абвінавачванні ў «раскраданні царк. маёмасці» і «контррэв. прапагандзе». У тым жа годзе пасля арышту ў Маскве сасланы ў Краснаярскі край. З 1927 архіепіскап краснаярскі. З 1930 у Маскве, абраны ў Сінод Рус. правасл. царквы. Раптоўна памёр у Дарагамілаўскім саборы.

Літ.:

Процька Т. Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. Мн., 1996;

Шэйкін Г. Мінская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 1997. Мн., 1996.

Т.​С.​Процька.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (БАПЦ),

адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус. правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял. Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.​С.​Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой).

В.​В.​Антонаў.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (РПЦ),

Маскоўскі патрыярхат, найбуйнейшая з праваслаўных аўтакефальных цэркваў у свеце. Традыцыйна часам заснавання лічыцца 988 — пачатак увядзення хрысціянства на Русі (гл. Хрышчэнне Русі). Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Кіеўскай Русі (адсюль назва РПЦ), узначальвалася мітрапалітам кіеўскім (гл. Кіеўская мітраполія). Знаходзілася спачатку, на думку царк. гісторыкаў, у юрысдыкцыі Охрыдскага (Балгарскага) патрыярхату, з 1037 — Канстанцінопальскага патрыярхату. У сувязі са спусташэннем Кіева мангола-татарамі ў 1240 мітрапаліцкая кафедра ў 1299 перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, у 1320-я г. — у Маскву. Пасля стварэння ва Усх. Еўропе 2 буйных самаст. дзяржаў — Вял. княства Маскоўскага і ВКЛ выявіліся тэндэнцыі да адасаблення іх правасл. цэркваў, кожная з якіх прэтэндавала на вяршэнства. У 1316 у Навагрудак быў прызначаны першы асобны літ. мітрапаліт Феафіл, аднак у наступныя паўтара стагоддзя мітрапаліты прызначаліся сюды нерэгулярна, што захоўвала адноснае адзінства РПЦ. У 1448 незалежна ад Канстанцінопальскага патрыярхату, які заключыў з папствам Фларэнційскую унію 1439, мітрапалітам маскоўскім абраны епіскап Іона, што лічыцца пачаткам аўтакефаліі (поўнай незалежнасці) РПЦ. Пасля падзення Візант. імперыі ў 1453 РПЦ з мітрапаліцкай кафедрай у Маскве стала найбуйнейшай правасл. царквой у свеце. У 1458 Літоўска-Навагрудская мітраполія (афіцыйна называлася Кіеўскай) пры мітрапаліце Грыгорыю Балгарыне канчаткова аддзялілася ад Маскоўскай, якая стала афіцыйна так называцца з 1459. У 1589 у РПЦ усталявана патрыяршаства (першы патрыярх — Іоў), што яшчэ больш павысіла яе статус сярод памесных правасл. цэркваў. Ў 1653—60 патрыярх Нікан правёў у РПЦ рэформы, каб прывесці абраднасць у адпаведнасць з першаўзорамі; аднак гэта прывяло да царк. расколу і вылучэння стараверства ў асобную арг-цыю. У 1700 пасля смерці патрыярха Адрыяна цар Пётр I прызначыў месцаахоўнікам патрыяршага прастола Стафана Яворскага, а ў 1721 увогуле скасаваў ін-т патрыяршаства, замяніўшы яго Духоўнай калегіяй, хутка перайменаванай у Свяцейшы Сінод. Сінод складаўся з вышэйшых іерархаў царквы, а ўзначальваў яго свецкі чыноўнік — обер-пракурор, які прызначаўся імператарам. 28.10(10.11).1917 патрыяршаства адноўлена пры адначасовым існаванні Сінода і Вышэйшага царк. савета, патрыярхам абраны епіскап Ціхан (В.​І.​Бялавін). Разам з тым аддзяленне царквы ад дзяржавы пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 карэнным чынам падарвала пазіцыі РПЦ. У пач. 1920-х г. у царк. іерархіі адбыўся раскол: частка епіскапаў выступіла супраць ін-та манаства, стварыла без дазволу патрыярха свой орган царк. кіравання — Вышэйшае царк. ўпраўленне — і стала звацца «абнаўленцамі» (гл. ў арт. Духавенства). Абнаўленцаў фактычна падтрымала дзяржава, прыхільнікі ж патрыярха Ціхана цярпелі вял. ганенні, большасць епархій у 1920—30-я г. спынілі сваю дзейнасць. У 1921 на саборы рас. эмігранцкага духавенства ў г. Срэмскі-Карлаўцы (Югаславія) была створана асобная Замежная рус. правасл. царква (існуе і цяпер сярод часткі рус. эміграцыі). У 1922 з-за цяжкасці нармальнага функцыянавання РПЦ у такіх складаных умовах патрыярх дазволіў на тэр. саюзных рэспублік самастойнае кіраванне ў межах асобнай епархіі ці іх групы; на падставе гэтага ў 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У Вял. Айч. вайну РПЦ заняла патрыятычную пазіцыю, месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Сергій (І.​М.​Страгародскі) 22.6.1941 выступіў з заклікам узняцца на абарону Радзімы. Адносіны дзяржавы да РПЦ палепшыліся, сталі адкрывацца храмы, пачалі выдавацца «Журнал Московской патриархии», рэліг. л-ра і інш. У 1943 на памесным саборы мітрапаліт Сергій быў абраны патрыярхам. Аднак у 1950—60-я г. дзейнасць РПЦ зноў стала абмяжоўвацца. З 1988 (год святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі) пачалася значная актывізацыя царк. жыцця. У 1989 у юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату створаны Бел. экзархат (гл. Беларуская праваслаўная царква). У пач. 1990-х г. у сувязі з распадам СССР у шэрагу б. сав. рэспублік вызначыліся тэндэнцыі да выхаду з-пад юрысдыкцыі РПЦ нац. правасл. цэркваў: у 1990 на Украіне адроджана Украінская аўтакефальная правасл. царква, у 1992 абвешчана стварэнне Украінскай правасл. царквы — Кіеўскага патрыярхату (не атрымалі кананічнага прызнання, пры гэтым большасць прыходаў Украіны засталіся ва Укр. правасл. царкве Маскоўскага патрыярхату); у 1995 частка эст. правасл. прыходаў перайшла ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскай правасл. царквы. На 1.1.2000 у складзе РПЦ 130 епархій, 545 манастыроў, 19 417 прыходаў, каля 20 тыс. чал. духавенства. У юрысдыкцыю РПЦ уваходзяць Японская і Кітайская аўтаномныя правасл. цэрквы, 6 епархій у Еўропе і 1 у Паўд. Амерыцы, прыходы ў ЗША і Канадзе. Сістэма духоўнай адукацыі РПЦ уключае 5 духоўных акадэмій, 2 правасл. ун-ты, 23 семінарыі, 28 духоўных вучылішчаў і 13 пастарскіх курсаў. Друкаваны орган — «Журнал Московской патриархии». З 2000 пад патранажам РПЦ выдаецца шматтомная «Праваслаўная энцыклапедыя».

Літ.:

Русская Православная церковь, 988—1988. Вып. 1. Очерки истории I—XIX вв. М., 1980;

История Русской церкви. Т. 1—9. М., 1994—97;

Православная энциклопедия: Рус. православная церковь. М., 2000.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Расія,

манархічная саслоўная шматнац. дзяржава ва Усх. Еўропе і на значнай ч. Азіі ў 1721—1917. Склалася на аснове Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, якую Пётр I у ліст. 1721 абвясціў імперыяй. У 18 ст. у выніку 3-х падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) у склад Р.і. ўключаны Беларусь, паўд., паўд.-ўсх. і зах. Латвія, б.ч. Літвы; пасля войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91) — Паўн. Прычарнамор’е, Паўн. Каўказ і Крым; тады ж пачалося асваенне і далучэнне да імперыі паўн.-зах. ускраіны Паўн. Амерыкі (гл. «Руская Амерыка»). У 19 ст. шляхам новых войнаў і мірных пагадненняў (з Турцыяй, Іранам, Швецыяй, Кітаем і інш.) да Р.і. далучаны Фінляндыя, Бесарабія, б.ч. Польшчы з Варшавай, Закаўказзе, Прыамур’е, Прымор’е і Сярэдняя Азія. Афіц. васаламі Р.і. былі Бухарскі эмірат і Хівінскае ханства. У канцы 19 ст. тэр. Р.і. складала 22,4 млн. км², нас. 128,2 млн. чал. (1897), больш як 100 нацыянальнасцей. 57% насельніцтва складалі нярус. народы, некат. з іх абмяжоўваліся ў правах, праводзілася палітыка русіфікацыі; аднак некат. тэрыторыі мелі самакіраванне. Рус. мова была афіц. агульнадзярж. мовай, абавязковай для ўсіх дзярж. устаноў. Тэр. Р.і. ў 1914 падзялялася на 81 губерню і 20 абласцей; ч. іх была аб’яднана ў генерал-губернатарствы. У Р.і. быў 931 горад. Р.і. была спадчыннай манархіяй на чале з імператарам з дынастыі Раманавых. Імператар валодаў самадзярж. уладай, ажыццяўляў заканад. уладу шляхам выдання указаў, з 1810 таксама праз Дзяржаўны савет і з 1906 — Дзяржаўную думу; дзярж. апаратам кіраваў праз Сенат, Савет міністраў і міністэрствы; з’яўляўся вярх. кіраўніком узбр. сіл. Пануючае становішча займала Рус. правасл. царква, якой кіраваў імператар праз Сінод. Усё насельніцтва лічылася падданымі Р.і. (мужчыны з 20 гадоў прысягалі імператару) і падзялялася на 4 асн. саслоўі, або «станы» (дваранства, духавенства, гар. абывацелі і сельскія абывацелі, г.зн. сяляне). Пануючым саслоўем было дваранства. Карэннае насельніцтва Казахстана, Сібіры і шэраг інш. народаў Р.і. вылучалася ў самаст. «стан» і наз. іншародцамі. Гэтая катэгорыя кіравалася асобнымі законапалажэннямі. Заканадаўства Р.і. было сабрана ў Поўным зборы законаў Расійскай імперыі і Зводзе законаў Р.і. Імперыя мела герб — двухгаловы арол з царскімі рэгаліямі; дзярж. сцяг — палотнішча з белай, сіняй і чырвонай гарыз. палоскамі; дзярж. гімн, які пачынаўся словамі «Боже, царя храни». Грашовая адзінка — рубель. Р.і. спыніла існаванне ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 (14.9.1917 Расія абвешчана рэспублікай), у 1922—91 на б.ч. яе тэр. існаваў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Сучасная Рас. Федэрацыя лічыць сябе правапераемніцай як Р.і., так і СССР. Пра гісторыю і культуру Р.і. гл. ў арт. Расія.

Літ.:

Троицкий С.М. Русский абсолютизм и дворянство в XVIII в. М., 1974;

Ерошкин Н.П. Самодержавие накануне краха. М. 1975;

Российская империя: Словарь-справ. СПб., 1992. Гл. таксама ліг. пры арт. Расія.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕМІ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

публіцыстычная літаратура Беларусі і Украіны канца 16—1-й пал. 17 ст., у якой узнімаліся вострыя праблемы сац.-паліт. жыцця, дагматыкі, гіст.-культ. працэсаў у грамадстве. Прадстаўлена рукапіснымі і друкаванымі помнікамі на царк.-слав., стараж.-бел., укр., польскай і лац. мовах. Уключала палемічныя трактаты, развагі, памфлеты, апалогіі, абароны, адозвы і інш.

Творы хрысц. Пл. ўзніклі ў перыяд ранняга хрысціянства, асабліва пашырыліся пасля адасаблення праваслаўя і каталіцызму (1054). У 11—12 ст. у Кіеўскай Русі былі вядомы палемічныя трактаты, пасланні мітрапалітаў Льва, Георгія, Нікіфара, Іаана, Феадосія Пячэрскага і інш. Рэфармацыйная публіцыстыка на Беларусі прадстаўлена творамі бел. і польскіх пісьменнікаў, рэліг. і дзярж. дзеячаў (С.​Будны, А.​Волан, Л.​Крышкоўскі, М.​Радзівіл Чорны, М.​Чаховіц, Якуб з Калінаўкі і інш.). Асобныя палемічныя пасажы мелі месца ў прадмове да «Евангелля» В.​Цяпінскага. П.л. эпохі контррэфармацыі на Беларусі — трактат Гербеста «Указанне шляху» (1566) і кніга П.​Скаргі «Пра адзінства касцёла Божага пад адзіным пастырам» (1577, 2-е выд. 1590). Адказам на іх былі ананімныя правасл. рукапісныя творы антыкаталіцкай накіраванасці: «Пасланне да лацін з іх жа кніг», «На богамярзотную, на паганую лаціну», «Павучэнне, нанова складзенае ў Літваніі» (каля 1581, 1582). Літ. палеміка асабліва актывізавалася напярэдадні і пасля Брэсцкай уніі 1596. З каталіцка-уніяцкага боку з’явіліся творы І.​Пацея «Унія» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынку і справы сінодавай» (1597), «Антырызіс» (1600), А.​Шчаснага-Жаброўскага «Кукаль, які рассявае Стафан Зізаній» (1595). Найб. значныя творы правасл. палемікі: трактаты С.​Зізанія «Казанне святога Кірылы Іерусалімскага пра антыхрыста» (1596), Хрыстафора Філалета «Апокрысіс» (1597, 1598), Клірыка Астрожскага «Гісторыя пра Лістрыкійскі, г.зн. разбойны Ферарскі або Фларэнційскі сінод» (1598). Большасць твораў П.л. ўзнікла ў 1-й трэці 17 ст.: з правасл. боку «Антыграфі...» (1608), «Трэнас» (1610) М.​Сматрыцкага, «Адказ на ліст віленскіх уніятаў» (1616) А.​Мужылоўскага, «Палінодыя...» (1619—20) З.​Капысценскага; з каталіцка-уніяцкага — «Гармонія...» і «Ерасі...» (1608) Пацея, «На трэны і лямант Тэафіла Арталога... перасцярога» (1610) Скаргі, «Абарона уніі» (1617) Л.​Крэўзы і інш. Новая хваля літ. палемікі выклікана аднаўленнем вышэйшай правасл. іерархіі ў Рэчы Паспалітай у 1620 іерусалімскім патрыярхам Феафанам. З’явіліся палемічныя творы грамадз. гучання: «Апраўданне невінаватасці» і «Абарона апраўдання» (1621), «Эленхус», «Суплікацыя і Юстыфікацыя» (абодва 1622) М.​Сматрыцкага, «Антыдотум» (1629) Мужылоўскага, «Антапалогія» (1631) Г.​Дзіпліца. Погляды уніятаў раскрываліся ў творах «Двайная віна» (1621) і «Экзамен абароны» (1622) І.​Руцкага, «Антыэленхус» (1622) А.​Сялявы, «Апалогія» (1628), «Парэнезіс», «Экзатэзіс» (абодва 1629) Сматрыцкага (пасля яго пераходу ў унію). У 1640-я г. з боку праваслаўных з’явіўся «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, з боку уніятаў — «Абарона святой саборнай апостальскай царквы» (1638), «Праўдзівы каляндар хрыстовай царквы», «Іерархія» Я.​Дубовіча, «Акуляры старому календару» К.​Саковіча (усе 1644). У сярэдзіне 16—18 ст. Пл. развівалася пераважна на тэр. Украіны. Вядома палеміка паміж П.​Магілам («Літас», 1644) і Саковічам («Перспектыва», 1642; «Кайло, або Молат на крушэнне камянёў схізмы», 1646). Палемічнай завостранасцю вызначаліся творы уніятаў П.​Боймы, Ц.​Жахоўскага, Я.​А.​Кулешы, Т.​Руткі, а таксама правасл. дзеячаў Л.​Барановіча, І.​Галятоўскага, І.​Гізеля і інш. Палемічныя трактаты, дыскусіі, абвяржэнні сталі асновай стварэння багаслоўскіх прац па гісторыі праваслаўя, каталіцызму, уніяцтва і інш. хрысціянскіх канфесій. Асобныя творы перавыдадзены ў 19—20 ст., большасць з іх маладаследаваныя, з’яўляюцца бібліягр. рэдкасцю.

Літ.:

Загайко П.К. Україньскі письменники-полемісти кінця XVI — початку XVII ст. в боротьбі проти Ватікану і унії. Київ, 1957;

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мн., 1968;

Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998;

Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. Мн., 1998.

У.​Г.​Кароткі.

т. 11, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. reformatio пераўтварэнне),

шырокі сац.-паліт. і ідэалаг. рух у Еўропе ў 16 ст., накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы і яе ролі ў паліт. сістэме грамадства; прывёў да ўзнікнення розных форм пратэстантызму. Ідэйнымі крыніцамі Р. былі гуманізм эпохі Адраджэння і сярэдневяковыя ерасі. Гуманісты выступалі з крытыкай сярэдневяковага светапогляду і абгрунтоўвалі прынцыпы бурж. індывідуалізму. Гал. месца ў ідэалогіі Р. займала вучэнне пра тое, што для выратавання душы верніка не патрабуецца пасрэдніцтва царквы, таму адмаўлялася неабходнасць яе існавання з усёй іерархіяй на чале з папам рымскім. Адзінай крыніцай веры было абвешчана Свяшчэннае пісанне — Біблія; адмаўлялася Свяшчэннае паданне (патрыстыка, прынятыя на царк. саборах заканадаўчыя акты, папскія пасланні, дэкрэты і інш.). Ідэолагі Р. патрабавалі адмены царк. дзесяціны і пышнага каталіцкага культу, секулярызацыі (адчужэння) царк. маёмасці (найперш зямельнай) на карысць дзяржавы і прыватных асоб, стварэння самаст. дэмакр. самакіравальных танных нац. цэркваў. Пачаткам Р. лічыцца выступленне 31.10.1517 праф. тэалогіі Вітэнбергскага ун-та ў Германіі М.Лютэра, у якім ён асудзіў гандаль папскімі індульгенцыямі. У ліку вядучых тэарэтыкаў Р. былі тэолагі У.Цвінглі і Ж.Кальвін (бюргерска-бурж. кірунак) і святар Т.Мюнцэр (сялянска-плебейскі кірунак).

На Беларусі Р. была абумоўлена глыбокімі сац.-гіст. прычынамі і паўплывала на ўсе бакі нар. жыцця. Гараджане імкнуліся вызваліцца ад феад. залежнасці, магнаты і шляхта разлічвалі захапіць багацце і зямельныя ўладанні царквы, гар. нізы і сялянства змагаліся супраць уціску свецкіх і царк. феадалаў, хоць сял. масы не прынялі шырокага ўдзелу ў рэфармацыйным працэсе. На фарміраванне Р. на Беларусі паўплывалі зах.-еўрап. гуманізм, гусіцкая ідэалогія, вучэнні правадыроў еўрап. Р. (асабліва кальвінізму), ідэі рус. вальнадумства. Першыя пратэстанцкія абшчыны ўзніклі да сярэдзіны 16 ст. У 1535 слуцкі кн. Ю Алелькавіч выдзеліў зямельны ўчастак для лютэранскай царквы ў Слуцку. Але лютэранства не атрымала тут вял. пашырэння. У 1550-я г. ў духу кальвінізму рэфармаваны цэрквы ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Ляхавічах, Койданаве, Навагрудку, пазней у Віцебску, Мінску, Полацку, Глыбокім, Івянцы, Оршы, Смаргоні і інш. Р. падтрымалі буйныя феадалы: Радзівілы, Кішкі, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы і інш. У 1557 у Вільні адбыўся ўстаноўчы сінод пратэстанцкіх абшчын ВКЛ. Да 1560 рэфармацыйны рух на Беларусі набыў стройную кальвінісцкую арганізацыю, якая адрознівалася ад зах.-еўрап. кальвінізму большай цярпімасцю. Пры пратэстанцкіх абшчынах адкрываліся школы, шпіталі, друкарні. У 1560-я г. адбыўся раскол кальвінісцкага лагера. З яго вылучыўся радыкальна-рэфармацыйны кірунак — антытрынітарыі (прыхільнікі арыянства), якія крытыкавалі асновы феадалізму, падтрымлівалі патрабаванні нізоў. Пераемнікамі антытрынітарыяў былі сацыніяне. Своеасаблівасцю Беларусі было тое, што ў рэфармацыйным руху ўдзельнічалі і выхадцы з правасл. царквы. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 на Беларусі пачалося наступленне Контррэфармацыі, большасць магнатаў перайшла ў каталіцтва, што прадвызначыла згасанне Р. У 17 ст. большасць пратэстантаў была вымушана вярнуцца ў каталіцызм; тыя, што заставаліся пратэстантамі, абмяжоўваліся ў правах. У 1658 прынята пастанова соймавага суда аб выгнанні антытрынітарыяў з Рэчы Паспалітай. Р. актыўна ўздзейнічала на духоўныя працэсы. З ёю звязана фарміраванне бел. народнасці і станаўленне нац. самасвядомасці, пашырэнне кнігадрукавання, развіццё л-ры, асветніцкай дзейнасці. Р. падарвала аўтарытэт афіц. тэалогіі, садзейнічала развіццю свецкіх ведаў.

Літ.:

Смирин М.М. Народная реформация Томаса Мюнцера и Великая Крестьянская война. 2 изд. М., 1955;

Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970;

Дмитриев М.В. Православие и реформация: Реформационные движения в восточнославянских землях Речи Посполитой во второй половине XVI в. М., 1990;

Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księsiwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław etc., 1973.

Г.​У.​Грушавы, В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 14, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,

кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.

Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф I Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.

Пасля Брэсцкай уніі 1596 правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да Польшчы, правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел. правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел. правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус. правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.

Кіруючыя мінска-бел. архірэі: архіепіскап Васілій (Ратміраў, 1944—45), мітрапаліт Піцірым (Свірыдаў, 1945—58), Гурый (Ягораў, 1958—61), Антоній (Крацэвіч, 16.3—17.7.1961), архіепіскап Варлаам (Барысевіч, 1961—63), мітрапаліты Нікадзім (Ротаў, 4.8—9.10.1963), Сергій (Пятроў, 1963—65), Антоній (Мельнікаў, 1965—78), Філарэт (Вахрамееў, з 1978).

У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);

Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́Н (Vaticano),

Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.

Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл. Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.

Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд. дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш. Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.

Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш. перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).

Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-т св. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.

У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.​Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.

Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.​Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.​Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.​Віньёла, Дж. дэла Порта, К.​Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.​Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.​Перуджына, С.​Батычэлі, Д.​Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.​Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;

Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].

Н.​К.​Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).

Герб і сцяг Ватыкана.
Да арт. Ватыкан. Плошча св. Пятра.
Да арт. Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)