ПСУ́ЕЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва канца 19 ст. ў в. Псуя Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Закладзены на беразе воз. Псуя. Парк эканам. тыпу. Вял. пладовы сад у выглядзе алей з дэкар. групамі ўнутры з трох бакоў абмежаваны ахоўнымі прысадамі. З чацвёртага боку прымыкае пейзажны ўчастак парку, тут стаяў сядзібны дом (не захаваўся). Растуць рэдкія пароды дрэў: піхты сібірская і бальзамічная, елкі канадская і калючая (форма блакітная), хвоя чорная, лістоўніцы еўрап. і сібірская.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ла́зні́к1, ла́зьніксядзібны дух, дамавік, які (пераважна) знаходзіўся ў лазні’ (Нік., Няч., Інстр. 2, Бяд., Мат. Гом.). Да лазня (гл.). Суфіксацыя, як у хлеўнік, хатнік, гуменнік, еў нік (гл.).

Лазні́к2 ’птушка бугай малы, Ixobrychus minutus’ (Інстр. 2), відавочна, лазнік (націск на ‑ік, калі прыняць пад увагу гнездаванне птушкі — у лазняках і чароце — БелСЭ, 2, 441). Да лаза (гл.). Лексема ўзнікла ў выніку універбізацыі словазлучэння, якое складалася з прыметніка і назоўніка, параўн. стол. лозяный вовк, петрык. лозяны воўчок ’тс’ (Нікан.). Аналагічна польск. trzcinnik ’тс’ < trzcina ’чарот’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЛАВІЧПО́ЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры стылю мадэрн з элементамі неаготыкі. Створана ў пач. 20 ст. ў в. Галавічполе (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.). Сядзібны дом (1909) — Г-падобны ў плане мураваны будынак. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць 1- і 2-павярховыя аб’ёмы, высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкар. вырашэнне фасадаў заснавана на спалучэнні чырв. колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай. Дом размешчаны ў пейзажным парку (пл. 18 га; захаваўся фрагментарна).

А.​М.​Кулагін.

Галавічпольская сядзіба.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял. Айч. вайну).

Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЯНЁЎСКІ ПА́РК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў пач. 19 ст. ў в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. на беразе Дняпра. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 15 га. Размешчаны на 2 прыбярэжных тэрасах, уздоўж якіх праходзяць прагулачныя маршруты. Кампазіцыя ландшафтная.

На верхняй паўкруглай тэрасе стаяў сядзібны дом (не захаваўся). У паўн. ч. парку захаваліся рэшткі рэгулярнай планіроўкі — квадрат з кругам унутры, аформлены алеямі хвоі звычайнай, і штучны круглы ў плане ўзгорак. У парку растуць пераважна дрэвы мясц. парод, трапляюцца экзоты.

Н.​С.​Будыка.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).

У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.

Куток Бабаўнянскага парку.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРК (Clark) Джон, архітэктар і будаўнік 1-й пал. 19 ст., прадстаўнік архітэктуры класіцызму. Англічанін. У 1800—26 жыў і працаваў у Гомелі. Сярод работ сядзібны комплекс на беразе р. Сож (1802, не захаваўся), бакавыя флігелі Гомельскага палаца (перабудаваны пры рэканструкцыі 1837—48), царква (1805), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Гомельскага духоўнага вучылішча будынак, гандл. рады з вежай (1818, згарэлі ў 1865), Гомельскай ланкастэрскай школы будынак, бальніца (1819, перабудавана ў 20 ст.), касцёл (1822, не захаваўся), карчма (1822, 2-і паверх перабудаваны ў 1950-я г.), царква ў в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (1822, не захавалася).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЬСКАЕ,

сядзібны ансамбль 18—19 ст. за 20 км ад Масквы, з 1918 музей-сядзіба. З 1703 належала князям Галіцыным, у 1810—1917 — князям Юсупавым. Пабудавана ў стылі класіцызму. На тэр. Архангельскага палац (1780-я г., арх. дэ Герн, перабудаваны ў 1811—28), у якім захаваліся аддзелка, мэбля, кераміка і інш. вырабы прыгонных майстроў, а таксама карціны (А.​Ван Дэйка, Дж.​Б.​Цьепала, Ф.​Бушэ, П.​Ратары) і скульптура (Э.​М.​Фальканэ, І.​П.​Віталі), парк (18 ст.) з тэрасамі, шматлікімі бюстамі, статуямі і паркавымі збудаваннямі (у т. л. тэатр., 1817—18, з дэкарацыямі П.​Ганзага).

Архангельскае. Палац. Паўночны фасад.

т. 1, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦЕ́НІЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва на Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл). Парк пейзажнага тыпу на ўзгорыстым рэльефе. Пл. каля 10 га. У паўн.-ўсх. частцы парку на самым высокім месцы сядзібны дом, на зах. схіле — тэрасы. У стварэнні ландшафтных кампазіцый выкарыстаны экзоты (больш за 60 відаў і формаў). Сярод іх унікальныя на Беларусі клён вастралісты далоненадрэзаны, вольха шэрая лопасцевая, аксаміт амурскі, явар і яго пурпуровалістая форма, клёны (палявы, прырэчны, татарскі, серабрысты, ясенялісты), піхта белая, елкі (канадская, Энгельмана, калючая блакітная), хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, туя заходняя і шмат дэкар. кустоў.

Бальценіцкі парк. Схема планіроўкі.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)