Sprung I m -(e)s, -Sprünge скачо́к; вайск. перабе́жка, кідо́к;

~ mit nlauf скачо́к з разбе́гу;

zum ~ nsetzen падрыхтава́цца да скачка́, разбе́гчыся (каб скокнуць); пачына́ць;

ein ~ ins Dnkel скачо́к у невядо́мае;

auf dem ~e sthen* [sein] wgzugehen быць гато́вым [наме́рвацца] пайсці́;

er kann kine grßen Sprünge mchen ён не мо́жа дазво́ліць сабе́ вялі́кіх выда́ткаў;

krmme Sprünge mchen віля́ць, выкру́чвацца;

auf inen ~ на хвілі́нку

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,

старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як i «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв. с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц. нар. свята без абрадавай дзейнасці.

Літ.:

Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;

Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;

Беларускія народныя абрады. Мн., 1994.

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разбе́гчыся, ‑бягуся, ‑бяжышся, ‑бяжыцца; ‑бяжымся, ‑бежыцеся, ‑бягуцца; пр. разбегся, ‑глася; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Бягом накіравацца з аднаго месца ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей. Караткевіч. Салдаты разбегліся садзіцца ў цяплушкі, зазываючы да сябе гарманіста. Гурскі. Шмыгануўшы цераз вал, імкліва скаціліся два пушыстыя клубочкі, чорны і белы, і разбегліся ў розныя бакі. Гэта былі маладзенькія трусы. Ракітны. // Разысціся, рассеяцца, пабегшы ў розных напрамках (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл.) — Ну, пайшлі, — падняўся дзядзька і паклікаў пляменнікаў, якія разбегліся па лесе. С. Александровіч. Часам недзе вылі ваўкі. Казалі, што гэта нямецкія аўчаркі, якія разбегліся па лесе, калі пачалося наша наступленне. Асіпенка.

2. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паспешліва пакінуць каго‑, што‑н., накіраваўшыся ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Шамякін. // Спешна пакінуць месца сваёй работы, службы (пра многіх). — Як жа я магу цяпер узяць цябе на будоўлю?! Уся брыгада разбяжыцца. Чарнышэвіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка расступіцца, рассунуцца ў розныя бакі (пра неадушаўлёныя прадметы). Калі заслона разбеглася па баках, Міхась адразу ж вылучыў з усяго квяцістага хору дзяўчыну, якую сустрэў на вуліцы. Рамановіч. Раптоўна кусты разбегліся ў бакі, і падарожнікі апынуліся перад шырокай лесвіцай з высокімі выцертымі ступенямі. Б. Стральцоў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка перакінуцца з прадмета на прадмет, не спыніўшыся ні на адным (пра думкі, пачуцці). Думкі разбегліся.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка разысціся ад чаго‑н. у розныя бакі. Разбегліся чародкі хмарак Ад крылаў іх [буслоў], Як ад вінта. Чарняўскі. // Накіравацца з аднаго месца ў розных напрамках (пра вуліцы, дарогі, ручаі і пад.). Разбегліся ў полі Жытнёвыя сцежкі... Кляўко. Вуліцы вёскі Камсамольская разбегліся па ўзгоркавых схілах каля невялікай рачулкі. Хведаровіч. Калі мінуць хвойнічак, ідучы праз яго, дык праз чвэртку кіламетра якога разбяжыцца поле і шлях. Чорны. Ляснічы бачыў, як перажывае Лугавы за сына, як змарнеў чалавек за тыя дні: маршчыны частымі барознамі разбегліся ад шчылінаквачэй. Даніленка.

6. У бегу набраць вялікую скорасць. Бяда толькі, што не разбяжышся, як след: і цесна, і маці ўшчувае: — Кінь ты дурыкамі займацца. Лынькоў. То разбяжыцца, То пухам засцелецца, Гойкае, кружыць, Спявае мяцеліца. Броўка.

7. Прабегчы некаторую адлегласць, каб набраць скорасць для скачка, пад’ёму і пад. Схапіўшы на рукі Марынку, я разбеглася. Лёд затрашчаў пад нагамі, але мы праехалі каляіну да канца. Савіцкі. Віця апусціў рэйку ніжэй. Мара адышоў да дзвярэй, потым разбегся і скочыў. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)