jeść

незак.

1. есці;

chce mi się jeść — мне хочацца есці;

jeść obiad — абедаць;

jeść kolację — вячэраць;

jeść śniadanie — снедаць;

nie jeść chleba darmo — не есці хлеба задарма;

2. есці; кусаць; джаліць;

3. раз’ядаць

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

прыле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. прылёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. прыляж; зак.

1. Легчы на кароткі час. Пакуль маці гатавала снедаць, Андрэй прылёг адпачыць. Чарнышэвіч. Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзяючыся. Колас. // Хаваючыся, прыняць ляжачае становішча. [Мінёры], толькі дабегшы да першых кустоў прылеска.., прылеглі. Брыль. Мікола ціха прылёг на сухі грудок, за густым альховым кустом, і стаіўся. Краўчанка.

2. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. Гукамер [доктар] прыклаў да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало. Крапіва.

3. Шчыльна прыстаць. Сукенка добра прылягла да таліі.

4. Прыгнуцца. Ніжэй к сядлу казак прылёг, Махнуў стралою у вароты. Колас. // Пахіліцца дадолу ад ветру, дажджу і пад. (аб раслінах). Пахла сырой зямлёй; густая, мокрая ад расы маладая мятліца на дарозе прылягла да зямлі і парылася на сонцы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад парыць.

2. у знач. прым. Бараны або печаны ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары ​2. [Тарас Тарасавіч] стаў надта набожны. Пасціў сам і нас прымушаў есці параны з соллю боб і талакно. Асіпенка. [Маці] паволі замешвала парсюку параную бульбу з пасечанай травою. Кавалёў.

3. у знач. прым. Апрацаваны парай ​2, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). А потым — цэлы дзень амаль загінаў параныя чаўнакі Пракоп на капылы новых саней. Баранавых. Было горача, чамусьці пахла ў хаце свежым хлебам і паранымі венікамі. Лупсякоў.

4. у знач. прым. Кіпячоны (пра малако). Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч.

5. у знач. наз. па́ранае, ‑ага, н. Пра страву, вараную або печаную ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары ​2. — А ў яго [Валодзі] будзе цяпер смажанага і паранага, ды і грошы завядуцца, калі не будзе дурнем. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́заць, мажу, мажаш, мажа; заг. маж; незак.

1. што. Пакрываць тонкім слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч. // Змазваць. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы. Бядуля. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходным перад паходам — чысціць і мазаць зброю. Кулакоўскі. // Абмазваць для ўцяплення. Мазаць хату глінай.

2. што. Разм. Рабіць брудным, пэцкаць, пляміць. Мазаць стол чарнілам. □ Парадку дзеці не трымалі, І іх ніколі не сціскалі.. Так, Юзік пальцам поркаў страву І верашчакай мазаў лаву. Колас. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба мажа рукі.

3. што і без дап. Разм. Няўмела, непрыгожа маляваць або пісаць. Закарузлыя, крывыя пальцы, папаленыя ў кузні, лягчэй малатком па жалезу б’юць, [чым] пяром па паперы мажуць. Бядуля.

4. Разм. Рабіць промахі (у гульні, стрэльбе і пад.). Мы гулялі [у мяч] без ранейшага імпэту, неяк вяла, часта «мазалі». Васілёнак.

5. перан. Разм. Даваць хабар. [Грышка Верас:] — Эх мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, — той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Прымусіць пранікнуць, увайсці ўглыб, унутр што‑н. вострае, тонкае; усадзіць. Уткнуць іголку ў клубок. □ Уткнуўшы косы ў мокрую ад расы траву, касцы ідуць снедаць. Нядзведскі. Маці нажала крапівы, паслала ў хляве і серп уткнула ў сцяну над дзвярыма. Бядуля. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Сунуць куды‑н., унутр чаго‑н., за што‑н. Я ўткнуў газету ў кішэню, паправіў шалік на шыі і хутка пайшоў да тралейбуса. Мыслівец. Астап пакінуў капаніцу, Ляйчыну ўткнуў за паясніцу, Каб упраўляць сяк-так канём. Трус.

2. Схаваць, укрыць твар, галаву і пад. у што‑н. Па тратуарах, уткнуўшы насы ў каўняры, праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Меншы, Косцік.. уткнуў у падушку галаву, раскінуў ручкі. Васілевіч.

3. Уперці ў што‑н. Уткнуць нос у шыбу.

•••

Носа не ўткнуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Уткнуць нос у што, куды — засяродзіцца на чым‑н., захапіцца чым‑н.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы — умяшацца ў чужую гаворку, калі не просяць; сказаць што‑н. неўпапад.

Уткнуць (уваткнуць, усадзіць, усунуць) свой нос (язык) — умяшацца не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цадзі́ць, цаджу́, цэ́дзіш, цэ́дзіць; незак.

1. што. Прапускаць (малако, вадкасць) праз цадзілку, сіта або друшляк для ачысткі. Цадзіць кісель. □ Падаіўшы карову, маці будзе цадзіць малако на лаўцы пры печы, і яно будзе цёпла і густа шумець у конаўцы. Адамчык.

2. што. Ліць павольна з вузкай адтуліны, гарлавіны. [Чалавек] цадзіў праз кран з бочкі квас. Чорны. Невядома было таксама, адкуль тут [на рынку] паявіліся падобныя на цыганоў гандляры віном, якія цадзілі яго ў шклянкі з бочак. Грамовіч. / у перан. ужыв. Нізка навіслыя хмары цадзілі на галовы дробную імжу. Хадкевіч. Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прам[ян]і. Дуброўскі. // Павольна піць, цягнучы праз зубы. Вада была цёплая, злецілася ў хаце, і .. [Андрэй] цадзіў яе праз зубы. Пташнікаў. Бабы ў смутку ківаюць галовамі, бяруцца за чаркі, цэдзяць доўга, па кроплі. Ракітны.

3. Ісці (пра дробны невялікі дождж). Пад поўнач пачаў цадзіць дождж. Мележ. — Зноў цэдзіць. Ніводнага вечара без яго [дажджу] не абыдзецца. Адна надзея на вецер — можа, разгоніць хмары, — сказаў Антон. Савіцкі.

4. перан.; што і без дап. Разм. Гаварыць паволі, марудна; вымаўляць праз зубы. Вінцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кійком сваім, цадзіў па слову гаворку — чакаў, калі Бушмар скончыць снедаць. Чорны. — Ты ж сам і калаціўся больш за ўсіх, — іранічна цэдзіць Грамабой. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

have [hæv, həv] v. (had)

1. мець, вало́даць;

He has a dog. У яго ёсць сабака.

2. склада́цца;

The book has three parts. Кніга складаецца з трох частак.

3. мець, дэманстрава́ць пэ́ўную я́касць;

She had enough courage for this. У яе хапіла мужнасці для гэтага.

4. быць паві́нным, му́сіць;

I have a duty to care for the chil-dren. Я павінен паклапаціцца пра дзяцей.

5. трыма́ць (каго-н./што-н.);

I couldn’t see what he had in his hands. Я не бачыў, што ён трымаў у руках.

6. пакла́сці (што-н.), трыма́ць, захо́ўваць (што-н.) у пэ́ўным ме́сцы;

I soon had the butterfly in the net. Я хутка злавіў матылька ў сетку.

7. адчува́ць, перано́сіць (боль, хваробу);

I have a toothache. Мне баляць зубы.

8. право́дзіць (час);

have a good time до́бра (прые́мна) ба́віць час

9. арганізо́ўваць падзе́ю;

have a party арганізава́ць, праве́сці вечары́ну

10. е́сці, піць;

have breakfast/lunch/dinner сне́даць/абе́даць/вячэ́раць

11. рабі́ць (што-н.);

have a bath прыма́ць ва́нну

12. нарадзі́ць (дзіця);

She has had a baby. Яна нядаўна нарадзіла дзіця.

13. атрыма́ць (што-н.);

She has just had a letter from him. Яна толькі што атрымала ліст ад яго.

14. клапаці́цца (пра каго-н.); займа́ць/забаўля́ць (каго-н.) у сваі́м до́ме;

have guests прыма́ць гасце́й

15. найма́ць, браць/прыма́ць на пра́цу;

have smb. as designer наня́ць дыза́йнера

16. : have smth. done (перадае дзеянне, утворанае згодна з ініцыятывай/жаданнем каго-н. або супраць яго волі) сказа́ць/загада́ць зрабі́ць што-н. для сябе́; тра́піць у што-н., падпа́сці пад што-н, зве́даць/перане́сці што-н. ад рукі́ каго́-н.;

I had the coat cleaned. Мне пачысцілі паліто;

He had his money stolen. У яго ўкралі грошы;

have one’s hair done зрабі́ць прычо́ску

17. : have smb. do smth. прыму́сіць каго́-н. зрабі́ць што-н.; зрабі́ць так, каб хто-н. зрабі́ў што-н.;

He always can have people listen. Ён заўсёды можа зрабіць так, каб яго слухалі.

18. : have to + infinitive (азначае неабходнасць) быць паві́нным, му́сіць;

He has to go. Яму трэба ісці.

19. дапаможны дзеясл. для ўтварэння формаў Perfect;

Have you had the news? Вы ўжо чулі навіны?;

have (got) smth. against smb./smth. не любі́ць каго́-н./што-н. з пэ́ўнай прычы́ны;

have smb. back дазво́ліць (мужу, жонцы) вярну́цца наза́д пасля́ расста́ння;

have smth. back атрыма́ць што-н. наза́д;

have (got) smth. on smb. infml ве́даць што-н. дрэ́ннае пра каго́-н.

had better лепш, ле́пей;

You had better stay. Вам лепш застацца;

have done with smth. пако́нчыць з чым-н.;

have had it infml быць у ве́льмі дрэ́нным ста́не; быць ве́льмі сто́мленым; не мець ша́нцу вы́жыць, перажы́ць не́шта; быць не ў ста́не цярпе́ць/выно́сіць (што-н.);

have it (that…) сцвярджа́ць, заяўля́ць (што-н.);

have (got) it/that coming (to you) атрыма́ць па заслу́гах;

have it in for smb. infml адкры́та не любі́ць каго́-н.;

have it in you (to do smth.) infml быць здо́льным/мець здо́льнасці (зрабі́ць што-н.);

not having any infml не жада́ць слу́хаць каго́-н.е́рыць каму́-н.

have in [ˌhævˈɪn] phr. v. мець запа́с чаго́-н. (у доме, на складзе і да т.п.)

have on [ˌhævˈɒn] phr. v.

1. быць апра́нутым (у што-н.)

2. мець (што-н.) уклю́чаным, працу́ючым

3. быць заня́тым (чым-н.)

4. падману́ць, ашука́ць (каго-н.)

have out [ˌhævˈaʊt] phr. v.

1. выдаля́ць, выма́ць (што-н.)

2. высвятля́ць пыта́нне, выясня́ць адно́сіны, вы́светліць усё да канца́

have up [ˌhævˈʌp] phr. v. infml прыця́гваць да адка́знасці, да суда́ (за што-н.)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

па́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Валіцца, ляцець зверху ўніз пад уздзеяннем сілы цяжару. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі. Чорны. // Ісці (пра снег, град, дождж). Снег пайшоў спарней. Ён падаў ужо буйнымі сняжынкамі, кружыўся, паволі апускаючыся на дол. Арабей. // Ствараць уражанне падаючага (аб зорках). Толькі ноч пастав, — І ўзрываюцца, падаюць зоры. Танк.

2. Валіцца на зямлю, трацячы апору, раўнавагу. Дзед выпускае маю руку і старчма падае на брук... Васілевіч. Цімошка адчуў, што падае, і ўхапіўся за плот. Хомчанка. // Апускацца на што‑н., кідацца. Падаць на пасцель. Падаць на калені. □ [Мішка] цяжка падае на сані і крычыць «гані!» Брыль. // Ляцець уніз (пра птушак). Белыя птушкі ўзлятаюць над морам і строма падаюць уніз. Самуйлёнак. Відно толькі, як то ўзлятаюць, то зноў падаюць у траву птушкі, як выгінаецца, хвалюецца на полі жыта... Сачанка. // Валіцца пад напорам, пад цяжарам чаго‑н. Знадворку нехта моцна грукае ў дзверы. Праз хвіліну дзверы падаюць. Якімовіч. // Валіцца ад старасці, недагляду. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць. В. Вольскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ліцца, сцякаць зверху. Па крутых спадах імчыць ледніковы паток.., з грымотным гулам падае з абрываў у прадонні. Самуйлёнак. У ціхую ноч даходзіў сюды млынавы грукат і чутно было, як падае вада на колы. Чорны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апускацца, звешвацца адным канцом. Пасма светлых валасоў падала на лоб, і.. [Заранік] часта адкідваў яе рукой назад. Хадкевіч. // Апускацца, звісаць (аб адзенні). Складкі спадніцы падаюць прыгожа.

5. Класціся на каго‑, што‑н., пакрываць сабою каго‑, што‑н. (пра святло, цень). Падае цень ад дрэва. □ Праз невялікае акно, што выходзіла ў сад, падала святло на падлогу. Пальчэўскі. Сонца стаяла ў зеніце, і яго прамяні падалі проста на .. непакрытыя галовы. Шамякін. // перан. Распаўсюджвацца, пашырацца на каго‑, што‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. Не раз цень падазронасці падаў на Ігнатаву хату-прысценак. Кавалёў. // Апускацца на каго‑, што‑н. (пра ўдары). Удары падалі Дзям’яну проста на спіну, а ён ішоў... Пестрак.

6. Прыходзіцца на якое‑н. месца (аб націску ў слове). У адных дзеяслоўных назоўніках націск падае на другі склад ад канца слова, а ў другіх — на трэці. Юргелевіч. Суфікс ‑ок (‑ёк) ужываецца толькі тады, калі на яго падае націск. Граматыка.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Памяншацца ў сіле, аб’ёме, велічыні і пад.; рабіцца слабейшым, радзейшым. Тэмпература падае. Пульс падае. □ — Вада [у Прыпяці] падае. Падае на два сантыметры ў дзень. Ракітны. Танакаў пераводзіць машыну на зніжэнне. Хутка падае вышыня. «Маладосць». // Паказваць на паніжэнне ціску, тэмпературы і пад. Ртуць у тэрмометры падала ніжэй і ніжэй. Мікуліч.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паніжацца, змяншацца. Урадлівасць глебы падае. Цэны падаюць. □ Зіма ў той год выдалася халодная, цяжкая. Не хапала кармоў. Падалі надоі. Дадзіёмаў. // Паніжацца ў вартасці (пра цэнныя паперы, валюту і пад.). Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца слабейшым, горшым. Дысцыпліна падае. // перан. Рабіцца кепскім, псавацца (аб настроі). Настрой падае.

10. Гінуць, паміраць (аб людзях). Хоць і падаў хто — адразу сцягі-крылы За плячыма падымаліся ў жывых. Куляшоў.

11. на каго-што. Разм. Прыпадаць, прыходзіцца. Выключная большасць разводаў падае на шлюбы маладых людзей. «Маладосць».

12. перан. Разм. Бегаць, насіцца. Сабака цэлы дзень падаў па лесе.

13. перан. Разм. Вельмі старацца. Чаго ж так надта выдыгацца? За што так падаць, так старацца? Колас.

14. перан. Разм. Вельмі хацець чаго‑н., ганяцца за чым‑н. Падаць за ўборамі. □ Усе навакольныя аж падалі за гэтай зямлёй. Чорны.

15. перан.; за кім. Разм. Вельмі любіць каго‑н. Маці падае за сынам. // Заляцацца да каго‑н., кахаць каго‑н. — Напэўна гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, — падумаў Лабановіч. Колас.

•••

Падаць духам — траціць упэўненасць, бадзёрасць; адчайвацца.

Падаць з ног — тое, што і валіцца з ног (гл. валіцца).

Падаць з рук — тое, што і валіцца з рук (гл. валіцца).

пада́ць, ‑да́м, ‑дасі́, ‑да́сць; ‑дадзі́м, ‑дасце́, ‑даду́ць; пр. пада́ў, ‑ла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. Даць, падносячы, аказваючы паслугу. Падаць кнігу. Падаць рэчы. □ Сямён падаў .. [Булаю] некалькі разцоў. Шыцік. // Аддаць, паднёсшы. Мікалай узяў ад мужчын грошы і падаў касіру. Пальчэўскі.

2. і з інф. Прынесці, паставіць на стол (пра ежу, пітво). Падаць абед. Падаць каву. □ Люба падала на стол снедаць. Чорны. // Паднесці як пачастунак. Трэці [салдат] — самы малады — Кажа: — Старшын[а], Сніў я: чарку падала Мне дачка твая... Танк.

3. каму. Даць як міласціну. Падаць жабраку. □ Маці зрабіла ўсё, што магла: яна падала.. [палонным] акрайчык хлеба. Брыль.

4. Даставіць на патрэбнае месца для пасадкі або пагрузкі. Падаць вагоны. □ Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй. Пальчэўскі.

5. і без дап. Звярнуцца куды‑н. з просьбай; прадставіць у пісьмовай форме. Падаць у суд. Падаць дакументы. □ Салаўёў падаў заяву ў завочны тэхнікум. Шахавец.

6. Разм. Штурхнуць, пасунуць што‑н. Падаць шафу ўлева. □ [Яўхім] ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы. Мележ.

7. заг. пада́й, пада́йце або ў інф. пада́ць. Даць, аддаць, прывесці, прынесці і г. д. Падаць сюды гэтыя рэчы! □ — Дзе.. [ураднік]! — крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу: — падайце мне яго сюды! Колас.

8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Падпусціўшы.. [палякаў] на блізкую адлегласць, дзед Талаш падаў каманду. Колас. Разведчыкі пад голас птушкі падалі сігнал, але ніхто ім не адказаў. Няхай.

9. і без дап. У спартыўных гульнях з мячом, шайбай і пад. — увесці ў гульню.

10. і без дап. Сказаць, паддаваць што‑н. Падаць рэпліку. Падаць слова. Падаць думку. □ — Паспееш, — падаў Лазар і адвярнуўся да кампаніі. Гартны.

11. Паказаць, вывесці (у мастацтве, літаратуры). Просты вясковы пейзаж .. [Міхась Сяўрук] умее падаць неяк велічна, нечакана, у будзённым, звычайным выяўляе паэзію жыцця, яго хараство. Шматаў. // Расказаць, сказаць аб чым‑н. Падаць факты. □ Яркі малюнак гаспадарання польскай ваеншчыны падаў Мартын Рыль і яго дружына. Колас.

•••

Не падаць (не паказаць) віду (выгляду) — нічым не выявіць, не паказаць сваіх думак, пачуццяў, намераў і пад.

Падаць (даць) вестку — паведаміць пра сябе.

Падаць голас — а) абазвацца, выгукнуць што‑н., паказваючы на сваю прысутнасць; б) выказацца пра каго‑, што‑н.; в) прагаласаваць на выбарах за каго‑н.

Падаць прыклад — паслужыць, стаць прыкладам для іншых.

Падаць (працягнуць) руку дапамогі каму — памагчы каму‑н.

Рукой падаць — вельмі блізка, побач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)