ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

працэс выбіральнага растварэння і вынасу прыроднымі водамі асобных кампанентаў горных парод. Найб. развіта ва ўмовах выветрывання і ў зоне інтэнсіўнага водаабмену ў артэзіянскіх басейнах. Пры вышчалочванні горных парод спачатку выносяцца лёгка растваральныя хларыды натрыю і калію, потым сульфаты і карбанаты кальцыю. Найлепш вышчалочваюцца каменныя і калійныя солі, гіпсы, ангідрыты, мел, вапнякі, даламіты. Тыповае праяўленне вышчалочвання горных парод — карст; у раёнах пашырэння лёсу і лёсападобных парод развіта суфозія. Працэсы вышчалочвання ўплываюць на састаў падземных вод, фарміраванне калектараў нафты і газу, выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў. У Беларусі метадам падземнага вышчалочвання здабываюць кухонную соль на Мазырскім радовішчы каменнай солі.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕБАКТЭ́РЫІ,

мікраарганізмы пракарыётнага тыпу. Адкрыты ў 1970-я г. Ад іншых пракарыётаў адрозніваюцца хім. будовай макрамалекул, напр. нуклеатыднымі паслядоўнасцямі 16S рыбасамальнай РНК, саставам мембранных ліпідаў, клетачных сценак і інш., і здольнасцю ажыццяўляць унікальныя біяхім. працэсы. Поруч з эўкарыётамі і эўбактэрыямі (сапраўдныя бактэрыі) складаюць адзін з кірункаў клетачнай эвалюцыі. Уключаюць бактэрыі, якія існуюць у экстрэмальных умовах: метанаўтваральныя архебактэрыі, экстрэмальныя галафілы (існуюць пры высокіх канцэнтрацыях хларыду натрыю), архебактэрыі без клетачнай сценкі, архебактэрыі, што аднаўляюць сульфаты, і экстрэмальныя тэрмафілы, якія метабалізуюць малекулярную серу. Хемалітатрофныя віды архебактэрый перспектыўныя для выкарыстання ў біягідраметалургіі, а таксама для абяссервання некандыцыйнага каменнага вугалю; метанаўтваральныя архебактэрыі могуць быць карысныя як прадуцэнты вітаміну B12 і метану.

А.​М.​Капіч.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

група хім. элементаў у геахім. класіфікацыі, якія маюць вонкавую 8-электронную абалонку (паводле тыпу інертных газаў) і размяшчаюцца на ўчастках змяншэння крывой атамных аб’ёмаў. Складаюць 93% асноўнай масы мінералаў зямной кары і 97% масы солевага саставу акіянічнай вады. Да Л.э. адносяцца 55 элементаў перыядычнай сістэмы: кісларод O, крэмній Si, алюміній Al, тытан Ti, бор B, вуглярод C і інш., шчолачныя і шчолачназямельныя металы, галагены і многія рэдкія элементы. Л.э. пераважна парамагнітныя. Уваходзяць у асноўным у састаў сілікатаў, пашыраны таксама іх аксіды, галагеніды, карбанаты, сульфаты, фасфаты. Шчыльнасць злучэння Л.э. ад 2 10​3 да 4 10​3 кг/м³. Групу Л.э. вылучыў у сваёй геахім. класіфікацыі ў 1924 В.М.Гольдшміт. Дапоўніў у 1952 Э.​Садэцкі-Кардаш. Па класіфікацыі А.П.Вінаградава да Л.э. адносяцца таксама атмафільныя элементы.

У.​Я.​Бардон.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ТНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя і арган. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння раслін азотам. Падзяляюцца на арганічныя ўгнаенні (гной, торф, кампост), якія акрамя азоту маюць у сабе інш. элементы, мінеральныя ўгнаенні (выпускаюцца прам-сцю ў цвёрдым ці вадкім стане) і зялёныя ўгнаенні (гл. Сідэрацыя). У мінеральных азот можа быць у аміячнай (NH3), аміячна-нітратнай (NH3 і NO3), нітратнай (NO3) і аміднай (NH2) формах. Асн. віды мінер. азотных угнаенняў: аміячныя, аманійныя, нітратныя, аманійна-нітратныя, амідныя, аманійна-нітратна-амідныя.

Аміячныя і аманійныя ўгнаенні: вадкі аміяк, аміячная вада, сульфаты амонію, амонію-натрыю. Раствараюцца ў глебавай вадзе, значная частка іонаў амонію звязваецца ў маларухомую форму, якая пад уздзеяннем спецыфічных бактэрый глебы пераходзіць у больш рухомую нітратную форму і засвойваецца раслінамі. Выкарыстоўваюцца для ўсіх с.-г. культур на някіслых глебах і кіслых пры іх вапнаванні. Нітратныя ўгнаенні: натрыевая і кальцыевая салетры. Іоны натрыю і кальцыю паглынаюцца цвёрдай фазай глебы і раслінамі спажываюцца менш, чым нітратны азот, што прыводзіць да падшчалочвання глебы. Выкарыстоўваюцца на ўсіх глебах для ўнясення перад сяўбой і для ўсіх відаў раслін у перыяд вегетацыі. Аманійна-нітратныя ўгнаенні: аміячная салетра, сумесі сульфат-нітрат амонію, вапнава-аміячная салетра. Выкарыстоўваюцца ў розных кліматычных зонах для розных глебаў. Амідныя ўгнаенні бываюць хутка дзейныя (карбамід) і павольна дзейныя (урэаформ—карбаміда-фармальдэгідныя ўгнаенні). Аманійна-нітратна-амідныя ўгнаенні — канцэнтраваныя растворы карбаміду, нітрату амонію і іх растворы ў аміячнай вадзе (аміякаты). Эфектыўныя пры ўнясенні ў глебу для падкормкі раслін, аміякаты — для невегетуючых с.-г. культур. На Беларусі (Гродзенскі азотна-тукавы завод) вырабляюць аміячную салетру, карбамід, вадкія ўгнаенні і сульфат амонію.

Літ.:

Агрохимия. М., 1982;

Баранов П.А., Алейнов Д.П., Олевский В.М. Азотные растворы... // Химия в сельском хозяйстве. 1983. № 5.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РЫ,

прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл. Карст).

П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл. Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.​Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л. сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.

Літ.:

Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.

Р.​Р.​Паўлавец.

Пячора. Пастойнска-Яма ў Славеніі.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Й (ад цюркска-манг. алтан залаты),

горная сістэма ў Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Манголіі і Кітая. Працягласць больш за 2000 км, макс. шырыня больш за 500 км. Распасціраецца з ПнЗ ад Зах.-Сібірскай раўніны на ПдУ да раўнін Гобі. Складаецца з сістэмы расчлянёных хрыбтоў, нагор’яў, пласкагор’яў, міжгорных упадзін, катлавін. Водападзел Обі, Енісея, рэк бяссцёкавага бас. Цэнтр. Азіі. Найб. вяршыня — г. Бялуха (4506 м). Падзяляецца на ўласна Алтай (Расійскі, Казахстанскі), Мангольскі Алтай і Габійскі Алтай. Тэктанічныя структуры Алтая належаць да герцынскай і каледонскай складкавасцяў. Складзены з пратэразойскіх і пераважна палеазойскіх парод: метамарфічных сланцаў, слюдзістых кварцытаў, амфібалітаў, вапнякоў, алеўралітаў, гліністых сланцаў, вулканагенных парод і інш. Асадкавыя, вулканічныя і метамарфічныя пароды пранізаны гранітнымі і гранадыярытавымі інтрузіямі. Сучасны выгляд Алтая набыў у выніку падняццяў у неагенавы і чацвярцічны перыяды. Грабяні высакагорных хрыбтоў характарызуюцца альпійскімі формамі рэльефу. Ёсць буйныя міжгорныя катлавіны, т.зв. стэпы (Чуйскі, Курайскі, Уймонскі, Абайскі, Канскі і інш.). У нізкагор’ях і сярэднягор’ях развіты паверхневыя і падземныя карставыя формы. Карысныя выкапні: поліметалічныя руды, золата, ртуць, сурма, вальфрам, марганец, жалеза, буры вугаль, солі, сульфаты і інш. Багатыя радовішчы мармуру і каштоўных вырабных камянёў (яшмы, парфіры і інш.). Тэрмальныя крыніцы: Абаканская, Белакурыхінскія, Рахманаўскія, Джумалінскія.

Клімат Алтая кантынентальны. Зіма халодная і працяглая. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (у перадгор’ях) да -28...-32 °C у міжгорных катлавінах у выніку тэмпературных інверсій. Лета адносна кароткае і халаднаватае; у перадгор’ях сярэдняя т-ра ліп. 19—22 °C, на высакагор’ях 14—16 °C. На схілах зах. раёнаў ападкаў да 2000 мм, паўн.-ўсх. — да 1000 мм, на ПдУ да 200 мм за год. Характэрны горнадалінныя вятры (фёны). Магутнасць снегавога покрыва у Зах. Алтаі можа дасягаць 2—3 м. Каля 1500 ледавікоў агульнай пл. больш за 900 км². Развіта густая сетка горных рэк, найбольшыя: Катунь, Бухтарма, Бія, Чуя. Жыўленне рэк пераважна алтайскага тыпу — талымі снегавымі водамі і летнімі дажджамі. Больш як 3500 азёраў, пераважна каравых і марэнападпрудных, самыя вял. Маркаколь і Цялецкае маюць катлавіны тэктанічнага паходжання.

На Алтаі добра выражана сістэма вышынных ландшафтных паясоў. У паўн. і зах. перадгор’ях да выш. 400—700 м — лугавыя разнатраўна-злакавыя, да выш. 1200—1500 м — палыноваціпчаковыя стэпы. Горныя лясы займаюць каля ⅔ тэрыторыі. Сярод іх пераважаюць паркавыя лістоўнічныя (да выш. 2000—2200 м). На Пн лясы цемнахвойныя, у т. л. кедравыя. Характэрны высакатраўныя лугі (велікатраўе), а таксама астравы горных стэпаў. На выш. 1400—2000 м у засушлівых катлавінах пашыраны паўпустынныя ландшафты. Высакагорная зона (выш. 1800—2400 м) з субальпійскімі хмызнякамі і лугамі змяняецца нізкатраўнымі альпійскімі лугамі. Ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах пашыраны горныя тундры (хмызняковыя, імхова-лішайнікавыя, камяніста-друзавыя). Вышэй альпійскіх лугоў і тундраў — голыя скалы, камяністыя россыпы, снежныя палі і ледавікі. Жывёльны свет разнастайны, стэпавага (суслікі, хамякі, палёўкі і інш.), таежнага (мядзведзь, рысь, ліс, собаль, вавёрка, марал, глушэц і інш.), высакагорнага (алтайская пішчуха, горны казёл, снежны барс і інш.) комплексаў. На тэр. Алтая — Алтайскі запаведнік.

Літ.:

Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987.

А.​М.​Баско.

Да арт. Алтай. Горны Алтай.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕТАЛІ́ЧНЫЯ КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ, нярудныя карысныя выкапні,

група горных парод і мінералаў, якія пераважна не з’яўляюцца рудамі металаў і гаручымі карыснымі выкапнямі. Выкарыстоўваюцца непасрэдна як прыродны мінер. агрэгат (напр., буд. і сілікатныя пяскі) ці ў перапрацаваным выглядзе (паўгідраты, цэмент, кандыцыйны жвір і інш.), для здабычы мінералаў (алмазаў, глаўканіту, каалінігу і інш.) і хім. злучэнняў, што выдаляюць з пароды (калійныя і кухонная солі). Вядома больш за 90 горных парод і больш за 60 мінералаў. Мінер. састаў Н.к.в. — сілікаты, аксіды, галоіды, карбанаты, сульфаты, фасфаты, нітраты, бараты, фтарыды і самародныя элементы (вуглярод, сера), а таксама складаныя арган. рэчывы (напр., бурштын). Якасць сыравіны ацэньваецца паводле фіз.-хім. уласцівасцей, мінер. саставу, асаблівасцей перапрацоўкі і інш. Радовішчы Н.к.в. прымеркаваны пераважна да асадкавых парод, радзей да вывергнутых і метамарфічных. На Беларусі Н.к.в. трапляюцца ў пародах крышт. фундамента (буд. і абліцованы камень на выступах і каалін у корах выветрывання) і платформавага чахла. Багатыя Н.к.в. адклады верхнедэвонскія ў Прыпяцкім прагіне (калійныя і каменныя солі, гіпсы) і на ПнУ рэгіёна (даламіт), ніжнекарбонавыя ў Прыпяцкім прагіне (даўсаніт), верхнемелавыя (мел, мергель, фасфарыты) на З і У, палеагенавыя (глаўканіт, бурштын і інш.) на Пд і З, неагенавыя (монтмарыланітавыя гліны і кварцавыя пяскі) на Пд рэспублікі, антрапагенавыя Беларускай грады (пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі і інш.) і Беларускага Паазер’я (стужачныя гідраслюдзістыя гліны, жвір; пяскі), у т. л. галацэнавыя (балотныя руды, лугавыя мергелі, сапрапель). Здабыча Н.К.В. вядзецца пераважна ў механізаваных кар’ерах, радзей шахтавым спосабам (калійныя солі) і вышчалочваннем у свідравінах (кухонная соль).

Паводле горна-прамысл. класіфікацыі Н.К.В. адрозніваюць горна-хім. і горна-тэхн. сыравіну, буд. матэрыялы, новыя і малыя віды неметал. выкапняў. Горна-хімічная сыравіна: фасфарыты (радовішчы Лабковіцкае і Мсціслаўскае); калійныя солі (Старобінскае, Петрыкаўскае), кухонная соль (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае); даўсаніт — содавая сыравіна (праяўленні); даламіт (радовішча Руба і шэраг праяўленняў з запасамі больш за 6,7 млрд. т). Горна-тэхнічная сыравіна: каалін (радовішча Скрыпіцкае і інш. з запасамі больш за 30 млн. т); тугаплаўкія гліны (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш. з запасамі да 60 млн. т); бентаніт (радовішча Астражанскае з запасамі 12,3 млн. т у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл.); кварцавыя пяскі (Гарадная, Чэцверня і інш. з запасамі больш за 100 млн. т); трэпел (Стальное і інш. з запасамі больш за 180 млн. т); гіпс (праяўленні з вял. рэсурсамі); мергель і мел (Камунарскае, Калядзіцкае, Каменкаўскае, Пагараны, Туры, Сожскае, Хаціслаўскае і інш. з запасамі 1,4 млрд. т); лугавыя мергелі (больш за 300 дробных радовішчаў і праяўленняў з запасамі каля 200 млн. м³). Будаўнічыя матэрыялы: буд. камень — дыярыт, гранадыярыт, граніт (радовішчы Глушкавіцкае, Мікашэвіцкае, Сітніцкае з запасамі больш за 1 млрд. м³); абліцовачны камень (радовішча Кар’ер Надзеі); пясчана-жвіровыя сумесі (больш за 120 радовішчаў з запасамі больш за 1 млрд. м³); пяскі буд. і сілікатныя (больш за 100 радовішчаў з запасамі больш за 800 млн. м³); гліны для грубай керамікі, цэменту і лёгкіх запаўняльнікаў (больш за 240 радовішчаў, запасы да 700 млн. м³); прыродныя пігменты (фарбы мінер.): вохра і вохрыстыя гліны (радовішча Ляхава Гара з запасамі больш за 140 тыс. т у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.), балотныя жалезныя руды (каля 150 праяўленняў), глаўканіт (праяўленні з вял. рэсурсамі). Новыя і малыя віды неметалічных выкапняў: цэалітаносныя (мінералы гейландыт, клінаптылаліт) гліны, палыгарскітавыя гліны, гранатавыя пяскі, крэмень, бурштын, ледавіковыя валуны, вівіяніт (праяўленні). Гл. таксама Карысныя выкапні, Мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, Мінеральная сыравіна і арт. пра адпаведныя радовішчы.

Я.​А.​Ільін.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)