МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),

від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш. Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл. Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм. т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл. Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз. стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.

У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр. быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес. музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.​С.​Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац. муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.​Ф.​Гендэль, К.​В.​Глюк, І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.​Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац. муз. традыцый, узбагачалі сусв. муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.​Шуберта (Аўстрыя), К.​М.​Вебера, Р.​Шумана, І.​Брамса, Р.​Вагнера (Германія), Г.​Берліёза, Ж.​Бізэ (Францыя), Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі (Італія), Ф.​Шапэна, С.​Манюшкі (Польшча), Ф.​Ліста, Ф.​Эркеля (Венгрыя), Э.​Грыга (Нарвегія), А.​Дворжака, Б.​Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус. нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.​Глінка, А.​Даргамыжскі, М.​Балакіраў, А.​Барадзін, М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, П.​Чайкоўскі, С.​Танееў, А.​Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л. імпрэсіянізм (К.​Дэбюсі, М.​Равель), верызм (П.​Масканьі, Р.​Леанкавала), неарамантызм (Г.​Малер, Р.​Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.​Скрабіна, І.​Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.​Бартак, А.​Анегер, Ф.​Пуленк, К.​Орф, К.​Шыманоўскі, Л.​Яначак, Б.​Марціну, Б.​Брытэн, А.​Шонберг, А.​Веберн, Ч.​Айвз, А.​Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.​Рахманінаў, М.​Метнер, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч, М.​Мяскоўскі, Г.​Свірыдаў, Р.​Гліэр, А.​Хачатуран, Ц.​Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв. муз. мастацтве займае творчасць Р.​Шчадрына, Э.​Арцем’ева, С.​Сланімскага, Э.​Дзянісава, А.​Шнітке, С.​Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;

Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;

История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;

История музыки народов СССР. Т. 1—7. М., 1970—97.

Т.​А.​Дубкова.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЭ́МА (ад грэч. poiema стварэнне),

буйны вершаваны твор, у якім адлюстроўваюцца духоўна высокія праявы жыцця і абуджаныя імі моцныя аўтарскія пачуцці. Цеснае спалучэнне падзейнага (эпічнага) і эмацыянальнага (лірычнага) планаў вызначае ліра-эпічны характар П. як асноўную яе жанравую разнавіднасць; перавага эпічных ці лірычных уласцівасцей дыктуе адпаведна эпічны або лірычны яе жанр. Радзей практыкуецца драматычная паэма. У адрозненне ад рамана або аповесці П. пазбягае падрабязных апісанняў, узнімаецца над паўсядзённасцю, імкнецца да філас. асэнсавання жыцця.

Бярэ пачатак з эпапеі. Эпічная прырода П. тлумачыць такія яе сутнасныя рысы, як гераічнасць, гістарычнасць, патэтычнасць. Вядома шмат жанравых разнавіднасцей П.: гераічная, дыдактычная, рамантычная, сатырычная, бурлескная, іранічная, лірыка-драматычнай. Вядучай галіной жанру доўгі час была П. на гіст.-гераічную тэму («Вызвалены Іерусалім» Т.​Таса, «Песня пра Раланда»). Адначасова ўплывовай з’яўлялася П. з рамант. асаблівасцямі сюжэту («Віцязь у тыгровай скуры» Ш.​Руставелі), звязаная з традыцыяй пераважна рыцарскага рамана. Паступова ў П. на першым плане сцвярджаецца асобасная, маральна-філас. характарыстыка, асвойваецца фалькл. традыцыя (паэмы В.​Скота). Росквіт жанру адбываецца ў эпоху рамантызму (творы Дж.​Байрана, А.​Пушкіна, М.​Лермантава, Т.​Шаўчэнкі, А.​Міцкевіча і інш.). На змену рамант. прыйшла рэаліст. П., з большай увагай да штодзённага жыцця, пастаноўкай сац. праблем рэчаіснасці («Каму на Русі жыць добра» М.​Някрасава). Вял. поспехаў П. дасягнула ў л-ры 20 ст. (паэмы А.​Блока, С.​Ясеніна, У.​Маякоўскага, А.​Твардоўскага, Я.​Еўтушэнкі і інш.).

Бел. П. мае сувязь з агульнай усх.-слав. традыцыяй («Слова аб палку Ігаравым»), творчасцю паэтаў-лаціністаў («Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага). Як жанр стала ўваходзіць у бел. л-ру ў новы час. Новая бел. л-ра пачыналася бурлескна-травесційнымі П., у якіх узнёсла-гераічная пафаснасць класічных канонаў пераносілася са значнай іроніяй на нар.-быт. аснову (ананімныя «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»), Паступовая пераакцэптацыя ўвагі з учынкаў на ідэі і пачуцці садзейнічала ўзмацненню лірычнай плыні П., актуалізацыі маральна-этычнай праблематыкі, актыўнай замене эпічнай дакладнасці суб’ектыўнасцю аўтарскіх ацэнак. Сутыкненне лірычнага і эпічнага пачаткаў, барацьба выключнай асобы з лёсавызначальнымі сіламі свету пакладзена ў аснову рамант. П., узнікненне якой на Беларусі звязана з імёнамі Адэлі з Устроні («Мачыха») і В.​Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Вечарніцы»). Рамант. П. ў сваёй эвалюцыі набывае паглыблены этыка-філас. змест, трансфармуючы рэальныя малюнкі ў сімвалічныя («Бандароўна», «Магіла льва» Я.​Купалы, «Новая зямля», «Сымон-музыка» Я.​Коласа). З развіццём рэаліст. манеры пісьма ў П. замацоўваецца комплексны эстэт. аналіз духоўных і грамадска-сац. аспектаў рэчаіснасці ў іх цэласнасці. У выніку ў П. 20 ст. ўнутр. сканцэнтраванасць герояў на прыватных, інтымных праблемах спалучаецца з маштабнасцю гіст. канцэпцыі эпохі. Значная ўвага да эпічных момантаў у сучаснай П. тлумачыцца глабальнымі зрухамі ў грамадска-гіст. жыцці чалавецтва (навук.-тэхн. прагрэс, рэвалюцыі, сусв. войны, экалагічныя катастрофы), пры гэтым апісальна-апавяд. плынь абавязкова спалучаецца з узрушана-лірычнымі каментарыямі аўтара, які часцей сам з’яўляецца ўдзельнікам згаданых падзей (паэмы П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка і інш.). На сучасным этапе П. — папулярны жанр у бел. паэтаў розных пакаленняў. Адметнасць стылю і метаду, спецыфіка вобразна-выяўленчай палітры пісьменнікаў, характар герояў і сюжэтных сітуацый абумоўліваюць наяўнасць унутрыжанравых мадыфікацый П.: эпапея («Новая зямля» Я.​Коласа), героіка-рамант. («Курган» Я.​Купалы), філас. («Яго Вялікасць» Русецкага), сатыр. («Хвядос, Чырвоны нос» К.​Крапівы), патрыят. («Беларусь» Броўкі), гіст. («Хамуціус» Куляшова), П.-рэквіем («Бабчын» М.​Мятліцкага) і г.д. Пры значным узбуйненні эпічных момантаў, ускладненых глыбокім сац.-псіхал. аналізам, узнікае П.-раман («Родныя дзеці» Н.​Гілевіча). П. зрэдку называюць празаічны твор («Чазенія» У.​Караткевіча), што абумоўлена высокай паэтычнасцю адлюстравання ці (радзей) адвольнымі аўтарскімі асацыяцыямі, што не маюць адносін да жанравай характарыстыкі твора.

2) П. ў музыцыінстр. п’еса, лірыка-драм. або лірыка-апавяд. характару свабоднай будовы, часам праграмнага зместу. Узнікла ў муз. мастацтве ў выніку сінтэзу літ. і муз. жанраў. Звычайна пішуць для фп. або стр. смычковых інструментаў у суправаджэнні фп., зрэдку аркестра. Сярод узораў класічнай П.: П. для скрыпкі з фп. З.​Фібіха, П. для фп. «Да полымя», «Трагічная паэма», «Сатанічная паэма» А.​Скрабіна. У бел. музыцы П. стварылі для фп. П.​Падкавыраў («А зязюля кукавала»), для віяланчэлі і фп. А.​Бандарэнка («Славянская старажытнасць»), для скрыпкі з фп. М.​Русін, Тырманд, У.​Чараднічэнка і інш. Жанравае ўзбагачэнне рэпертуару для нар. інструментаў адбілася ў стварэнні П. для домры і фп., для цымбалаў і фп. М.​Літвіна, сюіты-П. для цымбалаў і фп. Тырманд. У бел. камерна-інстр. музыцы пашыраны жанравыя сінтэзы, прадстаўленыя квартэтам-П. у Падкавырава, Н.​Усцінавай, санатай-П. у К Цесакова. П. называюць таксама буйны адначасткавы, часцей праграмны, аркестравы твор (гл. Сімфанічная паэма), і вакальна-сімф. твор разгорнутай будовы, звычайна заснаваны на прынцыпе скразнога развіцця (гл. Вакальна-сімфанічная паэма). П. для голасу і фп. стварылі Л.​Абеліёвіч, Я.​Глебаў, А.​Сонін; для хору а капэла — Абеліёвіч, М.​Васючкоў, Л.​Шлег.

Літ.:

Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;

Яго ж. Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX ст. Мн., 1970;

Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;

Жаков А.Г. Современная советская поэма. Мн., 1981.

М.​А.​Лазарук, Ж.​С.​Шаладонава, Р.​М.​Аладава (музыка).

т. 12, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)