комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, гісторыю, культуру і мовы слав. народаў як састаўных частак наднацыянальнай слав. этнакульт. супольнасці. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. паралельна з фарміраваннем нац. гістарыяграфіі і філалогіі ў асобных слав. краінах; адначасова ўзнік і тэрмін «С.», або «славістыка». Як вучэнне і навука С. аформілася ў Чэхіі і Славакіі, дзе ля яго вытокаў стаялі І.Добраўскі, І.Юнгман (1773—1847), Я.Колар, Ф.Чэлакаўскі (1799—1852), Ф.Палацкі, П.І.Шафарык, твор якога «Славянскія старажытнасці» стаў асновай развіцця С. ў інш.слав. краінах. У Балгарыі С. звязана з імем Паісія Хілендарскага (1722—98), у Сербіі — І.Раіча і В.Караджыча, у Славеніі — В.Копітара У польскай і бел. гістарыяграфіі значны ўклад у развіццё С. зрабілі Я.Патоцкі, С.Б.Ліндэ, В.Суравецкі (1769—1827), З.Даленга-Хадакоўскі, А.Міцкевіч, І.Лялевель, В.А.Мацяёўскі (4 апошнія вызначылі месца Беларусі ў слав. свеце). Станаўленню С. ў Расіі спрыяла дзейнасць М.В.Ламаносава, В.М.Тацішчава, М.М.Карамзіна, А.Х.Вастокава, Ю.І.Вянеліна (1802—39) і інш. У 1-й пал. 19 ст. ўзніклі першыя кафедры С. ва ун-тах Зах. Еўропы — у Парыжы, Вене, Лейпцыгу, Берліне і інш.Вял. значэнне для развіцця С. на Захадзе мела дзейнасць І.Г.Гердэра, які разглядаў славянства, па аналогіі з герм. светам, як адзіную паліт. раздробленую вял. нацыю. У 2-й пал. 19 ст. склалася ў агульнапрызнаную навук. дысцыпліну. Цэнтр развіцця С. з гэтага часу перамясціўся ў Расію, дзе яго развіццю спрыялі працы М.П.Пагодзіна, В.М.Бадзянскага, І.А.Сразнеўскага, В.І.Грыгаровіча, Ф.А.Буслаева, А.А.Патабні, М.Н.Спяранскага, А.А.Шахматава, А.А.Сабалеўскага, М.К.Любаўскага і інш. Побач з развіццём інтэгральнай агульнаслав. праблематыкі ішоў працэс дыферэнцыяцыі навук. кірункаў, праблема суадносін якіх з цэласнай сістэмай С. выклікала палеміку і застаецца дыскусійнай да нашага часу. Некат. гісторыкі трактуюць С. толькі як сукупнасць гуманіт. навук пра асобныя слав. краіны, адмаўляюць існаванне агульнаслав. этнакульт. супольнасці. У сав. перыяд праблемы С. даследавалі Б.Дз.Грэкаў, М.П.Грацыянскі, М.С.Грушэўскі, М.С.Дзяржавін, М.М.Ціхаміраў, Б.А.Рыбакоў, П.М.Л.Траццякоў, Ю.У.Брамлей, У.Д.Каралюк, В.В.Сядоў і інш. Цэнтрам даследаванняў па С. ў Расіі з’яўляецца Ін-т С. і балканістыкі Рас.АН у Маскве. З 1965 выдаецца час. «Славяноведение» (да 1992 «Советское славяноведение»). Праблемы С. даследавалі З.Неедлы (Чэхаславакія), У.Геаргіеў (Балгарыя), І.Лер-Сплавінскі, Г.Лаўмянскі, І.Чалакоўскі (Польшча); у Зах. Еўропе і ЗША — Г.Шцёкль, М.Фларынскі, Г.У.Вярнадскі, Р.Якабсон, Э.Фром і інш.
На Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. тэматыка С. суправаджала развіццё нац.гуманіт. навук, а заходнярус. школа, ідэйна блізкая да рус. славянафільства, разглядала гісторыю і культуру Беларусі ў агульнарас. і агульнаслав. кантэксце. Працы І.І.Грыгаровіча, М.В.Каяловіча, І.І.Насовіча, П.М.Жуковіча, А.П.Салунова, М.В.Доўнар-Запольскага, Я.Ф.Карскага, Е.Р.Раманава, П.А.Бяссонава і інш. заклалі асновы бел. С. Станаўленне нац.бел. дзяржаўнасці, заснаванне тут універсітэта і Акадэміі навук, а потым і разгалінаванай сістэмы навук. і навуч. устаноў узнялі бел. С. на агульнаеўрап. ўзровень. На Беларусі працавалі вучоныя-славяназнаўцы У.А.Пічэта, У.М.Перцаў, А.П.П’янкоў, І.В.Воўк-Левановіч, А.М.Ляўданскі і інш.
У наш час праблемы С. даследуюцца ў БДУ (кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства, замежнай л-ры, слав. л-р, гісторыі паўд. і зах. славян, гісторыі Расіі, гісторыі міжнар. адносін і інш.), Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (аддзел слав. і тэарэт. мовазнаўства), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Гродзенскім ун-це. Сярод прац кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства БДУ: «Славянскія лічэбнікі» (1969), «Лексічная тыпалогія славянскіх моў» (1983), «Палабская мова» (1987), «Эвалюцыя сістэмы часцін мовы ў славянскіх мовах» (1988), «Стараславянская мова» (1991) і «Праславянская мова» (1993) А.Я.Супруна, «Фальклорныя элементы ў фразеалогіі сучасных славянскіх моў» К.М.Гюлумянц (1978), «Балгарская мова» Б.Ю.Нормана (1980), «Чэшская мова» Н.В.Івашынай і Б.А.Плотнікава (1985), «Раннія ўсходнеславянскія граматыкі» (1984) і «Славенская мова» (1991) Н.Б.Мячкоўскай, «Сербскахарвацкая мова» Л.В.Лявонавай (1988), «Польская мова» А.К.Кіклевіча, А.А.Кожынавай і І.У.Кур’ян (2000), сумесны зборнік славістаў БДУ і ун-та ў г. Бохум (Германія) «Славяна-германскія моўныя паралелі» (1996), а таксама даследаванні У.Б.Жураўля, А.В.Зінкевіча, А.М.Калюты, А.М.Рудэнкі і інш. Славістычны кірунак у літ.-знаўстве прадстаўлены ў БДУ працамі І.В.Шаблоўскай (праблемы кампаратыўнага вывучэння слав. л-р у манаграфіі «Самай высокай мерай», 1984), І.А.Чароты і М.В.Труса («Югаславянскія літаратуры і культуры», 1999). У Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі найб. значныя працы ў галіне С.: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне пазнейшай пары» В.У.Мартынава (1963), «Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах», «Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа» (абедзве 1968), «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981), «Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання» (1988) і «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных норм» (1993) Г.А.Цыхуна і інш. У галіне С. працавалі і працуюць: М.П.Антропаў, Г.Ф.Вештарт, Л.Ц.Выгонная, В.Л.Вярэніч, Р.У.Краўчук, І.І.Лучыц-Федарэц, Мартынаў, А.Я.Міхневіч, А.С.Сакалоўская, Цыхун, В.М.Чэкман і інш. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі вядуцца даследаванні па матэрыяльнай і духоўнай культуры бел. і інш.слав. народаў. Найб. значныя працы: «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.А.Барташэвіч (1985), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (абедзве 1988) К.П.Кабашнікава, творы Л.М.Салавей і інш. Значным укладам у С. з’явіліся працы М.Г.Булахава «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Усходнеславянскія моваведы» (т. 1—3, 1976—78). У Гродзенскім ун-це дзейнічае кафедра польскай філалогіі (стваральніца С.П.Мусіенка). Праблемы гіст. С. на Беларусі даследуюць І.В.Аржахоўскі, Н.А.Гусакова, Э.М.Загарульскі, Р.Р.Лазько, Л.В.Лойка, Д.Б.Мельцэр, Л.Л.Міхайлоўская, С.В.Пазняк, А.П.Салькоў, Л.П.Сушкевіч, Н.А.Царук, В.М.Чарапіца, М.Э.Часноўскі, А.А.Яноўскі і інш. Каардынацыйны цэнтр С. на Беларусі — Славістаў беларускі камітэт, які ўваходзіць у Славістаў міжнародны камітэт. У 1976 ЮНЕСКА стварыла Міжнар. асацыяцыю па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур, у рамках якой працуе яе бел.нац.к-т. У 1982 у Мінску праведзена міжнар.навук. канферэнцыя «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс».
Літ.:
Советское славяноведение. М., 1963;
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—5. М., 1955—85;
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Позняк С.В., Яновский О.А. Преподавание истории славянских стран в Белорусском государственном университете (1921—1997 гг.) // Вісн. Київськ. ун-та. Історія. 1998. Вип. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛСТО́Й Леў Мікалаевіч (9.9.1828; Ясная Паляна Шчокінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 20.11.1910),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім ун-це (1844—47). У 1851—54 на вайск. службе на Каўказе. Дэбютаваў аповесцямі «Дзяцінства» (1852), «Гады падлетка» (1854), «Юнацтва» (1857) і ваен. апавяданнямі «Набег», «Высечка лесу». У 1854—55 удзельнічаў у абароне Севастопаля (маст. нарысы «Севастопаль у снежні месяцы», «Севастопаль у маі», «Севастопаль у жніўні 1855 г.», 1855—56). У 1859 адкрыў у Яснай Паляне школу для сял. дзяцей, выдаваў пед.час. «Ясная Паляна» (1862—63), пазней напісаў «Азбуку» (1872), «Новую азбуку» (1875). У аповесці «Казакі» (1863, не завершана) асэнсаванне ролі казацтва ў гіст. лёсе Расіі і ўсх.славянства. Раман-эпапея «Вайна і мір» (1863—69) — нябачаная ў л-ры новага часу з’ява паводле жанру, багацця і шырыні паказу нар. жыцця і гіст. падзей, па псіхал. распрацаванасці характараў; у ім выявілася тэндэнцыя пераходу ад пункту гледжання народа ва ўсім, з чаго складаецца жыццё чалавека, у форме гарманізацыі свету, збліжэння пачаткаў жыцця праз маральны, эстэт. рух дзеяння да нар. праўды, прастаты, шчырасці, Трагічныя старонкі еўрап. гісторыі, вайны, дыпламат. і прыдворнай маны, чалавечых смерцяў і няшчасцяў у ім ураўнаважваюцца старонкамі нар. гераізму, чалавечай любові, самаахвярнасці. У рамане «Ганна Карэніна» (1875—77) асэнсаваны шматлікія пласты паслярэформеннага жыцця, калі «ўсё перавярнулася і пачынае ўкладвацца». У пач. 1880-х г. пасля працяглай і складанай эвалюцыі светапогляду Т. адкрыта абвясціў пра разрыў з афіц. царкоўнай дактрынай як пануючай ідэалагічнай сістэмай і пра пераход на пазіцыі «простага працоўнага народа». Ён напісаў шэраг філас.-публіцыст. трактатаў) («Споведзь», 1879—80; «Даследаванне дагматычнага багаслоўя», 1879—84; «У чым мая вера?», 1883—84; «Дык што ж нам рабіць?», 1885—86, і інш.), у якіх абвінаваціў афіц. царкву ў падтрымцы і апраўданні вайны і насілля. У трактаце «Царства божае ўнутры вас» (1893, на франц. мове; у Расіі забаронена, апубл. 1906) гал. аб’ектамі выкрывання сталі ваеншчына, мілітарызм, сац.-паліт. сілы, занятыя маральнай і эканам. падрыхтоўкай крывавых канфліктаў і сусв. вайны. Панарама жыцця з яго вечнымі пытаннямі дабра і зла, любові і нянавісці, смерці і бяссмерця прадстаўлена ў шматлікіх маст. празаічных («Халстамер», «Смерць Івана Ільіча», абодва 1886; «Крэйцэрава саната», 1891; «Айцец Сергій», 1911, і інш.) і драматычных («Улада цемры», 1886; «Плады асветы», 1890) творах. Складаныя пытанні мастацтва ў трактаце «Што такое мастацтва?» (1897—98). У канцы 19 ст. стварыў уласную арыгінальную тэорыю, у аснове якой ідэя ненасілля — своеасаблівая «праграма міру» з універсальным комплексам маральных і сац.-этычных патрабаванняў. Найвышэйшую мэту ён бачыў у яднанні людзей і іх самаўдасканаленні праз адмаўленне служыць злу насілля. У рамане «Уваскрэсенне» (1899) праз лёс гал. герояў, праз іх блуканне па «кругах» чалавечай чысціні, падзенняў, пакут, духоўнага ўваскрэсення, па «кругах» жорсткай і бязлітаснай бюракратычнай машыны Т. паказаў праўдзівую і кантрастную карціну розных бакоў жыцця тагачаснай Расіі. У 1901 Сінод адлучыў Т. ад царквы. У творах апошніх дзесяцігоддзяў — драме «Жывы труп», аповесцях «Пасля балю» (абедзве апубл. 1911), «Хаджы-Мурат» (апубл. 1912), т.зв. нар. апавяданнях — дасягнуў незвычайнага майстэрства лаканічнага пісьма: тонкасць і глыбіня псіхал. аналізу суседнічаюць у іх з адкрытай пропаведдзю супраць антыгуманных, жорсткіх праяў грамадскага жыцця. Усё большае месца ў яго творчасці займала публіцыстыка, ён адгукаўся на балючыя і вострыя пытанні сучаснасці («Рабства нашага часу», «Не забі», абодва 1900; «Не магу маўчаць!», «Корань зла», абодва 1908, і інш.). Сусв. рэзананс атрымала яго антываен. публіцыстыка («Салдацкая памятка», «Афіцэрская памятка», абодва 1901; «Адумайцеся!», 1905). 10.11.1910 Т. пакінуў Ясную Паляну, па дарозе цяжка захварэў і на ст. Астапава (цяпер Леў Талстой Ліпецкай вобл.) памёр. Творчасць Т., якая вырасла на класічных традыцыях, стала эпохай свядомасці чалавецтва. Велізарнае ўздзеянне маст. адкрыццяў Т. на сусв. л-ру, у т. л. беларускую. Для стваральнікаў сучаснай бел. л-ры Я.Купалы і Я.Коласа асаблівае значэнне меў талстоўскі пафас сцвярджэння і абароны мужыцкай праўды ў л-ры, нар. этыкі і мовы як вышэйшай нормы. Для ваен. прозы М.Гарэцкага Т. быў узорам мужнай, бязлітаснай шчырасці і праўды ў паказе вайны і чалавека на вайне, паслядоўнага антымілітарызму. Побач з Ф.Дастаеўскім і А.Бальзакам для К.Чорнага Т. з яго шырокім, эпічным поглядам на жыццё народа быў той мерай сталасці сучаснага рамана, якую бел. пісьменнік імкнуўся зрабіць нормай, традыцыяй і для бел. прозы. Талстоўскае сцвярджэнне праўды як гал. і нязменнага героя яго твораў арганічна ўласціва маст. талентам Я.Брыля і В.Быкава, І.Навуменкі і І.Шамякіна. Кожны з іх па-свойму ўспрыняў і працягвае талстоўскую традыцыю. І.Мележ у «Палескай хроніцы» апіраўся ў сваіх жанравых і маст. пошуках на эпічную традыцыю Т. Талстоўская мера шчырасці, спавядальнасці і бязлітаснай праўды ўплывае на таленты, найб. чулыя да рэальнага жыцця народа. Першыя пераклады твораў Т. на бел. мову апубл. ў газ. «Наша ніва» (10.3.1911, апавяданне «Воўк і сабака»). Газ. «Минское эхо» (8.7.1908), апубл. памфлет Т. «Не магу маўчаць!», газ. «Белорусский вестник» — урывак «Барадзіно» з рамана «Вайна і мір». Артыкул «Пра Л.М.Талстога і пралетарыят» Я.Окуня надрукавала газ. «Могилевский голос» (11.2.1906). Пра Т. і яго творы друкавалі матэрыялы газ. «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский голос», «Минский курьер». «Гомельская мысль» і інш. Творы Т. на бел. мову перакладалі А.Астрэйка, Я.Брыль, Э.Валасевіч, В.Вітка, Ю.Гаўрук, М.Клімковіч, М.Лужанін, У.Ляўданскі, Л.Салавей, Я.Скрыган, А.Якімовіч і інш. Творчасць Т. даследавалі бел.літ.-знаўцы А.Адамовіч, Ф.Куляшоў, У.Сабаленка. даследуюць А.Несцярэнка, С.Чубакоў. Творы Т. ставілі т-ры Беларусі: «Улада цемры» Гродзенскі абл.драм.т-р (1959), Дзярж.рус.драм.т-р (1960), Бел.т-р імя Я.Коласа (1969), «Жывы труп» т-р імя Я.Коласа, Брэсцкі абл.драм.т-р (абодва 1951), Бел.т-р імя Я.Купалы (1961); «Ганна Карэніна» рус.драм.т-р (1938), Брэсцкі абл.драм.т-р (1950, 1961), т-р імя Я.Купалы (1951); «Уваскрэсенне» т-р імя Я.Купалы (1960); балет «Пасля балю» Г.Вагнера Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі (1972).
Тв.:
Полн. собр. соч. Т 1—90. М., 1928—58;
Собр. соч.Т. 1—22. М., 1978—85;
Севастопольские рассказы. Мн., 1984;
Детство. Отрочество. Юность. Мн., 1985;
Бел.пер. — Ці шмат чалавеку трэба зямлі і др. апавяданьні. Вільня, 1928;
Ад чаго зло на сьвеце. Вільня, 1929;
Хаджы-Мурат. Мн., 1931;
Васкрэсенне. Мн., 1937;
Палікушка. Пасля бала. Мн., 1937;
Севастопальскія апавяданні. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1941;
Апавяданні для дзяцей. Мн., 1946;
Аповесці і апавяданні. Мн., 1954; Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак. Мн., 1977.
Літ.:
Гусев Н.Н. Л.Н.Толстой: Материалы к биогр. М., 1954—70;
Гудзий Н.К. Лев Толстой. 3 изд. М., 1960;
Шифман А.И. Лев Толстой и Восток. М., 1960;
Вересаев В.В. Живая жизнь: О Достоевском и Л.Толстом ... М., 1991;
Арденс Н.Н. Творческий путь Л.Н.Толстого. М., 1962;
Яго ж. Достоевский и Толстой. М., 1970;
Толстой и зарубежный мир. Т. 1—2. М., 1965;
Бунин И.А. Освобождение Толстого // Собр. соч.М., 1967. Т. 9;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРАІ́НЦЫ (саманазва українці),
народ усходнеславянскай моўнай групы, асн. насельніцтва Украіны (35,7 млн.чал., 2002). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 237 тыс.чал. (перапіс 1999), Балтыі, Канадзе, ЗША, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Венгрыі і інш. Агульная колькасць 46 млн.чал. (1992). Гавораць на ўкраінскай мове. Вернікі праваслаўныя, католікі, уніяты.
Традыц. сялянскае жыллё — хата, пераважна з 2-, радзей 3-камернай планіроўкай, глінабітнай падлогаю, 4- ці 2-схільнай (Палессе) саламянай страхою. Як правіла, хата звонку і ўнутры пабеленая. Двор уключаў адну ці некалькі гасп. пабудоў. Жаночы касцюм складаўся з вышытай кашулі, да якой у прахалоду дадавалі безрукаўкі, паяснога адзення — запаскі, плахты, з 19 ст. спадніцы. Жанчыны насілі чапцы, пакрывалі іх наміткаю або хусткаю. Дзяўчаты ўпрыгожвалі галовы кветкамі, вянкамі з папяровых кветак, рознакаляровымі стужкамі. Мужчыны насілі кашулі і штаны (на Палессі і ў Карпатах вузкія, на астатніх тэрыторыях тыпу шаравараў), іх галаўныя ўборы — брылі, войлачныя лямцавыя* ці барановыя шапкі. У халодную пару мужчыны і жанчыны апраналі світку з даматканага сукна, зімою — кажухі. Цяпер традыц. адзенне набліжана да агульнаеўрап. касцюма.
У. ўзыходзяць да паўд. групы старадаўняга ўсх.-слав. моўнага адзінства, нашчадкамі якога з’яўляюцца таксама рускія і беларусы. Іх агульнай дзяржавай была Кіеўская Русь. Канчатковы этап фарміравання ўкр. (як і бел., і рус.) народнасці адносіцца да 14—15 ст. Са стараж. часоў у шырокіх кантактных зонах бел.-ўкр. памежжа адбываліся своеасаблівы абмен насельніцтвам, інтэнсіўныя культурна-быт. ўзаемаўплывы. З 14 ст.б.ч.ўкр. зямель уваходзіла ў Вялікае княства Літоўскае, У. разам з беларусамі і літоўцамі ўтваралі дзярж. этнас княства. Шэраг буйных магнацкіх родаў ВКЛ выводзілі свой радавод з Украіны ці мелі там гал. родавыя маёнткі: Астрожскія, Вішнявецкія, Тышкевічы, Хадкевічы, Чартарыйскія і інш. Мова стараўкр. актаў 15 ст. з Валыні і Галіцыі практычна мала адрознівалася ад тагачаснай бел. мовы. Пісьменства і кніжнасць У. і беларусаў развівалася разам. Агульным здабыткам укр. і бел. народаў 16—17 ст. з’яўляюцца кнігадрукаванне і літ. дзейнасць брацтваў, палемічная літаратура, патрыстыка і інш. Шэраг выдатных дзеячаў культуры таго перыяду (Л. і С. Зізаніі, М.Сматрыцкі, С.Косаў, І.Казлоўскі, Хрыстафор Філалет і інш.) былі адначасова ўкр. і бел. пісьменнікамі. У. і беларусы разам удзельнічалі ў казацка-сял. паўстаннях канца 16—17 ст. У 1569 укр. землі ВКЛ адышлі ў склад Польскага каралеўства (гл.Люблінская унія 1569). З сярэдзіны 18 ст. Украіна далучана да Рас. імперыі. З 1922 саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1991 абвешчана незалежная Украіна.
На Беларусі вылучаюць 2 групы У.: выхадцы з Украіны і аўтахтонныя жыхары Бел. Палесся.
Этн. межы рассялення У. і беларусаў былі заўсёды невыразныя, што з развіццём этнагр. навукі з 19 ст. выклікала ў даследчыкаў цяжкасці ў гэтым пытанні. Асабліва складана правесці мяжу ў Зах. Палессі, якое з’яўляецца стараж. зонай слав. засялення і доўгі час захоўвала архаічныя рысы ў культуры і нац. побыце, вызначалася этн. неразмежаванасцю. Этн. самасвядомасць палешукоў характарызавалася прыналежнасцю як да ўсх.славянства, так і да пэўнай усх.-слав.этнагр. групы. Адна з найб. значных такіх груп — брэсцка-пінская (загародская) этнагр. група, у якой у параўнанні з інш. палескімі групамі на тэр. Беларусі ў гаворцы і самасвядомасці праяўляюцца рысы «ўкраінскасці». Саманазвай для палешукоў доўгі час з’яўляўся агульны для ўсх. славян этнонім рускія (руськы). Перапісы 19 ст., якія праводзілі чыноўнікі па губернях, даюць супярэчлівыя і недакладныя звесткі пра колькасць У. на Палессі. У 1850—70-я г.афіц.рас. ўлады адносілі да У. (маларосаў, маларасіян) карэннае ўсх.-слав. насельніцтва Бельскага, Брэст-Літоўскага, Кобрынскага, Пінскага, Пружанскага і значнай ч. Мазырскага паветаў. Паводле дзярж. перапісаў у канцы 19 і пач. 20 ст. таксама цяжка меркаваць пра дакладны склад ўсх.-слав. насельніцтва гэтага рэгіёна: перапісчыкі пераважна ігнаравалі пытанне аб нац. прыналежнасці і роднай мове і запаўнялі анкеты найчасцей згодна з інструкцыяй афіц. улад. Так, паводле перапісу 1897 у паўд. паветах Гродзенскай і Мінскай губ. «маларосаў» (У.) было: у Бельскім 64 256 (39,1%), у Брэст-Літоўскім 140 561 чал. (64,4%), у Кобрынскім 146 789 (79,6%), у Пружанскім — 9278 (6,7%), у Пінскім — 1423 (0,6%), у Мазырскім — 264 (0,2%). Паводле польскага перапісу 1921 «русіны» (назва У. паводле тагачаснай афіц. Польскай тэрміналогіі) складалі ў Драгічынскім пав. 3693 (5,8%), Брэсцкім — 2744 (2,4%), Кобрынскім — 2224 (3,5%), Лунінецкім — 1602 (1,8%), Пінскім — 339 (0,2%), Пружанскім — 112 (0,2%), Столінскім — 112 (0,2%). Паводле перапісу 1931 У. было: у Кобрынскім пав. 21 934 (19,3%), Брэсцкім 17 926 (8,3%), Столінскім — 2663 (2,1%), Драгічынскім 1493 (1,5%), Пінскім 1063 (0,6%), Пружанскім — 301 (0,3%), Лунінецкім — 264 (0,2%). У 1921—39 у Зах. Украіне і Зах. Беларусі развіццём укр. нац.-культ. руху кіравала грамадская арг-цыя «Просвіта». Сваёй дзейнасцю Зах. Палессе ахоплівала ўкр.паліт. арг-цыі «Сельраб», «Сельсаюз», Кампартыя Зах. Украіны і інш. На выбарах у польскі сейм 1922 укр. кандыдаты ў дэпутаты з Брэстчыны ўваходзілі разам з бел., яўр. і інш. кандыдатамі ў Блок нацыянальных меншасцей. У Сав. Беларусі паводле перапісу 1926 было 34 681 У. Да У. тады была аднесена частка карэннага насельніцтва некат. мясцовасцей Тураўска-Мазырскага Палесся: у Камарынскім р-не (цяпер у складзе Брагінскага р-на) — 4178 чал. (16,2% ад колькасці насельніцтва раёна), Нараўлянскім — 4256 (13,1%), Каралінскім (цяпер у складзе Ельскага і Лельчыцкага р-наў) — 1159 (4,3%). Туг існавалі 6 нац.укр. сельсаветаў: у Камарынскім р-не — Верхняжарскі (1933—37), Гдзенскі (1927—37), Лукаедаўскі (1927—37), Ніжняжарскі (1933—37), у Нараўлянскім р-не — Акопскі (1929—37) і Хаткаўскі (1931—37; укр.-ням.). Да 1950-х г. у вёсках і гар. пасёлках Зах. Палесся развівалася ўкр.маст. самадзейнасць. Паводле пасляваен. перапісаў дынаміка колькасці У. і іх доля сярод насельніцтва Беларусі была наступная: у 1959—133 061 чал. (1,7%), у 1970—190 839 (2,1%), у 1979—230 985 (2,4%), у 1989—291 008 (2,9%). Павелічэнне колькасці У. адбывалася пераважна за кошт перасяленцаў з Украіны і іх нашчадкаў, абсалютная ж большасць карэнных жыхароў Зах. Палесся была пазначана ў перапісах як беларусы. З канца 1980-х г. у сувязі з дэмакратызацыяй грамадскага жыцця пачалося і нац.-культ. адраджэнне У. Беларусі. Сталі стварацца ўкр. грамадскія арг-цыі, якія ставілі задачай адраджэнне і захаванне ўкр. культуры, мовы, гісторыі, традыцый. Найб. актыўна гэта адбывалася на Пд Брэстчыны, дзе паводле перапісу 1989 У. было больш за 60 тыс.чал. У 1990—99 дзейнічала Укр. грамадска-культ. аб’яднанне Брэсцкай вобл. «Берасцейшчына» (у 1991—97 выдавала газ. «Голос Берестейщини»), у 1995—99 грамадскае аб’яднанне «Просвіта Берасцейшчыны» імя Т.Шаўчэнкі (у 1996—99 выдавала газ. «Берестейський край»). У 1990-я г. дзейнічалі таксама ўкр. арг-цыі «Кабзар» (Мінск), «Верховина» (Гомель) і інш. На 2002 зарэгістраваны: Украінскі навукова-пед. саюз «Берегиня» (Брэсцкая вобл., з 1997); Грамадскае аб’яднанне «Культурна-асветнае адзінства ўкраінцаў «Палесся» (Брэсцкая вобл., з 2000); Беларуская асацыяцыя У. «Ватра» (з 1991), якая аб’яднала арг-цыі «Краяні» (г. Маладзечна), «Саюз украінок» і «Обрій» (Калодзішчы Мінскага р-на), «Заповіт» (Мінск); грамадскае аб’яднанне «Цэнтр украінскай культуры «Січ» (з 1994); Гродзенскае культ.-асв. грамадскае аб’яднанне У. «Барвінок» (з 1997; 3 апошнія арг-цыі аб’ядноўваюць пераважна выхадцаў з Украіны).
Літ.:
Украинцы. М., 2000;
Черная Н.В. Украинское население России и СССР за пределами Украины (XVIII—XX вв.): Динамика численности и размещения // Расы и народы. М., 1991. Вып. 21;
Винниченко І. Українці Берестейщини, Підляшшя й Холмщини в першій половині XX ст.: Хроніка подій. Київ, 1997;
Шелюбская Т.Н. Украинская диаспора в Беларуси // Беларусачка. 1998. № 4—5;
Вабищевич А.Н. Из культурно-просветительской жизни украинцев в Западной Беларуси (1920—30-е гг.) // Этнічныя супольнасці ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Мн., 2001;
Українське зарубіжжя: Бібліогр. покажчик літ. (1900 — грудень 1999 р.). Київ, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ СЯРЭДНЕВЯКОЎЯ (канец 10—15 ст.).
Вытокі бел. літаратуры ва ўсходнеслав. пісьменстве Кіеўскай Русі. Узнікненне першых дзярж. аб’яднанняў і культурна-гіст. прагрэс славян выклікалі неабходнасць розных дзелавых запісаў яшчэ ў дахрысціянскі час. Аднак толькі са стварэннем кірылічнай азбукі, прыняццем хрысціянства і выпрацоўкай літ.стараслав. мовы пачалося пашырэнне пісьменства. З’явілася патрэба ў кнігах для набажэнства і азнаямлення насельніцтва з асновамі новага веравучэння. Такія кнігі былі створаны ў Візантыі і перакладзены на стараслав. мову ў Балгарыі. Да іх належаць рознага тыпу Евангеллі, Апосталы, Трыёдзі, «Мінеі-Чэцці», а таксама Псалтыр, Парамійнік, Пролаг і інш., якія складаюць агульны фонд слав. пісьменства, аднолькавы для ўсіх правасл. славян. Разам з імі на ўсх.слав. землі трапілі рэліг. чытальныя, даведачныя і інш. зборнікі: «Пчала», ізборнікі, ізмарагды, «Залаты ланцуг», «Златавуст», «Златаструй», пацерыкі, хронікі і інш. Тыпы кніг, або зборнікаў, адрозніваюць ад жанраў перакладной літаратуры — жыціі святых (змяшчаліся ў «Мінеях-Чэццях», Пролагу, ізборніках), павучальнае і ўрачыстае красамоўства (пропаведзі), малітваслоўі, гімнаграфія, пацерыковыя апавяданні, патрыстыка і хронікі. Найб. папулярнасць атрымалі жыціе Міколы Цудатворца, «Жыціе Аляксея, чалавека божага», аповесці «Александрыя» (фантаст. аповесць пра Аляксандра Македонскага), «Троя», «Іудзейская вайна» Іосіфа Флавія, хронікі Георгія Амартала і Іаана Малалы, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Сінайскі пацярык», «Шасціднёвік» Іаана, экзарха Балгарскага, «Фізіёлаг», «Хрысціянская тапаграфія» Казьмы Індыкаплава, павучальныя і дагматычныя творы Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, Іаана Дамаскіна. Асобныя біблейскія тэмы, матывы і сюжэты распрацоўваліся ў апокрыфах пра стварэнне чалавека («Як Бог стварыў Адама»), жыццё Хрыста (евангеллі ад Нікадзіма, Іакава, Фамы), дзеі апосталаў («Абыходы апостальскія»), Багародзіцу («Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»; у бел. апрацоўцы 15—16 ст. «Пра дванаццаць пакут») і інш. У канцы 10—11 ст. перакладныя кнігі перапісваліся на ўсх.-слав. землях; найб. старажытныя з іх, якія звязаны з Беларуссю, — Тураўскае (11 ст.), Полацкае (12 ст.) і Аршанскае (пач. 13 ст.) евангеллі. Творы, прызначаныя для чытання, а не для набажэнства, маглі не мець устойлівага тэксту, і перакладчыкі, рэдактары, перапісчыкі, прыстасоўваючы тэксты да мясц. умоў, змянялі іх змест з мэтамі тлумачэння, пашырэння або скарачэння. Пачалі складацца рэгіянальныя варыянты перакладных помнікаў. З арыгінальных уставак і рэдакцый перакладных тэкстаў, а таксама са стварэння першых твораў дзелавога пісьменства пачалося зараджэнне ўсх.-слав. літаратур. Да 15 ст. многія арыгінальныя творы напісаны ў адпаведнасці са строгімі жанравымі, стылістычнымі і інш. нормамі, якія склаліся ў Візантыі. Літаратура перыяду ранняга сярэдневякоўя (канец 10—1-я пал. 13 ст.) не вылучалася з агульнай сукупнасці інш. пісьмовых помнікаў, што мелі дзелавы і пазнавальны характар (царкоўна-службовы, справаводны, прыродазнаўчы, гісторыка-юрыд. і інш.), бо сярэдневяковае мысленне мела сінкрэтычны характар.
Вартасці твора вызначаліся не эстэт. характарыстыкамі, а карыснасцю з пункту гледжання прыкладных мэт яго напісання.
У 11—12 ст.гал. цэнтрам кніжнасці на Русі быў Кіеў, а асн. месцамі літ. жыцця — манастыры. Кіеўская мітраполія кіравала рэліг. дзейнасцю і забяспечвала кнігамі ўсе астатнія землі; у кіеўскай кнігавытворчай справе ўдзельнічалі выхадцы з усіх краёў Стараж. Русі. Тут была зроблена асн. частка перакладаў, створаны помнікі агульнага ўсх.-слав. зместу: «Слова пра закон і ласку божую» мітрапаліта Іларыёна, прысвечанае не толькі ўзаемаадносінам Старога і Новага запаветаў, але і асэнсаванню гіст. місіі хрысціянства, апалогіі хрышчэння Русі; «Сказанне» і «Чытанне» пра Барыса і Глеба, «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Асаблівае значэнне мела летапісанне. Летапісы паводле зместу былі свецкімі творамі, але асвятлялі гісторыю ўсх. славян з рэліг. пазіцый. У апавяданнях пра дагістарычныя часы Русі шырока выкарыстоўваліся розныя паданні, фальклор. Самы стараж. летапіс, што захаваўся да нашага часу, — «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў пач. 12 ст. манахам Нестарам на аснове папярэдніх летапісных зводаў. Твор прысвечаны ўзнікненню і станаўленню дзяржаўнасці ва ўсх. славян, прыняццю хрысціянства князем Уладзімірам, паліт. гісторыі Русі ранняга сярэдневякоўя; у ім змешчана апавяданне пра Рагвалода і Рагнеду і многія іншыя гіст. падзеі 10—11 ст. на этнічных бел. землях. Да сярэдзіны 12 ст. манахі-кніжнікі ўяўлялі Русь у многім як агульную этнакультурную і паліт. супольнасць. Ігумен чарнігаўскага манастыра Данііл склаў першае апісанне Іерусалімскіх святынь і паклаў пачатак жанру хаджэнняў, стаўшы такім чынам прадстаўніком усх.-слав. зямель у Палесціне. Аднак агульнарус. ідэалы кніжнікаў не цалкам адпавядалі дзярж.-паліт. становішчу ва Усх. Еўропе. Працэс этнічнай дыферэнцыяцыі славянства прыводзіў да фарміравання асобных этн. груп, што супадала з феадалізацыяй і адасабленнем розных зямель, ростам гарадоў, якія станавіліся цэнтрамі незалежных княстваў і ачагамі культуры. Ужо ў 1-й пал. 12 ст. ў пісьменстве асобных гарадоў выяўлялася цікавасць да мясц. тэматыкі, пазней узніклі культы мясцовашанаваных святых, што выклікала стварэнне іх жыцій. Творы тагачасных аўтараў прызначаліся пераважна для чытання ўголас, што абумоўлівала яскрава выражаны царкоўна-павучальны характар усёй творчасці. Пісьменства мела пераважна ананімны характар, важную ролю ў ім адыгрывалі агульныя месцы, літ. этыкет і маст. канон. Літаратура павінна была адлюстроўваць і асэнсоўваць жыццё паводле біблейскіх уяўленняў і хрысц. светапогляду. У выніку склаліся агульны стыль выяўлення (манументальны гістарызм), універсальная аснова творчасці (сярэдневяковы сімвалізм) і літ. мова са складаным узаемадзеяннем стараж.-слав. і мясц. элементаў; агульнымі заставаліся іерархія жанраў, погляды пісьменнікаў на рэчаіснасць і інш. Многія творы, напісаныя ў асобных землях, пашыраліся па ўсім усходнеслав. арэале і ў выніку агульнасці веравызнання і літ. мовы паўсюль прымаліся як уласныя. Аднак мясц. тэматыка цясней звязвала літ. творы з надзённым жыццём, служыла ўмовай для выяўлення пісьменнікамі ўласных адносін да напісанага, што давала магчымасць для адлюстравання ў творах мясц. інтарэсаў і поглядаў, асаблівасцей гаворак.
На этн.бел. землях пісьменства існавала з 10 ст., аднак да 1130-х г. развіццё кніжнасці адбывалася ў агульнарус. рэчышчы. Тут бытавалі ўсе асн. віды, жанры, помнікі літаратуры Кіеўскай Русі. Толькі з пачаткам актыўнай рэліг.-асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай узнік першы літ. ачаг у заснаваным ёю манастыры, у дзейнасці якога заўважаюцца рысы, адметныя ад інш.культ. цэнтраў Русі. «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (канец 12 — пач. 13 ст.) змяшчае не толькі тыповыя для ўсх. жыцій апавяданні пра шлях да святасці, подзвігі, спачын гераіні, але і разгорнутае апісанне яе паломніцтва на Усход (што было ўласціва для лацінамоўнай агіяграфіі Еўропы), а таксама рытарычную пахвалу князёўне. Магчыма, фрагменты з яе твораў пазней укладзены агіёграфам у вусны асветніцы ў «Жыціі». Гал.паліт. і культ. цэнтрам тагачаснай Беларусі быў Полацк, які, відаць, меў сваё летапісанне. Хоць сам тэкст Полацкага летапісу не захаваўся, матэрыялы з яго пазней уключаны ў склад Іпацьеўскага летапіснага зводу. Мяркуюць, што полацкае летапісанне было пераважна княжацкім. У сціслых, але інфармацыйна насычаных пагадовых артыкулах паведамлялася пра паліт. дзейнасць прадстаўнікоў полацкай дынастыі, гал. падзеі ў княстве і залежных ад Полацка гарадах. Важную ролю ў літ. развіцці краю з 2-й пал. 12 ст. адыгрываў Смаленск. Традыцыі мітрапаліта Іларыёна творча развіты Кліментам Смаляцічам, са спадчыны якога захавалася толькі «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У ім аўтар выяўляе тонкае веданне багаслоўя, валоданне ўсімі рытарычнымі сродкамі вядзення палемікі, шырокае знаёмства з тагачаснымі творамі візантыйскіх тэолагаў, умела звязвае ў адно цэлае рэліг.-дагматычныя праблемы і пытанні царк. кіравання, унутр. і знешняй палітыкі Русі. Выдатным прамоўцам быў Аўрамій Смаленскі, «Жыціе» якога складзена каля 1240 яго вучнем манахам Яфрэмам. У творы адлюстравана жыццё сярэдневяковага горада, зроблена спроба даць славесны партрэт персанажа. Адметнымі ў жанравых адносінах былі аповесці пра цудоўныя здарэнні «Слова пра жанчын і дзяўчат смаленскіх» і «Слова пра Меркурыя Смаленскага», у якіх увасобіліся простанародныя рэліг. погляды і ўзаемапранікненне стараж. міфалогіі і хрысціянства.
Важным цэнтрам пісьменства быў і Тураў. Тут складзена мясц. рэдакцыя «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», у дадатку да якой змешчана арыгінальнае «Слова пра манаха Марціна». Высокай ступені літ. дасканаласці, уключаючы свабоднае валоданне ўсім багаццем ант. і візантыйскай рыторыкі, дасягнула ў Тураве павучальнае і ўрачыстае красамоўства. Прамоўніцкая спадчына Кірылы Тураўскага складае больш за 50 помнікаў розных жанраў. Змест твораў цалкам рэлігійны, што абумовіла іх вядомасць ва ўсіх правасл. краінах. Кірыла Тураўскі пісаў на стараслав. мове; для яго стылю характэрна ўскладненасць і ўрачыстасць, высокае літаратурна-маст. майстэрства выкладу. Яго творчасць карысталася вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях і істотна паўплывала на развіццё аратарскай прозы. Вяршыня л-ры Кіеўскай Русі — «Слова аб паходзе Ігаравым», якое ўзнікла на скрыжаванні лепшых традыцый кніжнасці і фальклору. «Слова...» глыбока народнае па духу і ідэйна-вобразным ладзе, прасякнутае гарачай любоўю да рус. зямлі, клопатам пра яе абарону ад знешніх ворагаў. Прыватны эпізод руска-палавецкіх войнаў ператвораны ў падзею вялікага гіст. маштабу. У творы намаляваны прывабны вобраз Усяслава Полацкага; гераізмам ахутаны князь Ізяслаў Васількавіч, які не атрымаў дапамогу ад братоў і загінуў у бітве з літоўцамі. Невядомы аўтар выступае супраць міжусобных войнаў і сцвярджае ідэю незалежнасці асобных княстваў з умовай іх абарончага саюзу. Як прадукт феад.-хрысц. ідэалогіі літаратура Стараж. Русі служыла грамадска-паліт. мэтам умацавання феад. ладу, несла новыя для свайго часу светапогляд і эстэт. прынцыпы. Маючы ў цэлым рэліг. характар, яна выпрацавала высокія маральныя ідэалы і з пазіцыі гэтых ідэалаў звярталася да ўсяго народа, манахаў і князёў і станавілася выразніцай іх агульных інтарэсаў. Літаратура вызначалася публіцыстычнасцю, значнасцю тэм і герояў, глыбінёй праблематыкі. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў былі чалавек і лёс народа. Гэтыя якасці стараж.-рус. літаратуры перайшлі ў спадчыну літаратурам усіх усходнеслав. народаў.
Станаўленне ўласна бел. літаратуры адбывалася ў перыяд позняга сярэдневякоўя (2-я пал. 13—15 ст.) у новых культурна-гіст. умовах. Працэс этн. дыферэнцыяцыі і паліт. раздраблення, абцяжараны крыжацкай агрэсіяй і мангола-татарскімі нападамі, не прывёў да заняпаду кніжнасці на ўсходнеслав. землях. Пачаўся працэс новай феад. цэнтралізацыі і этн. кансалідацыі вакол новых цэнтраў. Паліт. аб’яднанне бел. зямель у складзе ВКЛ, фарміраванне бел. народнасці, багатыя стараж.-рус. традыцыі спрыялі захаванню і паступоваму развіццю кніжнай справы і пісьменства. Ва ўмовах адноснай грамадска-паліт. стабілізацыі адбывалася своеасаблівая літ. кансервацыя. Некаторыя рукапісныя помнікі, пераважна царк.-рэлігійныя, што ўзніклі і бытавалі тады на бел. землях [Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Слуцкае евангеллі, Анежскі (Мсціслаўскі) псалтыр), — сапраўдныя шэдэўры кніжнага мастацтва. Нягледзячы на беднасць значных літ.-маст. з’яў, актыўна развівалася свецкае дзелавое пісьменства, чаму спрыяла рэальнае ўжыванне старабел. мовы ў якасці дзярж. ў ВКЛ. У ім даволі рана пачала развівацца вобразнасць і выкарыстоўвацца жывая гутарковая мова. Маляўнічыя сцэны рэальнага жыцця набліжаюць дагавор 1229 (Смаленская гандлёвая праўда), грамату рыжан (каля 1300), дагавор Полацка з Рыгай 1407 да з’яў маст. літаратуры. Працягвалі бытаваць стараж.-рус. летапісы. Каштоўныя звесткі па гісторыі Беларусі 13 ст., станаўленні бел.-літоўскай дзяржаўнасці змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе, які адрозніваецца ад папярэдніх пераважна свецкім характарам; у першапачатковым варыянце ён уяўляў цэласную гіст. аповесць, не разбітую на пагадовыя артыкулы хроніку, што было прынцыпова новым ва ўсходнеслав. гістарыяграфіі і пазней паўплывала на бел.-літ. летапісанне. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны галічан да літоўска-бел. князёў, укр. летапісцы стварылі цікавыя вобразы Міндоўга, Войшалка і інш. дзеячаў ВКЛ таго часу, выразна і рознабакова асвятлілі падзеі ў ВКЛ, шмат увагі аддавалі апісанню вайсковых паходаў, рыцарскага побыту. З арыгінальных літ. помнікаў 14 ст. пэўную цікавасць уяўляе «Хаджэнне» смаленскага архімандрыта Графенія (1375) — наступны пасля «Хаджэння ігумена Данііла» твор, прысвечаны апісанню святынь Палесціны.
Новы імпульс для развіцця кніжнасці даў другі паўд.-слав. ўплыў, які пачаўся каля сярэдзіны 14 ст. Многія дзеячы культуры з Балкан і Візантыі, дзе пачалося турэцкае нашэсце, пераязджалі ва Усх. Еўропу. Яны прыносілі новае, больш складанае светабачанне, новы экспрэсіўна-эмацыянальны стыль выяўлення чалавека, звязаны з ідэямі ісіхазму. Пад уздзеяннем ісіхасцкага вучэння ўзмацнілася ўвага да ўнутр. стану асобнага чалавека. Паўд.-слав. кніжнікі імкнуліся адрадзіць чысціню стараслав. мовы, выпраўлялі богаслужэбныя і рэліг. кнігі ў адпаведнасці са старымі ўзорамі. Гэта ў многім паспрыяла зараджэнню крытычнага стаўлення да тэкстаў, з’яўленню першых элементаў тэксталогіі, мовазнаўства і літ. крытыкі. Аднак другі паўд.-слав. ўплыў закрануў толькі царк. кніжнасць і ў старабел. пісьменстве адыгрываў прыкметную ролю ў канцы 14 — пач. 15 ст., абумовіўшы кароткачасовы росквіт красамоўства, звязаны з літ. дзейнасцю выхадцаў з паўд.-слав. краін — мітрапалітаў Кіпрыяна і Грыгорыя Цамблака. Кіпрыян вёў ажыўленую перапіску з многімі віднымі дзеячамі, прапаноўваў увядзенне царк. уніі, у канцы жыцця склаў Траецкі летапіс, які пазней выкарыстоўваўся бел. летапісцамі. Найб. значныя творы аратарскай прозы належаць Грыгорыю Цамблаку, які ў 1415 быў абраны наваградскім мітрапалітам. Яго ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай у стылі «пляцення славес», характарызуюцца ярка выражанай арнаментальнасцю, славесна-вобразнай ускладненасцю, багаццем ампліфікацый і тропаў. Спыненне працэсу кананізацыі святых прывяло да крызісу жыційнага жанру. Адзіны агіяграфічны твор, тэматычна звязаны з бел.-літ. рэгіёнам, — «Жыціе віленскіх пакутнікаў», якое ўзнікла ў Візантыі.
Істотныя змены адбыліся і ў жанры хаджэнняў, які пачаў страчваць сувязь з традыцыямі царк.-рэліг. кніжнасці. Значным крокам наперад было «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 ст.), якое ўзнікла на скрыжаванні традыцый паломніцкай літаратуры і летапіснага стылю. Твор нагадвае дзённік падарожжа, змяшчае апісанні прыроды на берагах Дона, вандровак па моры, жыцця аўтара ў Канстанцінопалі, аповесць пра барацьбу ў Візантыі канкурэнтаў за імператарскі пасад і інш. Святыні прыцягвалі ўвагу аўтара як помнікі культуры і мастацтва, шмат месца адводзілася грамадскім падзеям, супастаўленню жыцця на радзіме з убачаным за мяжой. «Хаджэнне» ў Егіпет, на Сінай і ў Палесціну полацкага іераманаха Варсанофія (1462) знаёміла чытачоў з малавядомымі землямі хрысц. Усходу; асабліва вылучаюцца апісанні Сінайскага манастыра.
З 1-й пал. 15 ст. пачынаецца шырокае распаўсюджанне паперы — больш таннага матэрыялу для пісьма. Гэта давала магчымасць набываць кнігі небагатым людзям, складаць на свой густ зборнікі змешанага тыпу, выказваць на палях уласныя думкі адносна прачытанага, што было немагчыма раней з прычыны сакралізацыі тэксту кнігі. Творы пачынаюць ацэньвацца не толькі з пункту гледжання іх адпаведнасці павучальным або інш. службова-прыкладным задачам, але і зыходзячы з іх ідэйна-маст. якасцей і арыгінальнасці. Урачысты ўстаўны почырк павольна замяняецца больш лёгкім для напісання паўустаўным, што значна паскарала працэс перапісвання кніг. Шырокае ўжыванне старабел. мовы, якая стала важным сродкам грамадскіх зносін у краіне і ўсё больш абапіралася на жывую нар. гаворку, садзейнічала яе ўдасканаленню. Пачалася паступовая дэмакратызацыя і беларусізацыя царк.-слав. мовы і значна звузілася сфера яе пісьмовага ўжытку. У перыяд позняга сярэдневякоўя росквіту дасягнула летапісанне, што было вынікам росту нац. свядомасці беларусаў і ўсведамлення народам сваёй нац.-гіст. адметнасці. З пач. 15 ст.мясц. летапісы саступаюць месца агульнадзяржаўным. Гэта паўплывала на змену жанравай формы летапісаў, асаблівасцю якой стала спалучэнне традыц. пагадовай формы выкладу з прагматычным, звязным апавяданнем. З агульнадзярж. пазіцый і ў цеснай сувязі з гісторыяй Русі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (1-я трэць 15 ст.) і Беларуска-літоўскім летапісе 1446 пададзена багатае мінулае бел. і літ. народаў, адлюстраваны ўмацаванне велікакняжацкай улады і яе барацьба супраць феад. раздробленасці. У асобных раздзелах летапісаў заўважаецца імкненне аўтараў да белетрызацыі апавядання, з’яўляюцца элементы сюжэтапабудовы. Канчаткова выпрацаваўся своеасаблівы летапісны стыль, лаканічны і выразны, блізкі да стылю дзелавога пісьменства позняга сярэдневякоўя. Летапісы складаюць найважнейшы этап у станаўленні бел. літаратуры. Яны сцвярджалі свецкі кірунак яе развіцця і садзейнічалі прагрэсу жанраў, незалежных ад царк.-рэліг. канонаў. Найважнейшым гіст. падзеям прысвячаліся невялікія аповесці — асобныя творы са сваімі героямі і самастойнай тэматыкай, дзе элементы сюжэтапабудовы, або дакументальная «падзейнасць», выяўляюцца больш выразна. Іншы характар набыла перакладчыцкая дзейнасць, што сведчыла пра актывізацыю культ. узаемасувязей бел. народа з народамі інш. краін і было вынікам росту духоўных запатрабаванняў грамадства. Старабел. кніжнікі самастойна ажыццяўлялі пераклады з лац., ням., рус. і інш. моў, прычым у ходзе перакладу яны свядома перапрацоўвалі тэксты, узгадняючы іх з эстэт. і ідэйнымі запатрабаваннямі чытачоў. На бел. мову перакладаліся заходнееўрап. помнікі рэліг. характару («Аповесць пра трох каралёў», 15 ст.), якія засведчылі высокае майстэрства бел. кніжнікаў, паказвалі вялікія лексіка-стылістычныя багацці, маст.-выяўленчыя магчымасці старабел. літ. мовы. Нанова перакладзены «Александрыя», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», асобныя кнігі Бібліі і інш. Дзякуючы перапрацоўцы перакладная літаратура набліжалася да арыгінальнай, арганічна дапаўняла яе і складала разам з ёю адзіную сістэму.
Ізборнік Святаслава Канец 11 ст.Архангел Міхаіл. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангелля. 14 ст.