БАЗО́ЎСКІ ((Bazovský) Мілаш Аляксандр) (11.1.1899, г. Турані-над-Вагам, Славакія — 15.12.1968),

славацкі жывапісец і графік. Нар. мастак Славакіі (1964). Вучыўся ў АМ у Будапешце (1918) і Празе (1919—24). Адзін з заснавальнікаў сучаснага славацкага жывапісу. Яго мастацтва блізкае да нар. формаў, нар. творчасці, што звязана з мяккім каларытам, умоўнасцю і спрошчанасцю малюнка, тонкім пачуццёвым лірызмам, тугою, смуткам. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Веснавы струмень» (1927), «Чорныя сенажаці» (1930), «Дзяўчына са збанам» (1931), «Аранжавы конь» (1938), «Чорнае сонца» (1942), «Агасфер (Лудзільшчык)» (1948), «Радасная вёска» (1949), «Птушкі адлятаюць» (1957) і інш.

М.Базоўскі. Агасфер (Лудзільшчык). 1948.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РДАШ ((Kardoš) Дэзідэр) (н. 23.12.1914, г. Надліцы, Славакія),

славацкі кампазітар, педагог. Нар. арт. Чэхаславакіі (1975). Вучыўся ва ун-це і Муз. акадэміі (1933—37) у Браціславе, у 1937—39 у В.​Новака ў Празе. У 1939—51 працаваў на радыё. Дырэктар Славацкай філармоніі (1952—54). Старшыня Саюза славацкіх кампазітараў (1955—63). З 1963 выкладаў у Вышэйшай школе прыгожых мастацтваў (з 1968 праф.) у Браціславе. Аўтар кантат, сімфоній, праграмных твораў для аркестра («Славакафонія», 1976), канцэртаў для аркестра (1957), фп. з аркестрам (1969), квінтэта духавых (1977), камерна-інстр. ансамбляў. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1954, 1959, 1979. Дзярж. прэмія Славакіі 1970.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАР ((Kollár) Ян) (29.7.1793, в. Мошаўцы, Славакія — 24.1.1852),

славацкі і чэшскі паэт, публіцыст, археолаг. Скончыў Іенскі ун-т (1819). Быў пастарам. З 1849 праф. слав. археалогіі Венскага ун-та. Адстойваў ідэю адраджэння і збліжэння слав. народаў. Пісаў на чэш. мове. Першы зб. «Вершы» (1821) складаюць оды, санеты, элегіі, афарызмы. Патрыят. пафас абароны славян ад прыгнятальнікаў у манум. ліра-эпічнай паэме «Дачка Славы» (1824). Складальнік зб. славацкіх нар. песень (т. 1—2, 1834—35), аўтар трактата «Аб літаратурнай узаемнасці славян» (1836), нататак пра падарожжа ў Італію (1843, 1845).

Тв.:

Рус. пер. — Сто сонетов. М., 1973.

Літ.:

Зайцева А.К. Ян Коллар // История словацкой литературы. М., 1970.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЛЕПКА ((Nálepka) Ян) (псеўд. Рэпкін; 20.9.1912, в. Сміжані, Славакія — 16.11.1943),

арганізатар і кіраўнік славацкага партыз. атрада, які дзейнічаў на тэр. Беларусі і Украіны ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), Герой Славацкага нац. паўстання (1945). Скончыў афіцэрскую школу (1936). У Вял. Айч. вайну з 1941 у складзе войск марыянетачнага ўрада Славакіі на тэр. акупіраваных Беларусі і Украіны, нач. 101-га славацкага палка. Створаная ім антыфаш. падп. група ў 1942 наладзіла сувязь з партызанамі і ў пач. 1943 перайшла да іх. Н. стаў камандзірам атрада партыз. злучэння А.​М.​Сабурава, які дзейнічаў у раёне Оўруч—Ельск—Мазыр—Алеўск. Загінуў у баі.

Я.Налепка.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́МБЕРЫ (Vámbéry; сапр. Бамбергер; Bamberger) Армін Герман

(19.3.1832, Сердагелі, Венгрыя, цяпер г. Дунайска-Стрэда, Славакія — 14.9.1913),

венгерскі мовазнавец-цюрколаг, этнограф, даследчык Цэнтр. Азіі. Праф. усх. моў Будапешцкага ун-та (1865). У 1857—63 у Канстанцінопалі (Стамбул). У 1863—64 пад выглядам дэрвіша зрабіў падарожжа з Персіі (Ірана) у Хіву, Бухару, Самарканд і Герат (Афганістан). Апісанне падарожжа — важная крыніца звестак па геаграфіі, эканоміцы, гісторыі, грамадскіх адносінах, побыце і культуры народаў Сярэдняй Азіі 2-й пал. 19 ст. Вамберы пакінуў навук. працы па чагатайскай, уйгурскай, цюркска-татарскіх, угра-фінскіх і інш. мовах.

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь. М., 1914.

Літ.:

Пименова Э.К. Жизнь и приключения Вамбери. Л., 1928;

Тихонов Н. Вамбери. М., 1974.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЕШ ((Illés) Бела) (22.3.1895, г. Кошыцы, Славакія — 1.5.1974),

венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. Удзельнік рэв. 1919 у Венгрыі, потым у эміграцыі. З 1921 у Аўстрыі, Чэхаславакіі, у 1923—45 у СССР. У 2-ю сусв. вайну служыў у Чырв. Арміі. Аўтар раманаў «Нататкі доктара Пала Утрыуша» (1917), «Ціса гарыць» (на рус. мове 1929—33, венг. — 1957), «Вяртанне радзімы» (кн. 1—3, 1952—54), трылогіі «Карпацкая рапсодыя» (на рус. мове. 1941, венг. — 1945), аповесцей, апавяданняў. Гал. тэмы твораў — рэв. рух венг. рабочых, сац. абуджэнне сялянства, падзеі 2-й сусв. вайны, лёс венг. эміграцыі.

Тв.:

Бел. пер. — Тыса гарыць: Раман. Кн. 1—3. Мн., 1932—34;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЦЬЯШ ХУ́НЬЯДЗІ (Mátyás Hunyadi),

Мацьяш I Корвін (Matthias I Corvinus; 23.2.1443, Калажвар, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 6.4.1490), кароль Венгрыі [1458—90] і Чэхіі [1469—79]. Сын правіцеля Венгрыі Я.Хуньядзі. Выбраны каралём Венгрыі 24.1.1458 пасля смерці караля Ласла V [1453—57], Цэнтралізаваў дзярж. кіраванне, у 1459 ліквідаваў апазіц. магнацкую лігу, стварыў рэгулярнае наёмнае войска («чорную армію»), з дапамогай яго ў 1467 і 1471 задушыў мяцеж і змову магнатаў. У 1476 здзейсніў паход супраць туркаў. Да снеж. 1474 авалодаў чэш. і сілезскімі землямі, у 1477—87 — землямі Аўстрыі, у 1485 — Венай. Каб спыніць набегі туркаў, у 1483 і 1488 заключыў мірныя дагаворы з урадам Асманскай імперыі (Портай). Заснаваў б-ку ў Будзе (цяпер частка Будапешта) і ун-т у Браціславе (Славакія).

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ГАЛІК ((Mihálik) Войцех) (н. 30.3.1926, Дольна-Стрэда, Славакія),

славацкі паэт, перакладчык. Нар. пісьменнік Славакіі (1978). Скончыў Браціслаўскі ун-т (1949). У зб-ках «Анёлы» (1947), «Узброенае каханне» (1953), «Архімедавы кругі» (1960), паэме «Сэрца, якое спявае» (1952) этычныя і філас.-эстэт. праблемы. Лірызмам вызначаюцца зб-кі «Санеты пра тваю адзіноту» (1966), «Апошняе першае каханне» (1978), паэма «Апасіяната» (1964) і інш. Вядомы як перакладчык з рус., польск., ант. і інш. л-р. На бел. мову яго вершы пераклалі Х.​Жычка, П.​Макаль, Я.​Семяжон.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Татры пяюць. Мн., 1976;

У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977;

У кн.: Славацкая паэзія. Мн., 1990;

Рус. пер. — Круги Архимеда: Избр. М., 1964.

А.​У.​Вострыкава.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ШЫНЕЦ ((Gašinec) Эдуард) (н. 29.11.1923, г. Кісуцке-Нове-Места, Славакія),

славацкі вучоны-славіст і педагог. Праф. (1974). Скончыў Браціслаўскі ун-т (1950). Вядомы як аўтар шматлікіх прац па методыцы выкладання славацкай мовы ў школах, а таксама шэрагу эксперыментальных школьных падручнікаў і метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў. У 1940-я г. зацікавіўся духоўнай спадчынай беларусаў, самастойна вывучыў бел. мову. У 1970-я г. падтрымліваў творчыя сувязі з Ф.​Янкоўскім, Я.​Брылём, С.​Панізнікам, асобныя творы якіх пераклаў на славацкую мову. У аглядных артыкулах, рэцэнзіях Гашынец знаёміць славацкіх чытачоў з бел. мемуарнай гіст. л-рай, пед. даследаваннямі; выступае з артыкуламі пра бел. мову: «Беларуская мова ў «Народнай асвеце» (1980—81), «Беларусы і іншыя славяне» (1991) і інш.

Літ.:

Мірачыцкі Л. Прафесар Эдуард Гашынец і Беларусь // Наша слова. 1995. 9 жн.

Л.​П.​Мірачыцкі.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЦІ́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (25.11.1920, в. Зялёны Востраў Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1995),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1950). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце. З кастр. 1941 чл. Наваград-Валынскай падп. арг-цыі, з чэрв. 1942 у 1-м Валынскім партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы. З мая 1943 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на Украіне і ў Брэсцкай вобл. 27.6.1944 атрад высаджаны дэсантам у Львоўскай вобл., здзейсніў рэйд у Польшчу, з вер. 1944 у Чэхаславакіі. Атрад, ператвораны ў Асобую партыз. брыгаду імя К.​Готвальда, удзельнічаў у Славацкім нац. паўстанні 1944. Ганаровы грамадзянін г. Наваград-Валынскі (Украіна) і Бардзеёў (Славакія). Аўтар кніг успамінаў «Фронт без тылу» (1971), «Партызанскія Татры» (1982).

В.А.Квіцінскі.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)