узаемадзеянне сістэм зараджаных часціц, абумоўленае квадрупольным момантам гэтых сістэм (гл.Квадруполь). Істотнае для сістэм, кожная з якіх мае поўны эл. зарад і дыпольны момант, роўныя нулю, напр. для двухатамных малекул, што складаюцца з аднолькавых атамаў. Квадрупольны момант (вылічваецца метадамі квантавай механікі) маюць таксама многія атамныя ядры, у эл. зарадзе якіх адсутнічае сферычная сіметрыя. У ядз. фізіцы К.ў. ўлічваецца пры ўзбуджэнні ядраў (з нулявым дыпольным момантам) кулонаўскім полем часціц, якія налятаюць на іх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.
Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗОТАБА́КТЭР (Azotobacter),
род аэробных азотфіксавальных бактэрый. Жывуць свабодна ў глебе, водным асяроддзі. Упершыню апісаны галанд. вучоным М.Беерынкам (1901). Форма азотабактэру палачкападобная або сферычная, памер 2×5 мкм; грамадмоўныя, могуць перамяшчацца з дапамогай жгуцікаў; з узростам ператвараюцца ў нерухомыя, укрытыя слізістай капсулай сферычныя клеткі (цысты), больш устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя. На працягу росту звязваюць да 20 г малекулярнага азоту на 1 г выкарыстанага вугляводу. Найбольш пашыраны на акультураных глебах Azotobacter chroococcum выкарыстоўваецца для атрымання азотабактэрыну. Прадуцыруюць поліцукрыды, шэраг вітамінаў, антыбіётыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЦІСКА́ННЕў металаапрацоўцы,
аперацыя коўкі або штампоўкі, у выніку якой памяншаецца плошча папярочнага сячэння загатоўкі і павялічваецца яе даўжыня. Дасягаецца пластычнай дэфармацыяй матэрыялу пад уздзеяннем радыяльных сціскальных намаганняў. Абцісканне прутковых і таўстасценных трубчастых загатовак атрымліваюць рэдукаваныя пруткі, фасонныя канічныя вырабы, ступеньчатыя суцэльныя і полыя валы. Танкасценныя полыя загатоўкі абціскаюць у штампах з пустотнай матрыцай, каб надаць краявой частцы загатоўкі канічную, цыліндра-канічную, сферычную і інш. форму.
Віды паверхні краявой часткі загатовак пасля абціскання: а — канічная; б — цыліндра-канічная; в — сферычная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНА́ТЫ (ад лац. co разам, сумесна + ordinatus упарадкаваны, вызначаны) у матэматыцы, сістэма лікаў ці інш. сімвалаў, якія вызначаюць становішча матэм. аб’екта (пункта) на зададзенай лініі, паверхні, у трохмернай прасторы ці ў абагульненай геам. прасторы. Паміж сістэмамі лікаў і пунктамі прасторы ўстанаўліваецца ўзаемна адназначная адпаведнасць, якая можа быць зададзена мноствам спосабаў. Правіла задання адпаведнасці наз. сістэмай каардынат. Гл.Дэкартава сістэма каардынат, Сферычная сістэма каардынат, Цыліндрычная сістэма каардынат, Палярная сістэма каардынат. К. выкарыстоўваюцца ў геадэзіі (гл.Геадэзічныя каардынаты) і ў геаграфіі (гл.Геаграфічныя каардынаты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСУ́ТАВА ТЭЛЕСКО́П,
люстрана-лінзавы тэлескоп, пабудаваны па схемах меніскавых сістэм. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым.
У М.т. звычайна выпраўлены аберацыі: сферычная, храматычная і кома (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Увядзенне ў люстраныя тэлескопы меніска (роўна таўшчыннай выпукла-ўвагнутай лінзы) з простымі ў вырабе сферычнымі паверхнямі дало магчымасць павялічыць іх адносную адтуліну да 1:3 і поле зроку да 5°, спрасціць канструкцыю паўторных люстэркаў для тэлескопаў схем Касегрэна і Грэгары, герметызаваць трубу і засцерагчы паверхню гал. люстэрка, а таксама выкарыстаць схему М.т. ў фатаграфічных аб’ектывах. Найбольшыя ў свеце М.т. з меніскамі дыям. па 700 мм (люстэркі дыям. каля 1000 мм) пабудаваны ў СССР і ўстаноўлены ў Абастуманскай астрафіз. абсерваторыі (Грузія) і Паўд.астр. абсерваторыі ЗША (Чылі) Розныя варыянты М.т. пашыраны сярод аматараў астраноміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТЭ́РКА,
цела з адбівальнай паверхняй, няроўнасці якой не перавышаюць долей даўжыні хвалі (эл.-магн. ці гукавой). Выкарыстоўваецца ў побыце, астр. і фіз. прыладах, ультрагукавой апаратуры, медыцыне і інш.
Уласцівасці Л. вызначаюцца каэфіцыентам адбіцця матэрыялу, з якога яно зроблена, і формай яго паверхні. Каэфіцыент адбіцця ўплывае на энергію адбітай хвалі, для яго павелічэння на паверхню Л. наносяць тонкі слой металу або мнагаслойнае дыэл. пакрыццё. Форма Л. вызначае від адбітай хвалі (плоскай, цыліндрычнай, сферычнай). Плоскае Л. змяняе толькі напрамак распаўсюджвання хвалі і захоўвае яе від (напр., плоская хваля застаецца плоскай, сферычная — сферычнай). Увагнутыя і выпуклыя Л. з паверхняй рознай формы змяняюць напрамак распаўсюджвання і від адбітай хвалі, напр., плоская хваля пры адбіцці ад знешняй паверхні конуса пераўтвараецца ў цыліндрычную, цыліндрычная пры адбіцці ад унутранай паверхні конуса — у плоскую. Аптычныя Л. пазбаўлены храматычнай аберацыі (гл.Аберацыі аптычных сістэм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
абера́цыя
(лац. aberratio = адхіленне)
1) астр. уяўнае адхіленне нябесных свяціл ад іх сапраўднага месцазнаходжання, якое выклікаецца рухам Зямлі вакол Сонца;
2) фіз. скажэнне або недастатковая выразнасць паказанняў аптычных прыбораў (напр.сферычная а., храматычная а.);
3) біял. адхіленне ад нормы ў будове арганізма або ў функцыі асобных органаў;
4) перан. памылка, адхіленне ад ісціны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЫФРА́КЦЫЯ СВЯТЛА́,
з’ява агінання святлом контураў непразрыстых цел, якая прыводзіць да парушэння законаў геаметрычнай оптыкі. У больш шырокім сэнсе Д.с. — сукупнасць эфектаў, якія назіраюцца пры распаўсюджванні святла ў асяроддзі, з яўна выражанымі неаднароднасцямі.
Д.с. тлумачыцца праяўленнем хвалевых уласцівасцей святла і адбываецца, калі святло праходзіць праз вузкія шчыліны і адтуліны ў непразрыстых экранах ці каля краёў непразрыстых цел (памеры перашкод параўнальныя з даўжынёй хвалі святла). Дыфракцыйная карціна з’яўляецца вынікам інтэрферэнцыі дыфрагаваных хваль і вызначаецца суадносінамі паміж памерамі перашкод ці адтулін і даўжынёй хвалі святла і характарызуецца адпаведным размеркаваннем інтэнсіўнасці. Разлік найпрасцейшых дыфракцыйных карцін робіцца на аснове Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу. Пры Д.с. ад кропкавай крыніцы (сферычная хваля) на круглай адтуліне ці круглым экране (дыфракцыя Фрэнеля) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных кольцаў (дыфракцыйны відарыс перашкоды). Пры дыфракцыі плоскай светлавой хвалі на вузкай шчыліне (дыфракцыя Фраўнгофера) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных палос (дыфракцыйны відарыс крыніцы святла). Д.с. на дыяфрагмах і аправах аб’ектываў абмяжоўвае раздзяляльную здольнасць аптычных прылад (мікраскопаў, тэлескопаў і інш.). На Д.с. заснавана дзеянне дыфракцыйных рашотак, узнаўленне галаграфічных відарысаў і інш выкарыстанні галаграфіі.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989. С. 109—142.
К.М.Грушэцкі.
Да арт.Дыфракцыя святла. Размеркаванне інтэнсіўнасці (1) і дыфракцыйная карціна (2) пры дыфракцыі Фраўнгофера на вузкай шчыліне шырынёй b, φ — вугал дыфракцыі.Да арт.Дыфракцыя святла. Дыфракцыйная карціна пры дыфракцыі Фрэнеля на круглай адтуліне (1) і круглым экране (2).