ВЫ́СЫПКА,

агульная назва вонкавых ачаговых паталагічных змен скуры (экзентэма) і слізістых абалонак (энантэма). Бывае першасная (запаленчыя плямы, гнайнікі і інш.) і другасная (лускавінкі, язвы, эрозія і інш.). Узнікае пад уздзеяннем фіз., хім., бактэрыяльных паразітарных фактараў, пры кантакце з некаторымі раслінамі. Прычынай высыпкі могуць быць парушэнні функцый эндакрынных органаў, страўнікава-кішачнага тракту, ц. н. с., абмену рэчываў, балансу вітамінаў, імунітэту і інш. Сімптом многіх інфекц. захворванняў (адзёр, шкарлятына, тыф і інш.).

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯЛГІ́Я (ад мія... + грэч. algos боль),

боль у мышцах. М. звязваюць з парушэннем пранікальнасці мембран мышачных клетак, ацёкам ці запаленчымі зменамі мышцаў. Боль пры М. бывае востры і тупы. Узнікае пасля пераахаладжэння, мышачнага перанапружання (напр., ператрэніроўка ў спартсменаў, цяжкая фіз. праца), рэзкага руху, траўмы. Пачатковы сімптом многіх хвароб (напр., цукр. дыябету, міязіту, падагры), у т. л. інфекцыйных (напр., грыпу). Лячэнне накіравана на асн. хваробу: анальгетыкі, масаж, іголкатэрапія, электрафарэз.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРТАНІ́Я (ад гіпер... + грэч. tonos напружанне),

павышэнне напружанасці (тонусу) мышцаў і інш. тканак і органаў. Бывае пры парушэнні метабалізму і электралітнага абмену ў мышачных валокнах ці пры расстройствах нерв.-эндакрыннай рэгуляцыі тонусу. Тэрмін гіпертанія азначае таксама павышаны крывяны (артэрыяльны) ціск, сімптом гіпертанічнай хваробы і інш. сасудзістых хвароб. Адрозніваюць гіпертанію пры гіпертанічнай хваробе, сімптаматычную, якая з’яўляецца сімптомам асн. хваробы (нырачная, эндакрынная, цэрэбральная і інш.), і часовую (гіпертэнзію) ад псіхічных, тэмпературных, болевых уздзеянняў і фіз. працы. Часовая гіпертанія не выклікае гемадынамічных і марфалагічных змен.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАРНА́ЦКІ Фёдар Ігнатавіч (25.12. 1845, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 20.8.1902),

расійскі вучоны ў галіне ўнутранай медыцыны; адзін з заснавальнікаў айч. бальнеалогіі і курарталогіі. Д-р мед. н. (1888). Скончыў Кіеўскі ун-т (1871), працаваў у ім да 1878. З 1879 у Пецярбургу, з 1891 у Ваенна-мед. акадэміі (заг. кафедры, праф.). Навук. працы па пытаннях хвароб нырак і кліматабальнеалогіі. Апісаў характэрныя сімптомы шэрагу хвароб нырак (сімптом П.).

Тв.:

О лихорадках на Кавказско-Черноморском побережье от Новороссийска до Сухуми. СПб., 1900;

Пиэлит: (Этиология, диагностика и терапия его). СПб., 1907.

т. 12, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІ,

паталагічныя выдзяленні з палавых органаў жанчыны; сімптом парушэння сакраторнай функцыі палавых органаў пры хваробах палавой сферы (ганарэя, трыхаманоз, септычныя запаленчыя працэсы, пухліны і інш.), а таксама сімптом агульных захворванняў. У здаровай жанчыны выдзяленні могуць павялічвацца перад менструацыяй і пасля яе, пры цяжарнасці, юрлівасці, у гэтых выпадках яны светлыя, хутка знікаюць.

Адрозніваюць похвенныя, вестыбулярныя, шыйкавыя, матачныя і трубныя белі. Найчасцей бываюць похвенныя белі белаватага колеру пры агульных хваробах (туберкулёз, інфекц. хваробы, хваробы шчытападобнай залозы і інш.), а таксама ў жанчын пры згасанні функцыі яечнікаў і парушэнні глікагенаўтварэння ў слізістай абалонцы похвы. Усе похвенныя белі (жоўтага колеру) могуць узнікаць ад інфекцыі пры разрывах прамежнасці і зеўранні палавой шчыліны, пры апушчэнні сценак похвы, мочапалавых і кішачна-палавых свішчах як вынік няправільных і непатрэбных спрынцаванняў. Прычына вестыбулярных беляў — запаленне вульвы або вял. залоз перад уваходам у похву (барталінавыя залозы). Белі збіраюцца ў складках вульвы і выклікаюць раздражненне. Шыйкавыя белі белаватага або гемарагічнага колеру ўзнікаюць пры запаленнях і пашкоджаннях, паліпах і раку маткі; у норме яны празрыстыя, слізістыя, найчасцей у першую фазу менструальнага цыкла і перад авуляцыяй. Матачныя белі ў другую фазу (сакраторную) менструальнага цыкла толькі ўвільгатняюць паверхню эндаметрыя. Пры вострых запаленчых працэсах яны гнойныя, пры хранічных — вадзяністыя, пры ракавым пашкоджанні — колеру мясных памыяў. Трубныя белі ўтвараюцца пры запаленчых працэсах у трубах, праз матку і похву яны выдзяляюцца вонкі і праз ампулярны аддзел трубаў у брушную поласць. Бываюць серозныя, вадзяністыя або гнойныя. Лячэнне беляў залежыць ад прычыны хваробы.

І.​У.​Дуда.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ніктафо́бія

(ад гр. nyks, -ktos = ноч + -фобія)

неадольная боязь цемры, сімптом псіхічнага расстройства.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЦЫТО́ВІЧ Мітрафан Феафанавіч (1869, Магілёўская губ. — 1936),

бел. і расійскі вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Д-р медыцыны (1907). Скончыў Пецярб. ваенна-мед. акадэмію (1895). У 1895—1904 ваен. ўрач у г. Магілёў. З 1908 у Пецярб. ваенна-мед. акадэміі. У 1914—30 у Саратаўскім ун-це (праф.). У 1930—36 дырэктар НДІ фізіялогіі верхніх дыхальных шляхоў і вуха ў Саратаве. Навук. працы па пытаннях прафілактыкі хвароб вуха, горла і носа. Апісаў поўны фістульны сімптом (проба Ц., 1912).

Тв.:

Болезни уха, носа и горла. Саратов, 1922;

Патогенез и терапия хронических заболеваний верхних дыхательных путей // Вестн. оториноларингологии. 1936. № 1.

М.А.Цытовіч.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ánzeichen n -s, -

1) прыкме́та; знак; прая́ва; сімпто́м

2) юрыд. до́каз

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

назафо́бія

(ад гр. nosos = хвароба + -фобія)

неадчэпны страх перад смяртэльнай хваробай, сімптом псіхічнага разладу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЯССО́ННІЦА інсамія, агрыпнія,

парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)