падэ́шва, ‑ы, ж.

1. Ніжняя частка абутку, якая мае форму ступні. З хаты выйшлі людзі.. Нібы на конскіх капытах, паблісквалі цвікі на падэшвах іх ботаў. Лынькоў. Афіцэры шаркалі падэшвамі і прыстуквалі абцасамі. Навуменка. // Ніжняя частка ступні. Нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Зямля напалілася і, як гарачы прысак, пячэ ў падэшвы ног. Мележ.

2. Ніжняя частка, аснова чаго‑н. Волкаў застагнаў: ён першы ўбачыў і зразумеў, што запрэжка пройдзе міма далёка ад нас, каля падэшвы сопкі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́пка

1. Вялікі курган, старажытная магіла круглай формы (Віц., вярхоўі рр. Дрысы і Ловаці Алякс., 59). Такая назва курганаў ёсць у Наўгародскай вобл. (Хадакоўскі. Данясенне, 368).

2. Купіна (Кузн. Касп.).

3. Пясчаны ўзгорак (Петр., Смален. Дабр.).

□ ур. Халмоўская Сопка (гара), Сопкі (гара) Віц. (Рам. Мат.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

недасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога нельга наблізіцца, падысці; непрыступны. Белы хорам стаяў недаступнай сцяной, Грозна, думна глядзеў на прыволле. Купала. А сопкі — без дрэў і без траў, А сеткі — амаль недаступныя. Пысін.

2. Такі, да якога цяжка прыступіцца; ганарысты, фанабэрысты. — Зрэшты, .. [Грышка] можа не такі ўжо недаступны, як ты думаеш, — дыпламатычна намякнула Вольга Карпаўна. Вірня. Недаступны да таго таможнік яшчэ з якую хвіліну глядзеў на нас, нібы вырашаў якую складаную праблему. Лынькоў. // Які выказвае ганарыстасць, фанабэрыстасць. Недаступны выгляд. // Строгай натуры (пра жанчын). Дзяўчына перастала засцілаць ложак, выпрасталася, упартая, недаступная. Мележ.

3. Недасяжны з прычыны якіх‑н. абставін, умоў. Недаступнае .. агню, які сцелецца па зямлі, таксама і галлё сасны, бо яно знаходзіцца высока на ствале. Гавеман. // Цяжкі для разумення. Гэта кніга яшчэ недаступная для дзяцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сілуэ́т, ‑а, М ‑эце, м.

1. Контурнае аднаколернае адлюстраванне каго‑, чаго‑н., выразанае ці намаляванае на аднатонным фоне. [Валодзя] хутка маляваў сілуэты сваіх таварышаў. Федасеенка. Прыкрыты сэрцы нашыя білетам з ленінскім, світальным сілуэтам. Вялюгін.

2. Ценявы адбітак на светлым фоне або наадварот; абрысы чаго‑н., якія віднеюцца ўдалечыні, у тумане, у цемры і пад. Вечарам, калі запальваецца святло, на, фіранках, як на экране, можна бачыць жаночы сілуэт. Б. Стральцоў. У стэрэатрубу добра было відаць, як на самым гарбяку кургана з’явіліся чорныя сілуэты варожых танкаў. Няхай. Недзе ёсць снягі Кіліманджара — Вострай сопкі белы сілуэт... Лойка.

3. У архітэктуры, скульптуры і пад. — характэрныя абрысы, знешнія контуры якога‑н. збудавання, будынка, прадмета. Разумеюць [многія] пад хараством горада толькі прыгажосць яго знешніх форм, яго сілуэт... Карпаў. Пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Гродна сур’ёзную ўвагу неабходна звярнуць на сілуэт горада. «Помнікі».

[Фр. silhouette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)